Вы тут

Людзі і іхнія сімвалы. Якую ролю дзяржаўная і нацыянальная сімволіка іграе ў жыцці краіны і грамадства


У падзеях, якія апошнія паўгода адбываюцца ў палітычным жыцці нашай краіны, не апошнюю ролю іграюць... сцягі. Прынамсі, ролю эмацыянальна-візуальную, і з гэтым не паспрачаешся. «Скажы мне, які твой сцяг, і я скажу, хто ты», — гэта прымітыўная, здавалася б, формула, дзейнічае сёння амаль заўсёды. Ва ўсякім разе, так мяркуюць тыя, хто пад палотнішчам пэўных колераў выказвае сваю пазіцыю.

Ці ўнікальная Беларусь у гэтай сітуацыі? Што нам гаворыць пра выкарыстанне, прызнанне, забарону той ці іншай сімволікі гістарычны міжнародны досвед? Чаму для беларусаў гэта тэма, як, бадай, ні для кога іншага, наўпрост звязана з веданнем ці нежаданнем ведаць уласную гісторыю? Што рабіць, каб пытанне сімволікі не стала раздзяляльным для
нашага грамадства фактарам?

Надзённыя пытанні абмеркавалі падчас круглага стала ў «Звяздзе» Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, доктар гістарычных навук, Вадзім ГІГІН, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, кандыдат гістарычных навук, Сяргей ТРАЦЦЯК, загадчык аддзела навейшай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук, Алег ДЗЯРНОВІЧ, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук, Наталля ГОЛУБЕВА, кандыдат гістарычных навук.


Фота: БелТА.

«Звязда»: Калі сёння гаварыць пра дзяржаўную і нацыянальную сімволіку, нельга не закранаць тэму перадумоў яе ўзнікнення. Пытанне здаецца філасофскім, але менавіта разуменне гэтай філасофіі дае веданне, што сцяг — гэта не проста палотнішча са спалучэннем пэўных колераў. (А калі гаварыць шчыра, для многіх гэта так і ёсць.)

Ігар Марзалюк: Несумненна, любая сімволіка, акрамя фарбаў і знакаў, мае пэўныя сэнсы, нясе пэўны кантэкст, з'яўляецца той ці іншай праграмай, якая фармулюецца, калі ўзнікае нацыя і дзяржаўнасць, мае пэўныя ідэалагічныя канстанты. Калі мы кажам пра сімволіку — у Сярэднявеччы нацыянальных сцягоў не існавала, — былі дзяржаўна-генеалагічныя, як і гербы. А ўласна нацыяналізацыя гэтых сімвалаў адбылася ў эпоху фарміравання нацый — а гэта ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя. Але ў любым выпадку кожная дзяржаўная сімволіка — гэта заўсёды рэпрэзентацыя дзяржавы і апеляцыя да той ці іншай традыцыі. Так было, так ёсць, так будзе. Важнейшы момант пабудовы любой дзяржавы — гэта фарміраванне ўласнай ідэнтычнасці. І сімвалы тут іграюць вялікую ролю.

Сяргей Траццяк: Усякі сімвал сапраўды звязаны з нейкай праграмай. Дзяржаўную ці нацыянальную сімволіку нельга намаляваць на каленцы, як і нельга прымусіць усіх у яе паверыць.

Ігар Марзалюк: Якім нацыянальным і дзяржаўным сімвалам быць, як гэта ні банальна гучыць, вызначае менавіта народ, нацыя, соцыум, прымаючы іх або не. Але сімволіка не «вырастае» з глыбіні народа. Спачатку да яе стварэння прычыняецца пэўная група палітычна актыўных інтэлектуалаў, а потым, у залежнасці ад таго, як адбываецца гістарычнае развіццё, усімі астатнімі людзьмі гэта або ўспрымаецца, або адмаўляецца.

Алег Дзярновіч: Стварэнне пэўнага сцяга — гэта заўжды культурны акт. Заўжды ёсць аўтары, ёсць група, якая работу гэтых аўтараў абмяркоўвае і прымае. І ў нашым усходнееўрапейскім рэгіёне ўсе сцягі, апроч, бадай, расійскага, менавіта такім чынам у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і ствараліся. Калі ўзнікалі маладыя нацыі, новыя дзяржавы, гэта схема працавала заўсёды.

