Вы тут

Вясновы працоўны дэсант разам з жывёлаводамі наводзіў парадак на ферме


Памылкова думаць, што ў аграрнай галіне вясной спецыфічныя клопаты пачынаюцца толькі ў земляробаў. Жывёлаводы, здавалася б, працуюць цэлы год у аднолькавым рэжыме, асабліва на цяперашніх сучасных комплексах, якія нагадваюць фабрыкі па вытворчасці малака і мяса. Вось і я так меркавала, пакуль не трапіла на ферму «Вежкі» ў Жабінкаўскім раёне.


Дзень быў даволі лагодны і сонечны, а на двары завіхалася некалькі дзясяткаў чалавек. Варта сказаць, што перад уваходам у вытворчыя будынкі названага аб'екта размяшчаецца своеасаблівая зона адпачынку, якая нечым нагадвае сквер. Тут растуць дэкаратыўныя дрэвы і кусты, ёсць лаўкі, клумбы з малымі архітэктурнымі формамі — усё радуе вока і ўсё патрабуе ўвагі і догляду.

— Вось з гэтай тэрыторыі і пачалі суботнік, — расказвае дырэктар ААТ «Вазнясенскі» Надзея КАНДРАЦЮК. — Зараз прыйдзе пагрузчык, выкіне рэшткі снегу з-пад сцен. Усё трэба будзе пабяліць, вычысціць, асвяжыць, каб цэлы год прыемна было заходзіць у любое памяшканне і на саму тэрыторыю.

На працоўную вахту выйшлі не толькі работнікі жывёлагадоўчага комплексу, але і супрацоўнікі з канторы гаспадаркі, з граблямі і мяцёлкамі тут шчыравалі галоўны бухгалтар, галоўны эканаміст, іншыя спецыялісты.

Раней, як расказалі, ферма ў Вежках складалася з аднаго будынка. За апошнія шэсць гадоў было ўзведзена 12 памяшканняў, каб забяспечыць поўны цыкл вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Цяпер тут утрымліваецца 1600 галоў буйной рагатай жывёлы. Створаны цудоўныя ўмовы і для яе ўтрымання, і для работы людзей.

— Сёння ў нас немагчымыя дыялогі, якія чуліся некалі раней, — усміхаецца Надзея Рыгораўна. — Ну, напрыклад: «Паедзем на ферму!» — «Ой, я боты не захапіла...» Цяпер боты на вытворчым аб'екце непатрэбныя, тут можна хадзіць у любых туфлях.

Сапраўды, на жывёлагадоўчым двары практычна не адчуваецца характэрны для такіх аб'ектаў пах, уражваюць чысціня і парадак. Тут даўно ўжо аб'явілі вайну акуркам — іх не знойдзеш нідзе, акрамя, хіба, сметніцы. Кіраўнік гаспадаркі ўпэўненая, што парадак, агульная прывабнасць ствараюць у калектыве настрой, а значыць — прадукцыйнасць працы і станоўчы вынік. Паводле яе слоў, гэта ўжо сістэма работы, адным са складнікаў якой і з'яўляецца веснавая прыборка.

Працоўны дэсант.

Сапраўды, дастаткова зайсці ў хлеў для малых цялят, каб упэўніцца, у якіх выдатных умовах жыве маладняк. Паміж клеткамі-загарадзямі падлога ззяе чысцінёй. Абсталяванне, што крыху нагадвае дамашнюю мэблю, устаноўлена для кожнага маленькага цяляці. А стаяць малыя жывёліны на цёплай і чыстай саломе.

...Працоўны дэсант працягвае шчыраваць на тэрыторыі. Мужчыны фарбуюць сцены знадворку, жанчыны падграбаюць траву і наводзяць парадак. Такім чынам даецца старт новаму працоўнаму сезону, які, паводле планаў, павінен прынесці яшчэ лепшыя вынікі, чым у мінулым годзе.

— Летась па гаспадарцы мы надаілі 8930 кілаграмаў малака на карову, — гаворыць Надзея Кандрацюк. На гэтай ферме, дарэчы, атрымана на некалькі кілаграмаў больш. Хоць мы па надоях у першай дзясятцы гаспадарак вобласці, але ж рэзервы бачым і ўсведамляем, што расці ёсць куды. З кармамі праблем не маем, традыцыйна вясной прадаём да 5 тысяч тон сіласу. За гэтыя грошы набываем маладняк перспектыўных парод, абнаўляем статак.

У тэму

Сяргей БУТКЕВІЧ, першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама:

— На жывёлагадоўчых фермах і комплексах, акрамя штодзённай прыборкі, кожны тыдзень праводзіцца паглыбленая санітарная апрацоўка, а некалькі разоў на год — кампанія, якую можна назваць генеральнай прыборкай. Ну а дбаць пра знешні выгляд, своечасова праводзіць касметычны рамонт, уладкоўваць тэрыторыю — гэта ўжо клопаты кожнага канкрэтнага кіраўніка і яго калектыву. Дарэчы, у нас нямала гаспадарак, дзе фермы стараннямі іх працаўнікоў выглядаюць вельмі прывабна: там разбіты клумбы, з вясны да восені цвітуць кветкі. Некаторыя жывёлаводы раскрываюць свае таленты і ўпрыгожваюць гаспадарчы аб'ект прадметамі ўласнай творчасці. Вясна — самы час паклапаціцца пра вонкавы выгляд, стварыць прыгажосць, каб хадзіць на работу з большай ахвотай. У гэтым сэнсе «Вазнясенскі» можа быць добрым прыкладам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Жабінкаўскі раён

Загаловак у газеце: Не толькі надоі і прывагі, але і прыгажосць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.