Вы тут

Разам з ім сышла цэлая эпоха. Працяг


Шлях у мастацтве народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, яго жыццё і лёс — як прыклад чалавечага і творчага даўгалецця.

Нататкі ў дзвюх частках. Пачатак чытайце па спасылцы.

Частка другая.


Юнацтва, апаленае вайной

Яго творчасць называюць летапісам эпохі. У сваіх творах Леанід Шчамялёў услаўляў Беларусь, ствараючы ўзнёслыя, паэтычныя вобразы роднай зямлі. Так, у яго ўсё было, кажуць у такіх выпадках: прызнанне, вядомасць. Увагай дзяржавы таксама не быў абдзелены. Званне народнага мастака — як вышэйшая ступень заслуг. Засталася «Галерэя Шчамялёва» ў Мінску.

Але Леанід Шчамялёў не імкнуўся да папулярнасці. Яна сама яго наганяла. А ўсё ад творчага таленту, якім майстар шырока дзяліўся з гледачом з дапамогай яркіх і змястоўных работ. Яго жывапіс прымаецца самымі рознымі людзьмі. Таму ён, сапраўды, народны мастак.

Кожная яго праца — гэта заўсёды новы свет вобразаў і герояў. Шчамялёў быў здольны таленавіта перадаць сваё ўражанне ад убачанага і прадуманага. Інакш кажучы, яго свет мастацтва выходзіў за межы карціны, таму як дапамагаў гледачу глыбей асэнсаваць жыццёвую палітру.

Між тым, Леанід Шчамялёў заўсёды быў шчырым не толькі ў сваёй творчасці, але і ў асабістых меркаваннях. Часта, асабліва ў маладосці, яму даставалася, як кажуць, за характар. Але быў такім раней, заставаўся верны тым жа прынцыпам і ў сталым узросце, ды, мабыць, да канца жыцця. Пераконваўся ў гэтым не аднойчы, калі ўдавалася сустрэцца і пагутарыць з майстрам. Нашы размовы тычыліся не толькі мастацтва, культуры, да якіх Шчамялёў, зразумела, быў асабліва неабыякавы. Заўсёды цікавымі здаваліся яго меркаванні як пра гісторыю, так і пра сучаснасць — багаты вопыт дазваляў быць пранікнёным. У свой час Леаніда Дзмітрыевіча часта «заводзіла» сітуацыя ва Украіне. Але нават ён не мог знайсці ёй тлумачэнне, толькі прамаўляў з хваляваннем: «Як такое магло адбыцца? Як дапусцілі? Бо вайна, гінуць людзі». Ключавым тут было слова «вайна», аб якой ён ведаў многае. У Вялікую Айчынную, дарэчы, ваяваў за вызваленне Украіны ад фашыстаў.

Менавіта сумленнасць, крывёю заробленае права пісаць праўду «пра тое, што было», плюс талент і высокі прафесіяналізм ляжаць у аснове шчамялёўскага выяўленчага летапісу пра вайну. А яго ваенную біяграфію я засвоіў добра з успамінаў мастака-ветэрана.

22 чэрвеня 1941 года… У тую нядзельную раніцу 18‑гадовы Леанід з хлопцамі адправіўся на раку Віцьбу — левы прыток Заходняй Дзвіны. На лодачнай станцыі ўзялі лодкі, дружна налеглі на вёслы і апынуліся ў сваёй роднай стыхіі. Але ў 12‑й гадзіне чорны рэпрадуктар на лодачнай станцыі абвясціў, што зараз выступіць намеснік Старшыні Савета Народных Камісараў СССР, наркам замежных спраў Молатаў. Вайна! Лёня з хлопцамі пабег дадому. Адна-адзіная думка не давала спакою: што ж здарылася, бо тыдзень таму ТАСС паведаміла, што вайны не будзе, і вось — на табе! Ужо на заўтра першыя авіябомбы нямецкіх «юнкерсаў» былі скінутыя на Віцебск.

Праз некалькі дзён яго бацьку прызвалі ў армію. У складзе чыгуначнага батальёна, без зброі, з адной катомкай за плячыма, ён сышоў у напрамку Суражскай шашы. Апошнімі словамі, якія родныя пачулі ад яго, былі: «Чакайце, я хутка вярнуся». Не вярнуўся. Дзе і як загінуў — невядома.

