Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Ход каня... канём

У 80-я гады мінулага стагоддзя на работу ў наш калгас прыехала маладая дзяўчына. Тут ёй адразу далі пасаду памочніка брыгадзіра (як-ніяк тэхнікум за плячыма!), даверылі весці табель, прымаць у людзей работу, налічваць зарплату. Света старалася: яна ўсё, здаецца, рабіла як след. Вось толькі аднойчы...

У той дзень калгаснікі працавалі ў суседняй вёсцы ў цялятніку. Дзяўчыне пад вечар трэба было з'ездзіць туды, абмераць бурт з вывезеным гноем, «перапісаць» людзей... Карацей, нічога складанага, апроч надвор'я, бо завея ўсчалася такая, што проста свету не відаць!.. Шчасце яшчэ, што злева праходзіла чыгунка, цягнуліся пасадкі елак. Святлана трымалася іх, чакала, што вось-вось павінна дабрацца, але...

Конік чамусьці ўсё вёз і вёз, дзяўчына ехала, час ішоў, а нія-кага цялятніка нідзе не было. Горш за тое, пасадкі, якіх кіроўца ўсю дарогу трымалася, неяк незаўважна... перамясціліся: былі ў яе злева, а сталі чамусьці справа, наперадзе з'явіліся цьмяныя контуры нейкіх пабудоў. «Дзе я?» — з жахам падумала дзяўчына і скрозь снежную замець раптам разгледзела, што... дома: конік зайшоў у двор і спыніўся.

Ну што тут скажаш — схітраваў вараны: запрэглі яго, загадалі — павёз гаспадыню ў поле, а потым ціхенька развярнуўся і...

Да цялятніка ў той вечар дзяўчына так і не даехала, работу ў людзей не прыняла. І хто тут быў вінаваты, я, шчыра кажучы, не ведаю: можа, конь, можа, непагадзь-завіруха, а можа, і кіроўца?

Іван Букоўскі, Глыбоцкі раён.

P. S. Мой унук, прыязджаючы ў госці з Віцебска, любіць слухаць розныя гісторыі. Пасля вось гэтай чамусьці спытаў: « Дзед, а ты ведаў тую дзяўчыну?» — «А як жа, — усміхнуўся я. — Нават ты яе ведаеш, бо гэта — твая бабуля».

Даюць? Бяры...

Кажуць, ёсць яшчэ людзі, якія хабар не бяруць зусім... Адны — з прынцыпу, другія — можа, і хацелі б, ды ім ніхто не дае, трэція — турмы баяцца, якая «свеціць», між іншым, не толькі таму, хто бярэ, але і таму, хто дае. Праўда, у «асабліва буйных памерах». Мы ж найчасцей сутыкаемся з дробнымі.

Неяк раз, напрыклад, ішлі мы з жонкай па вуліцы і сустрэлі сваю знаёмую. Жанчыны тут жа разгаварыліся, а я хоць-нехаць стаяў паблізу ды слухаў. Вось тады і пачуў, што Рыта (імя зменена) толькі што выйшла на пенсію. (Тым, хто не ведае, нагадаю, што памер яе залежыць ад індывідуальнага каэфіцыента, а ён, у сваю чаргу, — ад заробку і працоўнага стажу. Прычым апошні «вымяраецца» толькі ў поўных гадах, то-бок адпрацаваў чалавек без нечага (можа, нават без тыдня!) 40 каляндарных, а залічыцца яму 39.)

Не ўсім даспадобы такія правілы, часам хочацца выключэнняў, і дзеля іх...

Рыта, як расказвала, нагрузіла сумку розных дарагіх прысмакаў, занесла ў райсабес і паставіла пад стол чыноўніцы, з якой размаўляла...

Цяпер ужо не ў памяці, што ў іх за размова была: нешта абяцалі той будучай пенсіянерцы ці не, аднак пенсію налічылі гэтак жа, як і ўсім. Рыта, вядома, пакрыўдзілася: не разумела, як можна было і пачастунак узяць, і нічога не зрабіць?

Праўда, па сумку — няхай і пустую — у райсабес не пайшла.

Мікалай Старых, г. Гомель.

Па шапцы... альбо Не сунься ў воду, не знаўшы броду

Недзе ў пачатку 90-х мой прыяцель Алег на сваіх «Жыгулях» вяртаўся з бацькавай дачы і пад дажджом на ўзбочыне ўбачыў — ні многа, ні мала — статую антычнай багіні...

Уражаны, ён даў па тармазах, уключыў задні ход, аднак тая «багіня» ўжо дагнала машыну, села побач, звесіўшы галаву, адціснула доўгія мокрыя валасы і сказала: «Паехалі...»

Не маўчала яна і потым. Недзе праз паўгадзіны, на пад'ездзе да павароту ў свой Зялёны Луг, Алег ужо ведаў, што дзяўчыну завуць Тоня, што яна вучыцца ў інстытуце фізкультуры, што ездзіла да дзядулі — віншавала яго з Днём Перамогі, — што падарыў ён ёй 25 яшчэ тых, савецкіх, рублёў і за «падвоз» яна можа заплаціць цэлыя тры...

Алег быў крануты гэтай мілай балбатнёй і без грэшных намераў запрасіў дзяўчыну да сябе — абсушыцца, пагрэцца. Тая, трохі падумаўшы, згадзілася.

