Вы тут

Мікола Адам. Адаптацыя


Урывак з рамана

Наташка старэйшая за мяне на цэлых шэсць гадоў! Калі яна пайшла ў школу, я толькі-толькі рабіў першыя самастойныя крокі, дый то не зусім устойліва стаяў на нагах і спатыкаўся на роўным месцы. Калі крыху падрос — чапляўся за сястрычыну спадніцу і мкнуў туды ж, куды рухалася дзяўчынка. Наташка ніколі не праганяла мяне і не раздражнялася. Мая прысутнасць была ёй у радасць, тым больш што сястра, лічы, выняньчыла мяне. Наташка любіла свайго малодшага браціка, магчыма, болей за ўсіх на свеце, і гэта было ўзаемна. Яна брала мяне з сабой паўсюль, вучыла ўсякім словам і ратавала ад рознага кшталту непрыемнасцей, у якія я, бывала, трапляў. Да прыкладу, аднойчы я перакуліўся з цацачнага, але досыць вялікага трактарчыка, на якім рассякаў прасторы двара побач з домам, і праараў носам асфальт. Наташка першаю кінулася мяне супакойваць. Вядома, я захлынаўся слязьмі ад болю. Кроў, што цякла як з падрапанага носа, так і з абедзвюх дзірак у ім, вельмі напалохала мяне, бо ніколі раней я столькі яе не бачыў, тым больш на сабе. Толькі Наташка валодала асаблівым дарам, быццам замовай, суцішыць любы боль. Яна нібыта забірала яго, дакрануўшыся рукою да таго месца, дзе смылела ці садніла. А калі я выпадкова заганяў стрэмку сабе пад скуру, Наташка высмоктвала яе, выплёўвала, а потым за лічаныя секунды лекавала ранку языком і вуснамі. За ёю я пачуваўся як за мурам, хоць, натуральна, ні на які камень Наташка не паходзіла. Дзяўчынка падавалася найпрыгажэйшай, чароўнай прынцэсай з іншай планеты, куды яна абавязкова вернецца і забярэ з сабою мяне. Наташка даўно б магла вярнуцца ў сваю дзівосную краіну, але чакала, пакуль падрасту я, бо адмаўлялася ляцець туды без любага браціка. І таму кожныя выхадныя я праводзіў у сястрычкі, застаючыся ў яе пакоі начаваць. Наташка дамаўлялася з маёй мамай папярэдне, а тая ніколі не адмаўляла. Мы лажыліся ў адзін ложак. Сястра казытала мяне, ціскала. Ёй падабалася, як я віскатаў, але тое падабалася і мне. Потым брала маленькую цацачную гітарку, якая, між іншым, гучала, і спявала пра тое, які я маленькі і дурненькі. Мне ніколі не было крыўдна, наадварот, я ў такт спяваў пра тое, якая Наташка красуня. Калі б яе можна было з кімсьці параўнаць, то гэта была б Маша Старцава — гераіня кінапрыгод Пятрова і Васечкіна. Толькі Наташка, у адрозненне ад Машы, была бландзінкай. Знешнасць ёй перадалася ад маці.

Ішлі гады. Наташка квітнела, раскрывалася, як бутон, ператваралася ў будучую жанчыну. У яе закохваліся хлопчыкі, біліся за і з-за яе. Рос таксама і я. Мы бачыліся ўсё менш, але стасункі заставаліся такімі ж цёплымі, і пры сустрэчах Наташка па-ранейшаму ціскала мяне і зацалоўвала. Неяк, калі ёй ужо споўнілася шаснаццаць, яна правяла ноч у нашай кватэры на Паркавай. Яе папрасіў бацька. Яму трэба было ісці на працу ў начную (мама з маім братам Алесем тады знаходзіліся ў санаторыі ў Алма-Аце), і нас, мяне з сястрой Таняй, ён баяўся пакідаць дома адных. Да таго ж ва ўсіх дамах па вуліцы адключылі святло і ваду яшчэ ўдзень з-за нейкай аварыі, і калі ўсё адладзіцца нікому вядома не было. Мы б з Танькай і ўдваіх справіліся, але з Наташкай, вядома, час міне незаўважна. Яна прыйшла не адна, з сяброўкай па двары і аднакласніцай Іркай. Разам яны неаднойчы ўладкоўвалі перад Ірчыным пад’ездам рознага кшталту відовішчы — тэатралізаваныя музычныя нумары, паглядзець якія збіраліся людзі нават з суседніх дамоў. Ірка марыла стаць артысткай, хоць адпаведнай знешнасцю не вылучалася. Наташка больш была падобна на артыстку, аднак у будучым не бачыла сябе на сцэне і ўвогуле, пакуль вучылася ў школе, не задумвалася пра дарослае жыццё. Меншая за Наташку ростам амаль на галаву і паўнаватая, Ірка з кірпатым тварам і кароткай прычоскай (хлапчуковая грыўка непаслухмяна спаўзала ўніз і закрывала ці не цалкам правую палову яе твару) у сваіх здольнасцях не сумнявалася і ведала, што яе мара ажыццявіцца.