10 ліпеня войскі вымушаны былі пакінуць Віцебск. Але яшчэ за два дні да гэтага ў горадзе амаль нікога з жыхароў не засталося. Нечакана з’явіўся муж сястры Галіны: іх полк вось-вось павінен быў адпраўляцца на перадавую. Галя да таго часу была на сёмым месяцы цяжарнасці. Муж сказаў, што нямецкую махіну цяпер спыніць немагчыма і трэба, пакуль не позна, хутчэй збірацца ў шлях, далей ад фронту: жонцы савецкага кадравага афіцэра тут нельга заставацца.

Віцебск, якім я яго памятаю, 1994 год.

Пайшлі да каменданта горада. І той падпісаў Леаніду, які суправаджаў цяжарную сястру і маці, пропуск на выезд. Тады з горада не так проста было вырвацца: з боку НКУС быў вельмі жорсткі кантроль за эвакуацыяй насельніцтва. Маці з Леанідам і Галінай ледзь паспелі пагрузіцца літаральна ў апошні эшалон, які выпраўляўся на ўсход. А праз пару гадзін шляху на эшалон наляцела варожая авіяцыя. І тут Леанід упершыню «ва ўпор» убачыў, што такое смерць і гора людскае. Мужыкоў у эшалоне было мала, у асноўным жанчыны і дзеці — і цяжка ўявіць сабе, што там рабілася. Калі самалёты адбамбіліся, жывыя пахавалі загінулых, дапамаглі параненым. А неўзабаве падчас прыпынку эшалона быў выкінуты нямецкі парашутны дэсант. Парашуты, як успамінаў Шчамялёў, рознакаляровыя, а фігуркі пад імі —злавесна-чорныя, быццам сама смерць спускалася з нябёсаў: «Парашутысты абстралялі нас з паветра, кулі свісталі дзесьці блізка, але нас, на шчасце, не закранулі…».

Толькі 21 ліпеня дабраліся да таварнай станцыі Масквы. У гэты ж дзень сталіца падвергнулася налёту варожай авіяцыі і была абвешчаная першая за вайну паветраная трывога. Масква разам з тэрыторыяй Маскоўскай ваеннай акругі ўжо знаходзілася на ваенным становішчы, з масквічоў фарміраваліся дывізіі народнага апалчэння, знішчальныя батальёны, і ўся гэтая трывожная карціна, вядома, рабіла моцнае ўражанне на бежанцаў, якія прыбывалі.

Беларусаў, паўапранутых, галодных, знясіленых, без грошай і дакументаў, масквічы прынялі вельмі цёпла: перш за ўсё накармілі, затым на аўтобусах развезлі па розных месцах, часова рассялілі па кватэрах і клубах, сабралі грошы на далейшую дарогу ў глыбокі тыл. Сям’ю Шчамялёвых размясцілі ў клубе, насупраць Казанскага вакзала, выдалі талоны на харчаванне, матрацы, коўдры, арганізавалі лазню.

У Маскву Леанід трапіў упершыню і, натуральна, выбраўшы момант, перш за ўсё вырашыў адшукаць Лаврушынскі завулак, дакладней — Траццякоўскую галерэю. Па дарозе ўбачыў велізарныя стратастаты, якія вайскоўцы цягнулі за вяроўкі. Гэта таксама зрабіла ўражанне. А вось далей не пашанцавала: ля галоўнага фасада галерэі стаялі вартавыя, нікога не пускалі. І знаёмства з найбуйнейшым у свеце музеем рускага мастацтва, які Леанід з дзяцінства марыў убачыць, прыйшлося адкласці на пасляваенны час.

І зноў доўгі шлях — на гэты раз у напрамку паўднёва-усходу. Апошнім пунктам прызначэння стаў горад Сямёнаў, дзе Шчамялёвы пасяліліся на прыватнай кватэры. Леанід, стаўшы на ўлік у ваенкамаце, пайшоў працаваць на чыгуналіцейны завод, дзе рабілі ручныя гранаты. Хутка асвоіў зварачную справу і неўзабаве замяніў вопытнага майстра-электразваршчыка, якому прыйшла чарга ісці ў дзеючую армію. Паралельна з працай Леаніду і яго аднагодкам у чаканні мабілізацыі даводзілася пад кіраўніцтвам інструктараў займацца і агульнай ваеннай падрыхтоўкай.

