Вы тут

Чаму палітычны праект пад назвай «БНР» не атрымаў рэальнага зместу


З Валянцінам МАЗЕЦАМ, кандыдатам гістарычных навук, супрацоўнікам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН, размаўляць пра гэту самую навейшую гісторыю нашай краіны, асабліва даваенную, заўсёды надзвычай цікава. Ён з лёгкасцю выдае і тлумачыць факты, якія для большасці жыхароў нашай краіны, нават тых, хто лічыць сябе адукаванымі патрыётамі, — са сферы «нешта недзе чуў». А і праўда — ці шмат мы ведаем, што адбывалася на гэтай зямлі ў калатнечы рэвалюцый і Першай сусветнай? У найлепшым выпадку згадаем Брэсцкі і Рыжскі мір, БНР і БССР, і то без асаблівых падрабязнасцяў.

А калі гэтыя падрабязнасці даведваешся — неверагодна цікава становіцца. Стэрэатыпы, якія склаліся ў галаве на аснове павярхоўных ведаў, пачынаюць хістацца і рушыцца. Вось, напрыклад, БНР. Хтосьці звязвае яе з пачаткам беларускай незалежнасці, называе дату яе дэкларацыі Днём волі. Іншыя кажуць пра тое, што беларусы, якія яе стваралі, ні больш ні менш здраднікі, бо спеліся з акупацыйным рэжымам... А насамрэч праўда, заснаваная на гістарычных фактах, — яна, як часта бывае, пасярэдзіне. Не вельмі прыемная для нас, бо ўжо тады «нашу Айчыну без нашае волі, як тую аўчыну, ў шматкі папаролі». Зрэшты, аб усім па парадку ў дыялогу з гісторыкам (які, дарэчы, па тэме БНР абараніў кандыдацкую дысертацыю).


— Валянцін Генрыхавіч, калі казаць пра падзеі пачатку 1918 года на беларускай тэрыторыі і пра ролю нашай нацыянальнай эліты ў палітычным жыцці таго часу... У мяне складваецца ўражанне, што і Беларусь як ідэя, і тыя прыстойныя адукаваныя людзі, якія мелі высакародную мэту — стварыць уласную беларускую дзяржаву, былі толькі пешкамі ў геапалітычнай гульні...

— Калі казаць вобразна, дык яны нават пешкамі не былі, яны на той шахматнай дошцы і не стаялі. Беларусь так і не стала ў той час суб'ектам міжнароднага права. Ніводную беларускую дэлегацыю не дапускалі да перагавораў, у тым ліку і да тых, на якіх вырашаўся лёс беларускіх зямель. Беларусы і ў 1918 годзе, калі падпісваўся Брэсцкі мір, і ў 1921-м, калі падпісваўся Рыжскі дагавор, хацелі стварэння сваёй уласнай дзяржавы. А гэта блытала планы больш магутных гульцоў і з Захаду, і з Усходу. Таму, калі ўжо згадалі падзеі 1921 года, на перагаворы ў Рызе не дапусцілі ні прадстаўнікоў БНР, ні прадстаўнікоў ССРБ, абвешчанай 31 ліпеня 1920 года ўжо другі раз на працягу двух гадоў...

— Увогуле, чалавек, які пацікавіцца гісторыяй тых часоў, задасца пытаннем: Брэсцкі мір — без удзелу беларусаў, без уліку хоць якіх-кольвек беларускіх інтарэсаў, быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года. І раптам у канцы сакавіка беларусы дэкларуюць стварэнне сваёй рэспублікі... Выглядае як жэст адчаю, бо зразумела ж было, што ў тых варунках яе наўрад ці хтосьці прызнае...

