Вы тут

Нататкі пра пешае падарожжа вакол Беларусі, якое ніхто пакуль не паўтарыў. Працяг


Працяг. Пачатак чытайце па спасылцы.

У  той першы дзень хады дзіўнае не пакідала нас абодвух пачуццё. Толькі цяпер, праз гады, можам яго апісаць. Помніцца, у галаве не ўкладвалася: як жа мы пераадолеем такі вялікі шлях?.. Зрэшты, пытанне было хутчэй рытарычным. Бо мы ішлі! З радасцю і захапленнем! І гэта было галоўнае! Наша ідэя фактычна бесперашкодна пачала ўвасабляцца ў жыццё.


А хадзе тады спадарожнічала абуджэнне прыроды. Стаяў цёплы красавік. Мы глядзелі на ўсё навакольнае свежым поглядам і імкнуліся не выпусціць аніводнай магчымасці бачыць жыццё і адчуваць яго сэрцам. І, здавалася, паветраны змей з нашай візітоўкі ляцеў наперадзе, падахвочваў рухацца ў хуткім тэмпе. А ў душы кожны з нас меў салодкае водгулле таго містычнага пачуцця, якое перажылі каля мошчаў святой Еўфрасінні ў Полацку, у святочны дзень Вялікадня. Мы былі ўпэўненыя: апякунка зямлі беларускай нас пачула і блаславіла. Хочаце верце, хочаце не, але, як нам здавалася, мы патрапілі ў нейкае энергетычнае поле высокіх вібрацый!

Фэнтэзі? Містыка? Хутчэй — фізіка высокіх энергій.

Для таго, каб тое разумець, адпраўляем чытача да бестсэлера малекулярнага мікрабіёлага Бруса Ліптана «Биология веры». У гэтай кнізе гаворка ідзе пра тое, як сіла перакананняў можа мяняць наша цела і розум. Такія ідэі, пацверджаныя навуковымі даследаваннямі, могуць радыкальна змяніць нашы традыцыйныя ўяўленні пра абумоўленую, прадвызначаную генамі рэальнасць, адкрываючы новыя сувязі паміж біялогіяй, псіхалогіяй і духоўнасцю. Такія вось неспасцігальныя для многіх сувязі, пераадольваючы кіламетр за кіламетрам, мы перажывалі, назіралі… Зрэшты, пра тое — пазней.

Стартуем з Друі, ля Дзвіны!

Ад пахаў зямлі, якая вызваляецца ад снегу, прыдарожных пейзажаў і птушынага рознагалосся кружыцца галава. Усё тое прагна ўпітваем — і не можам надыхацца. Таму злёгку зніжаем хуткасць руху, калі ўжо вельмі прыгожыя краявіды перад намі адкрываюцца. То злева ад дарогі, то справа. Друя аддаляецца ўсё больш. Прыпякае сонца. Пара б і адпачыць, паабедаць.

Незвычайная назва вёскі по дарозе з Друі на Браслаў.

Спыняемся за паказальнікам вёскі з незвычайнай назвай «Яя». Прывал робім прама на асфальце: зямля на ўзбочынах яшчэ мокрая. Пасмейваемся. Вось, маўляў, нават гэта назва нейкая нерэальная, мае дачыненне да свету фэнтэзі. Усюды звіняць ручаі. Дастаем з прадуктовай сумкі рэшткі «самадзейнага» вегетарыянскага біг-маку: першы «Макдональдс» адкрыецца ў Мінску толькі ў снежні 1996 года. Учора ім абедалі, седзячы ў адным з двароў, дзе нікога не было, прама за старой школьнай партай. І хто яе туды выставіў — не зразумелі. На парце нехта надрапаў: «Ваня + Маша». Нас тое рассмяшыла. Валянціна жартавала: вось, трэба было б табе, Іван, Машу знайсці, каб абыходзіць Беларусь… Тады мы яшчэ не ведалі, што з кожным днём жартаваць будзе ўсё цяжэй. Ды і, седзячы на цёплым асфальце, і ўявіць не маглі, што наперадзе будуць дні, калі будзе не да весялосці. Той вялізнай стомленасці, калі нават гаварыць не хочацца, «языком варочаць», яшчэ не было. І першы дзень хады успрымаўся — як святочны дзень свабоды: жыць у новай, казачнай рэальнасці.