Сяргей Траццяк: І тут трэба звярнуць увагу на адну цікавую акалічнасць: далёка не заўсёды сімволіка нацыянальная супадае з сімволікай дзяржаўнай. Прыклад з гісторыі Францыі. Як мы ведаем, іх нацыянальны трыкалор — прадукт Вялікай французскай рэвалюцыі канца XVІІІ стагоддзя. Але дзяржаўным сцягам Францыі ён стаў толькі ў 1870 годзе, пасля звяржэння Напалеона ІІІ. А дагэтуль, нягледзячы на тое, што трыкалор паважаўся французамі як нацыянальны сімвал, дзяржаўныя сцягі былі абсалютна розныя...

Вадзім Гігін: Увогуле тут варта сказаць, што датычна сімволікі працуе прынцып — пакуль палітычная сітуацыя ў грамадстве спакойная — і да яе адносіны спакойныя. Як толькі сітуацыя абвастраецца — мяняюцца адносіны і да сімволікі. У згаданай вамі Францыі ў ХІХ стагоддзі форма кіравання, улада мяняліся некалькі разоў. Адпаведна і барацьба сімволік была надзвычай сур'ёзная. А цягам гадоў трыццаці, у тым ліку пры Напалеоне, за выкарыстанне манархічнага белага з залатымі лілеямі сцяга ўвогуле можна было трапіць на гільяціну.

Сяргей Траццяк.

Сяргей Траццяк: Тая ж самая акалічнасць атрымалася і з германскім нацыянальным сцягам. Нацыянальны сцяг — знак буржуазнай рэвалюцыі 1848—1849 гадоў — чорна-чырвона-залаты. Афіцыйны сцяг Германскай імперыі з канца ХІХ стагоддзя — чорна-чырвона-белы. Пад ім гэта імперыя спрабавала заваяваць сабе месца пад сонцам, развязала Першую сусветную вайну, пад ім жа ў гэтай вайне сканала. У час Веймарскай рэспублікі згадалі пра нацыянальны сцяг і памясцілі ў яго цэнтры арла. З прыходам нацыстаў да ўлады гэты сцяг як знак пераможанай Германіі быў скасаваны, адноўлены імперскі сцяг, аднак побач з ім пачалі шырока выкарыстоўваць і партыйны сцяг нацыстаў са свастыкай. У 1935 годзе яго наогул зрабілі дзяржаўным. Пасля вайны абедзве часткі Германіі ўзялі за аснову нацыянальны сцяг, але ў ГДР на ім яшчэ змясцілі герб (тут варта заўважыць, што, калі на палатно нацыянальнага сцяга змяшчаюць нейкую эмблематыку, — гэта ўжо не нацыянальны сцяг). А імперскі сцяг сёння ў Германіі пад забаронай, як і сцяг са свастыкай, бо і той, і той мае дачыненне да гітлераўскай эпохі.

Ігар Марзалюк: Любы сцяг і любы герб у залежнасці ад гістарычнага адрэзка часу можа мець дыяметральна супрацьлеглыя канатацыі, напаўняцца розным зместам. Самы класічны агульнавядомы прыклад — свастыка, якая цягам доўгага часу ў індаеўрапейскай культуры ўспрымалася як сімвал сонца і не несла ў сабе нічога негатыўнага. Але пасля выкарыстання фашыстамі яна стала непрымальнай літаральна ва ўсім свеце. Гісторыя ведае не адзін прыклад, калі той ці іншы сімвал, першапачаткова абсалютна нейтральны або нават пазітыўны, у пэўны час у пэўным грамадстве набывае зусім іншы сэнс і асацыяцыі.

Алег Дзярновіч: Што датычыцца сімволікі дзяржаўнай і нацыянальнай, тут яшчэ варта дадаць, што дзяржаўная сімволіка, у адрозненне ад нацыянальнай, мае афіцыйны, замацаваны юрыдычна статус. Нацыянальнай жа дастаткова, скажам так, грамадскага прызнання, каб такой лічыцца. І хоць у большасці нашых суседзяў па Еўропе на сёння нацыянальная і дзяржаўная сімволікі супадаюць, ёсць і іншыя прыклады. З самых свежых — прыклад Чарнагорыі. Там для часткі грамадзян нацыянальным застаўся трыкалор, вельмі падобны на сербскі, але крыху іншага адцення — блакітная паласа замест сіняй. Калі частка нацыянальнай эліты гэтай краіны ўзяла курс на Еўрасаюз, яны, каб ужо зусім адрознівацца ад Сербіі, у 2004 годзе ўвялі сцяг з імперскай палеалогаўскай традыцыі Візантыі — чырвоны з залатым двухгаловым арлом... І менавіта ён на сёння ў іх дзяржаўны. І гэта можна назваць вельмі моцным палітыка-культурным актам. Але і выкарыстанне трыкалора не абмяжоўваецца.