— Трэба сказаць, што спачатку былі планы стварэння сумеснай літоўска-беларускай дзяржавы. Беларускія дзеячы, якія на той час былі ў Вільні (занятай немцамі яшчэ ў 1915 годзе), — браты Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі — зыходзілі з ідэі, што ва ўмовах акупацыйнага рэжыму немцы пойдуць на тое, каб даць беларусам, як і літоўцам, палітычнае самавызначэнне. Перадумовы на тое, здавалася б, і былі: на захопленых з 1916 года тэрыторыях сённяшняй Заходняй Беларусі было дазволена адкрываць беларускія школы, друкаваць кнігі і газеты на беларускай мове... На Беларускай канферэнцыі, якая адбылася ў Вільні 25—27 студзеня 1918 года, прадстаўнікі беларускага і літоўскага бакоў дамовіліся ва ўмовах нямецкай акупацыі стварыць суверэнную дэмакратычную дзяржаву, якая складалася б з дзвюх аўтаномных адзінак — беларускай і літоўскай — і мела б сувязі з незалежнай Курляндыяй. Але ў лютым перагаворы ў Брэсце былі фактычна сарваныя Троцкім, і Германія пачала наступленне на Усходнім фронце. І план стварэння беларуска-літоўскай дзяржавы для Германіі стаў неактуальны. Пайшоўшы ў актыўнае наступленне 19 лютага, нямецкае камандаванне не мела ўжо ніякага жадання гуляцца ў незалежнасць з народамі на акупаванай тэрыторыі...

— Але ж у Літвы неяк атрымалася абвясціць сваю рэспубліку...

— Літоўцы хуценька забыліся пра сумесны праект з беларусамі. Яшчэ 11 снежня 1917 года Тарыба прыняла дэкларацыю, у якой абвясціла пра «спыненне ўсялякіх дзяржаўных сувязяў, што калі-небудзь існавалі паміж Літвой і іншымі дзяржавамі», і выказалася «за адвечныя і трывалыя сувязі Літвы з Германскай імперыяй... на асновах ваеннай канвенцыі і канвенцыі сувязі, а таксама на асновах адзінай мытнай і валютнай сістэмы». 16 лютага 1918 года, напярэдадні наступлення германскіх войскаў, Тарыбай была абвешчана Дэкларацыя незалежнасці Літвы. 23 сакавіка Германія прызнала незалежнасць Літвы.

Дарэчы, гэты гістарычны дакумент аб прызнанні Літва да сёння не можа атрымаць: ім тады ў сакавіку 1918-га яго паказалі і забралі назад...

— Атрымліваецца, беларусы аказаліся не такія спрытныя...

— Можна сказаць і так. Але падтрымку беларускага палітычнага праекта ў Германіі не лічылі мэтазгодным, у тым ліку і падчас перагавораў у Брэсце, якія пачаліся яшчэ ў канцы 1917 года. Прычым падтрымку беларусаў у іх імкненні да самастойнасці не лічылі патрэбнай і ў Савецкай Расіі. І тут інтарэсы праціўнікаў супалі. За кошт беларускіх зямель Германія і саюзнікі вырашылі падтрымаць Украінскую Народную Рэспубліку, прадстаўнікі якой прысутнічалі на перагаворах. За месяц да Брэсцкага міру, 9 лютага 1918 года, Германія, Аўстра-Венгрыя, Балгарыя і Асманская імперыя падпісалі мірны дагавор з УНР. Ён фіксаваў граніцы паміж Украінай і Аўстра-Венгрыяй. Паводле яго, у склад УНР меркавалася перадаць тэрыторыі на ўсход да Буга па лініі Каменец — Пружаны і да Выганаўскага возера. Пазней, па ўмовах Брэсцкага міру ад 3 сакавіка 1918 года, тэрыторыя Гомельскага, Пінскага, Кобрынскага і частка Пружанскага паветаў на поўдзень ад Палескай чыгункі пераходзілі пад уладу УНР, а канчатковае ўстанаўленне граніцы з Украінай павінна было стаць прадметам асобных перагавораў.

Фота: livejournal.com

Планавалася таксама перадаць землі новаабвешчанай Літве. А менавіта тэрыторыю былой Гродзенскай губерні да ўкраінскай граніцы і паўночную частку Навагрудскага павета Мінскай губерні. Карацей кажучы, усю заходнюю частку нашай сучаснай тэрыторыі меркавалася раздзяліць паміж Украінай і Літвой...

А пасля немцы ўвогуле паабяцалі адны і тыя ж беларускія тэрыторыі літоўцам і палякам (Рэгенацыйнай радзе, створанай пры падтрымцы германскага ўрада). Гэта такая імперская практыка: хай лепш ваююць паміж сабой, чым нападаюць на «гаспадара». Наш лёс вырашалі без нас.

— Украінская народная рэспубліка таксама апынулася ў такім прыярытэтным становішчы толькі таму, што яе паспелі раней стварыць?

