Вы тут

Няпростыя сорак пасля сарака


Неяк пісьменніца Вікторыя Токарава ва ўласцівай ёй іранічнай манеры параіла 40-гадовым паням не вохкаць прывычна на тэму «бабін век — 40 гадоў», а мець на ўвазе, што пасля сарака трэба жыць яшчэ сорак. Лепей падумаць, як гэтыя другія «сорак» пражыць з улікам памылак першых. Згадалася тое даўняе інтэрв'ю, калі слухала адну радыёперадачу.


Позна вечарам выхаднога дня, бывае, натыкаюся на хвалю праграмы, дзе гучаць старыя песні, а таксама гісторыі аўтараў пісем. Вось зачытваюць ліст слухачкі, паводле якога, у далёкім, ну скажам, 1965-м, яна сустрэлася з хлопцам. Іскрынку кахання, што быццам бы прамільгнула, ці то не распазналі, ці не змаглі захаваць. Былі кароткія сустрэчы, спатканні, потым жыццё з нейкіх прычын развяло ў розныя бакі. Але ўсе гэтыя гады аўтарка пісьма захоўвала памяць пра сустрэчу. А вось цяпер муж памёр, дзеці выраслі, і яна хацела б сустрэцца альбо хоць бы спісацца з тым, хто служыў напамінам пра маладосць усё жыццё. Пры гэтым называецца прозвішча, імя, імя па бацьку рэальнага чалавека.

Здавалася б, нічога асаблівага. Але такія, няхай сабе і нявінныя, прызнанні могуць стаць праблемай у сям'і былога знаёмага, калі ў яго, скажам, крыху раўнівая альбо сварлівая жонка. А калі не крыху? Вядома, можна зразумець імкненне жанчыны знайсці тое, да чаго хочацца прыхінуцца душой, асабліва калі спасцігла адзінота. Нават далёкі тэлефонны суразмоўнік можа стаць астраўком у пустыні. Калі быць шчырымі, то хто не носіць маленькіх таямніц у куточках сэрца? Але ж нездарма кажуць, што не ўвойдзеш у адну і тую ж рэчку двойчы.

Больш за дваццаць гадоў таму на мой рэдакцыйны стол трапіў ліст з Кіева. Вельмі кароткае і вельмі незвычайнае. Супрацоўніца навукова-даследчай установы, выпускніца філасофскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта прасіла адшукаць чалавека, які, паводле яе звестак, працуе ў адной з брэсцкіх ВНУ, і сказаць яму, што дваццаць гадоў таму яна зрабіла памылку, яна не мела рацыі. Абзваніўшы аддзелы кадраў абодвух універсітэтаў, я даведалася, што названы чалавек у іх ніколі не працаваў. Можна было спакойна спісваць ліст у архіў, але нейкі адчай, нейкі крык душы, якімі патыхала з пісьма, не даваў гэтага зрабіць. Пісьмо ляжала ў папцы, можа, з месяц, а потым я прыдумала адну рэч. З чарговай падборкай пісьмаў падрыхтавала маленькі зварот да таго самага чалавека, каб ён прыйшоў і забраў ліст з Кіева, калі прачытае газету. І недзе праз тыдзень у кабінет сапраўды зайшоў мужчына і назваў сваё прозвішча. Аказалася, выпускнік прэстыжнай маскоўскай ВНУ расчараваўся ў прафесіі і прыехаў у Кобрынскі раён, на малую радзіму, каб заняцца сельскай гаспадаркай. Жыў адзін. Я ўзрадавалася — не перадаць вам, як. Проста прадчувала рамантычную гісторыю са шчаслівым фіналам.

...А ён узяў ліст, прачытаў яго, і твар, а затым уся постаць ператварыліся ў суцэльнае здзіўленне: «Ну і ну! І адносіны ж у нас былі чыста тэарэтычныя», — адзінае, што ён сказаў і зачыніў за сабою дзверы. У мяне было адчуванне, што гэты тэарэтык «пракінуў» мяне. Тады.

Цяпер думаю, што наўрад ці варта вінаваціць чалавека за тое, у чым няма яго віны. Гады, тым больш дзесяцігоддзі, многае мяняюць у жыцці. Аднойчы мне расказала сваю гісторыю сталая жанчына, з якой мы раней працавалі ў адной газеце. У яе склалася, як, відаць, у многіх. Каханню маладосці не суджана было спраўдзіцца. І жылі яны ў адным горадзе кожны сваёй сям'ёй. У Марыі Мікалаеўны рана памёр муж, але яна, як сказала, глядзець у бок таго баялася. А потым здарылася так, што і ён стаў удаўцом. Праз некаторы час сустрэліся, але зразумелі, што чужыя, што нічога не вернеш. У кожнага свае дзеці, унукі, свой прывычны ўклад жыцця, свой погляд на жыццё. І прызналася мая суразмоўніца, што адчула вялікае расчараванне. Рамантычны герой з маладосці, якога сама ж стварыла і ўзгадавала ў сваёй душы, не супаў з рэальным чалавекам. Лепш бы заставалася ўсё, як было — зрабіла выснову жанчына.

Яно, вядома, бывае і наадварот, калі людзі сустракаюцца, выпраўляюць памылкі маладосці, як у адной з песень Алы Пугачовай: «Я опоздала встретить с тобой рассвет, / Может, успею встретить с тобою закат». Дый хораша ў песні, а ў жыцці часцей калі ўжо не паспеў, то і спазніўся. І ніколі не ведаеш, ці варта шукаць аднойчы страчанае. Можа, лепш засяродзіцца на новых сябрах, знаёмых, уражаннях, занятках, як гэта зрабіла адна жанчына з выхадам на пенсію. Яна памяняла месца жыхарства, спосаб жыцця, род заняткаў. І зусім не шкадуе. Лічыць, што атрымала больш, чым страціла. Але пра яе пастараюся расказаць наступным разам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».