Дарэчы, няшмат хто ведае, што расійскі трыкалор стаў дзяржаўным толькі пасля каранацыі Мікалая ІІ, у 1896 годзе. Дагэтуль гэта быў сцяг гандлёвага флоту.

Ігар Марзалюк: Галандцы распрацавалі гэты сцяг па замове Аляксея Міхайлавіча. У час Пятра І пад ім «ваявалі» пацешныя палкі маладога цара. Пасля трыкалор сапраўды стаў сцягам гандлёвага флоту.

Алег Дзярновіч: І тое, што Мікалай ІІ зрабіў гэты па сутнасці нацыянальны сцяг дзяржаўным, было свайго роду актам мадэрнізацыі — што Расія ад імперскага сцяга пераходзіць на сцяг гандлёвы. У гэтым быў таксама закладзены пэўны палітычны пасыл...

У кожнага народа ў гэтым плане, як бачым, свая асаблівая гісторыя. І складаныя сітуацыі з сімволікай праходзілі і сёння праходзяць многія краіны.

Ігар Марзалюк.

Ігар Марзалюк: Прыклад — Іспанія — там суіснуюць сцягі манархічны (які сёння дзяржаўны) і рэспубліканскі, пад якім выходзіць апазіцыя. У ЗША сцяг дзіксі (паўднёвых штатаў) і афіцыйны дзяржаўны сцяг.

«Звязда»: У беларусаў, якія як нацыя сфарміраваліся пазней за многія, якія да Кастрычніцкай рэвалюцыі фактычна не мелі ўласнай дзяржавы, гісторыя з сімволікай, можна сказаць, адметная...

Ігар Марзалюк: Беларусы ўвогуле да 1917 года не мелі свайго нацыянальнага, а тым больш дзяржаўнага сцяга.

Вадзім Гігін: І нават намёку не было на тое, як ён павінен выглядаць.

Алег Дзярновіч: Увогуле, з падобнай праблемай сутыкнуліся і нашы паўночныя суседзі — латышы і літоўцы. Эстонцам было прасцей — яны за аснову сцяга ўзялі колеры студэнцкай карпарацыі ўніверсітэта ў Тарту, якія наносіліся таксама на кукарды студэнтаў.

Ігар Марзалюк: Калі меркаваць па той факталагічнай базе, якая ёсць на сённяшні дзень, аб уласным нацыянальным сцягу беларуская нацыянальная эліта задумалася не раней за 1916 год. Прычым — і гэта таксама дакладна вядома — першы па прыярытэце быў не праект бчб-сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага, а той, які распрацаваў Лявон Вітан-Дубейкаўскі, архітэктар з-пад Мсціслава. Ён у 1916 годзе зрабіў эскіз сцяга алоўкам. На гэтым накідзе прысутнічалі самыя любімыя славянамі колеры: на белым палатне пяць блакітных палос, а ў верхнім куце чырвоны прамавугольнік. У 1917 годзе, перад Усебеларускім з'ездам, быў абвешчаны конкурс на сцяг. І Лявон Вітан-Дубейкаўскі са сваім удасканаленым праектам (сцяг прадстаўляўся як бела-блакітна(сіне)-белы з чырвонай паласой каля дрэўка, прыкладалася таксама карціна, як павінен выглядаць беларускі сцяганосец) прайграў Дуж-Душэўскаму, які прапанаваў ці не чатыры варыянты сцяга...

Увогуле, ёсць сведчанні, што на пачатку ў якасці беларускага сцяга хацелі абраць проста белае палатно, як сімвал Белай Русі. Але белы колер быў колерам арыстакратыі і капітуляцыі. І, паколькі сярод ініцыятараў правядзення Усебеларускага з'езда большасць была сацыялісты рознага кшталту, вырашылі на белым фоне (сімвале Белай Русі) правесці чырвоную паласу — колер чырвонага сцяга, колер народнай крыві і вернасці сацыялістычнай рэвалюцыі. Заўважу, гэта пісаў ва ўспамінах у 1944 годзе Антон Адамовіч, які ў вайну стаў калабарацыяністам, якога нельга западозрыць у сімпатыі да камуністаў...

