Вы тут

Дом Божы на Зямлі. Хто і як узводзіць храмы ў нашы дні?


У мінулыя стагоддзі, калі пабудовы былі, у асноўным, малапавярховыя, высокі будынак храма, што нібы лунае над імі ў нябёсах, выклікаў у сэрцах хваляванне і моцнае ўражанне. Сёння свецкая забудова значна «падрасла» ў вышыню і па габарытах, і храм ужо не ўзвышаецца над жылымі дамамі, а хаваецца ў іх цені.


І перад сучаснымі дойлідамі, якія праектуюць цэрквы, стаіць неверагодна складаная задача. Бо храм — гэта «партал у іншае вымярэнне», дом Божы на Зямлі, і, значыць, у тым ліку і сваім абліччам павінен захапляць сучаснага чалавека. І пры гэтым — упісвацца ў рэчышча пераемнасці мастацкіх традыцый і ў навакольны гарадскі пейзаж. Быць увасабленнем багаслоўскіх ідэй і адначасова дэманстраваць сваім выглядам стыль і пачуццё меры.

Пра тое, як сёння будуюць праваслаўныя храмы і ці можна лічыць іх прамымі нашчадкамі старадаўніх помнікаў архітэктуры, мы спыталі ў архітэктара Дзмітрыя Астравумава, які вось ужо больш за 10 гадоў праектуе цэрквы, што будуюцца ў нашай краіне і за яе межамі.

Зямное і нябеснае

— Дзмітрый, як у нашы дні прыходзяць да таго, каб праектаваць храмы? Як гэта адбылося ў вас?

— Я вучыўся на архітэктурным факультэце і бліжэй да старэйшых курсаў стаў шукаць свой кірунак у архітэктуры і ў цэлым сваё месца ў жыцці. Нейкага мэтанакіраванага руху з майго боку не было, усё атрымалася нібыта выпадкова. У 2008 годзе адзін святар звярнуўся да мяне, студэнта 4 курса, і папрасіў спраектаваць маленькі драўляны храм. Ён быў часткай вялікага храмавага комплексу. А ў мяне якраз была падрыхтоўка дыплома, і гэты комплекс пад Мінскам, у Калодзішчах, стаў маёй дыпломнай работай. З гэтага ўсё і пачалося. Я тады вучыўся на кафедры дызайну архітэктурнага асяроддзя і паралельна — у іканапіснай школе. Мне было цікава, як духоўны свет можа адкрывацца ў выяўленчым мастацтве, і я нават думаў, што буду займацца не архітэктурай, а іканапісам. Але з'явіўся заказ на адзін храм, потым — на другі, трэці... Вернік заўсёды шукае, чаго ад яго хоча Бог: аказалася, Яго воля адкрывалася менавіта ў гэтым кірунку. Пазней я завочна паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію, стаў развівацца і ў багаслоўскай адукацыі. З цягам часу з'явілася майстэрня. Былі і ёсць таксама і свецкія заказы, але наша каманда ў асноўным займаецца менавіта сакральным мастацтвам і архітэктурай.

— Цяпер цэрквы будуюць, як стагоддзі таму або па-новаму?

— Калі ўзяць зрэз таго, што цяпер будуецца ў свеце (я маю на ўвазе храмы наогул, не толькі праваслаўныя), то ў асноўным гэта, вядома, архітэктурныя цытаты з мінулага. Асабліва — і гэта мой вялікі боль — калі храмы праектуюць людзі, зусім недасведчаныя ў царкоўнай архітэктуры: нейкія праектныя арганізацыі, якія сёння праектуюць гандлёвы цэнтр, потым катэдж, потым казіно, потым храм або краму — і ўсё гэта ў адной чарадзе. На мой погляд, сакральнай архітэктурай і мастацтвам павінны займацца людзі, якія жывуць у гэтай традыцыі і маюць хоць якое-ніякое багаслоўскае разуменне храмавага дойлідства.

— Што трэба ведаць архітэктару, які праектуе храмы?

