Вы тут

Купалаўскі артэфакт


Каштоўны экспанат з'явіўся ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, што месціцца ў вёсцы Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна. Гэта — тульскі самавар работы сярэдзіны XIX стагоддзя. Загадчыца філіяла Святлана Ціс, якая працуе тут ужо дваццаць гадоў, тлумачыць, чым зацікавіў медна-латунны артэфакт і якім чынам ён трапіў у музейную экспазіцыю.


— Па-першае, гэта прыгожы ў эстэтычным афармленні і надзейны на той час бытавы прадмет. Па-другое, самавар мае дачыненне да нашай культуры і гісторыі: яго трымаў малады Янка Купала, калі працаваў на яхімоўшчынскай вінакурні ў 1906—1907 гадах. А падарыла самавар музею былая жыхарка Яхімоўшчыны —  Сцепаніда Шаўчэнка, якая падзялілася ўспамінамі свайго маленства, — расказвае Святлана Ціс. — Бацька Сцепаніды быў адмысловы сталяр і сумленны работнік і за сваю адданую працу атрымаў ад яхімоўшчынскага гаспадара гэты самавар. А яшчэ ён ведаў шмат легендаў і гісторый з мінулых часоў і «частаваў» імі аднаго цікаўнага юнака, калі яны разам сядзелі за гарачым самаварам. Пазней даведаўся, што гэта быў Купала. Ганарыўся, што ў ягоным доме быў сам Пясняр. Сцепаніда ўсё жыццё зберагала бацькаў самавар, сваім дзецям наказвала: шануйце гэтую рэліквію, бо з самавара піў гарбату першы народны паэт Беларусі. Калі Сцепаніда даведалася, што я з музея, то падарыла экспанат на вечнае захоўванне.

Калі пажадаеце пазнаёміцца з Купалавай аўтэнтыкай, напрыклад, убачыць стогадовую вінакурню , на на якім малады паэт Іван Луцэвіч працаваў у якасці памочніка вінакура, дом, у якім ён кватараваў з восені 1906-га па вясну сёмага года, зазірнуць у пакой, у якім адпачываў і складаў вершы, тады адназначна трэба накіроўвацца ў вёску ЯхімОўшчыну Маладзечанскага раёна. У вёсцы захаваўся архітэктурна-прамысловы комплекс, якім яго бачыў будучы класік. Не музейныя муляжы, не рэканструяваны новабуд, а сапраўдная забудова, якая і сёння выкарыстоўваецца для службовых, побытавых і культурных патрэб вяскоўцаў: цягляная кантора бровара, пабудаваная ў 1900 годзе ў стылі неакласіцызму, цяпер служыць канторай мясцовага сельгаспрадпрыемства, а драўляны жылы дом для колішніх служачых цяпер стаў музейнай пляцоўкай. У маладосці Янка Купала працаваў на шэрагу вінакурняў (Сёмкава, Новая Беліца, Бенін, Дольны Сноў), але да нашага часу толькі Яхімоўшчына можа пахваліцца сваёй аўтэнтычнай атмасферай і добрай захаванасцю. А сам Купалаў пакой — рызынка яхімоўшынскага музея. Вокны і дверы ў ім, столь і падлога, нават дзвярная ручка —каштоўныя сведкі часу, калі малады паэт узыходзіў на літаратурны парнас.

Аўтэнтычнымі лічацца і тыя ўзгоркі, якія атачаюць паселішча, і дарогі, якімі хадзіў Купала ў навакольныя вёскі збіраць легенды паданні, каменны паганскі крыж на ўзбочыне бальшака. І чыгуначная станцыя Палачаны, з якой прыйшоў у Яхімоўшчыну наймацца на працу. А яшчэ трэба наведаць Яхімоўшчыну, бо менавіта тут, на хвалі рэвалюцыйнага ўздыму, з’явіўся сусветнавядомы верш-набат Купалы «А хто там ідзе?», яго вершы «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Ворагам Беларушчыны» і іншыя знакавыя і знакамітыя творы.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?