І вось наступіў доўгачаканы момант: у снежні 1941 года Леаніда, нарэшце, мабілізавалі. Накіравалі ў сяржанцкую школу. Ваенныя заняткі, нягледзячы на жорсткія халады, ішлі з раніцы да вечара. Некаторыя не вытрымлівалі такіх нагрузак і адлічваліся ў лінейныя роты. Астатнія з нецярпеннем чакалі прыходу вясны і лета, але і тады не стала лягчэй. Гэта працягвалася доўга. Толькі ў снежні 1942 года Леанід прыняў прысягу і, атрымаўшы званне малодшага сяржанта, стаў рыхтаваць да будучых баёў маладых навабранцаў, амаль равеснікаў, якія пастаянна прыбывалі ў полк.

Да чэрвеня 43‑га былі сфармаваныя першыя маршавыя роты і батальёны. Малодшы сяржант Шчамялёў у роце быў прызначаны камандзірам аддзялення. Вось і прыйшоў іх час: зусім хутка на фронт, на перадавую.

Мастак Л. Шчамялёў і яго творы.

З успамінаў Леаніда Шчамялёва: «У складзе стралковага палка прайшлі-праехалі палову Расіі. Непадалёк ад Курска нас высадзілі з вагонаў, бо цягнік далей ісці не мог. Маршам дабраліся да месца прызначэння — у зусім бязлюдны горад Дзмітрыеў-Льгоўскі, што на рацэ Свапе. Адсюль да лініі фронту, дзе стаяла эшаланаваная абарона, 15–20 кіламетраў. Камандзіры выдалі нам каму вінтоўку-трохлінейку, каму карабін, па пачцы патронаў. Вакол — страшэнныя сляды нядаўніх баёў. Людзей няма. Ад абгарэлых дамоў засталіся толькі чорныя шкілеты. Карціна жудасная. У маім аддзяленні быў хлопец якраз родам з гэтага горада. Я бачыў яго стан, калі ён глядзеў на тое, што засталося ад гарадскіх вуліц — словамі не перадаць. А над галавой — нямецкія самалёты, якія пастаянна дзяўблі зямлю. Нам даводзілася прыстасоўвацца да мясцовасці, каб хоць неяк схавацца ад бамбёжак. І не было відаць ні нашых танкаў, ні нашай авіяцыі, верагодна, галоўныя сілы фронту працавалі на больш важных напрамках галоўнага ўдару».

На выступе Курскай дугі байцы палка на кароткі час спыніліся. Гэта быў час вялікага пералому ва ўсёй вайне. Менавіта ў Курскай бітве войскі Цэнтральнага фронту пад камандаваннем Ракасоўскага правялі абарончую аперацыю, у выніку якой адбілі наступ праціўніка і стварылі ўмовы для пераходу ў контрнаступленне. Усё пачалося 15 ліпеня, калі войскі правага крыла фронту, у які ўваходзіў і стралковы полк Шчамялёва, перайшлі ў контрнаступленне.

З расказа Леаніда Шчамялёва: «Прарваўшы абарону ворага, мы пагналі непрыяцеля ў заходнім напрамку. Многія гінулі, замест загінулых прыбывала новае папаўненне. А я яшчэ заставаўся жывы і нават не паранены. Цуды, ды і толькі! І да цябе паважлівае стаўленне як да «ветэрана», «старога»: на цябе новае папаўненне ўскладвае надзеі, што ў цяжкую хвіліну не падвядзеш, выратуеш. Што казаць — адказнасць! З іншага боку, хоць мне было ўсяго дваццаць, ужо разумеў, што такія жорсткія бітвы, у якіх малох вайны перамолвае тысячы, мільёны чалавечых жыццяў, не прыносяць шчасця пераможцам. І падспудна адчуваў гібельнасць такіх войнаў для чалавецтва, незалежна ад таго, хто правы — хто вінаваты. Яшчэ дахрысціянскі рымскі паэт Вяргілій разумеў, што «ад вайны нельга чакаць ніякіх выгод», а француз Франсуа Фенелон на пачатку XVІІІ стагоддзя прама заявіў, што «вайна — гэта зло, якое ганьбіць чалавечы род». Можа быць, менавіта падобнае адчуванне праз 30 гадоў падштурхнула мяне на стварэнне карціны, якая атрымала назву «Палявы трыбунал». У ёй паспрабаваў раскрыць ўнутранае замяшанне разгубленага маладога чалавека, салдата, які апынуўся па волі рока ў жорсткай мясасечцы вайны і не разумее, што адбываецца вакол яго. Не раз сустракаў такіх, многія з якіх проста гінулі ў першых жа баях, не паспеўшы зрабіць ніводнага стрэлу».

