Вы тут

«...У жалеза ўвайшла душа яго». Наш зямляк паклаў пачатак падводнай хірургіі


Калі севастопальскі ўрач Мікалай Пірагоў залажыў асновы ваенна-палявой хірургіі, то ўрач-беларус Віктар Буйневіч у свае 29 гадоў паклаў пачатак новай галіне ваенна-марской медыцыны — падводнай хірургіі.


Гэту падзею так і не занеслі ў кнігу сусветных дасягненняў. Але ў ёй, у гэтай кнізе, і без таго нямала белых плям...

Такім чынам, ваенны ўрач, капітан медыцынскай службы Віктар Іванавіч Буйневіч першы ў свеце зрабіў поласцевую аперацыю мараку на падводнай лодцы, якая ішла на глыбіні 150 метраў пасярод Атлантычнага акіяна. Гэта адбылося ў кастрычніку 1962 года ў разгар так званага Карыбскага крызісу, калі ЗША абвясцілі аб марской блакадзе Кубы, а савецкія падводныя лодкі выйшлі на абарону нашых танкераў і сухагрузаў, якія ішлі ў кубінскія парты. Пентагон сцягнуў у Карыбскае і Саргасава моры амаль увесь свой велізарны атлантычны флот. СССР змог супрацьпаставіць яму чатыры дызельныя падводныя лодкі, узброеныя атамнымі тарпедамі. Свет павіс на валаску. У гэтым сусветным перадапакаліпсісе, у д'ябальскай карыдзе авіяносцаў, фрэгатаў і падводных лодак павісла на валаску і жыццё асобнага чалавека — мічмана-акустыка падводнай лодкі Б-36 Пятра Панкова. Яму пагражаў перытаніт, а значыць, патрабавалася тэрміновая поласцевая аперацыя.

Як усё было?.. А было вельмі млосна, невыносна горача і вільготна. У энергетычных адсеках тэмпература паветра даходзіла да 60 градусаў. У гэтай пякельнай сауне вахтавыя часам страчвалі прытомнасць, і тых, хто атрымаў цеплавы ўдар, выносілі ў больш «прахалодныя» канцавыя адсекі, дзе паветра было прагрэта «ўсяго» да 35-40 градусаў. Сцякаючы потам, падводнікі насілі на шыі ручнікі, каб выціраць мокрыя твары. Глыток выпітай вады тут жа выпарваўся праз поры...

Медыцынская аперацыя на падводнай лодцы сама па сабе — ужо экстрым, і немалы. Аперацыя ў варожых водах, калі лодку шукаюць чужыя караблі і грукочуць падводныя выбухі сігнальных гранат, калі ў адсеках смурод, спёка, пот і ніякіх антысептыкаў — гэта экстрэмальна ўдвая.

Для ўрача падводнай лодкі 641-га праекта (тып «факстрот») не прадугледжана нават малой каюткі. Адзінае месца, куды можна пакласці хворага, — абедзенны стол у афіцэрскай кают-кампаніі. Але перш чым гэта зрабіць, Буйневіч добра працёр стальніцу спіртам, а затым разаслаў стэрыльную прасціну. Спіртам апрацавалі і ўсё памяшканне, усе пераборкі...

* * *

Паклалі мічмана, зафіксавалі рукі і ногі на выпадак раптоўнага нахілу, ды і каб сам не тузануўся, калі раптам перапыніцца дзеянне наркозу. Тут новая бяда: спецыяльна падрыхтаваны матрос ад віду крыві, якая выступіла з-пад скальпеля, страціў прытомнасць. Падаваць інструменты стала няма каму. Да стала ўстаў капітан-лейтэнант Сапараў, зампаліт; ён не ведаў дакладных назваў хірургічных інструментаў, і Буйневіч паказваў поглядам, што яму падаць. Каб не знепрытомнець, афіцэр падносіў да носа бутэлечку з нашатыром, а далоні час ад часу акунаў у слоічак са спіртам.

