Вы тут

Як Кітай перамог беднасць?


Расказаў «Звяздзе» Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се СЯАЮН.


Фота: БелТА.

— 25 лютага 2021 года старшыня КНР Сі Цзіньпін урачыста заявіў, што сумеснымі намаганнямі ўсяго кітайскага народа ў важны момант стагоддзя з дня заснавання КПК Кітай атрымаў поўную перамогу ў барацьбе з беднасцю.

Гісторыя краіны — гэта гісторыя барацьбы кітайскай нацыі з беднасцю, — заўважыў Се Сяаюн. — Збавенне ад беднасці заўсёды было марай, за якой народ нястомна ішоў. З моманту заснавання Новага Кітая, асабліва пасля пачатку палітыкі рэформаў і адкрытасці, Камуністычная партыя Кітая аб'ядноўвала і вяла народ да ажыццяўлення шырокамаштабных мерапрыемстваў па падтрымцы людзей і паляпшэнні ўмоў іх жыцця, і дабілася беспрэцэдэнтных вынікаў.

У лістападзе 2012-га XVІІІ з'езд Камуністычнай партыі Кітая вылучыў грандыёзную мэту пабудовы сярэднезаможнага грамадства да 2020 года. У кастрычніку 2017-га ХІХ з'езд КПК назваў мэтанакіраванае выкараненне галечы вырашальнай бітвай. Цэнтральны камітэт партыі на чале з таварышам Сі Цзіньпінам аб'яднаў і ўзначаліў усю партыю і ўвесь шматнацыянальны народ краіны, барацьба з галечай стала адным з ключавых прыярытэтаў дзяржаўнага кіравання. Было распачата мноства арыгінальных і ўнікальных важных ініцыятыў, ЦК КПК арганізаваў і ажыццявіў самую вялікую па маштабе і самую інтэнсіўную ў гісторыі чалавецтва барацьбу з беднасцю.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін падкрэсліў: «Каб усебакова пабудаваць сярэднезаможнае грамадства, нельга ўпусціць ніводнага чалавека, ніхто не павінен заставацца ззаду на шляху да агульнай заможнасці. Дапамагчы насельніцтву, якое жыве ў нястачы, і бедным раёнам разам з усёй краінай уступіць ва ўсебаковае сярэднезаможнае грамадства — гэта ўрачыстае абавязацельства Камуністычнай партыі Кітая».

770 мільёнаў чалавек пазбавіліся ад галечы

— За апошнія восем гадоў у КНР у сярэднім штогод выводзілася з беднасці больш за 10 мільёнаў чалавек, што эквівалентна колькасці насельніцтва цэлай краіны сярэдняга памеру (накшталт Беларусі. — Рэд.). Зараз каля 99 мільёнаў маламаёмных сельскіх жыхароў, 832 паветы і 128 тысяч вёсак пазбавіліся ад беднасці паводле крытэрыя, які цяпер дзейнічае ў Кітаі. Узровень даходаў маламаёмасных значна павысіўся, пазбавіўшыся ад беднасці, насельніцтва не турбуецца аб ежы і адзенні, яму таксама гарантаваная абавязковая адукацыя, базавае медыцынскае абслугоўванне, бяспека жылля і належная якасць пітной вады. Чысты прыбытак на душу насельніцтва ўзрос амаль у чатыры разы — з 458 долараў у 2015 годзе да 1652 долараў у 2020-м, ён павялічваўся ў сярэднім на 29,2 працэнта ў год, — адзначыў дыпламат. — Пастаянна стымулюецца магчымасць самастойнага пазбаўлення ад беднасці.

Тэмпы развіцця ў бедных раёнах значна паскорыліся, эканамічная моц бесперапынна ўмацоўваецца, будаўніцтва інфраструктуры імкліва ідзе наперад, у сацыяльнай сферы быў дасягнуты значны прагрэс, праблемы з дарогамі, пітной вадой, электрычнасцю, сувяззю, навучальнымі ўстановамі і лячэннем былі гістарычна вырашаны. Было рэканструявана 1,1 млн кіламетраў сельскіх дарог і дабудавана 35 тысяч кіламетраў чыгункі. Доля аптычнага валакна і 4G у бедных вёсках перавышае 98 %. Было адрамантавана 7,9 мільёна аварыйных дамоў для 25,68 млн чалавек з ліку маламаёмаснага насельніцтва. Увогуле пабудавана 35 тысяч цэнтралізаваных участкаў для перасялення з 2,66 млн жылых памяшканняў, у выніку чаго больш за 9,6 млн чалавек маглі пераехаць у новыя дамы, што вырашыла праблему цяжкадаступнасці і адставання. Удалося дасягнуць не толькі матэрыяльнага поспеху, але і істотных псіхалагічных зрухаў. Людзі, якія пазбавіліся ад беднасці, паверылі ва ўласныя сілы.