Таму ўсе размовы, што сцяг выводзіцца з колераў «Пагоні» — нішто іншае, як прыгожая выдумка, якая не мае нічога агульнага са свядомасцю людзей, якія гэты сцяг стваралі, і тым, якія сэнсавыя канатацыі яны ў яго ўкладалі. Дарэчы, яшчэ адзін факт — на Усебеларускім з'едзе побач з БЧБ вісеў чырвоны сцяг — сцяг Беларускай сацыялістычнай грамады, самай старой нацыянальнай партыі.

Наталля Голубева.

Наталля Голубева: Дуж-Душэўскі яшчэ прапаноўваў на чырвоную паласу нанесці арнамент — быў і такі варыянт. Мне пашчасціла сябраваць з яго сям'ёй і, можна сказаць, з першых вуснаў чуць пра многія рэчы. Сам Клаўдзій Сцяпанавіч перажываў, што не атрымаў падтрымку варыянт з арнаментам — ён вельмі хацеў дадаць сцягу нацыянальны каларыт...

Але я хачу трохі прызямліць нашу гутарку да рэальнасці. Апошнім часам ідзе нямала размоў пра гісторыю сцяга, пра тое, кім, як і калі ён ствараўся, дзе і як яго выкарыстоўваць. Тут, мне здаецца, мае месца падмена паняццяў. Разважаючы такім чынам пра сцяг, многія не заўважаюць, што ўжо маюць на ўвазе не сцяг, а падзеі, якія пад ім адбываліся. Сам па сабе сцяг не страляе, не забівае людзей, гэта проста сцяг, як і тая ж свастыка, якая, як ужо гаварылі, была на працягу стагоддзяў сімвалам сонца. Але, як толькі яна перайшла ў катэгорыю фашызму — ніякая старажытная пазітыўная сімволіка не перакрые тыя злачынствы, што здзяйснялі пад гэтым сцягам гітлераўцы.

На жаль, наш бчб-сцяг таксама вельмі моцна прывязаны да жудасных падзей, якія чыніліся на гэтай зямлі ў вайну. Яго ўжыванне звязана з акупацыйным рэжымам, з калабарантамі. І тым, хто спрабуе калабарантаў нейкім чынам апраўдаць, варта нагадаць, што на Нюрнбергскім працэсе дзейнасць калабарантаў была прызнаная злачыннай. Атрымліваецца, што пад гэтым сцягам прымалі прысягу на вернасць фашызму, здзяйсняліся злачынствы адносна беларускага народа. Гэты сцяг непарыўна прывязаны да тых падзей, яго выкарыстоўвалі, укладаючы ў гэта пэўны сэнс...

«Звязда»: Так, тэма мінулай вайны — краевугольны камень у адносінах для бчб-сцяга, які задумваўся ў 1917 годзе з самымі лепшымі меркаваннямі і памкненнямі — як сімвал маладой нацыі...

Ігар Марзалюк: А зараз рупліўцы бчб стараюцца вышморгваць толькі тыя факты, якія падмацоўваюць патрэбны ім кантэнт. Цытуюць, напрыклад, маладога Максіма Танка, які ўслаўляў гэты сцяг. Але, калі мы гаворым пра гісторыю, давайце казаць пра ўсё, як было на самай справе. Так, безумоўна бел-чырвона-белы сцяг прысутнічаў як сімвал на першым Усебеларускім з'ездзе. Так, і з гэтым ніхто не спрачаецца, яго стваральнік Клаўдзій Дуж-Душэўскі быў найпрыстойнейшым чалавекам, які ў вайну ратаваў яўрэяў. Але прычым тут ён да таго, як выкарысталі ў вайну яго дзецішча?

Так склалася для бчб-сцяга, што самы страшны, самы ганебны перыяд у яго невялікай гісторыі — гэта фашысцкая акупацыя. Тут трэба мець на ўвазе яшчэ і тое, што досвед той вайны ўнікальны ў кожнага народа. Для беларусаў, бадай, больш, чым для іншых — гэта калектыўная траўма. Нават сёння, калі беларус любога ўзросту кажа «вайна», яму не трэба ўдакладняць, якая менавіта. Таму ў нас, можна сказаць, сакральнае стаўленне да 3 ліпеня і 9 мая. І ўсё, што звязана са злачынствамі той вайны, успрымаецца як асабісты боль.

