Вы тут

Навукоўцу Генадзю Кісялёву споўнілася б 90 гадоў


Дзякуючы руплівай працы гісторыка і літаратуразнаўцы Генадзя Кісялёва мы ведаем столькі новых імёнаў і цікавых фактаў, што пералічыць усё проста немагчыма. 19 сакавіка выбітнаму навукоўцу споўнілася б 90 гадоў. З гэтай нагоды мы пагутарылі з яго малодшай дачкой Наталляй Шчарбаковай.


Генадзь Кісялёў (першы злева) сярод прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, 1990-я гг.

— Наталля Генадзьеўна, ваш бацька адкрыў беларускаму чытачу цэлы сусвет пачынальнікаў нацыянальнай літаратуры. Сам ён казаў, што найбольш у жыцці любіць разгадваць загадкі мінулага. Але ці дастаткова гэтага, каб стаць сапраўдным даследчыкам? Ці патрэбна штосьці яшчэ?

— Сапраўды, цяга да загадак — тое, што вылучае даследчыка сярод іншых. Але трэба яшчэ разгледзець загадку ў самых, здавалася б, звычайных, хрэстаматыйных рэчах. Неабходная ў пэўнай ступені апантанасць гэтай загадкаю. І, вядома, талент, нестандартнасць мыслення, каб знайсці адказ.

— Генадзь Васільевіч нарадзіўся ў падмаскоўнай Каломне, а ў Беларусі ў юнацтве пражыў усяго некалькі гадоў. Ды менавіта тут, у віцебскай школе, яго ўпершыню захапілі паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Адкуль у хлопца з рускай сям’і магла з’явіцца такая неверагодная цяга да беларушчыны?

— Магчыма, тут сваю ролю адыгралі гены, бо дзед Генадзя Васільевіча (па лініі маці) усё-такі быў беларусам. А найхутчэй — бацька захапіўся, «заразіўся» беларускай нацыянальнай ідэяй падчас працы ў літоўскіх архівах, куды ён быў накіраваны пасля  заканчэння  Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута. У Літве ён правёў амаль дваццаць гадоў. Менавіта там сутыкнуўся з дакументамі, што тычыліся паўстання 1863—1864 гадоў. І гэтая тэма стала адным з асноўных вектараў яго далейшых даследаванняў.

— Першы артыкул маладога даследчыка, што выйшаў у часопісе «Дружба народов», прысвечаны якраз Кастусю Каліноўскаму.

— Так, тэма паўстання 1863—1864 гадоў і асоба яго кіраўніка заўсёды прыцягвалі Генадзя Васільевіча. Нездарма партрэт Кастуся Каліноўскага займаў самае пачэснае месца ў працоўным кабінеце бацькі. Але я б сказала, што галоўная навуковая зацікаўленасць Кісялёва — гэта постаць самой Беларусі, зямлі з няпростым лёсам, тыя людзі, якія не далі задзьмуць агонь нацыянальнай гісторыі.

— Ці часта Генадзь Васільевіч выпраўляўся ў камандзіроўкі ў архівы іншых гарадоў? Ці дзяліўся радасцю сваіх навуковых адкрыццяў з сям’ёй?

— Нават геніі застаюцца людзьмі з уласцівымі ім рысамі характару. Генадзь Васільевіч не любіў паездкі і быў вельмі прывязаны да дому. Заўсёды засяроджаны на навуцы, ён амаль суткамі працаваў ці то ў сваім кабінеце ў кватэры, ці то ў Інстытуце літаратуры, ці то ў бібліятэцы альбо архіве. Ну а калі знаходзіўся час для сям’і, стараўся крыху адпачыць ад навукі, падзяліцца душэўнай цеплынёю, даць, так бы мовіць, ментальны падмурак сваім дзецям, а потым і ўнуку.

— У бібліятэцы вашага бацькі шмат кніг, падараваных Уладзімірам Караткевічам. Партрэт Кастуся Каліноўскага таксама — з аўтографам класіка. Якія стасункі іх лучылі?

— Уладзімір Караткевіч быў адным з найбліжэйшых сяброў бацькі, яго аднадумцам і паплечнікам. Можна сказаць, іх яднала цяга да загадкі Беларусі, якую кожны вырашаў па-свойму: адзін — як мастак слова, другі  — як даследчык. Дарэчы, і Караткевіч з сапраўды даследчыцкай скрупулёзнасцю ставіўся да гістарычнай фактуры ў сваіх творах. Стасункам бацькі са слынным пісьменнікам спрыяла і блізкае сяброўства іх жонак — Яніны Міхайлаўны Кісялёвай і Валянціны Браніславаўны Караткевіч. Шмат гадоў Кісялёў сябраваў і са слынным нашым навукоўцам Адамам Іосіфавічам Мальдзісам.

— У спадчыне Генадзя Кісялёва больш за дзясятак арыгінальных кніг, пачынаючы ад «Сейбітаў вечнага», выдадзеных да стагадовага юбілею паўстання 1863 года. А якая кніга была Генадзю Васільевічу асабліва дарагой?

