Вы тут

Пост — не дыета. Чым адрозніваецца адно паняцце ад другога?


15 сакавіка, у панядзелак, у праваслаўных вернікаў пачаўся Вялікі пост, самы строгі і доўгі з усіх пастоў праваслаўнай царквы. Вялікі пост — падрыхтоўка да сустрэчы Вялікадня — працягнецца сёлета да 1 мая. Ён складаецца з саракадзённага посту (Чатырохдзясятніцы), які ўвасабляе пост Ісуса Хрыста ў пустыні, і перадвелікоднага тыдня. Увесь гэты час праваслаўныя вернікі не будуць есці жывёльных прадуктаў харчавання. Таксама святары рэкамендуюць адмовіцца ад забаўляльных мерапрыемстваў, алкаголю і курэння. Што такое пост, навошта ён патрэбны і дзе сувязь паміж абмежаваннямі ў ежы і духоўным удасканаленнем чалавека? Пра гэта мы гутарым з настаяцелем прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, святаром Аляксандрам (Пальчэўскім).


— У чалавека ёсць цела і ёсць душа. Таму ў таінствах, якія здзяйсняюцца ў храме, прысутнічае, акрамя духоўнага складніка, і матэрыяльны. У таінстве хрышчэння мы выкарыстоўваем ваду, падчас прычасця — хлеб і віно, у таінстве саборавання — асвячонае масла (ялей). Гэта тыя матэрыяльныя складнікі, праз якія на чалавека можа дзейнічаць ласка Божая. Калі мы гаворым аб змяненні чалавека — а сэнс дзейнасці царквы ў тым, каб чалавек прыйшоў да Бога і быў з ім — гэта ажыццяўляецца як на духоўным, так і на фізічным узроўні. Але фізічны складнік любога царкоўнага дзеяння заўсёды з'яўляецца дапаможным.

— Ці мае сэнс абмежаванне ў харчаванні падчас посту, калі няма духоўнага складніка? Альбо фізічныя абмежаванні ўсё ж уплываюць і на нашу душу?

— Думаю, уплываюць. Напрыклад, у праваслаўнай традыцыі ў таінстве прычашчэння трэба ўдзельнічаць нашча. І на ранішнія богаслужэнні варта прыходзіць не паснедаўшы. Інакш чалавеку складана будзе думаць пра малітву. А стан унутранай лёгкасці, нават лёгкага голаду, дапамагае чалавеку сканцэнтравацца, падтрымлівае ў бадзёрым стане цела і думкі. Але хацелася б перасцерагчы ад распаўсюджанай памылкі: многія людзі, посцячы, засяроджваюцца на вонкавым, абрадавым баку. На самай справе, фармальна выконваць пост лягчэй, чым працаваць духоўна. Можна бездакорна вытрымліваць пост, але пры гэтым заставацца ў стане крыўды, раздражнення, злосці. Узнікае пытанне: у чым тады сэнс посту, калі ён не змяняе чалавека, не адкрывае яму Бога, калі чалавек не вучыцца любіць людзей? Сэнсу ў такім посце зусім няма. У сваіх пропаведзях святары падчас посту звяртаюць увагу на залішнюю засяроджанасць на дыеце замест духоўнай працы. Тут можна ўспомніць біблейскую прытчу пра мытніка і фарысея. Фарысей быў вельмі набожны чалавек, які фармальна выконваў усе рэлігійныя прадпісанні, але яго душу яны не закраналі. Мытар жа вонкава вёў жыццё, якое нельга назваць набожным, але ён шчыра маліўся і каяўся, і сышоў з храма больш апраўданы, чым фарысей, які бездакорна выконваў рытуалы, забываючы пра сутнасць.

— Дык чым жа адрозніваецца пост ад дыеты?

— Калі мы гаворым аб дыеце, мы ставім сабе мэту пахудзець або паправіць здароўе. Мэта посту — зусім іншая. Пост — гэта сродак, які вядзе нас да Бога. Ён не ставіць сваёй задачай паляпшэнне фізічнага стану чалавека. Хоць гэта адбываецца — і вось чаму. Калі вярнуцца да гісторыі стварэння чалавека, першапачаткова Адам і Ева жылі ў поўнай гармоніі паміж сабой, з сусветам і з Богам. З прычыны першароднага граху гэтая гармонія была парушана. З таго моманту ў жыццё чалавека ўваходзяць хваробы і смерць. Пост — адзін са сродкаў, якія дапамагаюць вярнуць сабе хоць бы крыху той першароднай гармоніі, у якой некалі знаходзіўся чалавек. Бо пост дапамагае чалавеку абмяжоўваць у сабе страсці — праявы пашкоджанай чалавечай прыроды.

— Чаму выключаецца менавіта жывёльная ежа?

— Калі вярнуцца да першародных людзей, яны жылі ў Раі і не сілкаваліся жывёльнай ежай. Пасля грэхападзення і кардынальнай перамены светаўспрымання ў чалавечае жыццё ўвайшла патрэба ў жывёльнай ежы. Але выключэнне прадуктаў жывёльнага паходжання, атрыманне якіх звязана з пазбаўленнем жыцці, толькі адзін аспект посту. Іншы складнік — у цэлым скарачэнне спажывання ежы, скарачэнне цялеснага як такога. Стан лёгкасці, свабоды ад пераядання спрыяе і інтэлектуальнай працаздольнасці, і фізічнаму камфорту, і духоўнай працы.