Палявы трыбунал, 1974 год.

Герой гэтага палатна — малады салдат, які ў адным з нядаўніх баёў разгубіўся, магчыма, спалохаўся, змаладушнічаў. І вось цяпер ён чакае ад палявога трыбунала вердыкту. Але, як лічыў аўтар карціны, такія вось маладыя хлопцы, разгубіўшыся ў пэўны момант, потым пераадольвалі і замяшанне, і слабасць духу, і натуральны страх і, калі заставаліся жывымі, станавіліся сапраўднымі байцамі, з гонарам выконвалі свой абавязак перад Радзімай.

Іншымі словамі, тэма таго шчамялёўскага палатна — чалавечае замяшанне і надзея на яго пераадоленне. Тэма няпростая. Так, была і такая «акопная» праўда вайны, якая ў савецкім выяўленчым мастацтве тых гадоў, у прынцыпе, не атрымала развіцця. Але Леанід Шчамялёў — адзін з першых мастакоў, хто спусціўся на грэшную зямлю з вышынь заліхвацкага атакуючага ўра-патрыятызму і сказаў: паглядзіце, сябры мае, як усё было няпроста за «кулісамі вайны», як цяжка і з якімі пакутамі мы ішлі да вясны 45‑га.

У верасні 1943 года часткі Цэнтральнага фронту, дзе служыў і Шчамялёў, падышлі да Чарнігава. За гэты горад разгарнулася цяжкая бітва. У расказах ён успамінаў усё: як ва ўпор білі па нашых байцах фашысцкія самаходкі, як немцы будавалі барыкады-завалы на скрыжаваннях чарнігаўскіх вуліц, хавалі ў засаду танкі, закідвалі ў тыл аўтаматчыкаў. Памятае, як яго аднапалчане ішлі ў атаку, не думаючы пра гераізм і подзвігі: сапраўды, «не да ордэна — была б Радзіма». Яны проста ішлі, бо не маглі не ісці. Ішлі па сваёй зямлі і за сваю зямлю. У памяці засталося і тое, як цёпла іх сустракалі і праводзілі жыхары вызваленых украінскіх гарадоў і вёсак.

Леанід Шчамялёў: «Вядома, вайна для вышэйшага камандавання малявалася ў іншых вымярэннях. Гэта цяпер я ведаю, дзе і як размяшчаліся франты, арміі, карпусы, дывізіі. А ў той час я камандаваў толькі кулямётным аддзяленнем і «мая» вайна ішла на маленькім пятачку зямлі. Што там было далей, я не ведаў. Але я ведаў іншае: на гэтым пятачку была мая краіна, мая мова, мой дух, мае таварышы».

Перад фарсіраваннем Прыпяці (гэта ў напрамку беларускага гарадка Калінкавічы) у іх стралковым палку заставалася не больш за сто актыўных штыкоў, але салдаты, літаральна ўгрызаючыся ў зямлю, рухаліся наперад і наперад. Выйшлі да берага Прыпяці. Цішыня. Але што там, на процілеглым беразе, невядома. Тады камандзір роты даў чацвярым, у тым ліку Шчамялёву, баявое заданне: удакладніць рэльеф водных рубяжоў, па якіх можна будзе прайсці войскам на той бераг Прыпяці. Пераплыць. Улезлі на высокі бераг, агледзеліся. Удалечыні — густы лес. Варонкі, акопы, напоўненыя бруднай вадой, знявечаная нямецкая самаходная гармата «Фердынанд»… Усё было ціха, і байцы далі сігнал сваім. Фарсіраванне Прыпяці прайшло бесперашкодна. Так адбылася першая пасля ліпеня 1941 года сустрэча Леаніда з роднай беларускай зямлёй.

Тады ж адбыўся выпадак, дзіўны, неверагодны, амаль містычны. Ужо пасля вяртання з разведкі, у кароткі час адпачынку ўсёй гэтай чацвёрцы — а былі яны людзьмі розных нацыянальнасцяў — адначасова прысніўся аднолькавы (!) сон: казачна прыгожая дзяўчына. Праўда, кожнаму свая. Леаніду — з доўгай залацістай касой і ўся ў белым. Камусьці — у іншым адзенні. Прачнуліся, перабіваючы адзін аднаго, расказалі, што бачылі ў сне. Глядзяць, а там, на беразе, сапраўды, дзяўчына. Але, на жаль, гэта ім толькі здалося. На самой справе там калыхалася на ветры тонкая бярозка.

