Вы тут

Навуковы подзвіг Яўхіма Карскага


Дзе знаходзяцца спрадвечна беларускія землі? Знакаміты мовазнаўца, родам з Гродзеншчыны, гранічна дакладна сфармуляваў адказ на гэтае пытанне — з фактамі ў руках.


Акадэмік Яўхім Карскі.

Акадэмік Яўхім Карскі быў першым, хто грунтоўна даследаваў беларускую лексікаграфію, словаўтварэнне, граматыку, дыялекталогію, этналінгвістыку. Сёлета ёсць добрая нагода згадаць пра таленавітага педагога й навукоўцу: 1 студзеня 2021‑га былі яго 160‑я ўгодкі. А пабачыў Яўхім свет у праваслаўнай сям’і настаўніка Фёдара Карскага, які паходзіў са збяднелай шляхты, і дачкі праваслаўнага дыякана Магдалены Навіцкай — у 1861 годзе. Паколькі нарадзіўся хлопчык яшчэ перад шлюбам бацькоў, то спачатку прозвішча меў па маці. З бацькамі правёў дзіцячыя гады на зямлі Наваградскай — у вёсках Ятра ды Бярозавец, жыла сям’я й на Меншчыне. Па нацыянальнасці ж бацькі яго былі беларусамі, што відаць з пазнейшай зацемкі Яўхіма Карскага пра тое, што ён «прыродны беларус». Гадаваўся будучы акадэмік у вялікай сям’і: 8 дзяцей! Жыхары вёскі Лаша (Гродзенскі раён) ганарацца земляком. Там больш за 50 гадоў працуе ў школе Мемарыяльны музей Яўхіма Карскага. І абласная бібліятэка носіць яго імя. Яўхім Фёдаравіч — адзін з найвядомых выпускнікоў Менскай духоўнай семінарыі ды Нежынскага гістарычна-філалагічнага інстытута імя князя А. А. Безбародкі (цяпер: Нежынскі дзяржуніверсітэт, Украіна).

Пачынаў ён сваю педагагічную кар’еру ў 2‑й Віленскай гімназіі. Ягоныя лекцыі памяталі й выпускнікі Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта (на пасадзе рэктара там жа раскрыўся талент Карскага як арганізатара вышэйшай адукацыі), Растоўскага ўніверсітэта, Мінскага педінстытута, наведнікі Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў (з іх пачынаўся Мінскі беларускі педінстытут). Ён жа быў на чале аргкамісіі па стварэнні Беларускага дзяржуніверсітэта. (Дарэчы, і бібліятэку сваю ўніверсітэту падараваў. Мала хто цяпер згадвае, аднак менавіта Яўхім Карскі быў ганаровым старшынёй Першага ўсебеларускага з’езда (снежань 1917‑га) і ледзьве пазбег арышту пры ягоным разгоне, з’ехаўшы ў Петраград. — Рэд.)

Калі педагогу было 25 гадоў, выйшла ягоная манаграфія «Обзор звуков и форм белорусской речи». (Масква, 1886) — даследаванне яшчэ з гадоў студэнцтва. Тым і пачалося навуковае беларускае мовазнаўства. У хуткім часе, гады праз два, Яўхім Карскі сцвердзіўся і ў галіне параўнальнага мовазнаўства: як укладальнік выдання «Грамматика древнего церковно-славянского языка, сравнительно с русским: учебник по русскому языку для ІV класса средних учебных заведений». Нібыта й падручнік, а ўспрымаць яго спецыялісты адразу ж пачалі як аўтарытэтную мовазнаўчую працу, яе шматкроць перавыдавалі ў Расійскай імперыі: да рэвалюцыі 1917‑га было 19 перавыданняў! Рыхтавалася й 20‑е, аднак не ўбачыла свет, бо новая ўлада пачала будаваць атэістычную дзяржаву.

Яўхім Карскі яшчэ ў студэнцкія гады пачаў глыбока вывучаць мясцовыя беларускія гаворкі: на грунце як помнікаў пісьменства, так і вынікаў уласных этнаграфічных экспедыцый па Гарадзенскай, Віленскай, Менскай губернях. Каштоўны скарб — ягоныя запісы фальклору.