Тут яшчэ вось які момант. Дзе людзі бачылі бчб-сцяг — як сцяг БНР (якую правільна назваць беларускім палітычным праектам, але ніяк не незалежнай дзяржавай, бо праект не ўдаўся)? У Мінску, у Слуцку, у Гародні. На ўсходзе Беларусі — у Оршы, Віцебску яго ўвогуле не было, там жа ў 1918-м лінія фронту праходзіла. І атрымліваецца, што жыхары значнай часткі сённяшняй Беларусі ўпершыню ўбачылі гэты сцяг менавіта падчас Вялікай Айчыннай, побач з гітлераўскім, над галовамі калабарантаў. І гэта таксама гістарычны факт, вядомы, але некаторым нязручны, таму замоўчваецца.

Цяпер некаторыя гісторыкі спрабуюць сцвярджаць, што бчб-сцяг быў забаронены акупацыйным рэжымам у 1942—1944 гадах. Няхай бы пачыталі работы тагачасных нямецкіх геральдыстаў, у якіх усё распісана, калі і дзе можа ўжывацца гэтая сімволіка на акупаванай тэрыторыі. Давайце не будзем хлусіць сабе і іншым, што гэты сцяг пры фашыстах выкарыстоўваўся толькі ў рытуальных мэтах і ў неваенізаваных фарміраваннях. У 1943 годзе Гімлерам быў зацверджаны шаўрон, які нашываўся на форму ўсіх добраахвотнікаў асобных беларускіх рот СС. І на шаўроне гэтай формы быў «бела-чырвона-белы шчыток з залатым ярылавым крыжам» — гэтаму ёсць дакументальныя пацвярджэнні. І давайце не будзем маўчаць пра тое, што ўдзел усіх трыццаці шасці батальёнаў Беларускай краёвай абароны, якія афіцыйна хадзілі пад бчб-сцягам, у карнай аперацыі «Кармаран», якая ў маі-чэрвені 1944 года праводзілася фашыстамі на ўсходзе Беларусі — таксама дакументальна пацверджаны факт. Палілі вёскі, забівалі тых, чые сваякі былі ў партызанах. Беларусы забівалі беларусаў, і пра гэта таксама не трэба маўчаць... У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца лістоўкі партызанскага атрада «Жалязняк» са зваротам-пытаннем да членаў БКА: «Як вы можаце забіваць сваіх?»

«Звязда»: І тым не менш менавіта гэты сцяг зрабілі ў 1991 годзе дзяржаўным. Няўжо тыя, хто прымаў гэтае рашэнне, не ведалі яго гісторыю?

Сяргей Траццяк: Пра бел-чырвона-белы сцяг сапраўды многія не ведалі ў савецкі час, а хто ведаў — маўчалі, каб не пацярпець за «прапаганду нацыяналізму»...

Наталля Голубева: Давайце ўзгадаем, як гэта было ў 1991-м (маладыя людзі, якія сёння лічаць бчб-сцяг ледзь не святыняй, гэтага не памятаюць і, думаю, не ведаюць). Апаненты цяпер кажуць: маўляў, тады камуністы, ведаючы, што гэты сцяг заплямлены злачынствамі падчас вайны, яго б нават блізка не дапусцілі як дзяржаўны сімвал. Я тады як супрацоўнік Апарату ўрада адказвала за ўзаемадзеянне з парламентам, прысутнічала на ўсіх пасяджэннях Вярхоўнага Савета, падчас якіх абмяркоўвалася пытанне сімволікі. Камуністы не мелі тады вырашальнага голасу — на хвалі развалу Саюза ішло іх шальмаванне. Да таго ж вельмі моцна ў той час гучала ідэя дамінавання тытульнай нацыі — а гэты сімвал бачыўся менавіта нацыянальным. Таму супрацьстаянне ідэі надаць бчб-сцягу афіцыйны дзяржаўны статус у парламенце было на той момант вельмі слабое. Але ж у самім грамадстве гэта супрацьстаянне нарастала. Пытанне аб сімволіцы, вынесенае ў 1995 годзе на рэферэндум, не ўзялося з ніадкуль. Прэзідэнт выконваў абяцанне, дадзенае сваім выбаршчыкам. І пераважная большасць людзей, якія на рэферэндум прыйшлі, сімволіку, звязаную з ваеннымі злачынствамі, проста адхілілі. І гэта ўжо гістарычны факт.

Вадзім Гігін.

Вадзім Гігін: Трэба ўлічваць, у якой сітуацыі 19 верасня 1991 года прымалі рашэнне аб дзяржаўнай сімволіцы. Калі сёння хтосьці сцвярджае, што тады праводзілася маштабнае даследаванне, — яму паверыць хіба што той, хто не жыў у той час. Быў сумбур, была разгубленасць, і тыя дэпутаты, якія ў жніўні прагаласавалі за забарону Камуністычнай партыі і камсамола, маглі прымаць розныя рашэнні. Але хутка — і пра гэта сведчаць і СМІ таго часу, і дакументы, у грамадстве менавіта з нагоды сімволікі разгарэлася дыскусія. І зразумела, што малады Прэзідэнт Лукашэнка не выносіў бы гэтае пытанне на рэферэндум, калі б не бачыў народнай падтрымкі.

