Метэаралагічныя зводкі даўно сталі неад'емнай часткай нашага жыцця. Але калі звычайнага чалавека, як правіла, цікавіць, як жа давядзецца апранацца і ці браць з сабой парасон, то ў Ваенна-паветраных сілах і войсках проціпаветранай абароны прагноз надвор'я адрозніваецца максімальнай скрупулёзнасцю. Стаўка пры гэтым вельмі вялікая — бяспека палётаў і экіпажа кожнага лятальнага сродку.
Займаюцца ж аналізам абстаноўкі «за бортам» спецыяльна навучаныя афіцэры — ваенныя метэаролагі. Іх у нашай краіне не так шмат — усяго некалькі дзясяткаў. У Беларусі гэтай справе не вучаць. Нашых ваенных метэаролагаў рыхтуюць у Варонежы, на базе Ваенна-паветранай акадэміі імя прафесара Жукоўскага і Гагарына па мэтавым наборы, які праводзіць Міністэрства абароны. Адзін з іх — начальнік метэаралагічнай службы 50-й змяшанай авіябазы, капітан Якаў Мінько. Ён і расказаў пра асаблівасці сваёй работы.
— Неспрактыкаванаму чалавеку здасца, што мы выконваем такія ж задачы, як і грамадзянскія метэаролагі. Але гэта зусім не так. Задачы ў нас выключна спецыялізаваныя. Напрыклад, вы ў звычайным прагнозе надвор'я не прачытаеце пра тэмпературу паветра на вышыні ў некалькі тысяч метраў або пра тое, у які бок і з якой сілай там дзьме вецер. Ды і навошта звычайнаму чалавеку пра гэта ведаць? А вось лётчыкі пра метэасітуацыю ў сваім паветраным эшалоне павінны быць абазнаныя на сто працэнтаў, — заўважае Якаў Мінько. — Тым больш што надвор'е пераменлівае ў нас нават у прыземным слоі паветра. Што ўжо казаць пра вышыню, дзе сітуацыя на адлегласці ў тысячу і дзве тысячы метраў ад паверхні зямлі можа кардынальна адрознівацца? А наша задача — пралічыць усе такія з'явы максімальна аператыўна і дакладна. Таму работа ваеннага метэаролага ўвесь час звязана з аналізам і маніторынгам даных.
Які ж час года найбольш складаны для ваенных метэаролагаў? Што для адных прыгожа, для другіх — істотнае абцяжарванне ўмоў работы...
— Больш за ўсё клопату нам дадаюць восень і зіма, — кажа Якаў Мінько. — Па-першае, гэта вялікая колькасць ападкаў і іх разнастайнасць: снег, мокры снег, дождж, імжа... А па-другое, мы абавязкова робім разлікі ніжняй мяжы воблачнасці і бачнасці. Уплывае і тое, што светлавы дзень становіцца вельмі малы. Але складанасці датычацца не толькі прагназавання метэасітуацыі для палётаў. Напрыклад, калі пройдзе снег, то трэба прыбіраць узлётна-пасадачную паласу, падтрымліваць аэрадром у стане пастаяннай гатоўнасці. І гэта ўжо не кажучы пра магчымасць абледзянення, калі тэмпература ў прыземным слаі паветра адмоўная, а наверсе — станоўчая.
Дзве апошнія зімы былі не падобныя адна да другой. Калі ў 2019-м зіма засталася хіба толькі ў календары, то на рубяжы 2020—2021 гадоў нас чакаў увесь спектр адпаведных умоў надвор'я: моцныя маразы, істотныя снегапады, галалёд, парывісты вецер, адлігі...
— Не сказаць, каб гэтая зіма была асабліва цяжкая. Лічу, што яна прайшла як па падручніку. Хоць, вядома ж, для нашай работы гэта больш складана.
— 50-я змешаная авіябаза знаходзіцца непадалёк ад Мінска. Наколькі ж вялікая розніца ў надвор'і паміж мегаполісам і невялікім пасёлкам каля яго?
— Як правіла, тэмпература ў сталіцы заўжды вышэйшая. Часцей за ўсё — на градус-два. Усё-ткі там шмат крыніц цяпла: аўтамабілі, прадпрыемствы, жылыя дамы. Яны скажаюць рэальную абстаноўку. А за горадам усё гэта нівелюецца. І зноў жа, у выпадку палётаў над Мінскам наша задача — пралічыць усё гэта, што датычыцца і ападкаў. Не так даўно, напрыклад, была дзіўная сітуацыя: на захадзе сталіцы ішоў моцны снегапад, а ў гэты ж час на яе ўсходзе свяціла сонейка.
— Ці супрацоўнічаеце з Белгідраметам?
— Хутчэй можна сказаць, што мы звяраем некаторыя нашы даныя. Справа вось у чым. Сетка метэастанцый Белгідрамета даволі вялікая, ну а мы працуем перш за ўсё па ваенных аэрадромах. Але нярэдка складваецца такая сітуацыя, калі мы спрагназавалі, што ў дадзены момант часу палёт выконваць нельга, а, скажам, праз дзве гадзіны надвор'е стане ўжо спрыяльнае. Але нам трэба ўдакладніць усё датычна бачнасці і ніжняй мяжы воблачнасці. І, як правіла, нашы разлікі супадаюць. Але па прагнозах грамадзянскіх метэаролагаў ваенная авіяцыя лятаць не можа. Больш за тое, ад умоў надвор'я залежыць чарговасць палётаў.
— А як часта выконваецца паветраная разведка надвор'я?
— Без яе не могуць пачынацца планавыя палёты. Адбываецца яна проста: найбольш падрыхтаваны экіпаж узлятае ў паветра. У гэты час мы з асабовым саставам праводзім заняткі па выяўленні небяспечных з'яў надвор'я. Экіпаж, які выконвае палёт, дакладвае шмат важных параметраў: бачнасць, ападкі; замярае кірунак і хуткасць ветру на розных вышынях, вымярае тэмпературу, верхнюю і ніжнюю межы воблачнасці...
І, канешне ж, назіранні вядуцца і з зямлі. Дапамагаюць у гэтым новыя лічбавыя метэаралагічныя комплексы, удзел чалавека ў рабоце якіх мінімізаваны. Ёсць у ваенных метэаролагаў і свой радар.
— Яго па праве можна назваць вачыма сіноптыка, асабліва ў летні перыяд. Ён багаты на неспрыяльныя з'явы надвор'я — ліўні, шквалы, град, навальніцы, — адзначае Якаў Мінько. — Экіпажам забаронена ўваходзіць у магутную кучавую воблачнасць, дзе і развіваюцца гэтыя працэсы. Але каб правільна разлічыць час палёту да надыходу, скажам, атмасфернага фронту, радар проста незаменны...
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота аўтара
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.