Біг-мак заядаем смачным духмяным хлебам, яго купілі ў Друі. Сёрбаючы крынічную ваду, перамаўляемся пра тое, як назіралі ў тым мястэчку свята ранняй вясны: па Дзвіне плылі крыгі. Гэта было непаўторнае відовішча. Крыгі нібы даганялі адна адну. Больш буйная, дагнаўшы меншую, яе тапіла, а то і разбівала ўшчэнт. На рацэ Друйцы перад Дзвіною бачылі прыгожы мост. Хацелася там пастаяць, але то ўжо была прымежная тэрыторыя, за рэчкай — Латвія.

А за Дзвіной, якая ўжо адкрылася ад лёду, Латвія.

Парадаваў і Траецкі касцёл у Друі. На фоне вясновага, пранізліва блакітнага неба ягоная вежа, здавалася, уся свяцілася. У той час мы не маглі зазірнуць у мабільны інтэрнэт — яго яшчэ не было. А цяпер вось ведаем, што Траецкі касцёл — помнік архітэктуры стылю барока і першае культавае каменнае збудаванне на Браслаўшчыне. Ён уваходзіў у склад комплексу кляштара бернардзінцаў. А сам комплекс узведзены ў 1643–1646 гадах. Касцёл не аднойчы быў на грані разбурэння. Адрадзіўся ўжо ў незалежнай Беларусі…

Іван зазірнуў у адрэстаўраваны храм. Там было свежа і сонечна, дзверы — насцеж, а ўнутры — ні душы. Толькі, казаў, быццам Дух Святы там павявае.

Ні душы і на асфальце, на якім нават прымудраемся паляжаць. Балазе, аўтамабілі ні нас, ні буслоў, якіх налічылі аж дзясятак, не трывожаць. Адпачыўшы, рухаемся далей — на Браслаў. Вечарэе. У вёсцы Гавейкі просімся пераначаваць у хату, але гаспадыня адмаўляе: дзеці да яе прыехалі. Ужо і піць хочацца, і накінуць вятроўкі. П’ём бярозавік. Пачаставалі добрыя людзі. Сустрэчныя мясцовыя жыхары раяць дайсці да Слабодкі. Там, кажуць, вёска вялікая, хто-небудзь пусціць пераначаваць.

Дарога вядзе ўгару, і патрохі апускаецца ноч. Урэшце робіцца зусім цёмна. Каляска спраўна едзе за намі, лёгка пакалыхваючыся. Мы яшчэ толькі асвойваем мастацтва яе пакаваць — бліжэй да зямлі. У парыве пачуццяў хтосьці з нас называе каляску пяшчотна: Лялечка наша. Потым ёй як транспартнаму сродку гэтае імя, робячы дзённікавыя запісы, і прысвоім, увасобім на паперы: «Лялечка». Калі б не яна, то цяжка б нам прыйшлося з грузам, які патрэбны ў дарозе. Ёсць у дзённіку такі запіс, які праз пару дзён зрабіў Іван:

«Я параўноўваю «Лялечку» з тым трэцім, што існуе паміж мной і Валянцінай. Яна вязе наш груз, вязе «ідэалогію» (кнігі, сшыткі пад дзённікавыя запісы, паперу для напісання артыкулаў), рыштунак, прадукты, палатку, спальнікі ды іншыя патрэбныя прадметы для нашага паходнага побыту. «Лялечка» любіць баланс. Ледзь што не так, то можа перавярнуцца, трашчыць спіцамі і месцамі спалучэння дэталяў (сёння ў нас была магчымасць убачыць гэта ў школе ў вёсцы Казяны). Патрабуе далікатнага абыходжання, асцярожнасці. Валя ўпрыгожыла яе галінкамі вярбы, на якой распусціліся коцікі. Яны выдавалі пяшчотны водар. І пчолы, якія ўжо вылецелі, садзіліся на іх — збіралі мёд з жоўтага пылку. Дык вось, «Лялечка» — наша агульная. А калі б мы пайшлі з заплечнікамі, то кожны б нёс на сабе свой груз. Каляска — як вобраз той сілы, якая дапамагае лягчэй ажыццяўляць нашы планы».