Вось так сустрэла Беларусь Шчамялёва пасля двухгадовай адсутнасці на радзіме. А вакол лясы, мясцовасць балоцістая, немцаў не відаць. Але дзіўна: чутная іх гаворка, яны дзесьці побач. А як сябе паводзіць у падобнай абстаноўцы, байцы не ведалі. Тактыцы паводзінаў у лясных умовах іх не вучылі. Але трэба ісці наперад.

Маё нараджэнне, 1967 год.

З успамінаў Леаніда Шчамялёва: «Памятаю, у чатыры гадзіны раніцы 6 кастрычніка пачалося наша наступленне. Але няўдала — немцы ўпарта і адчайна абараняліся. Атакі працягваліся цэлы дзень. Былі цяжкія страты. Загінуў наш камандзір роты, мужны і светлы чалавек. Для нас ён быў не проста камандзірам: таварышам, бацькам. У замасленай гімнасцёрцы, энергічны, магутны, ён прыкладам мужнасці натхняў на бой — «святы і правы». Загінуў у багністым лесе, на маіх вачах, скошаны аўтаматнай чаргой. Што там казаць — менавіта такія людзі вялі да перамогі, умацоўвалі ў нас сілу. А было вельмі цяжка. У той дзень з нецярпеннем чакалі, хутчэй бы сцямнела: ноччу нямецкія контратакі спыняліся. Але да вечара прыйшоў загад: зноў атакаваць. І непадалёк ад Калінкавічаў, у лесе, патанаючы ў балоце, наш узвод уступіў у апошні ў гэты дзень бой з гітлераўцамі. Памятаю як сёння: абыходзячы падбітую саракапятку, на нас ішлі ў псіхічную контратаку здаравенныя, як на падбор, фрыцы з аўтаматамі наперавес, з закатанымі па локаць рукавамі. Адзін з іх, немалады, высокі, бялявы (вось жа запомніў!), і паспеў рэзануць мяне з аўтамата. Спачатку нічога не адчуў — толькі тупы ўдар, нібы палкай ударыла ў левае перадплечча. Потым убачыў: кроў з раны свішча, значыць, думаю, куля прайшла наскрозь. Аўтаматычна вырваў пакет, сяк-так перабінтаваў руку і з цяжкасцю па-пластунску папоўз да сваіх. У палявой санчастцы зрабілі падбінтоўку. Аказалася, што костка і локцевы нерв прастрэленыя. Тут жа, без усялякіх затрымак, выдаўшы мне карту апісання гісторыі ранення, накіравалі ў палявы шпіталь. Капітан медыцынскай службы агледзеў рану, паківаў галавой і тэрмінова загадаў свайму персаналу даставіць мяне ў медсанбат пад Курск. Там, паставіўшы дыягназ, вызначылі ў разрад цяжкапараненых».

Леаніда чакаў глыбокі тыл. Вагоны былі набітыя параненымі салдатамі і малодшымі афіцэрамі з розных франтоў, але бытавыя ўмовы былі цалкам прыймальныя: добрае харчаванне, чыстая бялізна, прасціны, цёплае і паважлівае стаўленне да параненых з боку жаночага медперсаналу. Пра «жанчын вайны» — лекараў, медсясцёр, санітарак, — якія, уласна, не толькі лячылі параненых, але кожнаму, незалежна ад пасады і звання, давалі надзею на тое, што ён абавязкова ўстане ў строй і дойдзе да Берліна, Леанід Дзмітрыевіч мог распавядаць гадзінамі, называючы іх «унікальнай з’явай роду чалавечага».

6 лістапада прыбылі на таварную станцыю ў Маскву. Якраз у гэты дзень зводка Савінфармбюро паведаміла аб узяцці Кіева войскамі 1‑га Украінскага фронту. Радасць была неапісальная. З гэтай нагоды нават параненых пачаставалі віном.

Потым быў горад Горкі. Доўга стаялі на станцыі. Нарэшце позна ўвечары цягнік крануўся ў паўночным кірунку. Праехалі невялікую чыгуначную станцыю Бор. Куды далей? Леанід спытаў пра гэта медсястру. Аказалася, у шпіталь горада …Сямёнава.