— Для архітэктара, які займаецца храмавай архітэктурай, вельмі важна спачатку вывучыць архетыпы сакральнай архітэктуры як такой. Прычым розных культур. Што такое сфера, як адлюстроўваецца вобраз неба ў купале храма (бо купал — прыналежнасць не толькі хрысціянскіх храмаў, ён сустракаецца і ў мусульманскай, і ў ведыйскай культуры). Што такое квадрат як вобраз цвердзі зямной, як ён раскрываецца ў архітэктуры. Вядома, храм — гэта не проста дом з круглым дахам. Купал храма — гэта вобраз неба, а яго падмурак, квадрат — гэта вобраз зямлі. Храм — вельмі шматзначны сімвал, які аб'ядноўвае зямное і нябеснае: тое, як вышэйшыя багаслоўскія паняцці раскрываюцца ў вобразах нашага свету. Перш за ўсё, гэта сімвал усяго бачнага свету, вобраз Сусвету. Таксама храм — гэта сімвал Царквы. Царквы не як арганізацыі, а як богачалавечага арганізма. І, нарэшце, храм увасабляе сабой уласна чалавека: у яго таксама ёсць галава (купал) і сэрца (алтар). І ўсе гэтыя сімвалы павінны гарманічна спалучацца ў абліччы будынка. У гэтым — акрамя эстэтыкі і канструктыву — задача архітэктара.

Канон і мода

— Хто-небудзь, акрамя вузкіх спецыялістаў, заўважыць, што атрымалася нешта не тое?

— Перш за ўсё ў храме павінна быць Прыгажосць, і чалавеку, калі ён прыходзіць у Царкву, павінна быць там добра. Бог стварае свет прыгожым, і Прыгажосць — адно з імёнаў Божых. Існуе нават цэлы кірунак у рэлігійным мастацтве, які называецца тэаэстэтыка. Храм павінен адлюстроўваць гэтую прыгажосць, а ўжо ўслед за гэтым — іншыя багаслоўскія падставы. Гэтая прыгажосць руйнуецца з-за перабору з дэкорам або, скажам, скажэння прапорцый, не да месца выкарыстанай сімволікі — а гэта частыя памылкі праекціроўшчыкаў, якія не зусім разумеюць, што менавіта яны праектуюць. А горш за ўсё бывае, калі які-небудзь «прамбуд» бярэцца за храмы — шкляныя барабаны, вентфасады: людзям хочацца нешта новае зрабіць. Зрабіць можна, але гэта будзе ну ніяк не храм. Нават калі зверху паставіць глаўку з крыжыкам.

— Гэта значыць, у гэтай сферы практычна няма прасторы для творчасці?

— Каб мець магчымасць займацца творчасцю ў рамках традыцыі, трэба вывучыць гісторыю развіцця рэлігійнага мастацтва і храмавай архітэктуры ад самых ранніх, яшчэ дахрысціянскіх часоў, ведаць, як гэта было ў Візантыі, у славянскіх краінах, да чаго мы прыйшлі на парозе рэвалюцыі — якраз тады ў храмавай архітэктуры Расійскай імперыі з'явіўся вельмі цікавы неарускі стыль. Уласна, на ім і скончылася развіццё храмавай архітэктуры на гэтай тэрыторыі. Разам з ведамі да чалавека прыходзіць нагледжанасць. І з'яўляецца здольнасць сумясціць паняційны багаслоўскі складнік са стылем, гісторыяй, традыцыямі — і гэта дае велізарную прастору для творчасці. Таму што ўсе гэтыя бясконцыя копіі копій, сімулякры — тое, што мы маем сёння ў сваёй асноўнай масе ў храмавай архітэктуры — людзям даўно надакучылі.

— У правільна пабудаваным храме чалавек адчувае сябе неяк па-асабліваму?

