Вы тут

Як карысна бывае перачытаць раман, напісаны сто гадоў таму


Кнігі Анатоля Марыенгофа «Цынікі», якую Людміла Рублеўская праанансавала ў сваім «Кніжным гасцінцы» на старонках «Звязды», чым натхніла мяне яе перачытаць, у кнігарні не знайшлося — раскупілі. Давялося спампоўваць у тэлефон. Цяпер вось прыемна баўлю час, пакуль еду ў тралейбусе на работу. Хоць «баўлю» (пэўна ж, ад слова «забава») — не вельмі правільна сказана.


Прынамсі, адносна гэтага чытання. Бавіць час за гэтай кнігай можна, калі табе дваццаць, успрымаючы яе як гісторыю легкадумніцы, якая мяняе палюбоўнікаў, і яе нехлямяжага мужа, які ёй усё даруе, а сам шукае суцяшэння ў абдымках домработніцы... Цяпер жа мне ад гэтай кнігі вусцішна. Бо разумееш: тое, што напісаў Марыенгоф у 20-я гады мінулага стагоддзя, не пра філасофію пачуццяў і ўзаемаадносін, а пра адваротны бок рэвалюцыі.

Фота: pixabay.com

Калі хто не ведае — «Цынікі» напісаныя ў жанры дзённіка інтэлігента, універсітэцкага выкладчыка, які жыве ў паслярэвалюцыйнай Маскве. І ў гэтым дзённіку «голад і разруха», якія выпускнікам савецкіх школ здаваліся нечым узнёсла-гераічным, што паспяхова перааадолелі нашы прадзеды, набываюць рэальныя жудасныя рысы. «Вельмі добра, што вы з'яўляецеся да мяне з кветкамі. Усе мужчыны, высунуўшы язык, бегаюць па Сухараўцы і закупляюць муку і проса. Сваім каханым яны таксама цягнуць муку і проса. Пад ложкамі з карэльскай бярозы, як трупы, ляжаць мяшкі», — з такіх слоў гераіні пачынаецца кніга... «З Куpска паведамляюць, што нарыхтоўка каніны для Масквы ідзе даволі паспяхова». «У Маскве паставілі адзінаццаць помнікаў «вялікім людзям і pэвалюцыянерам». «У калегіі Харчовага аддзела Маскоўскага Савета заслуханы даклад доктаpа Васкpасенскага аб pэзультатах доследаў па выпечцы хлеба з гнілой бульбы». «Сёння па купоне № 21 харчовай каpткі выдаюць запалкі — па адным пачку на чалавека»... «Аддзел выяўленчых мастацтваў Hаpоднага камісаpыята па асвеце аб'яўляе конкуpс на складанне пpаекта пастаяннага помніка ў памяць Паpыжскай камуны»...

Не за любоўныя перажыванні героя і не за паводзіны яго нявернай жонкі чапляецца вока, а менавіта за гэтыя цытаты з тагачаснай прэсы — страшныя, абсурдныя — рэальныя (а там далей — і паведамленні пра выпадкі людаедстсва, і пра сялянскія галодныя бунты, і зноў пра нейкія помнікі ). Ніякавееш ад таго, што ўсё гэта было літаральна нейкіх сто гадоў таму. Ставіш сябе на месца тых людзей — няважна каго — рэвалюцыянераў або буржуяў, з якімі яны змагаліся. Апынуўшыся ў адной краіне, разваленай у пошуках новага жыцця, і пераможцы, і пераможаныя, і тыя, хто ўвогуле нічога не хацеў, а проста жыў сабе, гадаваў дзяцей, —- апынуліся ў аднолькавым становішчы: елі хлеб з макухі і з гнілой бульбы, разбіралі пакінутыя дамы на дровы халоднай зімой, радаваліся кавалку каніны ці вярблюджага мяса ў супе. Наўрад ці ад пачуцця голаду і холаду іх ратавалі перайменаваныя гарады, зруйнаваныя храмы ці помнікі Рабесп'еру ў гарадах.

Зрэшты, чаго казаць пра сто гадоў таму, калі можна ўжо самому ўспомніць пра трыццаць пяць — трыццаць. Нядаўна Святлана Яскевіч у сваім «Нефармаце» згадвала талоны і «візіткі» як сімвал эпохі развалу Саюза. А мне помніцца іншае. Карткі ў тых «візітках» трэба было яшчэ атаварыць, а па пустых паліцах вясковай прамтаварнай крамы літаральна гуляў вецер. Прывазны дзень быў аўторак, і тады на ганку крамы збіраўся натоўп з усяго наваколля. Мы, старшакласнікі, пакідаўшы ўрокі, таксама несліся туды. Што прывезлі — было няважна. Важна было ўхапіць, бо не было нічога. Мне, худой, высокай, з доўгімі рукамі, гэта ўдавалася амаль заўсёды, як толькі адчыняліся дзверы крамы і натоўп кідаўся да прылаўкаў. Аднойчы паверх галоў ніжэйшых цётак я схапіла сапраўдны скарб — ярка-чырвоную ватную коўдру. Памятаю, як горда несла яе перад сабой, як аднавяскоўцы кідалі на мой набытак зайздросныя позіркі. І гэта быў адзін з самых яркіх момантаў майго юнацтва. Уявіце: шчаслівы момант у жыцці шаснаццацігадовай дзяўчыны — тое, што ўдалося купіць нейкую коўдру! Ці не працяг гэта марыенгофаўскіх «Цынікаў» з папраўкай на семдзесят гадоў?

Прыкладна з таго ж часу — яшчэ адзін эпізод для падобнай кнігі. Цётка, да якой прыехала ў госці ва ўкраінскі Днепрапятроўск, дастае з лядоўні невялікі кавалак мяса і пачынае... церці яго на буйной тарцы. Невялікую жменьку нацертых ружовых палосак кідае ў суп. Астатняе хавае ў лядоўню. Гэты кавалак мяса вагой з кілаграм — усё, што яны з дзядзькам (абодва — пенсіянеры) могуць дазволіць сабе на месяц…

Цяпер, праз трыццаць гадоў, цётка жыве не ў Днепрапятроўску, а ў горадзе Дняпро, і не на праспекце Калініна, а на праспекце Сяргея Нігаяна, які ў дваццаць гадоў загінуў на майдане. Але ўсё зноў паўтараецца, і якая розніца, на праспекце чыйго імя бабуля варыць суп ужо зусім без нічога, бо пасля аплаты «камуналкі» яе пенсіі ледзь хапае на хлеб і малако... «Цынікі» forever (назаўсёды)?..

Няважна, у якім стагоддзі падобнае адбываецца. Такі закон любой рэвалюцыі, любога злому — разам з сістэмай ламаецца звыклае жыццё звычайных людзей. І летуценнікі, якім так хацелася сістэму зламаць, становяцца цынікамі, што пачынаюць хвалявацца пра хлеб надзённы, гэтаксама як і тыя, хто не хацеў нічога, а проста жыў і гадаваў дзяцей.

І ніводны з іх (ці нас?) не захоча стаць героем «Цынікаў» версіі ХХІ стагоддзя. Дарэчы, кнігу гэтую сёння ў Мінску набыць складана — раскупляюць. Як для мяне, дык нават вельмі добры знак.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Цынікі і летуценнікі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.