Падчас аперацыі і Буйневічу, і Сапараву давялося надзець белыя халаты — адчуванне было такое, як быццам увайшоў у сауну ў кажусе. Халаты наскрозь прамоклі ад поту... За бортам тэмпература вады звыш 30 градусаў. Пад палубай жылога адсека, дзе разгорнута аперацыйная, — акумулятарная батарэя, якая, калі разраджаецца, дае цяпло, ды пры гэтым яшчэ вылучае вадарод. Гэты выбухованебяспечны газ спальваецца ў спецыяльных электрычных печках, якія таксама працуюць, дадаючы ў агульную спёку свае градусы.

Панкоў пакладзены на стале, рукі і ногі прышпілены спецыяльнымі рамянямі, яго злёгку падманваюць, запэўніваючы, што гэта неабходна для штармавога мацавання.

— Звалішся, потым збірай тут цябе па частках, — з перабольшанай заклапочанасцю бурчыць Буйневіч. — На, выпі!

— Што гэта? — небяспечна прынюхваецца матрос. — Спірт?

— Пі, каб «мама» не крычаў!

Акрамя ўсіх праблем, узнікла яшчэ адна: у Панкова непераноснасць навакаіну, а іншых сродкаў абязбольвання ў аптэчным арсенале ўрача няма. Прыйдзецца рэзаць пад мясцовай замарозкай, а гэта больш чым адчувальна. Перад тварам мічмана вывешваюць марлевую фіраначку, каб не бачыў нічога лішняга...

* * *

З дзённіка хірурга:

«Зрабіў касы надрэз па Валковічу-Дзьяканаву даўжынёю сантыметраў у сем. Тут жа «залітаваў» электракаагулятарам перарэзаны сасудзік з двух бакоў, каб не сыходзіў крывёй. Прыбраў тампонам кроў, якая набегла.

«Калі хворага добра зафіксаваць, — як жартуе наш флагманскі ўрач, — то аперыраваць можна і без наркозу. Па Малюце Скуратаву». І яшчэ ён павучае маладых хірургаў: «Чырвоненькае сшываецца з чырвоненькім, а беленькае — з беленькім». Жарты жартамі, але мясцовае абязбольванне пры такой аперацыі — гэта катаванне. Якая безабаронная чалавечая плоць перад вострым металам... Як адчайна супраціўляецца скура, як упіраюцца фасцыі мышцаў. Але... Сталь мацнейшая.

Такім чынам, скура рассечана, а разам з ёй і падскурная тлушчавая клятчатка. Доступ у поласць жывата адкрыты. Гэта як лаз у акумулятарную яму... (Параўнанні з лодкавай машынерыяй прыходзяць на розум самі па сабе. Напэўна, пасля даволі ўедлівага вывучэння «матчасткі».) Шлях да адростку перагарадзілі фасцыі касой мышцы, і я перарэзаў іх нажніцамі, затым, рассунуўшы тканкі (яны лёгка разышліся ў бакі), адкрываю шлях у глыбіню. Цяпер трэба рассячы брушыну паміж заціскамі... Госпадзі, пранясі!.. Да чаго ж арганізм падобны на механізм — ну проста трубаправод нейкі, толькі жывы і вельмі адчувальны...

— Балюча?

— Балюча, — шчыра прызнаецца мічман з-за фіранкі.

— Трэба яшчэ трошкі пацярпець.

— А можна я буду спяваць?

— Спявай.

— Урачу не здаецца наш горды «Вараг»!..

Старадаўняя марацкая песня-малітва худа-бедна, але дапамагае...

У рэшце рэшт, Панкова выносяць і асцярожна ўкладваюць на ніжні ложак у афіцэрскай каюце-чатырохместцы. Цяпер самае галоўнае — правільнае выходжванне. Але паспрабуй выхадзі хворага ва ўмовах брудных тропікаў!»

* * *

Экіпаж Б-36.

Памочнік камандзіра падводнай лодкі капітан-лейтэнант А. Андрэеў успамінаў:

«Ад спёкі, поту, бруду ва ўсіх пайшлі па скуры гнайнічкі. Доктар Буйневіч змазвае іх «зялёнкай». Ходзім размаляваныя, як індзейцы. Я перайшоў на «трапічны рацыён»: у абед — толькі шклянка кампоту. На вячэру якую-небудзь малочную кашу і кампот. Вячэрні чай — толькі шклянка доўгачаканай вільгаці. Ніякая ежа ў рот не лезе.

