Вы тут

Пачуцці і думкі ў прыгожай форме. Хто такая Лізавета Фен?


83 гады ўмясціла жыццё Лізаветы Фен. Нарадзілася яна ў 1900 годзе. Пісьменніца, якая каранямі, праз прашчураў, сваёй радаслоўнай звязана з Беларуссю.


Сапраўднае прозвішча Лізаветы Фен — Лідзія Жыбурт-Жыбуртовіч. У прадмове да яе кнігі «Сустрэчны і выбраныя вершы» (Германія, Мюнхен, 1975 год), што выйшла на рускай мове, ёсць наступныя ўдакладненні: «… нарадзілася ў заходняй Расіі і атрымала выхаванне ў Марыінскай жаночай гімназіі ў Магілёве-на-Дняпры і на Бястужаўскіх жаночых курсах у Петраградзе. Яна была студэнткай другога курса ў час лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., пасля якой выехала з Петраграда і спрабавала працягваць універсітэцкую адукацыю ў Адэсе, дзе правяла ўвесь перыяд грамадзянскай вайны, з 1918 да 1921 года…»

Літаратурнай творчасцю Лізавета Фен, а тады яшчэ проста Ліда, займалася з васьмігадовага ўзросту. Пісала вершы, апавяданні. Першую найбольш буйную мастацкую рэч — раман «Яго вочы» — напісала яшчэ ў гімназіі. Твор усе дружна ўхвалілі і прынялі да друку ў петраградскім выдавецтве «Вольф». Кастрычніцкая рэвалюцыя спыніла дзейнасць выдавецтва. Часы для кнігі былі тады, зразумела, не лепшыя. Раман не надрукавалі. А рукапіс неўзабаве згубілі. У Адэсе прафесар Аўсянніка-Кулікоўскі, прачытаўшы адно з ранніх апавяданняў Лідзіі, адразу заўважыў: «…можа ісці адразу ў друк». Пра вершы ж сказаў наступнае: «Утрымліваюць усё, чаго можна жадаць ад паэзіі, — пачуцці і думка ў прыгожай форме». Такі «Санет», запісаны яшчэ ў Магілёве 17 лютага 1915 года.

Атрымаць такую адзнаку ад знакамітага прафесара — літаратуразнаўца — дарагога каштуе. Як знакаміты вучоны аказаўся ў Адэсе?.. Відаць, па той жа прычыне, што і сама юная паэтка — уцякаў ад бальшавіцкага гневу… Дзмітрый Мікалаевіч Аўсянніка-Кулікоўскі (1913–1918 гг.) быў адным з рэдактараў часопіса «Вестник Европы». Літаратуразнаўца лічыў, што першакрыніца мастацкага мышлення — мова з яе вобразамі і актам прадуцыравання. Быў перакананы, што ў мастацтве выразіўся агульны для мышлення прынцып эканоміі сіл. Раздзяляў мастацтвы на вобразныя (скульптура, жывапіс, паэзія) і лірычныя (музыка, архітэктура, моўная лірыка). Розніца паміж імі — псіхалагічная. Па яго меркаванні ўздзеянне вобразнага мастацтва ў асноўным інтэлектуальнае (разуменне), а ў аснове лірычных мастацтваў — «лірычная эмоцыя», якая ствараецца рытмам, што складваецца ў моўнай лірыцы з гукавога рытму і рытму думак, пачуццяў… Відаць, нешта з гэтых перакананняў Дзмітрый Мікалаевіч перадаў і маладой паэтэсе…

А ў 1924 годзе, калі юная аўтарка паспрабавала надрукаваць свае вершы, у Дзяржвыдаце адгукнуліся наступным чынам: « Тон вершаў дужа песімістычны. Ад савецкай жанчыны мы чакаем бадзёрасці і веры ў свайго таварыша мужчыну». 1920‑я гады сцвярджалі сваю паэзію. Дзям’ян Бедны, Уладзімір Маякоўскі, Мікалай Ціханаў... Так, заставалася яшчэ месца і для іншых паэтаў. Але ўсё меней і меней было таго месца.

