Вы тут

На вакцыну спадзявайся, але і сам трымайся! Каму і дзе можна зрабіць прышчэпку ад каранавіруса?


Якія прэпараты выкарыстоўваюцца для імунізацыі насельніцтва і наколькі яны эфектыўныя? А таксама, каму і дзе можна зрабіць прышчэпку мы даведаліся ад намесніка галоўнага ўрача Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Рыгора ГЕЦЮКА.


— Масавая вакцынацыя ў Беларусі стартавала. Як арганізаваны гэты працэс? 

— Вакцынацыя ў нашай краіне праходзіць у адпаведнасці з Нацыянальным планам, якія распрацаваны на 2021–2022 гады. Гэты план уключае чатыры асноўныя этапы з улікам паступлення вакцыны.

1 этап. Тая вакцына, якая ёсць сёння ў нашай краіне, прызначана для медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў сферы адукацыі, сацыяльнай сферы, а таксама людзей сталага ўзросту, якія кругласутачна знаходзяцца ў інтэрнатах. Гэтыя людзі — у групе павышанай рызыкі.

2 этап. На гэтым этапе плануецца абараніць ад каранавірусу людзей ва ўзросце «60+», а таксама тых, хто мае хранічныя захворванні, якія могуць пагаршаць становішча чалавека падчас хваробы.

3 этап. Прышчэпка прадугледжана супрацоўнікам з павышанай рызыкай інфіцыравання. Гэта датычыцца работнікаў гандлю, сацыяльнага абслугоўвання, кіроўцаў грамадскага транспорту, супрацоўнікаў камунальных служб.

4 этап. На гэтым этапе прышчапіцца зможа кожны жадаючы.

Наша мэта — прышчапіць 60 % насельніцтва Беларусі, каб у грамадстве ўтварылася імунная праслойка — тая колькасць людзей, дзякуючы якой можна будзе прадухіліць інтэнсіўнае распаўсюджанне каранавіруснай інфекцыі. Пакуль у нашай краіне праходзіць першы этап вакцынацыі, які плануецца завяршыць да канца сакавіка. Другі этап стартуе, адпаведна, з красавіка. Адзначу, вакцынацыя ў нашай краіне ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэта.

— Якія вакцыны зараз ёсць у нас, і наколькі яны эфектыўныя ў барацьбе з COVID-19?

— Для вакцынацыі супраць каранавіруса выкарыстоўваецца расійскі прэпарат «Гам-Ковід-Вак», больш вядомы, як «Спадарожнік». Зарэгістраваны не толькі ў нашай краіне, але яшчэ ў 25 краінах свету. Прэпарат прайшоў дастатковую колькасць выпрабаванняў і ў прафілактыцы COVID-19 даказаў сваю высокую эфектыўнасць — больш за 90 %. Пасля прышчэпкі ў арганізме чалавека выпрацоўваюцца антыцелы менавіта ў той колькасці, якая дапамагае абараніць яго ад інфекцыі. Падкрэслю, вакцынацыя не абараняе чалавека ад інфіцыравання на 100 %, але ж яна дапамагае значна палегчыць ступень захворвання, і арганізм, у выпадку захворвання, не падвяргаецца цяжкім наступствам. Акрамя расійскай вакцыны, у Беларусь паступіла 100 тысяч доз кітайскай вакцыны «Сінафарм». 

— Наколькі прынцыпова адрозніваюцца дадзеныя прэпараты адзін ад аднаго?  