— Не зусім так. Не трэба забываць, што яшчэ з часоў падзелаў Рэчы Паспалітай заходняя частка Украіны апынулася ў складзе Аўстра-Венгрыі, улады якой не чынілі перашкод для развіцця ўкраінскага нацыянальнага руху. Акрамя таго, 20 лістапада 1917 года на неакупаванай германскімі войскамі тэрыторыі Украіны была абвешчана УНР (Украінская Народная Рэспубліка). Дарэчы, дэлегацыя УНР з'яўлялася ўдзельніцай перагавораў у Брэсце.

Таму казаць, што ўкраінцы, апынуўшыся з беларусамі ў адным «зыходным пункце», дасягнулі ў той час нашмат большага, зусім няправільна. Бо ў іх «зыходны пункт» быў іншы.

Яшчэ трэба дадаць, што на тэрыторыі Беларусі ўвесь час знаходзілася лінія фронту, якая некалькі разоў пасоўвалася. Яшчэ і з гэтай прычыны развіваць нацыянальны рух было вельмі складана...

— І ўсё-ткі, вяртаючыся да канца лютага 1918-га... Немцы занялі Мінск. Магчыма, нацыянальныя дзеячы меркавалі яшчэ, як літоўцы, ускочыць у апошні вагон перад падпісаннем Брэскага міру і, атрымаўшы ад немцаў хоць які статус, замацаваць дзяржаўнасць?

— У Мінск 21 лютага германскія войскі прыехалі па чыгунцы, без аніякіх баёў. А стварэнне БНР і ўладных органаў пачалося да таго, як сюды прыйшлі немцы. Выканаўчы камітэт Савета Усебеларускага з'езда меў паўнамоцтвы пры магчымасці ўзяць уладу ў свае рукі і абавязак беларусізацыі Саветаў (маецца на ўвазе прысутнасць у гэтых органах улады беларусаў). У ім былі прадстаўнікі ўсіх беларускіх сацыялістычных партый. І яны скарысталіся сітуацыяй 19 лютага 1918 года, калі бальшавікі адступілі з Мінска, а германскія войскі яшчэ не прыйшлі. Яны вырашылі паспрабаваць: а раптам паспеем стварыць штосьці, што прызнаюць тыя ж немцы? І калі немцы прыехалі ў Мінск, дык у пачатку і заявілі: мы, маўляў, прыйшлі вызваліць вас ад бальшавіцкага прыгнёту і дазволім развіваць вам сваё нацыянальнае, не будзем вас прыніжаць. Але гэта былі толькі абяцанні. Літаральна 25 лютага германскі камендант у Мінску загадаў беларускаму ўраду шукаць сабе іншае памяшканне, з будынка знялі бчб-сцяг і забралі ўсю ўрадавую касу — усе грошы...

А 3 сакавіка заключаецца Брэсцкі мірны дагавор, які дзеліць нашу тэрыторыю на часткі паміж іншымі дзяржавамі... Паводле ўмоў гэтага дагавора тэрыторыя Беларусі была падзелена па лініі Дзвінск — Свянцяны — Ліда — Пружаны — Брэст. Паводле артыкула 3, вобласці, што знаходзіліся на захад ад азначанай лініі, выводзіліся з-пад юрысдыкцыі Расіі і яна адмаўлялася ад любога ўмяшання ва ўнутраныя справы гэтых абласцей. Падкрэслівалася, што Германія і Аўстра-Венгрыя будуць вызначаць будучы лёс гэтых абласцей. Тэрыторыя Беларусі, занятая нямецкімі войскамі на ўсход ад лініі Дзвінск — Свянцяны — Ліда — Пружаны — Брэст, лічылася часова акупаванай.

Як адзначаў Макар Краўцоў, «Беларусь была парэзана на кавалкі, без ніякае згоды на гэта з яе боку, без ніякага яе голасу пры гэтым. Хоць бальшавікі адкаціліся далёка на ўсход ад старога фронту імперыялістычнай нямецка-расійскай вайны, але немцы трымалі і гэты стары фронт як моцны кардон, не даючы магчымасці яднацца раней акупаванай імі частцы Беларусі з рэштаю яе на Усходзе».