Дома ён даў ёй чысты ручнік і свой амаль новы спартыўны касцюм, выцягнуў каробку цукерак і зрабіў глінтвейн.

Пасля яго садзіцца за руль ужо не выпадала, у мокрай сукенцы ехаць на таксі госця таксама не хацела, — засталася нанач. «Падобна, што лёгкай атлетыкай яна займаецца на стаметроўцы паміж цыркам і плошчай Перамогі», — падумаў Алег, але гэта яго амаль не насцярожыла. Як і тое, што назаўтра Тоня лёгка развіталася, прычым свой нумар тэлефона яму не пакінула, а вось яго ўзяла... І праз тыдзень-другі нават пазваніла, сказала, што знаходзіцца зусім непадалёк: можа зайсці, калі ён не супраць...

Так пачаліся іх рэдкія спатканні. Алега спачатку здзіўляла, што, у адрозненне ад яго ранейшых дзяўчат, Тоня адмаўлялася ад паходаў у кафэ (казала, што ў яе спартыўны рэжым) і нават у кіно (мы ж, маўляў, не дзеці), не прымала і ніякіх падарункаў... Ён проста падбіраў яе недзе ў горадзе, прывозіў дамоў. Тут яны смачна вячэралі, разам глядзелі тэлевізар — найбольш футбол ды навіны спорту... Ад чаго Алег — і неяк міжволі — прыходзіў да высновы, што лепшай жонкі ў свае 27 ён проста не знойдзе. А значыць, трэба дзейнічаць.

Пасля кожнага спаткання ён стаў падвозіць Тоню дадому, там — настойліва набівацца ў госці, прасіць, каб пазнаёміла з бацькамі... Аднак дзяўчына казала, што ўсё гэта потым, што ім пакуль добра і так, што замуж яна пойдзе хіба праз пару гадоў, пад канец вучобы...

Праўда, вокны свае хлопцу паказала. Машыну ў двары — таксама.

І тады Алег (чаго не зробіш, кахаючы?!) адважыўся на крайняе: пачуўшы, што ў найбліжэйшыя выхадныя Тоня з маці паедуць да радні на вяселле, вырашыў сустрэцца з бацькам, па-мужчынску пагаварыць. Купіў бутэльку добрага каньяку і...

Дзверы яму адчыніў высокі грузны мужчына, запытальна паглядзеў у твар, але, убачыўшы каньяк, саступіў убок, жэстам запрасіў да стала ў калідоры, з кухні прынёс два кілішкі і талерку яблыкаў, ціха прамовіў: «Слухаю...»

Алег прадставіўся, сказаў, што працуе інжынерам-энергетыкам, зарабляе 200 рублёў плюс квартальныя, жыве ў Зялёным Лузе з бацькамі, мае свае «Жыгулі»...

Гаспадар няўцямна глядзеў яму ў вочы, аднак за знаёмства кілішак выпіў.

Алег таксама прыгубіў і з хваляваннем паведаміў, што яны з Тоняй кахаюць адно аднаго, што ад вясны сустракаюцца, і таму ён, Алег, прасіў бы шаноўнага бацьку...

І без таго чырвоны твар гаспадара падчас гэтай «прамовы» стаў ярка-бурачковы, вусны задрыжэлі. Ён рэзка замахнуўся і аплявушыў Алега так, што хлопец, споўзшы па сцяне, тут жа кінуўся да дзвярэй.

У бальніцы — сківіца балела нясцерпна — хлопцу сказалі, што пералому няма (ёсць пухліна мяккіх тканак) і выдалі «бальнічны». Пяць дзён Алег «прасядзеў» на матуліных кашах, на шосты, з самага ранку, паехаў да Тоні.

Машыну прыпаркаваў зводдаль ад дома і, пачакаўшы, пакуль на сваім «Фольксвагене» з'едзе яго крыўдзіцель, пазваніў у знаёмыя дзверы.

Дома нікога не было, аднак бабулі з лавачкі каля пад'езда «хлопцу з хворымі зубамі» ахвотна расказалі, што дзеўка з гэтым баксёрам, а цяпер «шпікулянтам» («за мяжой тавары купляе, а тут шэсць гандлярак іх прадаюць») сапраўды жыла, што ён хацеў з яе выхаваць... жонку, якую не сорамна было б паказаць і сябрам-спартсменам, і калегам-«чаўнакам»... Аднак нядаўна і разам з рэчамі тую харашуху некуды вывез, бо назад вярнуўся адзін.

Факт, што Алег зноў — як у тым далёкім маі — доўга чакаў (бо дзе шукаць, не ведаў), што Тоня аб'явіцца, і, не дачакаўшыся, праз год ажаніўся.

Прыкладна тады ж жонка зацягнула яго на стадыён «Дынама» (тады — вялізны рэчавы рынак), і там ён выпадкова сутыкнуўся з Тоняй. Яна — расчырванелая ад холаду — гандлявала зімовымі шапкамі, досыць настойліва ўгаворвала яго купіць — і сабе, і жонцы, па блаце...

Аднак былы каханак на іх нават не паглядзеў: ён цудоўна помніў, што аднойчы з Тонінай «падачы» па шапцы ўжо атрымаў.

Ю. Баўбель, г. Бабруйск.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».