— А што ўяўляе з сябе духоўны бок посту?

— Гэта работа са сваім унутраным светам, са сваімі слабасцямі і страсцямі. Калі ў вас ёсць цяга да салодкага, падчас Вялікага посту прапануецца адмовіцца ад кандытарскіх вырабаў або, па меншай меры, абмежаваць іх ужыванне. П'яце шмат кавы? Паспрабуйце ў пост скараціць яе колькасць. Адна з мэт посту — зрабіць так, каб наша цела не дыктавала нам свае правілы. Падпарадкаваць цела духу.

Пост — гэта час, калі мы звяртаем больш увагі на свой унутраны свет. На адносіны з блізкімі і з Богам. У звычайны час у нашым жыцці шмат мітусні, шмат лішняй інфармацыі. Падчас посту варта скараціць прагляд забаўляльных праграм — выдаткуйце вечар, што вызваліўся, на чытанне духоўнай літаратуры ці проста добрых, разумных кніг. Скараціце карыстанне сацыяльнымі сеткамі, на якія часам сыходзіць некалькі гадзін у дзень. Аддайце гэты час сваёй сям'і, дзецям, бацькам. І, вядома, падчас Вялікага посту мы запрашаем хрысціян больш браць удзел у богаслужэннях, часцей наведваць храмы. Зараз у цэрквах праходзяць асаблівыя службы, якія раскрываюць сэнс і прыгажосць праваслаўнай веры. Калі вы хочаце даведацца, што такое праваслаўе, прыйдзіце ў храм на богаслужэнне падчас Вялікага посту.

— Такім чынам, з посту, калі выконваць яго правільна, чалавек выйдзе іншы — больш духоўны?

— У ідэале так. Вельмі добра ставіць сабе мэты і задачы — менш раздражняцца, менш крыўдзіцца, імкнуцца не асуджаць людзей, перамагчы сваю запальчывасць і гэтак далей. І раз на тыдзень, напрыклад, праводзіць аналіз — атрымалася ці не атрымалася. І працягваць працаваць у абраным кірунку.

— А як практычна змагацца са страсцямі?

— Айцы царквы раяць супрацьпастаўляць той ці іншай страсці яе супрацьлегласць — адпаведную дабрадзейнасць. Прагнаму ў Вялікі пост варта матэрыяльна дапамагаць тым, хто жыве ў нястачы. Раздражняльнаму — засяродзіцца на тым, каб у любых абставінах быць ураўнаважаным і добразычлівым. У барацьбе са страсцямі ёсць два складнікі. Першы — намаганні нашай волі, і другі — садзейнічанне Бога. З пазіцыі праваслаўя чалавек сам, сваімі сіламі не здольны змяніць сябе. Толькі ў супрацоўніцтве з Богам магчымыя змены. А дасягаецца гэта супрацоўніцтва праз богаслужэнне, малітвы, царкоўныя таінствы. І праз пост.

— Ці ўсе павінны пасціць?

— У пытаннях посту, акрамя агульных правіл, якіх прытрымліваецца царква, мае месца і індывідуальны падыход да кожнага верніка. Мы не можам у аднолькавай ступені патрабаваць ад усіх захавання посту — бо ёсць дзеці, цяжарныя жанчыны і кормячыя маці; ёсць людзі, якім варта прытрымлівацца пэўнай дыеты па медыцынскіх паказаннях; ёсць мужчыны, занятыя цяжкай фізічнай працай. Таму ў праваслаўі існуе практыка індывідуальнага рашэння меры і строгасці посту. Кожны можа падысці да святара і агаварыць паслабленні ў посце, якія яму неабходныя. Хачу спыніцца таксама на пытанні, ці трэба пасціць дзецям. Гадоў з шасці-сямі (калі дзеці пачынаюць хадзіць да споведзі) я раіў бы далучаць дзіця і да паняцця посту. Абмяжоўваць арганізм, што расце, у мясных прадуктах, на мой погляд, не варта. Але не лішняе будзе падчас Вялікага посту, напрыклад, скараціць колькасць салодкага, фаст-фуду, іншых шкодных прадуктаў. Гэта будзе і карысна для здароўя. Хоць карысць для здароўя, паўтаруся, тут не галоўнае. Значна важнейшыя духоўная праца над сабой, самаўдасканаленне.

— Ці можна лічыць сябе праваслаўным вернікам, калі не выконваць пост?

— Пытанне ў тым, каго лічыць веруючым чалавекам. Гэта асобная вялікая тэма, на якой пазней у нашай рубрыцы мы спынімся больш падрабязна. Што датычыцца пагарджання посту, тут узнікае супярэчнасць. «З аднаго боку, я лічу сябе хрысціянінам, з другога — не лічу за важнае звяртаць увагу на тое, да чаго мяне заклікае Бог»... Пасціць важна. Бо сэнс рэлігіі — у тым, каб чалавек спазнаў Бога, адкрыў Яго для сябе, адчуваў Яго ў сваім жыцці. Бог даў чалавеку шлях і сродкі для пазнання сябе. І адным з такіх сродкаў з'яўляецца пост, які дапамагае чалавеку на гэтым шляху і накіроўвае яго.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».