У такіх абставінах прыняцце Выканаўчым камітэтам Савета з'езда 9 сакавіка 1918 года 2-й Устаўной граматы, паводле якой Беларусь была абвешчана народнай рэспублікай у межах рассялення і колькаснай перавагі беларускага народа, з'яўлялася своеасаблівым пратэстам супраць несправядлівага мірнага дагавора.

Геапалітычная сітуацыя яшчэ ўскладнялася тым, што ў сакавіку 1918 года ў Берліне адбылася сустрэча прадстаўнікоў кіруючых партый рэйхстага з кіраўнікамі польскіх арганізацый. Разглядалася пытанне магчымасці перадачы Германіяй Польшчы беларускіх зямель Гродзеншчыны і часткі Міншчыны ў якасці кампенсацыі за адмову палякаў ад прэтэнзій на Познаньшчыну.

Згаданыя абставіны і гандаль беларускім народам і тэрыторыяй паміж палякамі і немцамі патрабавалі ад Беларусі выяўлення юрыдычнага аблічча. Нельга было пратэставаць супраць падзелу, калі дзялілі тыя, каму яшчэ належаў суверэнітэт над Беларуссю і для каго гэты падзел быў толькі ўнутранай справай Расіі. 25 сакавіка 1918 года была прынятая 3-я Устаўная грамата. Граматаю Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай і вольнай дзяржавай. На падставе гэтага акта было заяўлена пра скасаванне ўсіх старых дзяржаўных сувязяў, а Народнаму Сакратарыяту даручалася звярнуцца да зацікаўленых бакоў з прапановай перагледзець умовы Брэсцкага міру.

Цікавы яшчэ вось які факт. Тыя з нацыянальных дзеячаў, хто праводзіў Беларускую канферэнцыю ў Вільні, былі за старой — да нямецкага наступлення — лініяй фронту. Тыя, што былі ў Мінску, на акупаванай немцамі тэрыторыі апынуліся толькі ў канцы лютага 1918 года. І прапускны рэжым паміж «старымі» акупаванымі тэрыторыямі і «новымі» быў захаваны. Так што не толькі нацыянальныя дзеячы з Мінска не маглі трапіць на студзеньскую канферэнцыю ў Вільню (для гэтага трэба было б перайсці лінію фронту), але і ў Мінск у сакавіку з Вільні дабрацца было праблематычна. Вядома, што Антон Луцкевіч не змог трапіць на пасяджэнне Рады БНР у пачатку месяца, бо не атрымаў дазволу прыехаць у Мінск. Германія разглядала зноў занятую тэрыторыю часова акупаванай, у той час як землі, занятыя яшчэ ў 1916 годзе, яна ўжо лічыла сваімі. Увогуле мелася на ўвазе, што Брэсцкі мір — часовая перадышка. І што Расія, цалкам выплаціўшы кантрыбуцыю Германіі, забярэ назад тэрыторыі, якія немцы захапілі ў пачатку 1918 года. І як вы разумееце, меліся на ўвазе і беларускія тэрыторыі, у тым ліку Мінск...

— Наш лёс фактычна вырашаюць без нас, а ў гэты час нашы ідэалісты-летуценнікі абвясцілі дзяржаву, па якой самі нават не маглі свабодна перамяшчацца (як згаданы вамі Антон Луцкевіч), намалявалі карту рэспублікі, якая сваімі абрысамі перасягала нават нашу сённяшнюю тэрыторыю. Яны мелі для гэтага нейкія падставы, ці гэта быў утапічны праект?

— Яны былі не ідэалістамі, а, хутчэй, рэалістамі. Гэта было абвяшчэнне першай нацыянальнай формы беларускай дзяржаўнасці. Падкрэслю: менавіта формы. Але гэту форму трэба было напоўніць зместам — стварыць рэальную дзяржаву. А ва ўмовах вайны, ва ўмовах акупацыі гэта было нерэальна, ніякім чынам немагчыма.

— І ніхто не даў бы гэтага зрабіць: у кожнага, як бачым, быў свой інтарэс на нашыя тэрыторыі.

— Але тут можна ўспомніць народную казку пра дзвюх жабак, што трапілі ў смятану, адна з якіх склала лапкі і патанула, а другая боўталася без асаблівай надзеі на поспех і ўрэшце збіла масла і здолела выбрацца са збанка. Беларуская эліта ў той час паводзіла сябе, як другая жабка, старалася штосьці зрабіць нават у безвыходнай сітуацыі...