Гэта, напрыклад, артыкулы «Белорусские песни с. Березовца, Новогрудского уезда, Минской губ.» (Варшава, 1884), «Белорусские песни деревни Новосёлок-Затрокских, Виленской губернии, Трокского уезда» (1889). Вельмі дакладна зроблена ў тэкстах перадача ўсіх адметнасцяў рэгіянальных гаворак. Навуковец разумеў: для грунтоўнага вывучэння пытання патрэбна будзе глыбокая, сістэмная праца. І «Программа для собирания особенностей белорусского наречия» спачатку была складзена ў 1897‑м «по поручению Императорской Академии наук профессором Императорского Варшавского университета Е. Ф. Карским». Потым была й другая праграма — праз 19 гадоў. Яўхіму Карскаму ўдалося разабрацца з многімі пытаннямі, што ўзнікалі ў дачыненні да «старого западнорусского наречия» — так называлі ў той час беларускую мову. Ён быў арыгінальным і ў той жа час пераканаўчым у тлумачэнні мовы так званых Літоўскіх летапісаў, асаблівасцяў пісьма ды мовы Мсціславава Евангелля — помніка старажытнарускай культуры пачатку XІІ стагоддзя. Вучоны ажыццявіў сістэмную рэканструкцыю гісторыі славянскай кірылаўскай палеаграфіі, нетрадыцыйна разгледзеў каштоўныя ўзоры славянскага кірылічнага пісьма з Х па XVІІІ стагоддзе. Пры тым звярнуўся да таго праблемнага поля па гісторыі рускай ды ўкраінскай моў, якое раней не асвойвалася славістамі. (Цікава, што менавіта ў Кіеве наш зямляк атрымаў вучоную ступень магістра: 23 кастрычніка 1893 года ён абараніў там магістарскую дысертацыю «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі». Савет Кіеўскага ўніверсітэта прысудзіў Яўхіму Карскаму вучоную ступень магістра рускай мовы ды славеснасці за даследаванні беларускай мовы, і гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве. — Рэд.)

Сёння ўжо відавочна: трохтомная праца Яўхіма Карскага «Беларусы» стала этапнай падзеяй у гісторыі беларусазнаўства. Нават памер манаграфіі ўражвае: 7 тамоў, амаль 3000 друкаваных старонак! Першы том пабачыў свет у 1903 годзе, апошняя кніга трэцяга тому — у 1922‑м. Галоўны вынік даследавання — навуковае абгрунтаванне нацыянальнай самабытнасці беларусаў.

Вокладка кнігі, выдадзенай у 2020 годзе ў Мінску.

Першы том меў назву «Введение в изучение языка и народной словесности». Прычым усе асноўныя сюжэтныя лініі завязаны ў ім на праблемным комплексе наконт этнагенеза беларускага народа. (Некаторыя працы Яўхіма Карскага ў ПДФ-фармаце можна пабачыць тут — Рэд.)

Цікава з сённяшняга дня заглянуць у тое мінулае. Кім жа ўсведамляў сябе сярэднестатыстычны беларус на той момант, калі працаваў Яўхім Карскі над першым томам? У ім чытаем: «Въ настоящее время простой народъ въ Бѣлоруссіи не знаетъ этого названія. На вопросъ: кто ты? простолюдинъ отвѣчаетъ — русскій, а если онъ католикъ, то называетъ себя либо католикомъ, либо полякомъ; иногда свою родину назоветъ Литвой, а то и просто скажетъ, что онъ „тутэйшій“ (tutejszy) — здѣшній, конечно противополагая себя лицу, говорящему по-великорусски, какъ пришлому въ западномъ краѣ». Пры разглядзе этнагенеза беларусаў ураджэнец вёскі Лашы фактычна выносіць за дужкі балцкі субстрат і паказвае, што тут па сутнасці ўсё вырашыў субстрат славянскі, які быў прадстаўлены трыма племяннымі саюзамі: крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі. На яго думку, у працэсе фармавання беларускай народнасці тлустая кропка пастаўлена была ў XІV стагоддзі, у часе росквіту Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага (ВКЛ). Пры тым даследчык лічыць: пачатак вырашальнага этапа ў названым працэсе супадае з утварэннем ВКЛ.

