Вы тут

На Гомельшчыне адкрыецца ўнікальная інклюзіўная вытворчасць


На Гомельшчыне прадпрымальнікі-пачаткоўцы рыхтуюцца адкрыць першую ў рэгіёне вытворчасць па абсмажванні кавы. Запускаецца бізнеспраект у Хойніках. Стартаперы — інваліды-калясачнікі, якія ўпэўненыя ў поспеху ўнікальнага для палескай глыбінкі інклюзіўнага прадпрыемства.


Працэс навучання інклюзіўнага барыста.

Жыццёвы бэкграўнд

Партнёры па незвычайным для Гомельшчыны праекце — Яўген Шаўко і Вячаслаў Надзін. Жэня родам з Мазыра. Доўгі час узначальваў Мазырскую міжраённую арганізацыю «Асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў». Цяпер — старшыня цэнтральнага савета «Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў», член Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў. Ён удзельнічае ў стварэнні заканадаўства па безбар'ерным асяроддзі. Яўген на калясцы — больш за 20 гадоў.

У 18 няўдала нырнуў у раку, зламаў шыйны аддзел пазваночніка. Да няшчаснага выпадку паспеў скончыць першы курс Мазырскага педуніверсітэта, пасля траўмы змог давучыцца завочна. Увогуле ж сямейная гісторыя гэтага чалавека ўжо некалькі гадоў матывуе людзей з інваліднасцю будаваць сваё шчасце насуперак стэрэатыпам. Разам з жонкай Ганнай яны былі першай сямейнай парай інвалідаў-калясачнікаў у Мазыры, якія сталі шчаслівымі бацькамі дачушкі.

Сябар і партнёр па бізнесе Яўгена Шаўко — Вячаслаў Надзін — вядомы актывіст-калясачнік, які таксама сваім прыкладам актыўнага спосабу жыцця натхняе людзей з інваліднасцю не замыкацца ў сваіх праблемах — займацца спортам, вандраваць, асвойваць новыя віды дзейнасці, марыць і дамагацца жаданага...

— Мне было 24 гады, калі атрымаў траўму ў выніку аўтааварыі. Сёлета 20 гадоў, як я на калясцы. Паспеў скончыць Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі, працаваў там жа пасля выпуску курсавым афіцэрам, паступіў у Акадэмію МУС, але яе не паспеў скончыць, — дзеліцца сваёй гісторыяй Вячаслаў Надзін. Ён сам родам з Хойнікаў, гэта радзіма яго мамы. Святлана Андрэеўна — галоўная падтрымка ва ўсіх пачынаннях сына. Ён рады, што выпала магчымасць развіваць унікальны бізнеспраект менавіта на сваёй малой радзіме.

Вячаслаў Надзін.

Шлях «баронаў»

Вячаслаў Надзін і Яўген Шаўко ўпершыню бяруцца за прадпрымальніцкую дзейнасць. Але грунтоўная работа па стварэнні і распрацоўцы свайго праекта «Кававы барон», якую яны правялі, сапраўды, уражвае.

— У нас быў ідэйны натхняльнік. Гэта заснавальнік першых у Беларусі інклюзіўных кавярняў, актывіст-калясачнік з Ліды Саша Аўдзевіч, — выдае матывацыю для стартапа Яўген Шаўко. — Ён прапанаваў ідэю: можна стварыць новы праект па абсмажванні кавы. Мы высветлілі, што ўвогуле ў Гомельскай вобласці няма падобных вытворчасцяў, усё сканцэнтравана толькі ў Мінску. І тады пачалі вывучаць усе нюансы гэтага працэсу.

Актыўныя інваліды-калясачнікі з Гомельшчыны вырашылі скарыстаць магчымасць і прадставіць свой праект па абсмажванні кавы ў Цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва «Трамплін». Гэта ініцыятыва рэалізуецца на тэрыторыі Хойніцкага раёна ў межах праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі нашай краіны.

— Для нас было вельмі важна навучыцца, з чаго пачынаць шлях прадпрымальніка, як выбудаваць эфектыўную бізнес-мадэль, як кіраваць продажамі, выкарыстоўваць інтэрнэт-маркетынг, увогуле, як набіраць сваю каманду, — тлумачаць прадпрымальнікі-пачаткоўцы і зазначаюць, што падчас анлайн-заняткаў на курсах у Хойніках, куратары дапамагалі ўдзельнікам бізнес-інкубатара разабрацца ва ўсіх хвалюючых пытаннях.