Зараз ноч. Ледзь павеяла свежым паветрам. Людзі хапаюць яго, як рыбы ў зімовы мор — шырока адкрытымі ратамі. Бедны доктар Буйневіч! Ён нават не можа вымераць тэмпературу хвораму. У адсеках няма месца, дзе тэмпература была б ніжэй за +38 °C. Тэрмометры зашкальваюць. Вочы «лезуць з арбіт». Ад духаты расколваецца галава. Прайшоў па адсеках — нікога, акрамя вахтавых, якія яшчэ трымаюцца. Усе ў насавым або кармавым, дзе трошкі прахалодней. Але і ў гэтых адсеках надыхалі так, што вуглекіслаты вышэй за ўсякія нормы. Ніхто не сыходзіць. Лёг і я ў абдымку з тарпедай. Яе жалеза ледзь халадзіць. Свабодныя ад вахтаў сядзяць, не варушачыся, гледзячы ў адну кропку. На вахту ўжо не ідуць, а паўзуць. Тэмпература ў канцавых адсеках перавысіла +50 °C, а ў дызельным, электраматорнай і двух акумулятарных адсеках — за +60 °C. Вахтавыя страчваюць прытомнасць... Сёння ўпалі ад цеплавога ўдару яшчэ трое матросаў...»

* * *

З успамінаў штурмана Б-36 старшага лейтэнанта В. Навумава:

«Урач на падводнай лодцы — гэта хадзячая клініка: ён і хірург, і тэрапеўт, і ўролаг, і гігіеніст, і дыетолаг, і траўматолаг, і нават дантыст. І яшчэ. На лодцы доктар — не толькі ўрач, але і афіцэр, ды яшчэ падводнік. Адзіны ў трох асобах — ваенна-марскі ўрач. Па лодачным раскладзе, ён, акрамя ўсяго іншага, — камандзір другога адсека. Па баявой трывозе ён застаецца старэйшым у другім адсеку і выконвае ўсе загады цэнтральнага паста, узначальвае барацьбу за жывучасць у выпадку пажару або затаплення. Для гэтага трэба ведаць адсек, вывучыць яго зверху данізу, дзе якія кабельныя трасы праходзяць, дзе якія «пакетнікі» стаяць, як усякаюцца або высякаюцца батарэйныя аўтаматы, як уключаецца сістэма пажаратушэння і многае іншае. Але ёсць яшчэ і вышэйшы «доктарскі пілатаж». Гэта не ўваходзіць у прамую «функцыяналку» начальніка медслужбы. Але калі ён здаў залікі на самастойнае нясенне якарнай вахты, а таксама вахты на бочцы або на швартовых, не кажучы ўжо пра дзяжурства па караблі, гэта значыць, узяў на сябе частку чыста службовай руціны, падставіў сваё плячо пад агульную лямку, тады яго будуць не проста паважаць, а шанаваць і ганарыцца ім. Вось тады ты ў дошку свой хлопец, паўнапраўны член афіцэрскага братэрства».

* * *

А пацыент Буйневіча, мічман Панкоў, праз некалькі дзён стаў на ногі. Хірургічная рана зажыла, і мічман вярнуўся ў рубку акустыкаў. Да таго часу Б-36 трапіла ў звышвострую сітуацыю: неадступнае сачэнне амерыканскіх караблёў прывяло да таго, што ні разу не атрымалася ўсплыць на зарадку акумулятарных батарэй. Цяпер жа, пасля даклада механіка, што «электраліт разрадзіўся да вады», трэба было ўсплываць. Усплылі і трапілі ў шчыльнае акружэнне фрэгатаў і эсмінцаў Атлантычнага флоту ЗША. Бліжэй за ўсіх знаходзіўся фрэгат «Сесіл».