Адным словам, «Лялечка» — працаўніца. І круты ўздым дарогі, якая вядзе да Слабодкі, яна вытрымала. Яе лёгкае патрэскванне, дарэчы, не спалохала і лася. Ён стаяў пасля Гавеек на полі, як статуя. Метрах у трыццаці ад дарогі. Мы прайшлі міма, затаіўшы дыханне, і ён нават не зварухнуўся з месца. Відаць, адчуў нашу міралюбную энергетыку. А люстэркавая роўнядзь некаторых азёр, якія адкрываліся ад лёду, таямніча цямнела на фоне яшчэ не расталага снегу, і вельмі ўразіла нас. У прыцемкавым святле азёры здаваліся істотамі касмічнага паходжання, якія распласталіся на снезе. Чым не фэнтэзі?

Пазнакі часу на падарожнай візітцы.

Слабодка

Добрага вечара, Слабодка! Вызначаем, што гэта менавіта яна па прыдарожным паказальніку, што ледзь бялее на ўзбочыне. Цемра стаіць апраметная. Ніводнага слупа з ліхтаром: у 90 я гады — не тое што цяпер у адноўленых мястэчках Беларусі. Таксама цішыня, як перад навальніцай. Толькі далёка ледзь чутныя галасы моладзі. Будні дзень, хоць тыдзень святочны, Велікодны. Насустрач нам рухаецца, згледзелі, парачка закаханых. Ідуць у абдымку. Яны і праводзяць нас да школьнага інтэрнату. На начлег нас прымае Уладзімір Вайцяховіч, сын дырэктара інтэрната. А на дырэктарскім стале бачым «Настаўніцкую газету» — якраз з артыкулам пра наша падарожжа, які мы туды напярэдадні аддалі. Вось такое супадзенне. Газета ёсць, і мы — тут як тут. Радуемся: пра нас ужо ведаюць!

У 22.50, калі размесцімся на начлег, Валянціна зробіць запіс у дзённіку, згадваючы, якое захапленне выклікалі ў яе пейзажы Браслаўшчыны, бо ніколі такіх нідзе не бачыла: «Гэтыя пейзажы — у стылістыцы фільмаў рэжысёра Бергмана».

Спаць кладземся, не адчуваючы стомы, хоць і прайшлі 26 км.

Аўгуст Вяйцяховіч — дасведчаны знаўца свайго краю.