Згодна з сучаснымі крытэрыямі, з моманту пачатку палітыкі рэформаў і адкрытасці Кітая ў 1978 годзе 770 мільёнаў маламаёмных сельскіх жыхароў у краіне пазбавіліся ад беднасці, што складае больш за 70 % зніжэння ўзроўню беднасці ў свеце. Пасля працяглага змагання Камуністычная партыя Кітая аб'яднала і прывяла народ усёй краіны да выканання мэтавай задачы па барацьбе з беднасцю ў новую эпоху ў час. Праблема крайняй галечы, якая пераследавала кітайскі народ на працягу тысячагоддзяў, атрымала гістарычнае рашэнне, што стала яшчэ адным цудам чалавецтва, адлюстраваным у гістарычным летапісе, — падкрэсліў Се Сяаюн.

Прычыны поспеху

— Ёсць шмат прычын, згодна з якімі Кітай паспяхова справіўся з беднасцю, з іх найбольш важнымі з'яўляюцца наступныя чатыры пункты. Па-першае, асноўная гарантыя перамогі ў барацьбе з беднасцю заключаецца ў мабілізацыйных і арганізацыйных здольнасцях КПК, а таксама ў перавазе сацыялістычнага ладу Кітая ў згуртаванасці, супрацоўніцтве, узаемадапамозе, ажыццяўленні з дапамогай сканцэнтраваных намаганняў шэрагу буйных пачынанняў.

Камуністычная партыя Кітая ўключае барацьбу з беднасцю ў агульную стратэгію дзяржавы, ажыццяўляе ўсебаковае планаванне і ўвасабляе ў жыццё гэтую задачу. Умоўна кажучы, на галоўным полі бітвы з беднасцю былі сканцэнтраваныя найлепшыя сілы, увогуле па ўсёй краіне ў глыбінку было накіравана 255 тысяч рабочых груп, больш за тры мільёны першых сакратароў і кадравых работнікаў працавалі ў вёсках. Мы сарганізавалі развітыя ўсходнія рэгіёны дапамагаць бедным тэрыторыям у цэнтральнай і заходняй частках краіны, стымуляваць прыток сюды кадраў, капіталаў і тэхналогій.

9 правінцый і 14 гарадоў на ўсходзе краіны аказалі сумесную дапамогу 14 правінцыям, аўтаномным рэгіёнам і муніцыпалітэтам у цэнтральным і заходнім рэгіёнах, аб'яднаўшыся з імі ў пары. 343 эканамічна развітыя акругі на ўсходзе і 573 бедныя паветы ў цэнтральным і заходнім рэгіёнах, згуртавана развіваючыся, рухаюцца да заможнага жыцця. Мы рэалізуем кропкавыя мерапрыемствы па барацьбе з беднасцю, 307 пунктаў цэнтральнага ўрада і дзяржаўных устаноў дапамагаюць 592 бедным паветам. Мы ажыццяўляем галіновыя мерапрыемствы па барацьбе з беднасцю, у тым ліку ў прамысловай, тэхнічнай, культурнай сферах, а таксама ў сферах адукацыі, аховы здароўя. Мы праводзім сацыяльную мабілізацыю — 123 тысячы прыватных прадпрыемстваў узялі ўдзел у мэтавай акцыі па скарачэнні беднасці «Тысячы прадпрыемстваў дапамагаюць тысячам вёсак», аказаўшы належную падтрымку 72 800 бедным вёскам. Таму быў створаны адмысловы праект са структурай галіновай і сацыяльнай падтрымкі, якія ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго, фарміруюць міжрэгіянальную, міжведамасную, міжарганізацыйную, грамадскую сістэмы сумеснага ўдзелу ў падтрымцы людзей, якія маюць патрэбу.

