Вы тут

Вясновае дыханне. Факты пра Міжнародны жаночы дзень


У Беларусі па традыцыі адсвяткавалі Дзень жанчын і Міжнародны жаночы дзень. Афіцыйна гэтае свята адзначаюць у 31 краіне свету.


Так склалася, што 8 сакавіка ў большасці з нас, прадстаўніц прыгожага полу ўсіх узростаў, асацыюецца з набліжэннем вясны, а таксама з выхадным днём, кветкамі, цукеркамі, увогуле падарункамі. Калі звярнуцца да гісторыі ў дачыненні да гэтага свята, то яна сведчыць пра барацьбу жанчын за свае правы, пра тое, што першапачаткова свята было прыдумана з мэтай звярнуць увагу на эмансіпацыю, а таксама на папулярызацыю павагі да жанчын. Пры неабходнасці, дастаткова загугліць ў інтэрнэце гэтую дату, каб азнаёміцца з яго палітычнымі, сацыяльнымі, а таксама іншымі прыемнымі сэнсамі.

8 сакавіка ў Беларусі сапраўды лічыцца днём вясны. А яшчэ — жаночай пяшчоты, цеплыні і ўвагі да жанчыны, незалежна ад яе статусу і, паўтаруся, узросту. У адрас прыгожай паловы чалавецтва напярэдадні выхаднога дня ў офісах, на вытворчасцях, школах і нават дзіцячых садках з вуснаў прадстаўнікоў моцнага полу — паўсюль гучаць віншаванні і словы падзякі за іх здольнасць працаваць, любоў і душэўную шчодрасць. Павіншаваў беларускіх жанчын і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. «Сімвалічна, што самыя галоўныя для кожнага чалавека словы — мама, сям’я, Радзіма — жаночага роду. Менавіта вы захоўваеце і перадаеце новым пакаленням найважнейшыя каштоўнасці і традыцыі. Пры гэтым вам падуладныя любыя прафесійныя, спартыўныя, творчыя вяршыні», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў гісторыі краіны і народа бывалі розныя перыяды, але беларускія жанчыны заўсёды адрозніваліся выключнай мудрасцю і спакойнай упэўненасцю ў шчаслівай будучыні.

Кожная гістарычная эпоха адзначана непаўторнасцю жаночых характараў і лёсаў. Сёння жанчыны не толькі падтрымліваюць хатні ачаг, але і робяць вялікі ўнёсак у развіццё прамысловасці, аховы здароўя, навукі, адукацыі, культуры, спорту, сферы паслуг. Многія нашы суайчынніцы ўпісалі яркія старонкі ў біяграфію краіны, стаўшы прыкладам — патрыятызму, працавітасці і вернасці грамадзянскаму абавязку і сям’і. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва жанчыны ствараюць гармонію сямейных узаемаадносін, выхоўваюць дзяцей, натхняюць мужчын на подзвігі і працоўныя здзяйсненні.

Але самая святая жанчына для кожнага з нас, вядома ж, — мама. Яна дае чалавеку жыццё, здароўе, прыгажосць, выкладае незаменныя ўрокі дабрыні, маральнасці, тым самым дапамагае яму стаць асобай і вызначыць сваё месца ў грамадстве.

Нагадаем чытачу: рашэнне пра штогадовыя святкаванні Міжнароднага жаночага дня было прынята на другой Міжнароднай канферэнцыі сацыялістак у Капенгагене ў 1910 годзе. Ініцыятарам выступіла Клара Цэткін. Першапачатковая назва гучала так — Дзень міжнароднай салідарнасці жанчын у барацьбе за эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае раўнапраўе. Упершыню яго адзначылі ў 1911 годзе ў Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Даніі. Прычым у розных краінах урачыстасці праходзілі ў розныя дні сакавіка.

Традыцыя правядзення свята менавіта 8 сакавіка ўзнікла пасля 1914 года. У СССР даволі доўга гэты дзень быў працоўным. І толькі напярэдадні 20‑годдзя Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне, у 1965‑м яго абвясцілі выхадным.

Афіцыйна свята 8 сакавіка было абвешчана Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у 1975‑м — у год, аб’яўлены ААН Міжнародным годам жанчын. Пасля распаду Савецкага Саюза некаторыя дзяржавы адмовіліся ад гэтага свята. У Беларусі яно засталося.

У свеце 8 сакавіка не лічыцца дзяржаўным святам, аднак з кожным годам набірае ўсё большую папулярнасць, захоўваючы пры гэтым фемінісцкі ўхіл. Што цікава, ААН актыўна прасоўвае 8 сакавіка як універсальную дату, хаця ёсць некалькі іншых падобных па сутнасці святаў. Адно з іх — Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын. Яго адзначаюць 25 лістапада, каб ушанаваць памяць сясцёр Мірабаль, забітых у Дамініканскай Рэспубліцы. Гвалт над жанчынамі — дагэтуль неверагодна распаўсюджаная праблема, якая часта не даводзіцца да суда. У гэты дзень краіны заклікаюць праводзіць мерапрыемствы, якія павялічваюць агалоску праблемы і распавядаюць пра шляхі яе рашэння.

