Вы тут

«Трэба адкрыць магчымасці правакцынавацца на платнай аснове»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча.


Размову Аляксандр Лукашэнка пачаў з вытворчасці беларускай вакцыны па расійскіх тэхналогіях на РУП «Белмедпрэпараты».

«Мы дамовіліся з вамі пра тое, што дзесьці ў гэты час, можа, крыху пазней мы паглядзім вытворчасць беларускай вакцыны па расійскіх тэхналогіях. Наша сённяшняя размова ні ў якім выпадку не адмяняе гэта мерапрыемства і не замяшчае яго. Я хачу, каб вы гэта мелі на ўвазе і мне далажылі, калі мы з вамі будзем разліваць гэту вакцыну на „Белмедпрэпаратах“», — сказаў кіраўнік краіны.

Па яго словах, цікавяць шмат тэм. Адна з іх — бягучая эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне.

«Я канешне, адсочваю і бачу: больш за 1000 прырост па захваральнасці кожныя суткі. Столькі ж мы прыкладна выпісваем з бальніц, — адзначыў Прэзідэнт. — Чым болей тэстаў, тым больш будзе станоўчых па захаваральнасці. І так усюды. Я з Пуціным размаўляў, так у Расіі. Бачу па сродках масавай інфармацыі так і ў іншых краінах».

Як дадаў Прэзідэнт, галоўнае — колькасць пнеўманій, асабліва ковідных.

«Лічбы мне вядомыя. Мяне цікавіць дынаміка па пнеўманіях, у тым ліку ковідных, і прагноз на будучыню. І натуральна, на ШВЛ. Лічбы я таксама ведаю — там у нас 240–280 чалавек, а 2500 у нас ШВЛ апаратаў і наркозна-дыхальных. То бок мы 8–9 % толькі выкарыстоўваем», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Адно з пытанняў, якое было на парадку сустрэчы — вакцынацыя насельніцтва.

«У нас няма ажыятажу. У нас ніхто нікога не папракае, што там міністр аховы здароўя і яго намеснік па-за чаргой вакцыну атрымалі. У нас спакойна ўсё ідзе. Вакцыны хапае, жадаючых прышчапляем. Урачоў, настаўнікаў, гандлёвых работнікаў мы забяспечваем вакцынай і расійскай, і кітайскай», — дадаў Лукашэнка.

Па яго словах, ёсць прапановы па вакцынах і з іншых краін, але пакуль хапае і гэтых. Ён падзякаваў кіраўніку Кітая Сі Цзыньпіну за пастаўку бясплатнай вакцыны.

«Мы папрасілі ў іх закупіць яшчэ вакцыны, але яны не вельмі прадаюць іх. Але нам сказалі, колькі трэба, столькі забяспечаць. Пра расіян я не кажу — тут з прэзідэнтам Пуціным мы дагаварыліся. Ён абяцаў, што мы будзем першымі, каму ён паставіць вакцыну. Ён выканаў сваё абяцанне. Мы планамерна атрымліваем вакцыны і стварылі па іх тэхналогіі вакцыны», — заявіў Прэзідэнт.

Спытаў ён, як ідзе работа па разліве вакцыны «Спадарожнік V» па поўным цыкле, не абмінуў пытання пра айчынную вакцыну.

«Справа гонару Гусакова (кіраўнік Акадэміі навук — «Зв.») і Піневіча, Мінаховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук у самыя кароткія тэрміны зрабіць самую лепшую вакцыну. Чаму самую лепшую? Таму што вопыт ужо ёсць і ў расіян, і ў еўрапейцаў, і ў кітайцаў, індыйцаў. Шмат хто ўжо стварае гэтыя вакцыны. Мы нешта ўжо ведаем. Мы не на голым месцы гэта робім. Трэба — і кітайцы гатовы нам дапамагчы. Трэба стаць на плечы, тым хто гэта зрабіў і зрабіць добрую вакцыну», — сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, калі гарантыя айчыннага прэпарата будзе 98–99 % — гэта стане прарывам.

Ён задаў пытанне, на якім этапе нашы вучоныя зараз знаходзяцца.

«Мы дамаўляліся, што ў будучым годзе атрымаем уласную вакцыну, а да гэтага правакцынуем амаль усё сваё насельніцтва. Колькі трэба? 60 працэнтаў на першым этапе? Трэба, дадзім і больш пакупной вакцыны і якую створым па расійскіх тэхналогіях», — канстатаваў Прэзідэнт.

«Людзі хочуць атрымаць вакцыну, яны яе атрымаюць. Хтосьці хоча вакцыну іншых краін, закупім на платнай аснове. Трэба адкрыць магчымасці правакцынавацца на платнай аснове».