…Калі меркаваць па аповесці «Сустрэчны» (і лічыць яе аўтабіяграфічнай), то на пачатку 1920‑х Лідзія вярнулася на Магілёўшчыну. Маці там не заспела. Сяляне з суседняй вёскі ў памкненні да «справядлівасці» падпалілі маёнтак. Свае такога зрабіць не маглі, бо жылі з мясцовымі панамі ў згодзе. «… Ноч была сырая, бязветраная, дажджлівая, сапраўдная сакавіцкая ноч. Пажар не распаўсюдзіўся. Абгарэлі толькі сцены звонку, рамы вокнаў, дзверы. Але катастрофа была такой нечаканай для маёй маці, яе давер настолькі трывалы, розум яе, захоплены прымхамі старога часу, так узбуджаны, што яе разважлівасць, крохкія раўнавагі паміж жывёльнай тупасцю і бяздумнасцю не вытрымалі выпрабаванняў. Вечна дрыготкая, трапяткая стрэлка схілілася ў бок вар’яцтва. Бяда заспела маці ў час сну, яна да смерці перапужалася, падумала, што яе жадаюць забіць. Зусім не ўсведамляла сябе, хто і навошта гэта хоча зрабіць. У адной начной кашулі і босая, мама выскачыла ў акно. І з разлахмачанымі валасамі шэсць вёрст бегла да горада па снезе і калюжынах. Падала, уставала, хавалася ад мяркуемай пагоні, пакуль яе не падабралі расчуленыя гараджане. Раніцай знайшлі доктара, які перавёз яе ў бальніцу, дзе яна праляжала паўтара месяцы. Перанесла яшчэ і запаленне лёгкіх у надзвычай вострай форме. Хвароба пакінула наступствы, таксама — велізарны стрэс. …Яна памерла праз паўгода ў бальніцы для тых, хто страціў розум, у той час, як я, далёка на поўдні, адрэзаная ад роднай старонкі пастаяннымі зменамі ўлады, не атрымлівала ніякіх звестак, не здагадвалася ні пра яе смерць, ні пра іншыя няшчасці, што напаткалі нашу сям’ю. Калі я даведалася пра ўсё, нікому ўжо нельга было дапамагчы. Лёс брата невядомы мне і да гэтай пары…»

Вярнуўшыся на Магілёўшчыну, у родны маёнтак, наколькі магла, пры дапамозе «сваіх» сялян нешта адрамантавала. Знайшла ў чужых людзей хворую родную цётку і прывезла да сябе… Працягвала пісаць. Адрасам напісання «Зімовага эскіза», «Сустрэчны» і з’яўляецца Магілёў-на-Дняпры (так у тэксце аповесці). І дата: «14 лістапада 1921 г. — 25 студзеня 1922 г.»

У наступныя гады Лідзія працуе сакратаром і перакладчыцай у Маскоўскай канторы англа-амерыканскай місіі для дапамогі галодным у Савецкім Саюзе. Працягвае пісаць. У дадатак да раней створанага рамана «Дзённік маленькай жанчыны» (1917–1918) дадаліся яшчэ два важныя ў яе біяграфіі творы — «Сёмы вальс Шапэна» і «Першая і апошняя». Яны ніяк не ўпісваліся ў фармат новай савецкай літаратуры, якая рашуча разбурала ранейшыя ўяўленні пра мастацтва. І, зразумела, нідзе не маглі быць надрукаванымі…

У верасні 1925 года савецкая ўлада дазволіла Лідзіі Жыбурт-Жыбуртовіч выехаць на некаторы час у Англію, дзе маладая жанчына атрымала працу перакладчыкам у рускім камерцыйным прадпрыемстве. У 1929 годзе наша зямлячка выйшла замуж за англічаніна. І засталася назаўсёды ў Англіі.

У ліпені 1923 года ў Магілёве яна напісала яшчэ верш, а пасля 1924 года пісьменніца ўжо не звярталася да вершаў. Але на гэтым літаратурныя шляхі-дарогі не завершыліся. У 1930‑я гады Лідзія пачынае выступаць пад псеўданімам Лізавета Фен як перакладчыца рускай прозы. Спярша у перыёдыцы, а пасля і ў кніжных выданнях. У двух тамах па-англійску выходзяць перакладзеныя Лізаветай Фен апавяданні Міхаіла Зошчанкі (у 1940 і 1942 гадах). У 1943–1974 гг. у Англіі пабачылі свет перакладзеныя Л. Фен апавяданні А. П. Чэхава, раман Ю. Бондарава «Цішыня», анталогія з 20 апавяданняў савецкіх пісьменнікаў.

Ураджэнка Магілёўшчыны — і аўтар арыгінальных кніг: рамана на англійскай мове «Rіsіng tіde» (1936), трохтомніка ўспамінаў пра жыццё ў Расіі (кнігі выйшлі ў 1961, 1970 і 1973 гадах).

Памерла Лізавета Фен ў 1983 годзе. І творчы, і жыццёвы яе лёс мала вядомы ў Расіі, Беларусі. Мажліва, нешта яшчэ ўдасца раскрыць у біяграфіі цікавай пісьменніцы. Добра было б вярнуць у Беларусь, Расію яе мастацкія і дакументальныя, мемуарныя тэксты. Найперш, зразумела, — успаміны. Магчыма, у нечым яны стануць карыснай крыніцай праўды пра пачатак няпростага XX стагоддзя.

Мікола БЕРЛЕЖ

Лізавета Фен

Санет

Всё ярче цвет небёс, всё радостнее дни!

И снег от ласки дня смягчается и тает,

Земля разбужена… Деревья ждут весны

і слезы светлые от радости роняют.

Весна несет с собой весенние цветы,

Весенняя любовь и счастье воскресают…

Всё расцветает вновь… Одни мои мечты

с весенним солнцем вянут… блекнут… тают…

Всё радости полно… Всё расцветает вновь…

Но грустно думать мне, что радостной порою

останусь я одна, одна с моей тоскою!

О, если б в блеске дня, со снежной пеленою,

без боли, без следа, как тает снег весною,

растаяла моя печальная любовь!

Люты, 1915

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.