Не ўсе ведаюць, што напярэдадні рэферэндуму разглядаліся розныя варыянты дзяржаўнага сцяга, альтэрнатыўнага бчб. Але яны ўсе так ці інакш былі звязаны з трансфармацыяй сцяга БССР, прынятага ў 1951 годзе.

Трэба сказаць, што пытанне сімволікі пасля развалу СССР стала і перад іншымі незалежнымі дзяржавамі постсавецкай прасторы. Кожная праходзіла гэты шлях па-свойму. Цікавы прыклад Расіі, дзе знайшлі свайго роду ідэалагічны кампраміс: герб і сцяг вярнулі дарэвалюцыйныя, а гімн пакінулі савецкі, прычым новыя словы да яго напісаў той жа Сяргей Міхалкоў, аўтар слоў гімна СССР. Грузія пасля атрымання незалежнасці спачатку зрабіла дзяржаўным сцяг дэмакратычнай рэспублікі ўзору 1918 года, а ў 2004-м гэта даволі змрочных колераў палатно замянілі на яркі сцяг Святога Георгія, які выкарыстоўваўся яшчэ ў ХІІІ стагоддзі...

Беларусь жа пайшла шляхам усенароднага галасавання. Дарэчы, пасля рэферэндуму 1995 года ўсе без выключэння — нават апошнія — сацыялагічныя даныя, прычым не толькі дзяржаўных структур, але і апазіцыйных, сведчаць пра тое, што ў грамадстве прыхільнікаў сённяшняга дзяржаўнага сцяга нашмат больш, чым у бчб. І нават на пытанне: якая сімволіка найбольш адпавядае гісторыка-культурнай традыцыі (не проста «падабаецца», а менавіта на такое пытанне трэба было адказаць) у адказах усіх узроставых катэгорый рэспандэнтаў пераважае дзяржаўная сімволіка.

Ігар Марзалюк: У 2018 годзе было праведзена апытанне «Аналітычнай майстэрняй» з Варшавы. Аказалася, што тых, хто хоча змяніць у Беларусі дзяржаўную сімволіку, — мізэрная меншасць. Калі ў 1995 годзе за бчб-сцяг прагаласавалі больш за 20 працэнтаў удзельнікаў рэферэндуму, дык тых, хто падтрымліваў яго ў 2018-м, паводле апытання, было каля трынаццаці працэнтаў... (Самае цікавае, што на іхнім сайце гэтыя вынікі ўжо падчышчаныя.)

«Звязда»: Тым не менш сёння бчб-сцяг стаў сімвалам тых, хто адносіць сябе да пратэстоўцаў. Чалавек можа нават не выходзіць з ім на вуліцу, але павесіць гэты сцяг у сябе ў кватэры і будзе ўпэўнены, што мае рацыю. І гэта, па сутнасці, таксама адзін з момантаў канфлікту ў грамадстве... І забарона тут бачыцца не самым эфектыўным спосабам вырашэння гэтага канфлікту...

Алег Дзярновіч: Каб не ўносіць раскол у грамадства, вельмі важна выбраць правільны варыянт суіснавання сімволік. І трэба ўсе старонкі гісторыі паказваць.

Ігар Марзалюк: Прычым паказваць не выбарачна, а сумленна, так, як яно было насамрэч. Мы мусім паказваць усё. Гістарычная памяць не можа будавацца на адвольнай выбарцы фактаў.

