Вы тут

Пра міфы і рэальныя пагрозы туберкулёзу


Нягледзячы на тое, што туберкулёз саступіў каранавірусу свой статус самага небяспечнага інфекцыйнага захворвання, штогод у свеце выяўляецца каля дзесяці мільёнаў новых выпадкаў. У Беларусі за апошнія пяць гадоў зроблены істотныя крокі ў лячэнні, у прыватнасці, смяротнасць ад туберкулёзу знізілася больш чым на 70 %, захваральнасць — амаль на 60 %. У нашай краіне прымяняюцца інавацыйныя тэхналогіі і найноўшыя прэпараты для лячэння інфекцыі. Пры гэтым медыкі нагадваюць, што туберкулёз — хвароба не пэўных сацыяльных слаёў, а інфекцыя, якая можа напаткаць кожнага.


Старажытная і небяспечная

— COVІD-19 забраў ужо 2,5 мільёна жыццяў. Але ахвярамі туберкулёзу штогод у свеце становіцца каля 1,5 мільёна чалавек. Гэта старажытнае захворванне, на якое чалавецтва пакутуе на працягу 70 тысяч гадоў. За гэты час ад яго на планеце загінула больш за мільярд чалавек, — расказвае спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі доктар Масуд Дара.

Пры гэтым вакцына ад туберкулёзу ўсяго адна — вядомая ўсім БЦЖ, якой ужо сто гадоў. Яна эфектыўная супраць дзіцячых форм захворвання, але не дапамагае дарослым.

Фота: kgbuz9.ru

— У свеце туберкулёзам інфіцыравана прыкладна чвэрць насельніцтва. Але не значыць, што ўсе гэтыя людзі захварэюць. Туберкулёз не пяройдзе ў актыўную форму, калі ў вас добры імунітэт, належныя ўмовы жыцця, адсутнічаюць стрэс-фактары і іншыя рызыкі, — адзначае прадстаўнік СААЗ.

Штогод у свеце выяўляецца каля дзесяці мільёнаў новых выпадкаў туберкулёзу. Захваральнасць у Еўропе зніжаецца больш істотна, чым у іншых рэгіёнах планеты.

— Калі я пачынаў сваю работу, у Еўропе штогод рэгістравалася каля паўмільёна новых выпадкаў. Летась іх зарэгістравана 240 тысяч, — прыводзіць лічбы Масуд Дара.

Але пры гэтым у Еўропе маецца істотная праблема — тут найбольшая колькасць выпадкаў з шырокай і множнай лекавай устойлівасцю. Іх вельмі складана лячыць. Сярод новых выпадкаў заражэнняў такіх форм 40 %, сярод рэцыдываў — 60 %.

«Сусветны першапраходзец» у лячэнні

Як адзначыў прадстаўнік СААЗ, Беларусь з'яўляецца «сусветным перашапраходцам па лячэнні туберкулёзу з шырокай і множнай лекавай устойлівасцю». На базе РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі быў створаны цэнтр супрацоўніцтва з СААЗ, і яго дасягненні ў лячэнні новымі прэпаратамі становяцца даступнымі ва ўсім свеце. Летась, дарэчы, нягледзячы на пандэмію, на базе гэтага цэнтра прайшлі навучанне 63 спецыялісты з 12 краін свету па чатырох адукацыйных праграмах.

Масуд Дара звярнуў увагу, што цяпер назіраецца зніжэнне дыягностыкі туберкулёзу: акцэнт аховы здароўя робіцца на пандэмію. Але пры з'яўленні сімптомаў, у прыватнасці працяглага кашлю, які не праходзіць на працягу трох тыдняў, варта звяртацца ў медустанову і праходзіць абследаванне.

— Важным момантам у барацьбе з туберкулёзам з'яўляецца пазбаўленне ад стыгмы і дыскрымінацыі. Няма людзей, больш ці менш схільных да туберкулёзу. Гэта хвароба можа напаткаць любога, — падкрэсліў эксперт.

Гэтак жа важна працаваць з фактарамі рызыкі. Жыццё на вуліцы, ужыванне алкаголю і псіхаактыўных рэчываў спрыяюць таму, што лячэнне перапыняецца ці становіцца неэфектыўным.

Як расказаў дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь Гурэвіч, нягледзячы на пандэмію (у супрацьтуберкулёзных медустановах было перапрафілявана 25 % ложкаў і пралечана 6400 пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй), удзялялася ўвага і лячэнню туберкулёзу. Увогуле, за пяць апошніх гадоў выдаткавана звыш 120 мільёнаў рублёў на закупку супрацьтуберкулёзных лекавых сродкаў, абсталявання і расходных матэрыялаў. За гэты час смяротнасць ад туберкулёзу знізілася на 73,9 % (з 4,6 да 1,2 на 100 тысяч насельніцтва), захваральнасць — на 59,2 % (з 39,9 да 16,3 на 100 тысяч насельніцтва). Доля паспяховага лячэння туберкулёзу вырасла на 36 % (да 76 % выпадкаў).

Ёсць і іншыя станоўчыя вынікі. За мінулы год усяго 11 дзяцей захварэла на туберкулёз (у 2019-м іх было 23). На 20 % знізілася захваральнасць сярод медыцынскіх работнікаў. Зменшылася колькасць выпадкаў мультырэзістэнтнага туберкулёзу — летась іх выяўлена 665 (на 190 менш, чым у 2019-м). Усяго на ўліку медыкаў знаходзіцца 2078 пацыентаў з гэтай інфекцыяй. Варта адзначыць, што яшчэ дзесяць гадоў таму хворых было больш за 12 тысяч.

Пазбавіцца за 5,5 месяца

Для лячэння туберкулёзу ў Беларусі выкарыстоўваюцца інавацыйныя метады. У прыватнасці, новыя супрацьтуберкулёзныя сродкі — бедаквілін, дзеламанід, клофазімін. Летась яны выкарыстоўваліся для лячэння 97 % новых пацыентаў. Эфектыўнасць лячэння дасягнула 78 % пры множнай і шырокай лекавай устойлівасці.

Выкарыстоўваюцца і скарочаныя, і безын'екцыйныя метады лячэння формаў з множнай лекавай устойлівасцю. Калі пры звычайнай схеме лячэнне працягваецца 20—24 месяцы, то тут — 9—11. Такім спосабам ужо пралечаны 322 пацыенты з высокай эфектыўнасцю (89 %). Пры выкарыстанні найноўшых прэпаратаў — прэтаманіду і бедаквіліну — тэрміны лячэння ўвогуле скарачаюцца ў чатыры разы — да 5,5 месяца. Амаль сотня пацыентаў прайшла ўжо такое лячэнне з добрым вынікам.

Відэакантраляванае лячэнне (калі пацыент здымае на камеру мабільнага прыём прэпарата і адпраўляе медыцынскаму работніку) з 2016 года выкарыстоўвалі 1694 пацыенты. Пры гэтым іх забяспечваюць сродкамі мабільнай сувязі. Такое лячэнне надзвычай важнае ва ўмовах пандэміі, калі хвораму не трэба штодзень наведваць медыцынскую ўстанову.

На працягу некалькіх гадоў у РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі выкарыстоўваецца праграма мультыдысцыплінарнай дапамогі пацыентам з туберкулёзам і алкагольнай залежнасцю. Яна ўключае медыкаментозную, псіхалагічную і сацыяльную падтрымку, дзякуючы чаму эфектыўнасць у пацыентаў, якія пагадзіліся на такое лячэнне, на 20 % вышэйшая, чым у тых, хто не ўваходзіць у праграму.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Хвароба не толькі бедных і бяздомных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?