Навуковец гранічна дакладна сфармуляваў адказ на пытанне: «Дзе знаходзяцца спрадвечныя беларускія землі?» Яўхім Карскі прапанаваў свой варыянт праходжання этнічных межаў народа, які даў свету Янку Купалу, Якуба Коласа, а пазней і Васіля Быкава, Івана Мележа ды многіх іншых вядомых людзей. Даследчык падвёў моцны канцэптуальны грунт пад складанне «Этнаграфічнай карты Беларусі пачатку ХХ стагоддзя». Карта выклікала шырокую цікавасць з боку спецыялістаў, якія працавалі ў розных галінах — а на календары ж 1903 год, і былі яшчэ наперадзе рэвалюцыі, жорсткія войны, неаднаразовыя змены беларускіх межаў... Канешне ж, і да яго, і пасля даследчыкі спрабавалі зрабіць свае «этназамеры». Прыкладам, у 1864 годзе з’явіўся Атлас расійскага этнографа А. Ф. Рытціха. Пазней выйшла «Этнографическая карта Европейской России 1875 года Александра Риттиха». У падручніках пішацца, што працы тыя акрэсліваюць тэрыторыю рассялення беларусаў такім чынам: «На захад і поўдзень ад Сувалак (на захад ад Беластока) (польскае: Suwalkі, цяпер — горад у Падляскім ваяводстве. — Рэд.), і далей па рэках Нараў, Ясельда, Прыпяць да яе ўпадзення ў Дняпро, на поўнач і ўсход паўночней Вільні, далей на Свянцяны (цяпер — Швянчоніс, город на ўсходзе Літвы, за 84 км на паўночны ўсход ад Вільнюса. — Рэд.), Люцын (так называлася паселішча да 1920 года, цяпер — Лудза (латышскае й латгальскае напісанне: Ludza), горад на ўсходзе Латвіі. — Рэд.), Вялікія Лукі, на захад ад Вязьмы і Мгліна (Мглін сёння — райцэнтр у Бранскай вобласці Расіі. — Рэд.), затым па Дняпры да вусця Прыпяці». Дык вось, менавіта Яўхім Карскі дзякуючы сваім даследаванням пашырыў этнічную тэрыторыю беларусаў і на правабярэжжа Прыпяці, і на ўсход — аж да Ржэва й Бранска.

Пачытайце ягоныя кнігі. Як захапляльна падае сын зямлі беларускай гісторыю матчынай мовы! Ён прапаноўвае пры тым і свой варыянт яе перыядызацыі. Можна смела назваць інтэлектуальным трыумфам тое, што беларускую мову Яўхім Карскі разглядвае як паўнацэнную, адметную ў еўрапейскім моўны кантэксце. Навуковец высвятляе, ці можна звесці да адзінага кораня мовы, якія былі роднымі для Янкі Купалы, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Каперніка, Мікалоюса Чурлёніса? І даказвае наяўнасць узаемасувязяў, якія гістарычна склаліся. Ды кожная з пералічаных моў мела ўжо тады спецыфічныя асаблівасці, беларуская мова — не выключэнне. І яе адметнасці даследаваныя сістэмна, з асаблівай увагай.

У другім томе, пад назвай «Язык белорусского племени», бачым два напрамкі ў даследчыцкім працэсе. Аналізуецца гукавы й граматычны лад старабеларускай ды сучаснай аўтару беларускай мовы — як у народна-дыялектнай форме, так і ў літаратурнай. Па кожным з напрамкаў ёсць абагульненне.

Мікалай Несцярэўскі. Медальён «Яўхім Карскі». 2005 г.

Трэці том — «Очерки словесности белорусского племени» — навуковец пачаў пісаць у дасавецкім часе, а заканчваў тады, калі ў краіне ўжо былі пры ўладзе бальшавікі-ленінцы. Першы выпуск трэцяга тома «Народная поэзия» ўбачыў свет у 1916 годзе, калі Яўхім Карскі быў абраны акадэмікам Пецярбургскай акадэміі навук. Выданне другога выпуска «Старая западно-русская писменность» датуецца 1921 годам. На той час Яўхім Фёдаравіч ужо трывала прапісаўся ў савецкай навуковай эліце. У 1921‑м яго запрасілі на адказную працу ў Петраград, і ён назаўсёды развітаўся з Бацькаўшчынай. Там ужо заканчваў трэці выпуск трэцяга тома «Художественная литература на народном наречии», ён пабачыў свет у 1922 годзе. І ў той жа год Яўхіма Карскага абралі правадзейным членам Інбелкульта — з якога й вырасла з часам Акадэмія навук Беларусі.