Назаўтра сустракаемся з Аўгустам Вайцяховічам, дырэктарам і выхавальнікам школьнага інтэрната. Пра нас ён прачытаў у газеце. Таму не здзіўлены. Прапануе прагуляцца па наваколлі, паглядзець вёску. Дзённікавыя запісы вядзем па ходзе размовы з нашым гідам. Сам ён, распавядае, былы афіцэр, закончыў Мінскі інстытут замежных моў, працуе выкладчыкам 18 гадоў. А ў школе навучаецца 212 чалавек. Піша артыкулы, публікаваўся ў «Настаўніцкай газеце», іншых выданнях. Аўгуст Паўловіч яшчэ аўтар «Кодэкса педагагічнай этыкі», які таксама быў апублікаваны. Захапляецца псіхапедагогікай, арыентуе вучняў назіраць свой унутраны свет. Часта, кажа, так бывае: сядзяць вучні — вучыць іх настаўнік. І ніякай зваротнай сувязі ў тым працэсе няма. Настаўнік павінен ведаць тыпы нервовай сістэмы школьнікаў. Калі яна ў каго слабая, то яго нельга часта выклікаць да дошкі. Нават пытанне «чаму ты маўчыш?» можа ў некага выклікаць псіхічную траўму. Такім дзецям лепш даваць пісьмовыя заданні. А калі псіхіка ўстойлівая, то моцнаму вучню патрэбна пастаянная змена дзеянняў. І рассаджваць школьнікаў Аўгуст Вайцяховіч раіць у класе паўколам. Так, лічыць, ствараецца сяброўская атмасфера ў калектыве. Прымушаць усіх сядзець, склаўшы рукі на стале, непажадана: не ўсім так зручна. Але ў школах, па словах нашага суразмоўцы, усё яшчэ пераважае рэгрэсіўная педагогіка, калі ўсё робіцца пад прымусам. А трэба ствараць свабодную атмасферу, не скоўваць творчыя сілы вучняў. Нават дазваляць ім хадзіць па класе. Аўгуст Паўлавіч перакананы: педагагічная рэформа толькі тады адбудзецца, калі зменіцца псіхалогія самога настаўніка. Тупіковая сітуацыя — гэта калі ў настаўніка няма жадання нешта зменьваць у сабе, у сваёй працы, калі ў яго з дзецьмі не складваецца кантакт. Таксама ён быў бы вельмі рады, калі б у педагагічныя ВНУ будучых настаўнікаў адбіралі па крытэрыях спагады, душэўнай чуласці — псіхалагічнай адпаведнасці будучай прафесіі. А яшчэ, завастрае нашу ўвагу, важна, каб у шэрагах настаўнікаў не было пагарды. Залатое правіла псіхалогіі: калі вы хочаце з чагосьці пачаць, то спачатку змяніце стаўленне да вучня. Бачце ў ім асобу.

Мы накіроўваемся з Аўгустам Паўлавічам на ўнікальную Слабодкаўскую озавую граду. Слабодчане яшчэ называюць яе: Рог. Гэты помнік прыроды мясцовага значэння пралягае паміж прыгожых азёр. І ён цяпер — пад аховай дзяржавы. А сама Слабодка ўпрыгожаная азёрамі Поцех, Недрава, Ільмёнак, Вера, Вараждунец.

На сённяшні дзень гэта, можна сказаць, курортнае мястэчка з вялікім турыстычным патэнцыялам. Нагадаем: у Браслаўскім раёне Віцебшчыны, кіламетраў за 9 на паўночны ўсход ад цэнтра раёна, на трасе Браслаў — Друя. У Слабодцы пастаянна жыве каля тысячы чалавек, а летам насельніцтва ў некалькі разоў больш: за кошт адпачывальнікаў. І многія з іх, асабліва з Расіі, абавязкова наведваюць Слабодкаўскую озавую граду.

Па словах Аўгуста Вайцяховіча, на самой градзе калісьці было паганскае капішча. Тут і раскопкі праводзіліся супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Быў знойдзены шэры попел, што сведчыць пра ахвяраванні, пэўна, паганскім багам.

Ідзем на Слабодкаўскую Озавую граду.

…Мы стаім якраз на ўзвышшы Рога. У аддаленні ды побач — гіганцкія ядлоўцы вышынёй пад метры 4–5. Прыгажосць навокал! Прастор! Сонца прыпякае. «Калі лета задасца гарачым, то вам жа і капялюшы патрэбныя будуць», — заўважае Аўгуст Паўлавіч. І вядзе нас да мясцовых майстроў. Па ходзе гаворыць: «Калі сюды яшчэ прыедзеце, то купайцеся ў возеры Воласа. Ёсць Воласа Паўночнае і Паўднёвае. Гэтае возера самае чыстае. Там на 7 метраў у глыбіню дно відаць, калі з лодкі глядзець». Сам Аўгуст Вайцяховіч — заўзяты рыбак. І лодка ў яго ёсць. А ў тым возеры, пра якое ён кажа, мы паплаваем праз 20 гадоў: калі набудзем разам з дзецьмі, якія таксама ўлюбіліся ў азёрную Браслаўшчыну, невялікі хутар непадалёк ад Слабодкі, пры вёсцы Гаўрылаўцы. І хоць зрэдку, але туды мы цяпер ездзім, дыхаем прасторам, успамінаем першы дзень падарожжа і нашу экскурсію па Слабодцы. Любуемся касцёлам Провіду Божага, які называюць яшчэ і «Сэрца Ісуса», славутасцю Браслаўшчыны. І сустракаемся часам з Аўгустам Паўлавічам. Ён ужо ў сталым узросце, але яшчэ бадзёры.

