Вы тут

Пра новыя падыходы ў будаўніцтве гаварылі ў Брэсце на семінары-нарадзе


На семінары-нарадзе па пытаннях павышэння эфектыўнасці будаўнічага комплексу вобласці разгледжана шырокае кола пытанняў, якія датычацца ўзвядзення жылля і аб'ектаў сацкультбыту. Семінар пачалі на будаўнічых пляцоўках новых мікрараёнаў і кварталаў забудовы, каб зверыць тэорыю з практыкай, вызначыць найбольш праблемныя пытанні і накрэсліць шляхі іх вырашэння.


Квартал забудовы «Малінаўка». Фота Валерыя Караля.

Медцэнтр і «Малінаўка»

Удзельнікі форуму наведалі пляцоўку медыцынскага комплексу, які зараз узводзіцца ў «Паўднёва-Заходнім мікрараёне-5». Цяпер тут манціруецца дах, пракладваюцца інжынерныя сеткі, устанаўліваюцца ліфты, пачынаецца адстройванне памяшканняў. Каштарысны кошт аб'екта — 51 мільён рублёў, з якіх 15 млн закладзены на абсталяванне. У цэнтры размесцяцца дарослая і дзіцячая паліклінікі на 500 і 600 наведванняў у змену адпаведна, а таксама жаночая кансультацыя, разлічаная на 190 прыёмаў на дзень. Генпадрадчык аб'екта — СПМК-2 Брэстаблсельбуда — замест 38 месяцаў, паводле плана, узялася ўзвесці комплекс за два гады. Увод у строй чакаецца ўжо ў снежні.

Наступным адрасам наведвання стаў жылы комплекс «Малінаўка», які літаральна на вачах вырастае па вуліцы Суворава. Прыватны інвестар-забудоўшчык ТАА «Белпрок Буд Груп» прадэманстраваў індывідуальны падыход да праектавання. Гэты жылы квартал па тыпах дамоў, якасці будаўнічых матэрыялаў, асяродку пражывання і добраўпарадкаванні не мае сабе роўных у горадзе. «Малінаўка» ўяўляе сабой дзесяць шматкватэрных дамоў ад трох да пяці паверхаў, 40 таўнхаўсаў і два індывідуальныя жылыя дамы, якія аб'яднаныя адзінай архітэктурнай канцэпцыяй. Гэта своеасаблівы адказ тым шматлікім прыгарадным пасёлкам, што выраслі за апошнія дзесяцігоддзі, чыё архітэктурнае аблічча можна праілюстраваць хіба прыказкай: «Хто ў плот, а хто ў агарод». Адзіны стыль па вызначэнні нясе ў сабе пэўную стыльнасць. Акрамя таго, новы раён вызначаецца зручнасцю: паралельна з дамамі ствараецца інфраструктура жылога раёна — дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, зоны адпачынку, убудаваныя міні-дзіцячыя садкі. Першую чаргу «Малінаўкі» ўжо пачынаюць абжываць навасельцы. І ў іх няма асаблівых нараканняў на будаўнікоў.

Камп'ютарнае дрэва ці жывое?

Чаго, відаць, не скажаш пра квартал забудовы шматпавярховікаў у суседнім раёне. Сёлета ў вобласці плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 81 шматкватэрны дом. 27 з іх ужо ўзводзяцца ў абласным цэнтры. Намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Мікалай ЯКУБОЎСКІ пазнаёміў удзельнікаў семінара з карцінай забудовы каля спецыяльнага стэнда, асаблівы акцэнт зрабіў на будаўніцтва дамоў у згаданым Паўднёва-Заходнім мікрараёне:

— ПЗМР-5, размешчаны паміж вуліцай Ковельскай і паркам тысячагоддзя Брэста, становіцца па сутнасці брамай у краіну з боку Еўрасаюза (побач пагранпераход «Варшаўскі мост» — Аўт.). Нездарма тут узводзяцца дамы сапраўды еўрапейскага класа — са стыльнымі фасадамі, пад'езды зашкляюцца да падлогі, абсталяваны паркоўкі для ровараў. Ажыццяўляецца канцэпцыя: двары без машын. Паркоўкі для аўтатранспарту выносяцца за дваровыя тэрыторыі, а ў дварах прадугледжана азеляненне, дзіцячыя гульнявыя зоны.