Наступнае пытанне да міністра — будаўніцтва медаб'ектаў. Сярод іх кардыялагічны цэнтр у Магілёве, РНПЦ «Маці і дзіця», Цэнтр трансплантацыі ў Мінску.

«Гэтыя тры аб'екты мы павінны ў гэтым годзе закончыць», — паставіў задачу Прэзідэнт.


«Сітуацыя з захаваральнасцю ў нас стабільная»

Пра гэта паведаміў журналістам пасля размовы з Прэзідэнтам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч

Чарговая хваля ковіду

«Сітуацыя з захваральнасцю ў нас стабільная. Зніжэнне захваральнасці было з сярэдзіны сакавіка. І з сярэдзіны сакавіка мы застаемся на стабільных лічбах з невялікай тэндэнцыяй да росту на канец гэтага тыдня. У большай ступені індэкаціруем эпідэміялагічны працэс шляхам аналізу хвароб сярэдняй цяжкасці і цяжкай ступені — пнеўманіі, што шпіталізуюцца», — сказаў кіраўнік міністэрства.

Міністр адзначыў, што дастаткова высокі рост хворых назіраецца ў суседніх краінах, таму чарговую хвалю чакаюць і ў Беларусі. «Але інтэнсіўнасць гэтай хвалі мяркуем будзе не вышэй восеньскай», — дадаў ён.

Як ідзе вакцынацыя

Наконт вакцынацыі ад ковіда ён паведаміў, што 120 тысяч вакцын зараз накіравана ў рэгіёны. Учора атрымалі медыкі яшчэ 100 тысяч гатовых вакцын з Расіі па кантракту, па дамоўленасці паступяць і кітайскія вакцыны.

«Учора мы пачалі разліў вакцыны „Спадарожнік“ на „Белмедпрэпаратах“. 100 тысяч прыйшло і падпісаны кантракты на 500 тысяч вакцынуемых кожны месяц. То бок мы як і абяцалі ў красавіку працягнем пераход з тых кантынгентаў, пра вакцынацыю якія гаварылі спачатку, на ўсё насельніцтва», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Па яго словах, медыкі крыху змяняюць тактыку вакцынацыі: пасля медработнікаў, настаўнікаў паралельна пачнуць вакцынаваць старых.

Вытворчасць па расійскіх тэхналогіях

Праца па вытворчасці вакцыны на «Белмедпрэпаратах» вядзецца па двух напрамках: разліў вакцыны з паўпрадукту і вытворчасць па поўным цыкле.

«Разліў — гэта не проста прыехаць і разліць з чайніка па кубках. Гэта вельмі сур'ёзныя кампаненты, — падкрэсліў міністр. — Варыянт па поўным цыкле ажыццяўляецца з іншымі кампаніямі. Ідзе гэта паралельна на іншай пляцоўцы тых жа „Белмедпрэпаратаў“. Гэта ўжо інвестыцыйны праект другога тыпу па поўнай лакалізацыі гэтай вакцыны».

Працэс павінен быць завершаны да 1 красавіка.

«Гэта ўзаемавыгаднае пытанне і для расійскага, і для беларускага боку, — адзначыў Дзмітрый Піневіч. — Гэты інвестпраект, як і па разліву, ідзе з разлікам на магчымы экспарт пасля таго, як мы задаволім у поўнай меры інтарэсы нашай рэспублікі».

Беларуская вакцына

Дзмітрый Піневіч расказаў пра тое, як ідзе стварэнне беларускай вакцыны. Вытворчасць праходзіць у на некалькі этапаў: спачатку неабходна атрымаць так званую вакцыну ў прабірцы, затым маштабаваць яе да доследна-прамысловай партыі, і толькі пасля выпрабаванняў пачнецца прамысловая вытворчасць.

«Таму канец жніўня — мы думаем пра кандыдатны варыянт, канец года — мы думаем пра доследна-прамысловую партыю, якую пусцім на ўсе кантролі. Наступны год — гэта ўжо выхад на прамысловую маштабізацыю», — сказаў міністр.

Ён дадаў: важна тое, што мы ствараем тэхналогію, якую потым можна будзе пакласці на вытворчасць такога тыпу вакцын, але іншага ўзбуджальніка.

Будаб’екты

Пад кантролем кіраўніка дзяржавы знаходзіцца будаўніцтва некалькіх важных медыцынскіх аб’ектаў. Міністр заўважыў, што ўжо ў гэтым годзе павінны здаць хірургічны корпус РНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Завяршыць работы восенню плануюць і ў РНПЦ «Маці і дзіця». Трэці аб’ект — кардыялагічны цэнтр у Магілёўскай абласной бальніцы. Яго павінны здаць, па словах міністра, у лістападзе.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.