— Лепш рабіць дабро, калі вас пра тое просяць. У рэшце рэшт, як можна нешта даць, калі нехта не хоча таго прымаць? Варта вучыцца і правільна аддаваць, і правільна атрымліваць. Баланс павінен быць. Часта няўдзячнасць псуе адносіны паміж людзьмі. Але вы ж самі пачалі даваць там, дзе не хацелі браць! Вось і не чакайце падзякі, — так разважае Вайцяховіч, суправаджаючы нас да хаты мясцовага скульптара Пятра Зяляўскага. І тут жа смяецца:

— А вы наогул хочаце паглядзець яго працы? А то я ў вас пра гэта не спытаў. Ды і капелюшы навязаў. А вы, можа, і не будзеце іх купляць…

— О, не, не навязалі, наадварот, — адказваем. — Мы хочам і капелюшы набыць, і скульптуры ўбачыць… Бо калі ж яшчэ тут пабываем. Так што вядзіце.

Пётр Зяляўскі ды Пётр Каранік — народныя майстры, да таго ж яшчэ добрыя суседзі. У Зяляўскага, якога ўжо няма ў гэтым свеце, асабліва атрымліваліся драўляныя скульптуры на рэлігійную тэматыку, а Караніку ўдаюцца капелюшы з саломы. Перш чым да яго патрапіць, заходзім да народнага майстра Міхаіла Чэркаса. Таксама жыве непадалёк. Ён і іншыя цікавыя рэчы з саломы, акрамя капелюшоў, робіць. Разглядаем саламянага бусла, абручы на галаву для дзяўчынак, цукарніцу, пладовае дрэва ў выглядзе вялікай талеркі, хатку на курыных ножках, скрынкі… І ўнучку Палінку да народнай творчасці, якой з дзяцінства ад бацькі ён сам вучыўся, майстар далучае. Яе мы з дзедам і фатаграфуем, набыўшы саламяны капялюш Івану.

Народны майстар Міхаіл Чэркас з унучкай.

— У Караніка дакладна набудзеце брыль для Валянціны, у мяне жаночых няма, — кажа на развітанне Міхаіл Баляслававіч.
Каля хаты Зяляўскага любуемся выразаным крыжам, дрэвам з двума скульптурамі буслоў у гняздзе. А каля іх цікавы надпіс на польскай мове: «Хутка канец чарадзеям». А ля скульптуры надпіс: «Нова Эва». І тут подых фэнтэзі! Распытаць бы, што майстар меў на ўвазе… Але ўжо не спытаеш.

Час набліжаецца да абеду, пара на маршрут. А яшчэ да Караніка! Заходзім у ягоную хатку. Сядзяць ён і яна, як двое галубкоў, на ложку. Пакой маленькі, на стале фарбаваныя яйкі ды Велікодны куліч са свечкай. Усмешлівыя, светлыя твары! Пётр Казіміравіч, аказваецца, майстар вядомы, гурт «Палац», які на пачатку 90 х быў родапачынальнікам стылю фолк-мадэрн, у яго капелюшах выступае. І бізнесмен з Каліфорніі ў Караніка пабываў, таксама саламяны брыль купіў. І амерыканец Эркюль Каханэ, прадстаўнік ААН у Беларусі, прыязджаў глядзець, як дзядуля працуе. Каранік — 1906 года нараджэння. А жонка, Тэрэза Пятроўна, з 1904 га. Абодвум — па 90 з хвосцікам.

— Бог нам дапамагае, таму і жывем доўга, — кажуць нам на развітанне. І з імі мы таксама фатаграфуемся. А падчас нашай размовы гучыць мелодыя па сеткавым радыё «Авэ, Марыя!». І прыемна пахне кулічом.

