Вы тут

Куды пойдуць грошы ад абласнога суботніка на Гомельшчыне?


Жыхары рэгіёна бяруцца за новы народны праект — аднаўленне мемарыяльнага комплексу «Партызанская крынічка». 27 сакавіка, на тэрыторыі Гомельскай вобласці пройдзе суботнік, грашовыя сродкі ад якога будуць накіраваны на ажыццяўленне патрыятычнага праекта. Такім жа чынам летась жыхары Гомельшчыны зрабілі свой унёсак у стварэнне ўнікальнага мемарыяльнага комплексу «Ала» на Светлагоршчыне. У Год народнага адзінства агульная ідэя — рэканструкцыі «Партызанскай крынічкі» — прыклад таго, як добрая справа дапамагае яднаць людзей.


Жнівень 1941-га

Схема аб'екта ваенна-гістарычнага комплексу «Партызанская крынічка».

Сёлета спаўняецца 80 гадоў з моманту ўтварэння партызанскага атрада «Бальшавік». На месцы яго дыслакацыі і быў устаноўлены мемарыяльны комплекс. Рэканструкцыя патрыятычнага аб'екта прымеркавана да юбілейнай даты. У жніўні 1941 года партызанскі атрад быў створаны ў 11 кіламетрах ад абласнога цэнтра, каля Шчакатоўскай дачы, у некалькіх кіламетрах ад шашы Гомель—Чарнігаў. Месца для дыслакацыі атрада вызначыла яго цяжкадаступнасць і забяспячэнне пітной вадой — тут біла крыніца. Атрад спачатку налічваў 37 чалавек, пасля — паўсотні: гэта людзі, якія добраахвотна пагадзіліся застацца для баявой работы ў тыле ворага. Камандзірам прызначылі дырэктара гомельскага аўтарамонтнага завода Ілью Сцяпанавіча Федасеенку, у якога быў досвед кіравання ваеннымі дзеяннямі падчас Грамадзянскай вайны. У кастрычніку 1943-га атрад «Бальшавік» ператвораны ў партызанскую брыгаду з аднайменнай назвай. У яе складзе — атрады «Бальшавік», «Патрыёт Радзімы», імя В. Чкалава. Байцы праводзілі дыверсіі на чыгунцы і асноўных аўтамагістралях, перашкаджалі руху суднаў па Сожы. Разам з часткамі Чырвонай Арміі партызаны ўдзельнічалі ў аперацыі «Баграціён».

Гаючая вада

У 1968 годзе ў выдавецтве «Беларусь» убачыла свет дакументальная аповесць «Партызанская крынічка» — літаратурная апрацоўка ўспамінаў удзельнікаў партызанскага атрада «Бальшавік»: «Хтосьці, напіўшыся з крыніцы сцюдзёнай вады, сказаў: — Эх, добрая вадзіца ў партызанскай крынічцы! Так і прыжылася гэтая назва — «Партызанская крынічка». Дзе б ні бываў, дзе б ні ваяваў потым атрад, байцы заўсёды ўспаміналі гэтую крынічку, з якой біла надзіва свежая, нібы гаючая вада», — тлумачыцца ў кнізе, як нарадзіўся гэты гомельскі тапонім. Вядома, пасля вайны партызаны не забылі пра сваю крынічку. Тут устанавілі невялікі абеліск, а саму крынічку добраўпарадкавалі драўляным зрубам.

Патрыятычны брэнд

Да 40-годдзя вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на месцы «Партызанскай крынічкі» пачалося будаўніцтва мемарыяла. Праект са стэлай і размешчанай каля яе архітэктурнай кампазіцыяй у выглядзе зоркі — аўтарства супрацоўнікаў Інстытута «Гомельграмадзянпраект». Была прапанова стварыць на тэрыторыі мемарыяла ваенную экспазіцыю, але ад гэтай ідэі тады з нейкіх прычын адмовіліся. Між тым, «Партызанская крынічка» працягвала заставацца патрыятычным брэндам Гомеля, месцам прыцягнення тых, хто імкнуўся захоўваць гісторыю народнага подзвігу. Так застаецца і сёння. Былыя франтавікі, партызаны, падпольшчыкі прыязджаюць на Гомельшчыну з розных куткоў краіны, каб успомніць баявое мінулае і таварышаў, якія пайшлі з жыцця.

«Партызанская крынічка» некалькі гадоў таму. Фота з архіва «Гомельскай праўды».

Сакавік 2021-га

Сёння архітэктары ААТ «Інстытут Гомельграмадзянпраект» працуюць над праектам рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Партызанская крынічка». Стаяла задача вырашыць шэраг інжынерна-тэхнічных пытанняў, якія паўплываюць і на ўвасабленне аўтарскіх задум гомельскіх архітэктараў. Аднак вядома пра асноўныя пераўтварэнні, якія чакаюць існуючы мемарыял. Важна, — перш чым прыступіць да стварэння канцэпцыі, спецыялісты вывучалі беларускі і расійскі вопыт работы на падобных аб'ектах.

— Пры стварэнні комплексу плануецца рэканструкцыя наяўнага памятнага знака, стварэнне «партызанскай вёскі» ў выглядзе стылізаваных зямлянак-навесаў, таксама стварэнне на аснове існуючай паляны месца для правядзення ваенна-гістарычных рэканструкцый, з уладкаваннем акопа па стандартах ваеннай навукі, — адзначыў архітэктар Віктар Бельцюкоў.

Комплекс — стэла і «зорка» — застануцца на ранейшым месцы, іх адрамантуюць і адновяць, а на прылеглай тэрыторыі зробяць падыходы з бетоннай пліткі. Плануюць абнавіць пляцоўку для правядзення мерапрыемстваў і зрабіць невялікі амфітэатр. З'явяцца дзве новыя лакацыі. Недалёка ад стэлы размесцяцца партызанскі лагер з зямлянкамі — для асабовага складу, штабной, медыцынскай, зброевай, прадуктовай. Тут жа зробяць прастору з навесам, дзе можна будзе адпачыць і паспрабаваць салдацкую кашу. Другая лакацыя — адміністрацыйны будынак: тут размесцяцца навуковыя супрацоўнікі, якія будуць праводзіць экскурсіі. Прадугледжана тэрыторыя для арганізацыі патрыятычных выставак.

Між тым, праблемным пытаннем для ажыццяўлення задуманага праекта стала арганізацыя належнага пад'езда да мемарыяльнага комплексу. Справа ў тым, што лясная дарога размяшчаецца каля нафтаправоднай магістралі, і ствараць адпаведную дарожную інфраструктуру на гэтым месцы нельга. Паводле нарматываў, неабходна вытрымаць 150-метровую зону, таму нязначна зменіцца траекторыя звыклага пад'езда да «Партызанскай крынічкі». У вызначаным законам парадку падрыхтавана дазвольная дакументацыя на высечку дрэў на месцы работ, але аб'екты расліннага свету строга абяцаюць максімальна захаваць. На аб'екце неабходна будзе наладзіць і водазабеспячэнне, таму з'явіцца і магчымасць у нейкай меры аднавіць старую крынічку. Вядома, што па плошчы новы патрыятычны комплекс будзе большы за сучасны амаль у 25 разоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Крыніца памяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».