Ноччу прыбылі ў Сямёнаў. Не чакаючы світання, Леанід разам з прыяцелем, малодшым лейтэнантам, накінуўшы на ніжнюю бялізну нейкія цывільныя шмоткі, раскрыўшы «гармонік» (злучэнне вагонаў), адправіліся па марозе на кватэру па старым адрасе, дзе павінны былі жыць яго родныя. Там сказалі, што маці Леаніда — Агаф’я Венядзіктаўна — жывая-здаровая, але пражывае ўжо на іншай кватэры. Бойкі падлетак Ваня, сын гаспадыні, нягледзячы на позні час, падахвоціўся праводзіць «ваенных дзядзькаў» куды трэба. Прыйшлі і была радасная сустрэча. Агаф’я Венядзіктаўна, убачыўшы загіпсаваную руку сына, расхвалявалася, але Леанід супакоіў: усё ў парадку, галоўнае, жывы. На досвітку хлопцы вярнуліся ў вагон, а праз гадзіну, атрымаўшы канверты-коўдры, былі ўжо ў афіцэрскай палаце эвака-
шпіталя. Днём прыйшла наведаць неспакойная мама, а так як чуткамі зямля поўніцца, неўзабаве наляцелі і хлопцы, былыя калегі па чыгуналіцейнаму заводу. Прынеслі шмат навін, гасцінцы, велізарны букет кветак і бутэльку гарэлкі ўнутры гэтага букета.

Леанід Шчамялёў: «У шпіталі за мной даглядала санітарка Каця, родам з найбліжэйшай вёскі Дзяцькава. Неяк мы з ёй разгаварыліся, і я абмовіўся, што на Украіне падчас перасячэння нашага палка з мясцовым партызанскім атрадам выпадкова сустрэўся з адным хлопцам, родам з Сямёнаўскага раёна. Даведаўшыся, што я таксама з Сямёнава, той страшна ўзрадаваўся. Расказаў, што сам ён — кадравы афіцэр, на пачатку вайны трапіў у палон, збег і пасля доўгіх прыгодаў апынуўся ў рэйдавым Сумскім партызанскім злучэнні Сідара Каўпака. А Кацярына паслухала-паслухала і раптам, не сказаўшы ні слова, імгненна знікла. Як ветрам здзьмула. Праз некаторы час мяне выклікае начальнік шпіталя, маёр: «Слухай, малодшы сяржант, там у прыёмнай чакае цябе нейкі цудоўны стары. Хоча нешта ўдакладніць». Выходжу, бачу старога купецкага складу: рудая барада, пранізлівыя вочы, цёплая футра, янотавая шапка. Потым даведаўся, што ён — са старавераў.

«Ты Шчамялёў?» — пытаецца. На твары ніякага выразу. Адказваю сцвярджальна. «Чуў, што ты бачыў на фронце майго сына». Паціскаю плячыма: «Я шмат бачыў». І тады ён дастае з футры фатаграфіі і раскладвае перада мной: «Пакажы, каго ведаеш». Сярод дзясяткаў даваенных здымкаў бачу малюнак маладога чалавека гадоў сямнаццаці-васямнаццаці: так, гэта той самы мой знаёмы, якога я сустрэў на Украіне, толькі маладзейшы. Кажу: «Вось гэты, толькі ён зараз крыху іншы і са шрамам…».

Даваеннае дзяцінства. Вітебск. 1967 год.

Стары тут жа — да начальніка шпіталя, маўляў, адпусціце сяржанта да яго пагасціць на некалькі гадзін. Нагода ж не з радавых. Адпусцілі. Мяне — у сані, футра на плечы — і наперад. А вялікі дом яго быў ужо набіты людзьмі. Стол завалены ўсякімі стравамі, напоямі. Стары тут жа далажыў усім, што вось прывёў дарагога госця, які бачыў яго сына. Мяне беражліва пасадзілі за стол. Не паспелі мы падняць першыя чаркі, як раптам забягае ў пакой дзяўчынка-паштальён і радасна крычыць, што прыйшоў ліст ад сына гаспадара! Бываюць жа ў жыцці такія супадзенні, якія лагічна растлумачыць немагчыма. Той піша, што жывы-здаровы, змагаецца з ворагам па сумленні, што хутка яго перавядуць у Харкаў, у штаб партызанскага руху. У канцы ліста падкрэсліў, што ў раёне мястэчка Варажба, што ў Сумскай вобласці, сустрэў «дарагога земляка з Сямёнава» і гэтак далей. Вядома, ліст зрабіў на ўсіх незвычайнае ўражанне, а мяне так кармілі і паілі гасцінныя гаспадары, што думаў усё, да шпіталя своечасова не дабяруся і будзе скандал. Але людзі кемлівыя: як належыць даставілі мяне на месца. І потым амаль увесь снежань 1943 года стары і яго сямейства наведвалі мяне з гасцінцамі».

