Вы тут

У Беларусі распрацоўваецца Закон «Аб турызме»


Міністэрства спорту і турызму сумесна з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і шырокім колам зацікаўленых пры актыўным удзеле рэгіёнаў праводзіць дапрацоўку праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб турызме». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства спорту і турызму.


Падрыхтоўка законапраекта мае на ўвазе ўдасканаленне механізма абароны правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў турыстычных паслуг з улікам апошніх негатыўных тэндэнцый: банкруцтва і нядобрасумленнасць асобных турыстычных кампаній, невяртанне грашовых сродкаў спажыўцам і іншых. Згодна з законам, будзе падзелена адказнасць тураператараў і турагентаў. Сёння турагент, з'яўляючыся звычайным прадаўцом тураў, нясе поўную адказнасць перад спажыўцом, што нелагічна. Турагент займаецца выключна продажам тураў, у адрозненне ад тураператара, які браніруе месцы ў транспарце і гасцініцы і аказвае іншыя паслугі.

Падрыхтоўка законапраекта праводзіцца на працягу апошніх некалькіх гадоў. Знакавым стаў 2020 год, калі распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі і яе наступствы абвастрылі праблемы неабароненасці правоў і законных інтарэсаў турыста і яго ўзаемаадносін з тураператарамі і турагентамі.

Законапраект умацуе механізм абароны правоў спажыўцоў і, адпаведна, узмоцніць ролю і адказнасць тураператара. Будуць уведзены спосабы забеспячэння выканання тураператарам сваіх абавязацельстваў перад спажыўцамі — добраахвотнае страхаванне адказнасці тураператараў, банкаўская гарантыя і фонд адказнасці тураператараў. Каб абгрунтаваць гэтыя спосабы і не нашкодзіць бізнесу, актыўна вывучаецца замежны вопыт, асабліва вопыт краін-суседзяў: Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі. У Міністэрстве спорту і турызму падкрэслілі, што практыка паказала эфектыўнасць дадзеных спосабаў.

На працягу года на пастаяннай аснове праходзілі і працягваюцца сустрэчы і кансультацыі з бізнес-супольнасцю, прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Канцэптуальныя падыходы да рэгулявання сферы турызму, закладзеныя ў законапраекце, падтрымала большасць турыстычных саюзаў, за выключэннем Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый.

Сённяшнія рэаліі падводзяць да таго, каб закон быў разгледжаны ў Парламенце Рэспублікі Беларусь у найбліжэйшы час. У Міністэрстве спорту і турызму падкрэслілі, што сітуацыя з каранавірусам пацвярджае самыя сур'ёзныя апасенні, што сфера турызму перажывае змены, свет перабудоўваецца, таму патрэбна працаваць «тут і цяпер», а не чакаць заканчэння пандэміі. Некаторыя турыстычныя кірункі ўжо адкрытыя, і чалавек, які набывае пуцёўку, павінен быць абаронены. У сувязі з гэтым няма падставы адкладваць прыняцце адпаведнага закона, у прыватнасці, увядзенне гарантый для турыстаў і падзелу адказнасці тураператараў і турагентаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: mst.by

Загаловак у газеце: Падштурхнула... пандэмія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».