Па-другое, у Кітаі ўвасабляецца канцэпцыя развіцця, арыентаваная на чалавека. Рэалізацыя, падтрыманне і развіццё інтарэсаў людзей — зыходны пункт і апора ўсёй велізарнай работы. За апошнія восем гадоў цэнтральныя, правінцыйныя, гарадскія і павятовыя спецыяльныя фінансавыя фонды па барацьбе з беднасцю інвеставалі амаль 246 мільярдаў долараў, з якіх 101,5  млрд было накіравана цэнтральным урадам. Больш за 109 млрд долараў выдзелена на мікракрэдытаванне для барацьбы з беднасцю, 102,9 млрд долараў — на другаснае крэдытаванне. Значная сума — больш за 1,4 трлн долараў — была выдаткавана на мэтавыя фінансавыя пазыкі для барацьбы з беднасцю, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі. — Дзевяць усходніх правінцый і гарадоў уклалі 15,5 млрд долараў у фонды фінансавай і сацыяльнай дапамогі. Прадпрыемствы ўсходніх рэгіёнаў накіравалі больш за 154 млрд долараў па лініі супрацоўніцтва па барацьбе з беднасцю. У выніку Кітай на практыцы рэалізаваў ідэю, што развіццё прызначана для народа, абапіраецца на народ і дасягненні краіны падзяляюцца народам.

Па-трэцяе, вельмі важна, што канцэпцыя барацьбы з беднасцю была адаптавана да мясцовых рэалій. Улічваліся прычыны, розныя тыпы беднасці, таму дапамога аказвалася адрасна. Гэта было адзначана экспертамі Праграмы развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Яны лічаць, што яркай характэрнай асаблівасцю праграмы Кітая па выкараненні беднасці з'яўляецца адаптацыя комплексу мер да мясцовых умоў і адрасная дапамога. Разам з тым мы пераходзім ад формы барацьбы з беднасцю, якую можна ўмоўна назваць «пераліванне крыві», да «крывятварэння» і ў выніку ператвараем развіццё ў найбольш эфектыўны спосаб выкаранення беднасці.

Па-чацвёртае, мы лічым, што самі людзі з'яўляюцца крыніцай і рухальнай сілай барацьбы з беднасцю. Насельніцтва, якое мае патрэбу ў падтрымцы, — гэта не толькі аб'ект адпаведных мерапрыемстваў, але іх суб'ект. Мы звяртаем асаблівую ўвагу на тое, каб ператварыць імкненне людзей да лепшага жыцця ў магутную рухальную сілу барацьбы з беднасцю. Вельмі важна пераадолець стан безыніцыятыўнага чакання, утрыманства, прыйсці да ўсведамлення, што толькі руплівая праца здольная ў корані змяніць сітуацыю, — лічыць дыпламат.

Зыходны пункт

Перамога Кітая ў барацьбе з беднасцю — гэта не канцавы пункт, а зыходны пункт для развіцця краіны. Яшчэ трэба прайсці доўгі шлях для вырашэння праблемы незбалансаванага і няпоўнага развіцця рэгіёнаў, скарачэння разрыву ў развіцці паміж гарадскімі і сельскімі раёнамі, а таксама рэалізацыі ўсебаковага развіцця чалавека і агульнага росквіту ўсяго народа.

Як самая вялікая дзяржава, якая развіваецца, і самая густанаселеная краіна ў свеце, Кітай дасягнуў мэты ліквідацыі беднасці, прынятай у Парадку дня Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030-га, на 10 гадоў раней за вызначаны тэрмін. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш заявіў: «Выдатныя дасягненні Кітая ў ліквідацыі беднасці ўнеслі значны ўклад у стварэнне лепшага і квітнеючага свету, як гэта прадугледжана ў Парадку дня ААН у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Гэтыя дасягненні абнадзейваюць міжнародную супольнасць і паказваюць важнасць палітычнага абяцання і стабільнасці палітыкі ўрада для паляпшэння жыцця самых бедных і ўразлівых людзей. Мадэль экалагічнага і адкрытага развіцця, заснаваная на інавацыях, працуе на карысць кожнага».

— Кітай і Беларусь — усебаковыя стратэгічныя партнёры. Мы рады падзяліцца радасцю і паспяховым вопытам з беларускімі сябрамі, — заўважыў Се Сяаюн. — Каб кожны мог скласці больш поўнае ўражанне аб нашай краіне, лепш зразумець канцэпцыю Камуністычнай партыі Кітая. КНР гатова працягваць прыкладаць сумесныя намаганні з іншымі краінамі, уключаючы Беларусь, для ліквідацыі беднасці ва ўсім свеце.

Падрыхтаваў Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.