…Каля дома дзяўчаты бачылі машыну, да якой стаяла чарга з вёдрамі ў руках. Мабыць, давалі ваду. Нам яна таксама не перашкодзіла б, таму, узяўшы трохлітровы бідончык, з якім я хадзіў у краму па малако, мы спусціліся на вуліцу. Адстаялі чаргу, набралі вады і вярнуліся ў кватэру, дзе запалілі свечкі, бо зрабілася ўжо цёмна, нягледзячы на жнівеньскі даволі светлы вечар, і на пліту паставілі чайнік на гарбату з торцікам, які госці прынеслі з сабой і які асабліва ўразіў Таньку, бо да салодкага яна ласая была, як хтосьці да каўбас.

І яшчэ Наташка з Іркай прынеслі магнітафон, што працаваў на батарэйках, з запісамі на касетах не толькі «Ласкавага мая» і «Модэрн токінг», пад які Танька танчыла, пакуль не стамілася і не заснула, але і гуртоў «Кіно», «Наўтылус Пампіліус», «Машына часу», «Аліса», «Акварыум». Да таго вечара я ніколі не чуў ні песень тых груп, ні слова «рок», што азначала музычны жанр, у якім працавалі названыя музыканты. Зразумела, што амаль нічога з таго рока я не зразумеў, але слухаў з вялікім задавальненнем. Мне падабаліся словы, што даносіліся з дынамікаў магнітафона, і падабалася музыка, але больш словы. Нейкая ў іх прысутнічала жыццёвая моц і праўда, цалкам адрозная ад эстрады, якую трансліравалі па тэлебачанні. Гэта мяне нібыта заваражыла, і выглядаў я, мабыць, смешна для Іркі з Наташкай, бо знаходзіўся ў своеасаблівым трансе — дзяўчаты пачалі ўсміхацца і пераміргвацца, калі глядзелі на мяне. А потым батарэйкі здохлі, і музыка скончылася. Спаць нікому не хацелася, акрамя Танькі, якая і так даўно спала, і дзяўчаты пачалі расказваць наперабой страшылкі пра чорную руку, труну на калёсіках, зялёныя пальцы, пазногці ў катлетах, жанчыну ў чорным капелюшы, якая сыходзіла з карціны і ела сэрцы сваіх гаспадароў… У нас, дарэчы, падобнае палатно вісела ў гасцёўні. Пасля аповеда пра жанчыну ў чорным капелюшы мы ўсе разам міжволі азірнуліся на твор у раме, і Ірка сказала, што цяпер дакладна спаць не ляжа ні за якое ўзнагароджанне. Напалохалі самі сябе не па-дзіцячы. Уздрыгвалі ад любога шолаху і рыпу, хоць і смяяліся потым, але таксама ад страху. Утраіх сядзелі на канапе і баяліся з яе злезці, калі-нікалі пазіраючы на карціну. І нам здавалася, што з кожным позіркам на яе жанчына перамяшчаецца ўсё бліжэй і бліжэй да нас, каб вырваць нашы сэрцы. Урэшцэ рэшт змора ўсё адно паланіла нас, і мы паснулі там, дзе сядзелі. Пабудзілі нас Танька і бацька, які вярнуўся з працы. А ўвечары далі святло і ваду.

Цяпер прозвішча Наташкі — Мукатаева, і яна мама дваіх дзяцей. Мы ніколі больш не бачыліся.

Цалкам раман чытайце ў №№ 11-12 «Полымя» за 2020 год.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.