Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Нам трэба больш увагі надаваць рэгіянальным праектам у рамках Саюзнай дзяржавы


Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з экс-паслом Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Дзмітрыем Мезенцавым. 19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў пастанову аб прызначэнні Дзмітрыя Мезенцава Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.


Напачатку размовы беларускі лідар адзначыў, што толькі што заслухаў даклад міністра аховы здароўя, дзе досыць часта згадвалася Расія.

«Мы якраз абмяркоўвалі праблему вытворчасці вакцын па тэхналогіі Расіі, паставак вакцын з Расійскай Федэрацыі, — патлумачыў ён. — Надалей скажу, што сёлета мы будзем мець сваю вакцыну. Малайцы вучоныя нашы і міністр аховы здароўя — яны робяць невялікую паўзу, бо не ведаем, які штам вірусу мы будзем мець да восені. „Спадарожнікам V“ мы вакцынуем насельніцтва, плюс свая вакцына — працэнтаў 50 правакцынуем для бяспекі. А далей свая вакцына будзе патрэбная заўсёды».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такая маштабная вакцынацыя патрэбная Беларусі, каб абараніць краіну ў тым ліку і ад «брытанскага» штаму каранавіруса COVID-19.

«Мы не так пільна сачылі за гэтым „брытанскім“ штамам, ён прыйшоў да нас з Еўропы. У Расіі, напэўна, гэта аднолькавыя выпадкі. У Польшчы — катастрофа. За суткі  34 тысячы (выпадкаў новага заражэння — «Зв.») знойдзены, таму лакдаўн увялі. Таму мы прымаем сур’ёзныя меры, каб пабудаваць тут бар’ер», — сказаў ён і дадаў, што запытаў меркаванне расійскіх вучоных наконт беларускай вакцыны.

«Гэта будзе добры прыклад яднання падыходаў», — заўважыў Дзмітрый Мезенцаў. 

Прэзідэнт Беларусі пагадзіўся і напомніў пра дасягненні беларускіх вытворцаў вакцын для жывёл, у тым ліку і для расійскага рынку. На думку кіраўніка дзяржавы, гэты вопыт дазволіў хутка вынайсці сваю супрацьковідную вакцыну ўжо для людзей.

«У нас вялізная фабрыка. Такой буйной на постсавецкай прасторы няма. Яе дабудоўвалі ў першыя гады майго прэзідэнцтва — БелВітуніфарм. Хутка здзівім Расію адной вакцынай для жывёл, якая нам вельмі патрэбная. Зараз ідуць выпрабаванні», — анансаваў ён. 

Дзмітрый Мезенцаў, карыстаючыся магчымасцю, у якасці экс-пасла яшчэ раз падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за ўвагу, якую той напярэдадні надаў візіту дэлегацыі Прыморскага краю.

«Прапановы, якія падрыхтаваныя ўрадам Прыморскага краю ў адрас будаўнічага комплексу Беларусі, вытворцаў прамысловай прадукцыі, аграсектару, вельмі маштабныя, --сказаў ён. — З улікам унікальнага становішча Далёкага Усходу ў сістэме адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай, іншымі краінамі АЦР (Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну — «Зв.»), гэта можа для Беларусі, для вытворцаў рэальнага сектару эканомікі рэспублікі даць зусім новую якасць, новы прыбытак, відавочную карысць. І мы верым, што так і будзе ў самы блізкі час».

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў суразмоўцу: «Думаю, што нам прыйдзецца адкрыць новы кірунак супрацоўніцтва з Кітаем — праз Далёкі Усход. Цалкам рэальна. У Алега Кажамякі (губернатара Прыморскага краю РФ — «Зв.») там каласальныя сувязі, ён мне расказваў, з кітайцамі. Яны прывозяць, прадаюць — на ўсю Расію ідзе тавар. Далёкі Усход туды (у КНР — «Зв.») свабодна прадае многія тавары. Чаму б нам не скарыстацца гэтым каналам? Гэта для нас вельмі цікава».

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паабяцаў прааналізаваць гэту ідэю.

«Магчыма, мне ўдасца вырвацца туды ў жніўні і вельмі сур’ёзна пагаварыць, — дадаў Прэзідэнт. — Ну і не толькі пра Прымор’е. Гэта адзін з кірункаў. З іншымі рэгіёнамі ў нас таксама выдатныя адносіны, і нам трэба больш увагі надаваць гэтым праектам у рамках Саюзнай дзяржавы — менавіта з рэгіёнамі. Расія вялізная і старацца вырашыць там нейкія канкрэтныя пытанні праз урад, нават Прэзідэнта, напэўна, будзе не правільна. Там павінны вырашацца глабальныя пытанні».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вопыт Дзмітрыя Мезенцава і як расійскага пасла (2019–2021 гады), і як губернатара Іркуцкай вобласці Расіі (2009–2012 гады), і як генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (2013–2016 гады) будзе вельмі запатрабаваны на новай яго пасадзе Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы.


Практыка рэалізацыі шматлікіх саюзных праграм, якая склалася ў рамках Саюзнай дзяржавы, патрабуе падтрымкі і пашырэння, сказаў журналістам па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Дзмітрый Мезенцаў. Па яго словах ён пачуў ад Аляксандра Лукашэнкі адзінства падыходаў з расійскім бокам.

«Падыходаў у рабоце, якая сёння ідзе па пошуку магчымых фарматаў эканамічнай інтэграцыі, па вывядзенні значнай колькасці сумесных планаў і праектаў на ўзровень Саюзнай дзяржавы. Адным з прыкладаў гэтага можа быць спадарожнік, над якім працуюць спецыялісты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, бо характарыстыкі спадарожніка ўнікальныя, ідзе сумеснае фінансаванне, паспяховая сумесная работа, яго задача — забяспечыць дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі па адных з самых перадавых характарыстыках на планеце», — расказаў Дзяржскаратар Саюзнай дзяржавы.

Дзмітрый Мезенцаў нагадаў, што 2 красавіка будзе адзначацца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі — 25-годдзе стварэння Саюзнай дзяржавы.

«Мы зрабілі вельмі шмат, але час і знешні ціск патрабуюць ад нас большых вынікаў, большай канкурэнтаздольнасці. Пастковідны свет будзе больш жорсткім, і тыя краіны-лідары, якія хочуць вярнуць і ўмацаваць свае пазіцыі, напэўна, не будуць асабліва надаваць увагу нашым запытам, і ў гэтым плане толькі аб’яднанне ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, умацаванне супрацоўніцтва ў рамках СНД — адзіны магчымы паспяховы адказ на той ціск, які мы чакаем — не палітычны, а эканамічны», — лічыць новапрызначаны Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы.

Падводзячы вынікі сваёй службы на чале дыпламатычнай місіі Расіі ў Беларусі, Дзмітрый Мезенцаў адзначыў відавочнасць новага ўзроўню супрацоўніцтва і гатоўнасці чуць аргументы адзін аднаго.

«Не для таго, каб зараз жа атрымаць вынік ад продажу той або іншай прадукцыі для нейкай канкрэтнай кампаніі, — патлумачыў ён. — Мы сёння гаворым пра больш глыбокую стратэгію супрацоўніцтва. Сёння гэта больш глыбокае разуменне таго, што інтэграцыйная работа і раскрыццё патэнцыялу Саюзнага дагавору актуальнае як ніколі».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».