— Калі ўжо працягваць вашу аналогію, дык любы вясковы чалавек скажа, што калі смятана пракіслая, колькі ні боўтайся, масла не будзе. Выглядае так, што тады для беларусаў была менавіта такая сітуацыя...

— Але дзякуючы гэтай, хоць па сутнасці і безнадзейнай, актыўнасці, у Еўропе даведаліся, што ёсць такі народ, які таксама хоча мець права на самавызначэнне. «Маладой беларускай дзяржаве не ўсміхаецца шчаслівая будучыня. Але мы не павінны сядзець склаўшы рукі. Мы павінны заяўляць усяму свету пра несправядлівасць, якая была ўчынена падчас вайны з беларускім народам», — вось як яны лічылі. Яны былі рэалістамі, але ў той геапалітычнай сітуацыі беларусы нікому не былі патрэбныя. І таму ў БНР ад пачатку шанцаў было нуль. Але дзякуючы абвяшчэнню і дзейнасці БНР пачалі стварацца мясцовыя беларускія рады (саветы), якія пачалі распаўсюджваць на месцах ідэю неабходнасці таго, каб беларусы жылі ў сваёй самастойнай дзяржаве. У 1919 годзе бальшавікі вымушаныя былі пайсці на стварэнне ССРБ, бо гэтая ідэя прыжылася ў народзе. Важны быў яшчэ і культурна-асветніцкі чыннік — на акупаванай тэрыторыі немцы дазвалялі адкрываць беларускія школы, і іх, па розных звестках, было каля трох соцень...

— Наўрад ці немцы дазвалялі адкрываць нацыянальныя школы толькі з гуманітарных памкненняў...

— Яны такім чынам падтрымлівалі актывізацыю нацыянальнага руху не толькі беларусаў, але і іншых народаў з тым, каб у будучым стварыць праблему для бальшавікоў. Дарэчы, праз тры гады, падчас заключэння Рыжскага міру, палякам прапаноўвалі аддаць яшчэ больш беларускай тэрыторыі, але ўрад Грабскага адмовіўся, бо ў тым жа Мінску летам 1920 года аднавіла сваё існаванне БССР (дарэчы, у адрозненне ад 1919-га, без узгаднення з бальшавікамі), і вырашаць беларускае нацыянальнае пытанне палякі бальшавікам і пакінулі.

— А ў сакавіку 1918 года БНР не прызнаў нават акупацыйны нямецкі ўрад, хоць кайзеру Германіі была накіравана адпаведная тэлеграма. Сама яна нават тады ледзь не ўнесла раскол у шэрагі дзеячаў БНР, дый сёння згадваецца як сінонім прадажніцтва, і тое, што кайзер на яе не адказаў, яшчэ і дадае негатыўнага адцення...

— З тэлеграмай увогуле цікавая гісторыя. Германскія даследчыкі Маціяс Дорнфельт і Энрыка Зэевальд у кнізе, прысвечанай адносінам паміж Германіяй і Беларуссю ў 1916—1925 гадах, апублікавалі цікавыя дакументы. Аказваецца, тая славутая тэлеграма так і не дайшла да адрасата. 26 красавіка 1918 года тэкст тэлеграмы Вільгельму быў перададзены Р. Скірмунтам, Я. Варонкам і А. Аўсянікам у штаб ІІІ рэзервовага германскага корпуса ў Мінску. Органы цэнзуры атрымалі інструкцыю не дапускаць публікацыі тэлеграмы. Тэлеграма так і не была адпраўлена.

Увогуле, з адкрыццём гэтых падрабязнасцяў ёсць нагода думаць, што адпраўка тэлеграмы кайзеру — гэта была спланаваная, але не даведзеная да канца акцыя прадстаўнікоў Савецкай Расіі. Бо пры Радзе БНР было шмат яе агентаў, якія ўдзельнічалі ў пасяджэннях, дакладвалі, што на іх адбываецца (і таму ёсць дакументальныя пацвярджэнні). Складваецца ўражанне, што гэта было спецыяльна зроблена, бо, паводле ўмоў дагавора, падпісанага ў Брэсце, меркавалася — грошы будуць спраўна выплачвацца пры ўмове, што Германія не будзе рабіць ніякіх крокаў па прызнанні нейкіх новых дзяржаўных утварэнняў на новых тэрыторыях (якія пасля выплаты кантрыбуцыі Расія планавала вярнуць).