15 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень вясковых жанчын, чыім правам у шэрагу краін надаецца зусім мала ўвагі. У Паўднёвай Афрыцы праводзяць сваё святкаванне Дня жанчын — 9 жніўня, — прычым на дзяржаўным узроўні. Дата заклікана нагадаць пра барацьбу мясцовых актывістак супраць тыраніі ўрада часоў апартэіду. Так, 9 жніўня 1956 года яны прадухілілі ўвядзенне абавязковай пашпартызацыі жанчын Паўднёвай Афрыкі.

Краіны, якія падтрымалі ААН, у першую чаргу выкарыстоўваюць свята як падставу каб узняць важныя для жанчын сацыяльныя пытанні. З году ў год ААН выбірае прыярытэтную тэму, на якую будуць накіраваны намаганні. У 2013 годзе гэта было супрацьстаянне гвалту над жанчынамі, у мінулым годзе — «Раўнапраўе для жанчын — прагрэс для ўсіх». У 2015‑м — «Натхняючы жанчын — натхняючы чалавецтва».

Тэма года цяперашняга ідзе з хэштэгам #MakeІtHappen. У Афганістане мужчыны надзелі буркі і выйшлі з пратэстам, каб падтрымаць правы жанчын. У Індыі 8 сакавіка сёлета стала датай, на фоне якой жанчыны працягваюць патрабаваць справядлівасці да ахвяраў гвалту, якіх не абараняе ні закон, ні грамадства. Многія выданні факусуюцца на тым, каб успомніць вытокі даты, і прапануюць адзначаць яе не кветкамі, а заклікам да дзеяння і прыцягненнем увагі, напрыклад, да ключавых праблем здароўя і смелых феміністак у сусветнай гісторыі. Часопіс Forbes тлумачыць сапраўдную розніцу ў заробках мужчын і жанчын і дае парады, як кожная можа палепшыць сітуацыю.

Дарэчы, цікава прыгадаць і некаторыя іншыя факты.

Жаночае свята адзначалася яшчэ ў Старажытным Рыме, праўда, у другі дзень, калі мужчыны дарылі сваім жонкам падарункі, а рабыні маглі адпачываць на працягу ўсяго дня. А 8 сакавіка 1910 года французская лётчыца Эліз дэ Ларош стала ўладальніцай звання першай у свеце жанчыны-пілота, якая валодала ліцэнзіяй на кіраванне аэрапланам. Сімвалічнае прысваенне такога статусу было простай выпадковасцю, тады жаночы дзень яшчэ не адзначалі, хоць заснаванае свята было ў тым жа годзе.

Японія, да прыкладу, хоць і не адзначае Міжнародны жаночы дзень, але ўшаноўвае ў сакавіку сваіх жанчын адразу двума святамі: 3 сакавіка — адзначаючы Свята дзяўчынак, і 14 сакавіка — святкуючы Белы дзень, калі жанчыны атрымліваюць падарункі ад сваіх сяброў, якіх яны адорвалі ў Дзень святога Валянціна.

І трохі статыстыкі.

Па дадзеных разнастайных апытанняў у свеце самымі чаканымі падарункамі да 8 сакавіка 44 % жанчын называюць кветкі, а дарыць іх штогод збіраюцца каля 55 % мужчын. З ювелірнымі ўпрыгожваннямі ўсё наадварот — іх хочуць атрымаць 15–16 % дам, але раскашэльвацца мяркуюць толькі 9 % рэспандэнтаў моцнага полу.

У Беларусі — самыя папулярныя кветкі на 8 сакавіка — цюльпаны, бо гэты дзень асацыюецца з прыходам вясны. А вырошчваюцца яны «па- буйному» ў многіх рэгіёнах Беларусі. Папулярныя, вядома ж, і ружы, і крокусы, і гіяцынты… Не здае пазіцый і мімоза. Хоць жыццё гэтай так званай Акацыі серабрыстай вельмі кароткае, яна працягвае заставацца фаварыткай і ў беларускіх жанчын. Ураджэнка Аўстраліі, якая прыжылася ў Сочы і на паўднёвым беразе Крыма, у дзень 8 сакавіка радуе нас сваім ярка-жоўтым колерам і далікатным, салодкім водарам.

Міхаліна ЧАРКАШЫНА

З выкарыстаннем матэрыялаў БелТА, wonderzіne.com, el.kz/ru

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.