Камандзір Б-36 капітан 2-га рангу А. Дубіўка ўспамінаў:

«Падчас зарадкі батарэі мы прадумвалі розныя варыянты адрыву ад супрацьлодкавых сіл. Я выклікаў начальніка радыётэхнічнай службы старэйшага лейтэнанта Жукава і старшыну гідраакустыкаў мічмана Панкова і сказаў ім: «Для вас, хлопцы, задача асаблівая — настроіць гідраакустычную станцыю «Свіяга» на частату работы ГАС «Сесіла». Калі дам каманду на адрыў, уключыце станцыю на кругавое выпраменьванне, каб «забіць» работу гідраакустыкі «Сесіла», а мы будзем адыходзіць на максімальную глыбіню апускання».

Гідраакустыкі справіліся з гэтай задачай. Адрыў вырашылі выканаць у дзённы час, выкарыстоўваючы фактар раптоўнасці. Падчас зарадкі батарэі я неадлучна знаходзіўся на мастку. Зарадка скончана. І вось надышоў момант ісціны: чарговая група верталётаў паляцела ад лодкі на дазапраўку, другая ж яшчэ не прыляцела. «Ну, — думаю, — была-не была. Трэба паказаць амерыканцам, што мы нават у гэтых нечалавечых умовах здольныя процідзейнічаць іх нахабным правакацыям у міжнародных водах». Камандую: «Тэрміновае апусканне!». Праз некалькі секунд на вачах у збянтэжаных амерыканцаў Б-36 схавалася ў безданях Саргасава мора. Даю поўны ход электраматорамі і апускаюся на глыбіню 200 метраў, паднырнуўшы пад супрацьлодкавы карабель «Сесіл». У гэты час нашы гідраакустыкі некалькі разоў па 5-6 секунд «забівалі» работу гідралакатара амерыканскага карабля кругавым выпраменьваннем сваёй станцыяй «Свіяга». Гэтая акалічнасць і вялікая глыбіня апускання забяспечылі паспяховы адрыў ад супрацьлодкавых сіл амерыканцаў. Змяніўшы свой курс на 180 градусаў, мы канчаткова адарваліся ад пераследу».

Вось так спатрэбіўся выратаваны доктарам Буйневічам пацыент — майстар ваеннай справы мічман Пётр Панкоў!

* * *

У снежні 1962 года ўсе чатыры падводныя лодкі вярнуліся ў Палярны. Камандзір прадставіў лодачнага ўрача, капітана медслужбы Буйневіча да ордэна. Але наверсе вырашылі — малады яшчэ, хай паслужыць. І Буйневіч служыў, і яго жыццёвым крэда былі словы паэта-франтавіка: «Не трэба ордэна, была б Радзіма...»

Мне толькі аднойчы давялося сустрэць Віктара Іванавіча ў якасці галоўнага доктара санаторыя Паўночнага флота «Аўрора» ў Хосце. Я прыбыў туды зімой па пуцёўцы, ведаць бы тады, што за чалавек узначальваў гэту ўстанову, якую ахоўваў Бог. Але не ведаў, як не ведалі і ўсе іншыя адпускнікі-адпачывальнікі, як, напэўна, не ведаў і ўвесь медперсанал «Аўроры»…

На гэтым стале была зроблена аперацыя.

Затое з яго сынам Дзмітрыем Віктаравічам, які пайшоў па слядах бацькі, у мяне завязалася перапіска:

«Бацька ў мяне беларус, жыў на акупаванай тэрыторыі ў вёсцы Любішына Чэрвеньскага раёна, гэта Мінская вобласць. Расказваў, што калі суседнюю вёску спалілі немцы, яны з сям'ёй уцяклі ў лес і доўга там жылі...

Ён увесь час быў у рабоце, і я нават не памятаю, калі мы, папросту кажучы, валяліся, адпачывалі, гультаявалі. Ён увесь час знаходзіўся ў нейкім руху, верагодна, гэта было ўласціва ўсяму яго пакаленню... Таму пакаленню, якое прайшло праз горан вайны і ведала цану і працы, і хлебу, здабытаму гэтай працай...

Службу бацька скончыў у Сочы — у чыне падпалкоўніка медыцынскай службы. Памёр ён на 78-м годзе жыцця — 31 кастрычніка 2013 года...»

Вось, уласна, і ўся гісторыя, так і не занесеная ў сусветную кнігу рэкордаў...

Мікалай Чаркашын

Загаловак у газеце: ПЕРШЫ Ў СВЕЦЕ...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.