Вы тут

На свае вочы ўпэўніліся, як высокапрафесійна працуюць паштавікі пры любым надвор'і


На ўскрайку Віцебска ў населеным пункце Тулава, аказваецца, ёсць вуліца Паштовая. Было вельмі цікава пабываць менавіта там, каб даведацца пра напружаныя будні паштовага ведамства.

Карэспандэнт «Звязды» на свае вочы ўпэўніўся, як высокапрафесійна працуюць паштавікі — пры любым надвор'і. Іх многія з тых, хто карыстаецца гэтымі паслугамі, чакаюць, як сваякоў, з якімі заўсёды прыемна сустрэцца, пагутарыць, абмеркаваць навіны.


У гэты дзень пасля веснавой адлігі пачаўся моцны вецер са снегам, якім абдзьмала твар, стыхія літаральна зрывала капюшон курткі. Але ж для рэпартажу гэтыя акалічнасці, напэўна, былі, «як па заказе».

Асаблівасць Тулава ў тым, што частка гэтага населенага пункта знаходзіцца ў межах горада: дзесяць гадоў таму адбылося далучэнне да тэрыторыі Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра. Астатняе — на плошчы Віцебскага раёна. У аграгарадку, цэнтры аднайменнага сельскага Савета, жыве каля 1,8 тысячы чалавек.

Тулава ведаюць многія. Напрыклад, тутэйшыя старажылы ганарацца тым, што ў савецкі час аматары мота- і аўтамабільнага кросу шмат чыталі пра тулаўскую трасу. А гоншчыкі лічылі яе адной з самых складаных у Еўропе. І традыцыя правядзення спаборніцтваў не спынілася.

На першым паверсе будынка РУП «Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі» знаходзіцца аддзяленне паштовай сувязі «Тулава», якая абслугоўвае тэрыторыю, дзе жыве каля 4 тысяч чалавек. Ім кіруе абаяльная Людміла Батава. Яна растлумачыла, што ў калектыве пяць чалавек, у тым ліку тры паштальёны.

Пакуль размаўлялі, у аддзяленне зайшла жанчына — высветлілася, што пастаянная кліентка. Працуе ў згаданым вышэй інстытуце. Падзякавала паштавікам за тое, што яны заўсёды ветлівыя, добразычлівыя, пракансультуюць наконт паштовых паслуг і багатага выбару тавараў.

Паштальён Ірына Сакалова вельмі спяшалася выйсці на маршрут. Мне няёмка стала затрымліваць яе. Па дарозе расказала, што паштальёнам працуе са студзеня мінулага года. А раней доўгі час працавала ў Падмаскоўі. Жыццё распарадзілася так, што яна вярнулася ў бацькоўскі дом у Тулаве.

На Паштовай пачынаецца яе ўчастак. На жаль, а першай палове дня ўсе, да каго мы на гэтай вуліцы спрабавалі «напрасіцца» для кароткай размовы, адсутнічалі. Пенсіянерка Ніна Яўгенаўна Клявец жыве недалёка ад Паштовай і нам на шчасце была дома. Адразу было відаць, жанчына сапраўды рада ўбачыць сваю любімую паштальёнку. Вельмі прасіла пабыць у яе даўжэй. Але, зразумела, для паштальёна кожная хвілінка каштоўная. Таму завіталі ў госці ў дом літаральна на некалькі хвілін.

Ірыне Сакаловай вельмі прыемна, калі яе візіт прыносіць радасць. А бывае, што яе здзіўлялі сюрпрызамі. Напрыклад, на Міжнародны жаночы дзень пажылыя падарылі цукеркі. Пачула словы падзякі за тое, што яна такая пунктуальная, сваёй шчырай усмешкай паляпшае настрой.

Распавяла паштальён пра іншых жыхароў Тулава, якія актыўна карыстаюцца паштовымі паслугамі. Напрыклад, адзін часта атрымлівае лісты з розных арганізацый. Адна мастачка свае творы адпраўляе за мяжу ў розныя краіны...

Мы яшчэ трохі прайшліся разам з работніцай пошты. З цяжкай сумкай на рэмені Ірына так хутка прасоўвалася да мэты, што я ледзь паспяваў за ёй. Спадарожніца вельмі цікава расказвала пра асаблівасці работы. Напрыклад, прызналася, што спачатку вельмі цяжка было арыентавацца ў Тулаве, каб дастаўляць карэспандэнцыю, нягледзячы на тое што сама тут жыве.

Напрыклад, ёсць тры вуліцы пад назвай Магістральная і два Магістральныя завулкі, вуліца Білеўская і чатыры аднайменныя завулкі. Адразу можна заблытацца ў некалькіх Фестывальных, Дружных... Ёсць у Тулаве і Турысцкая, Пешаходная, Каляровая, Малінавая, Акруговая, Вішнёвая, Каштанавая... і нават вуліца Шчаслівая!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара


Дырэктар Віцебскага філіяла РУП «Белпошта» Сяргей Максак:

«На Віцебшчыне каля 6,3 тысячы населеных пунктаў — больш, чым у іншых абласцях краіны. Насельніцтва абслугоўвае каля 450 аб'ектаў паштовай сувязі. І ўсе нашы кліенты, дзе б яны ні жылі, могуць атрымаць сучасныя, якасныя тэхнічныя паслугі, у тым ліку нават не выходзячы з дому. Сярод іншага філіялам арганізавана эфектыўнае супрацоўніцтва з больш чым 600 віртуальнымі крамамі вобласці.

Кліенты — гэта галоўнае для нас. Яны ведаюць, што нашы супрацоўнікі ў любую пару года, якое б ні было надвор'е, своечасова зробяць сваю справу. Высокая адказнасць за выкананне службовых абавязкаў — гэта рыса характару кожнага паштавіка Прыдзвіння».

Загаловак у газеце: Ад Паштовай да Шчаслівай. Носяць пошту і ў завіруху, і ў спякоту

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.