— У нас ёсць козыр — мы ўсё ведаем пра арыенціры, якія дапамагаюць стварыць вельмі моцны сацыяльны праект, маем грунтоўны вопыт работы з людзьмі з інваліднасцю. Але без навучання асновам у знаўцаў, асабліва, сацыяльнага прадпрымальніцтва адкрыць сваю справу было б вельмі складана, — лічыць Яўген Шаўко. — Навучанне прынесла ўпэўненасць у сваіх сілах. Цяпер верым, што мы зможам несці адказнасць, калі бяромся за інклюзіўны праект.

Яўген Шаўко з сям'ёй.

Ад зялёных зярнятак

Яўген і Вячаслаў прайшлі ўсе курсы навучання, а паралельна працягвалі пісаць свой праект, спасцігаць «фізіку» і «хімію» абсмажвання кавы. Знайшлі партнёра — мінскую кампанію, што ставіць сабе за мэту папулярызацыю культуры кавы. Дамовіліся, каб навучыць ростар-майстроў (так называюцца спецыялісты па смажанні кавы) і дапамагчы наладзіць вытворчы працэс. Між тым іх праект па стварэнні інклюзіўнага прадпрыемства «Кававы барон» стаў пераможцам конкурсу, арганізаванага Цэнтрам падтрымкі прадпрымальніцтва «Трамплін» у Хойніках сярод стартапаў курса «Бізнес з нуля». Іх праект выйграў таксама конкурс на атрыманне міжнароднай тэхнічнай дапамогі на развіццё прыватнай ініцыятывы ў рэгіёне.

— Мы пераймаем вопыт па абсмажванні кавы і яе продажы праз інтэрнэт з Масквы — эксперт гатовы правесці некалькі навучальных семінараў анлайн. Таксама ў нас ёсць кантакт з рускамоўным супрацоўнікам кававай кампаніі ў Іспаніі, які дапамагае кансультацыямі. Для нас важна поўнасцю авалодаць працэсам вытворчасці — гэта новы, складаны, але вельмі цікавы этап нашага жыцця, — расказвае Вячаслаў Надзін. Кажа, спачатку, калі слухалі пра адценні пахаў кавы, нічога не разумелі. Цяпер пранікліся, разабраліся ў тэхналогіі, а таксама ўпэўніліся, што ростар-майстар — гэта мастак.

— На ростар-майстроў таксама плануем навучаць людзей з інваліднасцю. Увогуле, мы тая вытворчасць, дзе працаўладкаванне чалавека з асаблівасцямі здароўя — у прыярытэце. Так, мы ўжо звярнуліся па інфармацыю ва ўпраўленне па працы, занятасці і абароне насельніцтва Хойніцкага раёна. Вядома, што сёння ніводны інвалід першай групы ў раёне не працуе. Мы готовы даць работу тым, хто можа і хоча вучыцца, працаваць разам, — дзеліцца Яўген Шаўко. — Мы ўжо прымервался да сваіх будучых кадраў, людзі звярталіся. Мы знайшлі памяшканне, запланаванае пад знос, але яно «жывое», мы гатовыя яго адрамантаваць, хочам атрымаць у маёмасць. У вырашэнні гэтага пытання разлічваем на дапамогу раённых уладаў Хойнікаў.

Увогуле, плануецца навучыць 14 чалавек і працаўладкаваць на прадпрыемстве чатырох інвалідаў-калясачнікаў. Стваральнікам вытворчасці трэба яшчэ навучыцца праходзіць шлях ад зялёных зярнят да гатовай карты кавы — праводзіць «размытноўку» сыравіны, экспертызу зярнят у лабараторыі, сертыфікаваць, рабіць на кожны від кавы рэцэптуру яго абсмажвання. На пытанне, як чалавеку на калясцы займацца не толькі вядзеннем бізнесу, але цалкам кантраляваць вытворчы працэс, Яўген і Вячаслаў адказваюць: вось і пакажам беларусам, як гэта працуе.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва герояў

Загаловак у газеце: ​Кава з водарам палескай глыбінкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як не згубіцца ў лесе і што рабіць калі вы заблукалі? Парады МНС

Як не згубіцца ў лесе і што рабіць калі вы заблукалі? Парады МНС

Пажылым людзям лепш хадзіць у ягады і грыбы з дарослымі дзецьмі.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.