Вы тут

Вучоныя абмяркавалі пытанні, звязаныя з Рыжскім мірам


Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце правялі маштабную навуковую канферэнцыю, прысвечаную стагоддзю заключэння Рыжскага міру. Дзясяткі вучоных абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з тым, якія перадумовы былі ў Савецка-польскай вайны і як заключэнне дадзенага пагаднення паўплывала на лёс беларускага народа.


Падпісанне Рыжскага мірнага дагавора, 1921 год.

Доктар гістарычных навук, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя звярнуў увагу, што падчас даволі складанай геапалітычнай сітуацыі пасля заканчэння Першай сусветнай вайны не абышлося і без умяшальніцтва звонку ў справы, звязаныя з дзяржаваўтваральнымі працэсамі на мяжы былой Расійскай імперыі. Адсутнасць вопыту нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, недахоп нацыянальнай свядомасці кіраўнікоў і навыкаў палітычнай работы сярод беларускага насельніцтва не дазвалялі актывізаваць гэтыя працэсы. Не было адзінай стратэгіі дзеянняў нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Бясспрэчна, усё гэта прывяло да трагедыі беларускага народа, пра якую Якуб Колас напісаў: «Нас падзялілі чужаніцы».

Як заўважыў у пачатку канферэнцыі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік Уладзімір Гусакоў, беларуская дзяржаўнасць — найстаражытнейшая ў Еўропе, і сёння неабходна не проста пра гэта больш гаварыць, але і адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы. Таму пастаўлена задача аб умацаванні Інстытута гісторыі, яго пашырэнні і ператварэнні ў найбуйнейшы нацыянальны рэспубліканскі цэнтр, з асобнымі інстытутамі гісторыі, археалогіі, антрапалогіі.

Беларускаму народу давялося прайсці доўгі і складаны шлях для рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці ў складаных і супярэчлівых вонкава і ўнутрана палітычных абставінах. Да канца лета 1919 года тэрыторыя маладой рэспублікі (на той час БССР аб'ядналі з Літоўскай рэспублікай) была акупаваная польскімі войскамі. Баявыя дзеянні працягваліся амаль два гады і закончыліся падпісаннем Рыжскага мірнага дагавора. «Рыжскі дагавор з'яўляўся па сутнасці антыбеларускім, не адпавядаў нацыянальным інтарэсам беларускага народа, — заўважыў Уладзімір Гусакоў. — Нягледзячы на тое, што па ўмовах дадзенай дамовы беларусам былі гарантаваны нацыянальна-культурныя правы ў складзе Польскай дзяржавы, на практыцы рэалізацыя гэтых правоў не была забяспечана. Беларускім арганізацыям, якія займаліся культурнай і асветніцкай дзейнасцю, пастаянна даводзілася сутыкацца з супрацьдзеяннем з боку польскіх уладаў, а да 1939 года большасць гэтых арганізацый і беларускіх школ была ліквідавана».

Восенню 1939 года ў выніку вызваленчага паходу войскаў Чырвонай Арміі тэрыторыя Беларусі атрымала цэласнасць. 14 лістапада 1939 года на сесііі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР быў зацверджаны закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Артыкул 2 закона паведамляў «прыняць Заходнюю Беларусь у склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і такім чынам аб'яднаць вялікі беларускі народ у адзіную беларускую дзяржаву».

Працяг тэмы — у аўторак у «Ігуменскім тракце».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Нас падзялілі чужаніцы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?