— І расійскі, і кітайскі прэпарат уводзяцца ў два этапы з інтэрвалам ў 3–4 тыдні для фарміравання імунітэту. Ёсць адрозненні ва ўмовах іх захавання. Напрыклад, расійская вакцына павінна захоўвацца пры тэмпературы не вышэй за мінус 20 градусаў. Перад прышчэпкай яе неабходна размарозіць і выкарыстаць не пазней за 2 гадзіны з гэтага моманту. Што датычыцца кітайскай вакцыны, то яна можа захоўвацца ва ўмовах халадзільніка і не патрабуе замарожвання. Істотных пабочных эфектаў пасля вакцынацыі, як правіла, не назіраецца. Пасля выкарыстання прэпарата «Спадарожнік» можа быць невялікае павышэнне тэмпературы цела на працягу наступнага дня пасля вакцынацыі. Прэпарат «Сінафарм» выклікае менш падобных рэакцый, таму часцей рэкамендуецца людзям сталага ўзросту ці з аслабленым імунітэтам. Істотных супрацьпаказанняў пры выкарыстанні абедзвюх вакцын няма.

— Куды трэба звяртацца, каб зрабіць прышчэпку ад каранавіруса?

— Адразу адзначу, для атрымання прышчэпкі вам павінна быць не менш за 18 гадоў. Вам неабходна зайсці на сайт паліклінікі, у якой вы абслугоўваецеся, і зарэгістравацца там. Можна звязацца з адміністратарам установы па тэлефоне і ўзгадніць дзень вакцынацыі такім чынам.

Важны момант: перад прышчэпкай вас абавязкова павінен агледзець тэрапеўт. Пры адсутнасці супрацьпаказанняў вам зробяць прышчэпку. Пасля гэтага на працягу 30 хвілін абавязкова трэба знаходзіцца ва ўстанове аховы здароўя і назіраць за рэакцыяй арганізма. Калі праз паўгадзіны самаадчуванне ў вас добрае, можна ісці дадому. Наступны этап  праз 3–4 тыдні.

— На сённяшні дзень у Беларусі назіраецца адносная стабілізацыя абстаноўкі з захворваннямі на COVID-19. Але ж, некаторыя краіны ЕС канстатуюць пачатак трэцяй хвалі. У вас, як спецыяліста, не ўзнікае адчуванне, што мы крыху страцілі пільнасць?

— Сапраўды, пасля зімы ў людзей заканамерна назіраецца некаторая псіхалагічная стомленасць, калі разам з цёплым пухавіком і шапкай хочацца зняць і маску. Канешне, мы часцей жадаем сустракацца з роднымі і сябрамі. Але ж на жаль, той эпідэміялагічны спад, які адзначаўся ў Беларусі ў лютым і на пачатку сакавіка, на мінулым тыдні прыпыніўся. Людзі па-ранейшаму павінны выконваць меры засцярогі, каб не дапусціць новага ўсплёску распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі.

Меры засцярогі

  • Масачны рэжым. Хачу нагадаць, што выкарыстанне маскі, перш за ўсё, эфектыўна ў дачыненні да інфіцыраванага чалавека. Па-ранейшаму, назіраецца вялікая колькасць бессімптомных выпадкаў каранавіруса. Маска дапамагае прадухіліць распаўсюджанне віруса на вялікую адлегласць і такім чынам абараняе людзей вакол ад інфіцыраванага.
  • Сацыяльная дыстанцыя — 1,5 метры. Асабліва ў дачыненні да людзей з відавочнымі прыкметамі рэспіратарных інфекцый.
  • Адказ ад удзелу ў масавых мерапрыемствах. Асабліва ў зачыненых памяшканнях.
  • Карыстанне антысептычнымі сродкамі. Апрацоўваць рукі, гаджэты, рабочыя месцы. Важна, каб ўтрыманне этылавага ці ізапрапілавага спірту ў вадкасці складала 60–70 %. Гэтага дастаткова, каб абараніць сябе.
  • Рэгулярнае праветрыванне памяшканняў. Дапамагае знізіць рызыку інфіцыравання.

Нягледзячы на тое, што сістэма аховы здароўя ў нашай краіне працуе вельмі эфектыўна, нельга забывацца пра тое, што здароўе кожнага чалавека залежыць перш за ўсё асабіста ад яго самога! Беражыце сябе!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?