Выпісалі Шчамялёва перад новым, 1944 годам. Але незадоўга да гэтага адбылася яшчэ адна цікавая сустрэча, якая адыграла важную ролю ў яго наступным жыцці.

Леанід Шчамялёў: «У шпіталі я пазнаёміўся з адным кавалерыстам, які ўжо выпісаўся і быў апрануты ў поўную кавалерыйскую форму: шынель, чаравікі, шпоры, словам, усё як след. Разгаварыліся. Калі зайшла размова аб маім далейшым лёсе, я сказаў, што хацеў бы пасля выздараўлення трапіць у кавалерыйскую часць, бо з дзяцінства люблю коней. Той, не разважаючы, горача падтрымаў маё жаданне і са словамі «тэрмінова пішы заяву!» прадыктаваў адрас рэзерву Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. На наступны дзень, мала спадзяючыся на пазітыўны вынік, усё ж адправіў у Маскву ліст-трохкутнік з просьбай дазволіць мне працягнуць пасля выздараўлення ваенную службу менавіта ў кавалерыі. Да майго здзіўлення, адказ прыйшоў хутка і, галоўнае, станоўчы: пасля выпіскі «накіраваць малодшага сяржанта Шчамялёва ў 2‑ю кавалерыйскую брыгаду». Месца прызначэння — горад Каўроў. Да гэтага ў горадзе Горкім я прайшоў адпаведныя медыцынскія і іншыя камісіі. Гэта было не проста, але мне пашанцавала. Такім чынам, атрымаўшы камандзіровачнае прадпісанне, трапіў у кавалерыйскую школу, якая размяшчалася недалёка ад ракі Клязьма. Праз некаторы час мне было прысвоена званне сяржанта, і неўзабаве я быў прызначаны камандзірам аддзялення. Зразумела, быў у мяне і свой конь. Клікалі яго Бамбуковы: гняды прыгажун-трохгодка, разумніца, проста любата».

Невялікі горад Каўроў да жніўня 1944 года ўваходзіў у Іванаўскую вобласць, да вайны меў насельніцтва каля 70 тысяч чалавек і нічым выбітным не адрозніваўся ад гарадоў падобнага роду. Затое падчас вайны стаў найбуйнейшым цэнтрам СССР па вытворчасці стралковай зброі — аўтаматаў, кулямётаў.

Леанід Шчамялёў: «Аднойчы падчас майго дзяжурства па кулямётна-мінамётным эскадроне (эскадрон — гэта тры аддзяленні) прыехаў камандуючы кавалерыяй Чырвонай Арміі маршал Сямён Будзёны разам з камандуючым войскамі Маскоўскай ваеннай акругі генерал-палкоўнікам Паўлам Арцем’евым і світай, каб праінспектаваць стан спраў у нашай каўбрыгадзе. У прыгожай бекешы, у папасе, у маршальскіх пагонах, ён падыйшоў да мяне, выслухаў даклад, моцна паціснуў руку і сказаў: «Ну, сяржант, паказвай сваю гаспадарку». Пасля выразна праведзенай «экскурсіі» атрымаў падзяку».

Палявая крыніца, 1988 год.

На пачатку 1945 года 2‑ю каўбрыгаду перакінулі на Украіну, у раён горада Роўна. Тут з яе складу пад асабістым наглядам тагачаснага намесніка камандуючага кавалерыяй Чырвонай Арміі генерал-палкоўніка Гарадавікова фармавалася так званая спецыяльная група «сарака пяці». У яе склад увайшоў і сяржант Шчамялёў. Група была створана для апярэджання варожых дыверсій, у тым ліку і для знішчэння бандэраўскіх лятучых атрадаў, якія пасля вызвалення Украіны ад фашыстаў разгарнулі актыўную барацьбу з савецкай уладай.

Але так здарылася, што перад самым адыходам групы (у напрамку Венгрыі) Шчамялёва раптоўна зваліла трапічная малярыя. Чалавек імгненна адключаецца, нічога не памятае, тэмпература да сарака, і яго трасе ў ліхаманцы. Адкуль узялася такая рэдкая зараза, лекары так і не вызначылі, толькі канстатавалі факт, што прыкметы трапічнай ліхаманкі ў наяўнасці, але выявіць яе крыніцы яны не здольныя.