У добрым настроі выходзім з дому Каранікаў. У настроі прыўзнятым і Аўгуст Вайцяховіч: госці ў новых саламяных капелюшах, шчаслівыя. Адпраўляемся ў інтэрнат, дзе нас чакае «Лялечка». Вядзем гаворку пра веру ў Бога, пра шчасце, пра выкананне біблейскіх запаведзяў. З Вайцяховічам лёгка размаўляць. Жыва і адкрыта адказвае на пытанні. Ён таксама кажа пра сваю веру ў Вышэйшы сэнс быцця. Аказваецца, яго бабуля навучыла гэтаму. Паводле яе слоў, калі ў жыцці ёсць небяспека, трэба прачытаць малітву: «Памілуй мяне, Божа, па вялікай літасьці Тваёй, па мностве ласкаў Тваіх». І ён, ужываючы гэтую народную мудрасць, заўсёды, як прызнаўся, выходзіў, як кажуць, з вады сухім.

Расказвае: «А яшчэ мама казала пра сілу малітвы «Ды паўстане Бог». Неяк захварэла наша карова-карміцелька. Мая мама пайшла да заатэхніка, а той быў п’яны і нават сварыўся з ёю. Мама ў сварку не ўступіла, але вельмі перажывала. І ў адчаі дома чытала гэтую малітву. А рана раніцай заатэхнік прыбег да маці, упаў на калені, папрасіў прабачэння. Карову, дарэчы, вылечылі. А я згубіў рукапісны малітоўны ліст. І вельмі шкадаваў, што так здарылася. Але ў хуткім часе пайшоў у кнігарню і знайшоў тэкст малітвы ў кнізе «Манастырская кухня».
Нягледзячы на тое, што пытанні пра веру, пра шчасце — асабістая справа кожнага, мы ўсё ж асцярожна, імкнучыся быць далікатнымі, распытвалі ў людзей, што ж іх падтрымлівае ў тыя дні, калі ўзнікаюць цяжкасці, праблемы. Большасць з нашых суразмоўцаў гаварылі пра Бога. Так і Вайцяховіч нам адкрыўся. І нават расказаў пра сваю дыскусію з сынам. Той пытае ў бацькі: ты бачыў Бога? Ці чуў яго? Аўгуст Паўлавіч адказвае на пытанне пытаннем: а ты, сынок, чуў ультрагук ці бачыў радыёхвалі? Сыну не было чаго сказаць. Што да асабістага шчасця, то, на думку Вайцяховіча, гэтае пытанне шматслойнае, адназначна не раскажаш. Але, як прызнаўся, у прафесіі сваёй адчувае сябе цалкам шчаслівым. На тым з удзячнасцю і развітваемся, таксама не ведаючы, што праз дваццаць гадоў з ім сустрэнемся. І зробім вялікае інтэрв’ю для часопіса «Беларусь» пра цудоўнага, годнага настаўніка і добразычлівага чалавека.

Слабадчане называюць знакаміты касцёл Провіду Божага — сэрца Ісуса.

Уверсе на адной са старонак нашага дзённіка — круглая пячатка з надпісам па цэнтры «Браслаўскі райкам прафсаюза работнікаў адукацыі». Унутры: «Прафсаюз Слабодскай гімназіі». Па нашай просьбе суразмоўца паставіў штамп — як доказ прысутнасці двух падарожнікаў у Слабодцы. Пад пячаткай напісаў прыгожым почыркам: «Дарагія Іван і Валянціна! Я ўдзячны Богу за нашу сустрэчу, таму што за тры гадзіны зносін з вамі я адчуў сябе больш духоўна багатым. Поспехаў вам у пошуках «Трыдзясятага царства». З павагай, Аўгуст Вайцяховіч. 16 красавіка 1996 года, Слабодка».

Поўдзень. Ідзем у Браслаў. Наперадзе кіламетры і кіламетры. І ў галаве сапраўды не укладваецца, што мы іх пройдзем.

Іван і Валянціна ЖДАНОВІЧЫ

Фота аўтараў

Працяг будзе.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.