Зразумела, «рознакаляровае» (адносна сімволікі) грамадства трэба неяк кансалідаваць. Але, на жаль, нашы апаненты бачаць паразуменне толькі ў выглядзе здачы нашых пазіцый. Добра, калі вы кажаце, што з 1995 года сітуацыя кардынальна змянілася, і тых, хто падтрымлівае дзяржаўную сімволіку, 3 працэнты, а тых, хто за бчб — 97, — прадэманструйце цывілізаваную сілу ў рэчышчы канструктыўных працэсаў. Стварыце аргкамітэт, ідзіце збірайце подпісы. Прынясіце іх у Цэнтрвыбаркам — 450 тысяч, а лепш — мільён — і будзе рэферэндум. А самае галоўнае — здзейсніце сімвалічны акт. Скажыце, што вы ведаеце пра тое, што пасля настаўніцкага з'езда ў канцы 1941 года было прадпісана ў кожнай школе вешаць партрэт фюрара і бчб-сцягі па баках, і што гэта ганебная старонка ў гісторыі сцяга. Скажыце, што Франц Кушаль і Наталля Арсеннева, якія спалі ў акупаваным Мінску на пярынах забітых яўрэяў, — не вашы героі. Скажыце, што вы не апраўдваеце Станіслава Станкевіча, Радаслава Астроўскага, якія падчас вайны хадзілі пад гэтым сцягам. Што Янка Філістовіч, які ў складзе 13-га батальёна СД знішчаў яўрэяў у Глыбоцкім гета — асабіста расстраляў 120 патронаў (і быў за тое ўзнагароджаны водпускам да сям'і), — таксама не ваш герой. Што вы ведаеце пра Юрку Віцьбіча не толькі як пра «нацыянальнага дзеяча», а і як пра таго, хто ў перыядычным друку называў яўрэяў «ракавай пухлінай» і збіраў па іх апусцелых кватэрах карціны мастакоў віцебскай школы, а пасля вайны прадаваў у Амерыцы, — і ён таксама не ваш герой. Давайце будзем сумленнымі да канца.

І давайце яшчэ гаварыць пра працяг традыцыі існавання бчб-сімволікі ў сучаснасці. Што, толькі «воины света» пад ёй выходзяць? А пад якім сцягам ужо не адзін год існуе беларуская нацысцкая культура — «Камаедзіца», «Молат»...? Можна сказаць, што гэта культура маргінэзу, але ж менавіта гэты маргінэз быў у першых шэрагах падчас масавых беспарадкаў у пачатку жніўня. А радыкальная частка незарэгістраванага «Маладога фронту» — «Ваяр»? А «беларутэны»-нацысты, накшталт Громава з Віцебска, якога затрымалі ў 2016 годзе?

Вадзім Гігін: Прыхільнікі бчб-сцяга цяпер актыўна сцвярджаюць, што яго не выкарыстоўвалі ваенныя калабарацыяністы і паліцаі. Але ж дагэтуль цягам трыццаці гадоў яны таго не адмаўлялі і не саромеліся гэтага. Падраздзяленні пад камандаваннем Кушаля і Рагулі рабіліся ў іх ледзь не героямі. Нават з'явіліся сучасныя рэканструкцыі ўжо згаданага батальёна СД — і таму ёсць пацвярджэнне на фота, і ёсць імёны тых, хто ў іх удзельнічаў.

Наталля Голубева: Мы павінны звяртацца і да рэальнасці сённяшняга часу, калі пад бчб-сцягам працягнулася традыцыя агрэсіўнасці. Трэба разумець, што сімволіка — гэта сур'ёзная рэч, калі размова ідзе пра абвастрэнне палітычнай сітуацыі. Яна выкарыстоўваецца, калі трэба падагрэць канфлікт, разгайдаць грамадства. І таму чакаць, пакуль усё супакоіцца, не варта... Цяпер трэба кінуць максімальныя сілы, каб данесці людзям усю праўду пра сімволіку, якую сёння выкарыстоўваюць у пратэсных акцыях.

Нам усе гэтыя факты трэба тлумачыць і расказваць людзям на ўсіх узроўнях, пачынаючы са школы. За часы існавання незалежнай краіны з-за нашай славутай талерантнасці, у тым ліку і да ўласнай гісторыі, кожны пачаў трактаваць яе па-свойму. Летась, здымаючы фільм пра дасягненні ў сферы культуры за гады незалежнасці, папрасілі вучняў адной школы вывучыць вершы пра Беларусь. І першы верш, які пачулі ад дзяцей, — верш Ларысы Геніюш. Верш, канешне, добры, таленавіты, але давайце тады казаць і пра іншы падпісаны гэтай аўтаркай дакумент — заклік збіраць грошы «на падтрымку непераможнай нямецкай арміі, у славу Гітлера». Ён ляжыць у архіве, у адкрытым доступе. А хто пра гэта ведае, хто гэтым цікавіцца? Тое ж можна сказаць і пра выкарыстанне сімволікі. Толькі валодаючы поўнай інфармацыяй, чалавек здольны рабіць свае высновы і свой выбар. І менавіта прадстаўленне такой інфармацыі — сёння адна з галоўных задач. Вельмі важна дакументы, якіх хапае ў архівах, максімальна адкрыць для шырокай грамадскасці.