І калі б тэлеграма была накіравана ў Берлін па дыпламатычных каналах, гэта б азначала, што Германія ўступае ў дыпламатычныя адносіны з БНР, і Расія мела б усе падставы адмовіцца плаціць.

Тэлеграма да кайзера так і не была накіравана, яна засталася дзесьці ў штабе ІІІ рэзервовага германскага корпуса, які знаходзіўся ў Мінску. Але яе тэкст быў апублікаваны ў расійскіх газетах з адпаведнымі каментарыямі (маўляў, здраднікі-беларусы). Што таксама сведчыць на карысць версіі аб наяўнасці расійскіх агентаў у колах кіраўніцтва БНР і аб іх адмысловай аперацыі. Але ў гэтай гульні, не паслаўшы тэлеграму з Мінска, немцы перайгралі праціўніка, і Расія вымушана была плаціць.

Разам з тым яшчэ ў пачатку красавіка 1918 года Народны Сакратарыят пасылае мемарандум германскаму рэйхсканцлеру, у якім паведамляе аб прыняцці Другой і Трэцяй Устаўных грамат, просіць прызнаць незалежнасць БНР, а таксама перагледзець тыя пункты Брэсцкага дагавора, якія датычацца Беларусі. Вось на гэты зварот германскі ўрад даў адказ. Рэйхсканцлер паведаміў Народнаму Сакратарыяту Беларусі, што Берлін разглядае Беларусь як «частку Савецкай Расіі» і па Брэсцкім дагаворы без урада Леніна пытанне сам вырашыць не можа. І гэта быў пасыл у бок Расіі: маўляў, паглядзіце, паводле дагавора, нікога прызнаваць не будзем, таму ганіце грошы...

— Карацей, зноў Беларусь стала разменнай манетай, прычым ужо літаральна. Калі прыйшло гэтае разуменне да тых, хто марыў пра дзяржаву Беларусь, было, напэўна, расчараванне?

— Ёсць верш Янкі Купалы, датаваны 25 сакавіка 1920 года. Ведаеце, як ён пачынаецца? «Не свята светлае спраўляці / Сягоння будзе наш народ, / А трызну па Айчыне-маці / Ён справе ў гэты цяжкі год»... І далей: «Не «незалежнасць» праз час гэты / Сваё разводзіла святло, / А падняволле без прасветы, / А рабства Беларусь гняло» (чытаць верш цалкам)... Тады на нашай тэрыторыі ішлі баі савецка-польскай вайны, і зноў БНР была толькі ўмоўнай адзінкай, якую ніхто не браў у разлік...

Але гэтыя людзі верылі ў беларускую ідэю, і яна была для іх важнейшая за нейкія асабістыя прыярытэты. Калі была абвешчана ССРБ, Антон Луцкевіч пісаў: добра, што нашы мары спраўджваюцца, цяпер і бальшавікі пайшлі нам насустрач. І ў 1928 годзе ў артыкуле, прысвечаным 25-годдзю Беларускай сацыялістычнай грамады, ён жа пісаў: «Часткова нашы мэты ўжо дасягнуты. Будуецца Беларусь...» Нягледзячы на тое што былі ідэалагічныя рознагалоссі, ідэі беларускай дзяржавы і беларускага народа для іх былі галоўныя. Дзеля Беларусі і дзеля народа яны праяўлялі розум і гібкасць, і гэтаму сёння варта ў іх павучыцца.

— З пункту гледжання гісторыі з падзей тых часоў мы можам вынесці яшчэ нейкія ўрокі?

— Самы важны ўрок для нас з таго часу — свае ўнутраныя праблемы трэба вырашаць самім. Толькі нам самім да сябе сапраўды ёсць справа. І не варта выкарыстоўваць тыя ці іншыя гістарычныя падзеі для палітычнага супрацьстаяння — гэта контрпрадуктыўна. Трэба шукаць тое, што нас аб'ядноўвае... І яшчэ адно, надзвычай сёння актуальнае. Народ, які не хоча ведаць і шанаваць сваю гісторыю, будзе вымушаны вывучаць гісторыю чужую.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота БЕЛТА

Прэв'ю: livejournal.com / archive.gov.by

Загаловак у газеце: «Не свята светлае спраўляці...»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.