На праблему азелянення асаблівую ўвагу звярнуў старшыня аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА, які браў удзел у рабоце семінара і, сярод іншага, пакрытыкаваў будаўнікоў:

— На камп'ютары вы намалявалі прыгожую зялёную зону, а як яе зрабіць такой у двары? — спытаў губернатар. — Праз колькі гадоў можна будзе пасядзець у цяньку гэтых дрэў, калі іх уткнуць у зямлю саджанцамі? Пры будаўніцтве трэба адразу садзіць дарослыя дрэвы. Тэхналогіі такія ёсць. Зялёныя зоны — гэта прыгожы горад. Яго трэба такім рабіць адразу, а не расцягваць на дзесяцігоддзі.

На семінары зайшла гаворка і пра развіццё горада-спадарожніка Брэста — Жабінкі. Раней планавалася актыўна ўзводзіць жыллё для брастаўчан у найбліжэйшым райцэнтры, такім чынам прыцягнуць у Жабінку да 2020 года чатыры з паловай тысячы брастаўчан. Але жыхары абласнога цэнтра не выказваюць жаданне пераязджаць у раённы горад. Ёсць, праўда, чарга з ахвотных будаваць там індывідуальныя дамы. Значыць, перспектыўнай для горада-спадарожніка выглядае сядзібная забудова. А з будаўніцтвам шматпавярховага жылля давядзецца пачакаць. Магчыма, пытанне паўстане на парадку дня пазней.

Зверка пазіцый

На пленарнай нарадзе ўдзельнікі семінара зверылі пазіцыі на падставе лічбаў і фактаў. Летась на Брэстчыне, як і ва ўсёй краіне, знізіўся аб'ём падрадных работ. Праўда, брэсцкія будаўнікі вызначыліся экспартам паслуг — ён склаў 60 мільёнаў рублёў, або крыху больш за 123 працэнты ад паказчыка папярэдняга года. Асабліва складаны выдаўся мінулы год, калі будаўнікі адчулі ўплыў росту цэн на шчэбень, бетон, арматуру, драўніну. Але пры ўсёй складанасці 2020-га Брэсцкая вобласць адзіная ў краіне забяспечыла рост падрадных работ за пяцігодку. Агульны аб'ём уводу жылля за кошт усіх крыніц склаў 3,26 мільёна квадратных метраў, або 108,5 працэнта ад задання. Больш уведзена ў эксплуатацыю толькі ў Мінску і Мінскай вобласці. А па аб'ёме будаўніцтва жылых памяшканняў для тых, хто мае патрэбу, з дзяржаўнай падтрымкай рэгіён займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне.

Сёлета для гэтай катэгорыі насельніцтва плануецца пабудаваць 200 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку забяспечыць новым жыллём 1,4 тысячы шматдзетных сем'яў. Яшчэ для 1,7 тысячы такіх сем'яў мяркуецца палепшыць жыллёвыя умовы. У планах на першы квартал — здаць 158,7 тысячы квадратных метраў, што складае амаль 30 працэнтаў ад гадавога задання.

Асаблівая ўвага цяпер аддаецца якасці будаўнічых работ. У Брэсцкай вобласці функцыянуюць моцныя будаўнічыя арганізацыі са сваёй школай, з уласнымі традыцыямі. Таму і запрашаюць спецыялістаў у Маскву, Калінінград, іншыя рэгіёны Расіі і нашай краіны, адзначалася на семінары. І ў гэтым сэнсе важна трымаць марку. «У рабоце будаўнікоў для мяне на першым месцы стаіць якасць, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка. — Спажывец заплаціў грошы і мае права на дастойную якасць прадукту. Будаўнікам належыць заўсёды працаваць у гэтым кірунку. І здаваць гатовае жыллё трэба на тым узроўні якасці, з якім вы праводзіце адстройванне ўласных кватэр». А таксама паабяцаў: падчас работы ў Брэсце кожны жылы дом будзе прымаць сам, у тым ліку і ў рэгіёнах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: З маркай якасці і стылю

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.