— Безумоўна. Ён будзе адчуваць сябе інакш. Уваходзячы ў храм, чалавек павінен адчуваць, што трапляе ў іншае вымярэнне — у дом Божы, што прызваны быць Боскім Адкрыццём у нашым свеце. Галоўная задача архітэктараў і мастакоў — злавіць гэтую ідэю і ўвасобіць яе ў форме і візуальных вобразах. Цяпер сярод архітэктараў шмат абмеркаванняў таго, што такое кананічнасць у царкоўным мастацтве. На мой погляд (як я ўжо казаў), важна разумець, што акрамя багаслоўскіх падстаў ёсць яшчэ такія Божыя імёны, як Прыгажосць, Мір, Дабро. І ўсё гэта вельмі важна імкнуцца выказаць у абліччы храма. А калі ўсе каноны выкананыя — прастол, алтар, іканастас, па сценах іконачкі развешаныя — але няма Прыгажосці і Гармоніі, такі храм не будзе кананічны. Можна спрачацца: прыгажосць і гармонія — паняцці суб'ектыўныя. Для гэтага і трэба арыентавацца на старажытныя ўзоры: гэта агульнапрызнаныя формы Прыгажосці. Таксама заўсёды важная некаторая аскетычнасць у сакральным мастацтве, каб гэтая вышэйшая Прыгажосць не была схаваная за ўпрыгажэнствамі.

Нараджэнне і кланаванне

— Якая ваша работа — самая любімая?

— Самага любімага храма, напэўна, няма — ці, дакладней, кожны любімы па-свойму. Кожны раз мы ў майстэрні настолькі паглыбляемся ў праекты, нібыта ўлюбляемся ў іх. Вельмі блізкая сэрцу работа над храмам Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага, над якім мы працуем апошнім часам. Любы храм прысвечаны Богу, але ёсць яшчэ і другое прысвячэнне — у гонар якога святога або свята асвятляецца прастол. Гэта шмат у чым вызначае аблічча храма. Свяціцель Спірыдон — старажытны святы, які жыў у ІV стагоддзі нашай эры, паплечнік Мікалая Цудатворца. Яго мошчы знаходзяцца ў храме на востраве Корфу. І мінскі храм будзе мець у сваёй архітэктуры адсылкі да вобразаў грэчаскіх храмаў і італьянскай архітэктуры. Напрыклад, званіца, якую мы ўжо спраектавалі, будзе цытатай званіцы з вострава Корфу. Але астатняя архітэктура будзе адрознівацца — яна ўтрымлівае элементы візантыйскай традыцыі, рысы мадэрну і нават старажытнабеларускай праваслаўнай архітэктуры (мы натхняліся Каложскай царквой у Гродне і абліччам храма Архангела Міхаіла ў Сынкавічах).

Так будзе выглядаць храм Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага. 3D-мадэль будучага храма.

— Хто вырашае, як будзе выглядаць новы храм?

— Заказчыкам звычайна выступае святар. У пачатку работы аблічча храма вызначае тое, на колькі людзей ён разлічаны: скіцкі храм на дзесяць братоў і сабор на тысячу чалавек у сталіцы патрабуюць розных архітэктурных рашэнняў. Часта пры выдзяленні зямлі строга прапісваюцца габарыты пабудовы — плошча, вышыня. З заказчыкам абмяркоўваецца стылістычны кірунак, у якім ён бачыць будынак. Многае вызначае месца, дзе будзе стаяць храм і той святы, у гонар якога ён будзе асвячацца — гэта таксама дыктуе настрой. Калі мы з заказчыкам прыходзім да агульнага бачання аблічча храма, пачынаецца работа над эскізамі. Акрамя багаслоўскіх падстаў, сучасны храм патрабуе пэўнага бытавога камфорту і службовых памяшканняў, такіх як пакой маці і дзіцяці, трапезныя, пакоі для ўборачнага інвентару, рызніцы, панамаркі, інжынерныя памяшканні — і ўсё трэба сумясціць у адным аб'ёме. На гэтым этапе часта мяняецца планіроўка — ідзе творчы працэс з алоўкам у руцэ. Тут жа вызначаецца асноўны аб'ём і малююцца фасады. Наступны этап — стварэнне чарцяжоў і 3D-мадэлі храма. Вынікам першай стадыі праекта становіцца вялікі альбом — фасады, разрэзы, генплан, пасадка на мясцовасці, візуалізацыі. Гэты альбом узгадняецца з кіруючым архірэем (у выпадку Мінска — з мітрапалітам) і ў Камітэце архітэктуры. Потым пачынаецца наступны этап: ацяпленне, вентыляцыя, электрыка, канструктарскія рашэнні. Падключаецца мноства спецыялістаў. Вынікам гэтай працы становіцца тоўсты, вышыней 20 см, стос чарцяжоў, якія праходзяць дзяржаўную экспертызу. Далей атрымліваецца дазвол на будаўніцтва і пачынаецца ўзвядзенне храма.