У красавіку 45‑га Шчамялёва адправілі ў Маскву, а адтуль у родную вайсковую частку, на старую «базу», у шпіталь Каўрова. Там і сустрэў Дзень Перамогі. Праз 38 гадоў ён напіша аўтабіяграфічную карціну-споведзь «Першы дзень міру», у якой здолеў адлюстраваць глыбінную тэму памяці аб пройдзеным франтавым шляху, гераізме аднапалчан, аб горкіх стратах і надзеях. А яшчэ — пра шчасце чалавека, які перамог у той страшэннай вайне.

Ля карціны «Першы дзень міру».

Леанід Шчамялёў: «Наогул мне ў жыцці пашанцавала на добрых людзей, асабліва падчас службы ў кавалерыі. Ніколі не забуду чалавека вялікай мужнасці і шчодрага сэрца, майго непасрэднага камандзіра капітана Пятра Сяргіенку. Усім, чаго я дасягнуў у жыцці, шмат абавязаны яму. Сустракаўся з людзьмі, якія добра ведалі майго земляка, генерал-маёра Льва Даватара, камандзіра 2‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, які гераічна загінуў 19 снежня 1941 года. Сярод кавалерыстаў, якія ўдзельнічалі ў смелых рэйдах Даватара па тылах ворага, у нашай частцы быў і мой цёзка Кузняцоў, які шмат распавядаў аб сваім легендарным камандзіры. Праз гады я паспрабаваў увасобіць на палатне вобраз Даватара. Хоць, калі пісаў карціну, думаў не толькі пра генерала, але і пра тых людзей, з кім мне выпаў гонар сустракацца на нялёгкіх франтавых шляхах-дарогах».

Генерал Даватар, 1975 год.

Перад напісаннем карціны Шчамялёву давялося ўбачыць толькі адзін «жывы» кадр кінахронікі з Даватарам і Ракасоўскім, зроблены вайсковым аператарам на Заходнім фронце. Акрамя таго, ён пазнаёміўся з захаванымі фатаграфіямі героя. Прачытаў некалькі лістоў генерала з фронта, адрасаваных сям’і. Але, вядома, галоўным у нараджэнні жывапіснага палатна было асабістае, аўтарскае стаўленне да персанажа і часу, у якім жыў і змагаўся гэты чалавек.

У шэрай папасе і чорнай бурцы, у чырвоным башлыку, легендарны камкор, сціснуўшы рукаяць шашкі, стаіць з палявым біноклем ў простай, натуральнай позе. Здаецца, нічога асаблівага. Але якая гвардзейская падцягнутасць, элегантнасць, якое высакароднае аблічча, якая ўнутраная сіла чалавека, у якога свята верылі байцы-кавалерысты. А як уважліва мастак ўзіраецца ў характэрныя дэталі, важныя для разумення атмасферы зімы 41‑га: кулямётную тачанку ззаду генерала, калодзеж з абледзянелым вядром, домікі з фігуркамі жыхароў. І, здаецца, дзесьці там, у нябачнай глыбіні, хутка разгорнецца той апошні бой Даватара. Там вораг заняў выгадную пазіцыю і, ведучы прыцэльны агонь, не даваў магчымасці казакам атакаваць сяло. І тады, спяшаючыся, генерал, па пояс у снезе, спусціўся з крутога берага і па-пластунску папоўз да ланцуга байцоў, каб асабістым прыкладам натхніць іх на апошні пераможны штурм. І — трапіў пад шквальны агонь нямецкіх кулямётаў…

Рытміка карціны такая, што, узіраючыся ў палатно, быццам на свае вочы чуеш голас песні-быліны аб слаўных байцах, аб гарачых баях, калі клаліся пад капыты хуткіх коней дарогі перамог і сыходзілі ў неўміручасць кавалерысты-даватараўцы.

Вось так вайна адбілася ў сэрцы і душы Леаніда Шчамялёва. Яна, без сумневу, абвастрыла пачуцці будучага мастака. Але не пакінула яго абыякавым да ўсяго, што не можа не хваляваць неабыякавага чалавека.

Творы ў розных стылях, якія, тым не менш, заўсёды вабяць глядача.

Веніямін МІХЕЕЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.