Вы тут

​У Касцюковічах абмеркавалі стварэнне Чарнобыльскай інвестыцыйнай платформы


Ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС пацярпела палова раёнаў Магілёўскай вобласці. За 35 гадоў з моманту трагедыі тут рэалізавана шэраг дзяржаўных праграм і прыватных праектаў, якія накіраваны на рэабілітацыю забруджаных зямель. Сёння ідзе размова пра стварэнне трывалай інвестыцыйнай платформы, якая будзе дапамагаць раёнам аднаўляцца пасля тэхнагеннай катастрофы. За аснову бярэцца назапашаны вопыт і так званы сінергетычны эфект, калі дзяржава, бізнес, некамерцыйныя арганізацыі, насельніцтва дзейнічаюць разам. У Касцюковічах, дзе адбыўся выязны практыкум «Інвестыцыйныя магчымасці для развіцця тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на ЧАЭС», якраз і абмяркоўвалі кірункі далейшага развіцця з улікам назапашанага вопыту.


Другое жыццё для забруджаных тэрыторый

Касцюковіччына — адзін з тых рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, які сур'ёзна пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС. На яго прыкладзе вельмі добра праглядваецца ўсё, што зроблена дзяржавай для таго, каб ён стаў прывабным для пражывання. Тут рэалізоўваецца абласная праграма і Указ Прэзідэнта № 235 па развіцці Паўднёва-ўсходняга рэгіёна, прэферэнцыі якога распаўсюджваюцца на сем раёнаў вобласці. За час яго дзеяння ў развіццё эканомікі Паўднёва-ўсходняга рэгіёна ўкладзена больш чым мільярд рублёў і каля 37 мільёнаў долараў прамых інвестыцый прыватных кампаній.

— Моцныя рэгіёны — адзін з прыярытэтаў развіцця нашай краіны — пра гэта было сказана кіраўніком дзяржавы на Усебеларускім народным сходзе, — падкрэсліў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Ісачанка. — Паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці моцна пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС. Таму для яго і створаны асаблівыя ўмовы. Указ № 235 даў сямі раёнам Магілёўскай вобласці другое дыханне. У рэгіёне створана каля 230 камерцыйных арганізацый.

Удзельнікі практыкуму наведалі некаторыя аб'екты, якія былі пабудаваны ў Касцюковічах па дзяржпраграмах, у тым ліку па Указе № 235. Гэта фотаэлектрычная станцыя для вытворчасці электраэнергіі, прасторны шматфункцыянальны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, участак гадавання рыб каштоўных парод «Высокае». Сёння гэтыя аб'екты адны з самых прыбытковых у раёне. Дзякуючы ўказу, на Касцюковіччыне актыўна будуецца жыллё, развіваецца бізнес, укладваюцца значныя сродкі ў ахову здароўя і сельскую гаспадарку.

— Дзеянне ўказа дабратворна паўплывала на раён, — адзначыў старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Аляксандр Гарбачэўскі. — Няма ўжо таго вялікага адтоку насельніцтва, які быў раней, тут застаюцца маладыя спецыялісты. Адчулі мы і важкую дапамогу ў сельскай гаспадарцы, абнавілася сельскагаспадарчая тэхніка.

Напаўненнем чарнобыльскай інвестпляцоўкі на першапачатковым этапе стануць прапановы, заснаваныя на выніках раней рэалізаваных праектаў ПРААН, распрацовак НАН Беларусі, напрацовак мясцовых тэхнапаркаў і бізнес-ініцыятыў. Адзін з такіх праектаў — «Чыгірынскі кластар, партнёрства для эканамічнага росту», — прэзентаваў дырэктар фонду «Устойлівы рэгіён» з Быхаўскага раёна Раман Мельнікаў.

— Гэты праект нарадзіўся таму, што патэнцыял Чыгірынскага вадасховішча, якое з'яўляецца месцам адпачынку для тутэйшага насельніцтва, цалкам не вычарпаны, — паведаміў ён. — Але водны аб'ект з такім вялікім памерам воднай роўнядзі яшчэ трэба пашукаць на карце Беларусі.

Дзяржаўна-прыватнае партнёрства

Рэалізоўваць мясцовыя ініцыятывы насельніцтву вельмі дапамагаюць сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

— ПРААНаўскае супрацоўніцтва трэба развіваць, — перакананы Анатоль Ісачанка. — Тут галоўнае не блытаць палітыку і эканоміку. Мы працуем у сферы мясцовых ініцыятыў. Сёння наша грамадства праяўляе ініцыятыву ў вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання, экалагічных праблем. Мы не можам існаваць у асобна ўзятым свеце. Галоўнае, каб гэта супрацоўніцтва было накіравана на эканоміку і падтрымку людзей. Разам з ПРААНаўскай камандай мы прадстаўляем інвестплатформу, каб прыцягнуць інвестараў для развіцця рэгіёна. Гэта прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

ПРААНаўскія праграмы прыцягваюць у краіну інвестыцыі Еўрасаюза на працягу 25 гадоў. Найбольш актыўна гэта работа вядзецца апошнія дзесяць гадоў. Ёсць спадзяванні, што некаторыя праекты зробяць замежныя інвестыцыі яшчэ і самаакупнымі. Напрыклад, па Слаўгарадскім раёне, дзе рэалізоўваецца праект па Прысожжы, ёсць спадзяванні, што абарот рэсурсаў да 2025 года складзе каля пяці мільёнаў долараў. Такія праекты здольны дастаткова ўзмацніць эканоміку пацярпелых раёнаў. Чарнобыльская інвестыцыйная платформа стане дадатковым інструментам падтрымкі «чарнобыльскіх» тэрыторый, — пераканана пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва.

Кампетэнтна

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар:

— Мы сабраліся разам, каб абмяняцца вопытам, згадаць, што было зроблена, і вызначыць, як будзем працаваць далей. Новая платформа, якую мы прэзентавалі, якраз і заклікана для таго, каб сабраць вопыт, які ёсць у краіне, па ўсіх забруджаных тэрыторыях і паглядзець напрацоўкі па аднаўленні і ўцягванні людзей і тэрыторый у эканамічнае развіццё. Гэта робіцца для таго, каб і іншым тэрыторыям, якія менш актыўныя або не трапілі ў адпаведныя ўказы, даць магчымасць скарыстацца гэтым вопытам ды вызначыць для сябе найбольш перспектыўны кірунак развіцця.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

г. Касцюковічы

Загаловак у газеце: Сінергетычны эфект

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?