— Кожная кніга для яго была, як дзіця, самай любімай. Асобна можна вылучыць, бадай, апошнюю  — «Скарынаўскую сімволіку», што пабачыла свет, на жаль, ужо пасля смерці аўтара. Некалькі апошніх гадоў бацьку цалкам захапіла кардынальна новая для яго тэма.

— У свой час Міхась Маліноўскі з Баранавічаў выдаў кніжку пра Паўлюка Багрыма, дзе безапеляцыйна сцвярджаў, нібыта юнак з Крошына не пісаў славутага верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы», і запатрабаваў выключыць паэта са школьнай праграмы. Справа зайшла так далёка, што Генадзю Васільевічу давялося рабіць навуковую экспертызу і даводзіць няслушнасць меркаванняў Маліноўскага. Як ставіўся ваш бацька да такіх «развянчальнікаў міфаў»? Як да іх ставіцеся асабіста вы?

— Генадзь Васільевіч усё жыццё быў вельмі талерантным чалавекам і імкнуўся ставіцца з павагай да вельмі розных меркаванняў. Але, вядома, не мог заставацца абыякавым да дзівацкіх канцэпцый кшталту гіпотэзы згаданага Маліноўскага. Асабіста я думаю, што навуковая грамадскасць заўсёды павінна даваць адпор псеўдагісторыкам і псеўдалітаратуразнаўцам, якія, нягледзячы на відавочную няслушнасць прадуктаў іх «разумовай» дзейнасці, імкнуцца давесці свае інтэнцыі да шырокай аўдыторыі.

— На пераломе тысячагоддзяў Генадзь Васільевіч нечакана для многіх скіраваў сваю ўвагу на скарыназнаўства. Апублікаваў шэраг артыкулаў, падрыхтаваў да выдання кнігу. Прычым зрабіў гэта на прывычным для сябе найвышэйшым навуковым узроўні. Як такое сталася магчымым? Як можа даследчык сягнуць на тры стагоддзі назад ад звыклай для сябе эпохі, у зусім іншы час, і сказаць там сваё важкае, аўтарытэтнае слова?

— Сапраўды, адразу пасля смерці Генадзя Васільевіча ў 2008 годзе мы пачалі рыхтаваць да друку пакінуты ім рукапіс кнігі «Сімволіка Скарыны: вытокі, традыцыі, інтэрпрэтацыі». Як заўсёды, напісаная ва ўласцівай аўтару белетрыстычнай манеры, праца грунтоўна раскрывае разнастайныя інтэрпрэтацыі сімвалаў беларускага першадрукара. Вядома, гэтае даследаванне было б працягнута, але дастаткова паслядоўна ў ім даказваецца геральдычная прырода сімвалічных знакаў у выданнях Скарыны. Праца пабачыла свет у 2009 годзе ў зборніку «Кніга першая…— кніга апошняя», які ўключае таксама надрукаваных у 1963 годзе «Сейбітаў вечнага», што сталіся сапраўднай рэвалюцыяй у поглядах на паўстанне 1863—1864 гадоў. І тут трэба вярнуцца да пачатку нашай размовы. Так, тры стагоддзі аддзяляюць Скарыну ад Каліноўскага, Урублеўскага, Дуніна-Марцінкевіча ды Багушэвіча. Але іх яднае постаць Беларусі, яе загадка — галоўная таямніца, што імкнуўся спасцігнуць навукоўца Кісялёў.

— Адносна нядаўна ў серыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў дыхтоўны том выбранага Генадзя Кісялёва. Здаецца, гэта апошняе на сёння выданне навуковай спадчыны вашага бацькі. Як і дзякуючы чаму гэтая кніга з’явілася? Як фарміраваўся яе змест?

— Так, сапраўды, «Выбранае», надрукаванае ў 2016 годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор», — апошняе выданне твораў бацькі. Ініцыятарам выпуску зборніка выступіў Кастусь Цвірка, галоўны рэдактар «БК». Укладаннем жа і каментаваннем заняліся Лія Кісялёва (старэйшая дачка Генадзя Васільевіча) і Вячаслаў Чамярыцкі, які шмат гадоў быў калегам бацькі па Інстытуце літаратуры НАНБ. У самавіты том увайшлі найбольш значныя творы з навуковай спадчыны Кісялёва.

— Ці плануюцца з нагоды 90-годдзя ад дня нараджэння Генадзя Васільевіча новыя выданні?

— Наколькі мне вядома, сёлета не плануецца выпуск чарговага зборніка. Але не юбілеямі аўтара адмерваецца актуальнасць тых ці іншых публікацый. Упэўнена, што перавыданні твораў бацькі яшчэ неаднойчы парадуюць чытача.

Гутарыў Зміцер КУЗМЕНКА

Загаловак у газеце: Разгадаць загадкі мінулага…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».