Вадзім Гігін: Ёсць розныя формы і градус адносін да канфліктнай сімволікі. Ёсць сімволіка непажаданая — калі чалавек, які яе выкарыстоўвае, атрымлівае грамадскае асуджэнне. Ёсць забарона выкарыстоўваць пэўную сімволіку ў пэўных сітуацыях — знакаміты спіс непажаданай сімволікі на футбольных матчах. Наступны варыянт — забарона на выкарыстанне і штраф у якасці пакарання. І варыянт самы жорсткі — забарона і пазбаўленне волі на пэўны тэрмін. У сучаснай практыцы гэты варыянт дзейнічае ў некаторых краінах адносна нацысцкай сімволікі. А ўвогуле яна забароненая фактычна ва ўсім свеце, і гэта ўнікальны выпадак. Нават тыя краіны, у якіх выява свастыкі лічыцца часткай традыцыйнай культуры (напрыклад, Індыя) сёння адмовіліся ад яе выкарыстання, прынамсі публічнага...

Ігар Марзалюк: За кожным сцягам ёсць гісторыя. За кожным сцягам стаяць пэўныя асацыяцыі. У сённяшняга дзяржаўнага сцяга гэта сацыяльная дзяржава, апеляцыя да славянскай еднасці...

Сяргей Траццяк: Але хто пра гэта гаворыць, хто гэта ведае? Трэба сапраўды весці вялікую адукацыйную работу. Бо даходзіць да таго, што баронячы дзяржаўную сімволіку, нават вельмі адукаваныя людзі гавораць аб тым, што пад гэтым сцягам мы перамаглі ў вайне, увайшлі ў ААН. А сцяг — калі мець на ўвазе той сцяг БССР, які стаў асновай для сённяшняга, быў зацверджаны ў 1951 годзе, калі і перамога, і членства ў ААН ужо адбыліся...

Вадзім Гігін: Любы палітычны крызіс у сучасным свеце мае сваё эмацыянальнае аздабленне, у тым ліку і сімвалы — сцягі, слоганы, песні. І ў сённяшняй сітуацыі прызнаць бчб-сцяг гісторыка-культурнай каштоўнасцю, як прапануюць некаторыя, вельмі праблематычна. Але тут яшчэ варта гаварыць пра іншае. Крытыкуючы бчб-сцяг, мы пакуль яшчэ мала папулярызуем сцяг дзяржаўны. А насамрэч кожны грамадзянін краіны з пачатковых класаў павінен ведаць, што сімвалізуе гэты сцяг, адкуль на ім арнамент, што ў ім зашыфравана. У нас ёсць свята — Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. Але ці адзначалі мы яго як належыць? Чаму ў нас усе дзяржаўныя чыноўнікі не ходзяць з маленькім сцяжком на лацкане пінжака, як гэта робіць Прэзідэнт? Да нядаўняга часу чалавек не мог вывесіць дзяржаўны сцяг у сябе на доме, не парушыўшы закон. Гэта нейкая сарамлівасць у выкарыстанні дзяржаўнай сімволікі адыграла сваю ролю ў згаданым крызісе…

Алег Дзярновіч.

Алег Дзярновіч: Што ўжо казаць пра рэгіянальную афіцыйную сімволіку. А яна ў нас някепская, цікавая. Над ёй вельмі добра папрацавалі геральдысты. Але нават у сваіх рэгіёнах яе і пра яе мала ведаюць... Тут, дарэчы, варта заўважыць, што назва герба «Пагоня», якая выкарыстоўваецца на многіх рэгіянальных гербах сучаснай Беларусі, мае беларускае паходжанне. Пра гэта сведчыць прывілей караля і вялікага князя Ягайлы 1387 года, дзе апісвалася ўсеагульная воінская павіннасць. Тэкст дакумента быў напісаны на лаціне, звычай жа ўсеагульнай мабілізацыі быў названы «Пагоняй» — так і запісана, без перакладу, толькі лацінскімі літарамі. У далейшым адбылося перанясенне назвы воінскай павіннасці на назву герба. У тым ліку таму наша рэгіянальная сімволіка мае сапраўды глыбокую традыцыю.

Ігар Марзалюк: Мы не павінны кідацца адно на аднаго з-за сімволікі, але павінны найперш ведаць аб'ектыўную праўду аб яе выкарыстанні ва ўсе перыяды яе існавання. І гэта на сёння галоўнае.

Круглы стол правяла Алена ЛЯЎКОВІЧ

 Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.