— Вы суправаджаеце будаўніцтва?

— Безумоўна. Пры ўзвядзенні храма неабходны аўтарскі нагляд. Вопыт паказвае, што ў адваротным выпадку будаўнікі, хутчэй за ўсё, зробяць што-небудзь не так. І тады заказчыку прыйдзецца альбо змірыцца з тым, што зроблена не так, альбо ўкладваць сродкі ў пераробку. Таму зараз мы актыўна развіваем і сваю вытворчую базу, каб была магчымасць прапанаваць выраб усяго спектра інтэр'ернага і экстэр'ернага дэкору з каменя, дрэва, металу, шкла, кампазітных матэрыялаў. Комплексны падыход вельмі важны. Калі адзін робіць адно, другі — другое, у архітэктара была трэцяя задума, у выніку прастора «развальваецца», а прыгажосць і гармонія, закладзеныя ў праект, могуць парушыцца.

— Колькі часу ўзводзіцца царква?

— Усё залежыць ад фінансавання. Наогул, гады за два можна пабудаваць вялікі храм. Вядома, што датычыцца інтэр'ерных работ, тут спешка заўсёды на шкоду якасці. Тым больш што інтэр'еры патрабуюць вялікіх аб'ёмаў ручной работы. Калі мы працуем з каменем або дрэвам, то на станку выразаем асноўныя формы, а потым, каб гэта не выглядала машыннай разьбой, патрэбна ручная дапрацоўка. Прасцей за ўсё было б загнаць праграму ў станок, выразаць неабходную дэталь і аддаць заказчыку. Кагосьці гэта задавальняе, але калі мы робім будынак для Бога, важна ўкласці ў яго душу і намаганні. У старажытнасці храм быў жамчужынай, туды ўкладваліся велізарныя сродкі, а майстрам, здаралася, нават адсякалі рукі і выколвалі вочы, каб яны не паўтарылі такой прыгажосці. Сярэднявечныя норавы, што тут сказаць... Цяпер інвестары ў асноўным укладваюць грошы ў гандлёвыя цэнтры. Ну, а храмы будуюцца «прыхваткамі». Калі пачынаецца гонка: «Хутчэй-хутчэй!», калі пастаянна скарачаецца фінансаванне — ці можна стварыць нешта прыгожае?

— Акрамя вашай майстэрні ў Беларусі хто-небудзь яшчэ спецыялізуецца на праектаванні храмаў?

— Зразумела, мы не адзіныя. Але ў Беларусі такіх архітэктараў вельмі няшмат. У нашай майстэрні «Прахрам» ёсць кампаньёны ў Расіі. У нас моцны творчы саюз з Гільдыяй Храмаздаўцаў, які дапамагае развівацца і існаваць. Таму што вельмі лёгка ўвайсці ў сваю рамесную парадыгму і капіраваць свае ж работы, штампуючы «клонаў». Нам гэта нецікава. Часам нам тэлефануюць і пытаюцца, ці прадаём мы гатовыя праекты. Даводзіцца тлумачыць: храм як чалавек — яго нельга кланаваць. У ім ёсць душа. Ён павінен нарадзіцца...

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.

У свеце

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай. 

Культура

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Трэцяга лістапада — дзень нараджэння класіка. 

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.