Звернемся да ўзгаданых выпускаў трэцяга тома. У першым выпуску бачым спалучэнне гіпотэзаў з падмацаванымі моцнай аргументацыяй палажэннямі ды высновамі. Гіпотэзы тычацца гістарычных каранёў фальклору й паэзіі таго народа, да якога належаў аўтар. Былі акрэслены праблемы, над якімі пазней працавалі паслядоўнікі Карскага. І наогул: няма тых жанраў і відаў беларускага фальклору й беларускай народнай паэзіі, пра якія б не ішла гаворка ў выпуску «Народная поэзия». Аўтар высвятляе: ці існавала агульная ўсходнеславянская фальклорная прастора? Выкладае шэраг цікавых фактаў на прадмет сувязяў беларускага фальклору з фальклорам іншых усходніх славян. На суд чытачоў вынесена й аўтарская версія культуралагічнага вымярэння крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. У архітэктоніку першага выпуска вельмі арганічна ўпісаўся рэтраспектыўны погляд на гераічны эпас.

Датычна выпуска «Старая западно-русская писменность» трэба найперш адзначыць: перад намі ўзор грунтоўнай сістэматызацыі літаратурнай спадчыны. На высокім навуковым узроўні зроблена класіфікацыя помнікаў беларускай літаратуры, якія маюць дачыненне да больш чым 400‑гадовага перыяду. Ён пачаўся, калі ў асноўным завершана было фарміраванне тэрыторыі ВКЛ, працягваўся да канца яго існавання. Дарэчы, старабеларуская мова была да 1696 года дзяржаўнаю мовай ВКЛ. Але, калі меркаваць па змесце другога выпуска, тая мова нікуды не знікла й пасля 1696‑га. Навуковец выступіў піянерам у комплексным даследаванні чыннікаў, якія прадвызначылі генезіс пісьменнасці на старабеларускай мове. Чыннікі сацыяльна-палітычнага характару прааналізаваныя не менш глыбока, чым культурна-гістарычныя. Зроблены важныя абагульненні наконт мастацкай літаратуры таго перыяду. Канешне ж, пераважала арыгінальная літаратура, якой даецца збалансаваная ацэнка, прааналізавана й перакладная літаратура, якой было нашмат менш.

Выпуск 3 — «Художественная литература на народном наречии» — трэцяга тома прыйшоўся вельмі дарэчы ў пару, калі ажыццяўлялася палітыка беларусізацыі. Яна стымулявала вялікую цікавасць у БССР да беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Бо тая літаратура й падрыхтавала нашаніўскае адраджэнне. Усебаковы паказ той літаратуры й складаў змястоўную частку выпуска. Яўхім Фёдаравіч нетрадыцыйна падаў беларускае адраджэнне, якое грунтавалася на ранейшым, нашаніўскім.

Помнік на магіле Яўхіма Карскага ў Санкт-Пецярбурзе.

З 1921 года, пасля выдання фундаментальнай працы «Беларусы», яе аўтар жыў і працаваў на адказных пасадах у Петраградзе (з 1924 года — Ленінград), там і памёр 29 красавіка 1931 года. Пахаваны на Смаленскіх могілках. У 1929‑м да Яўхіма Карскага прыйшло й міжнароднае прызнанне: яго абралі правадзейным членам Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў. Аднак у савецкай краіне ўжо наспявалі новыя падзеі. У верасні 1930‑га ён быў раптоўна зняты з пасады дырэктара Музея антрапалогіі ды этнаграфіі. Апошнія сем месяцаў жыцця акадэмік увогуле не займаў адказных пасад: пэўна, таму, што рэзка перамянілася стаўленне прыўладных эліт да ідэолагаў палітыкі беларусізацыі, а Яўхім Карскі быў, безумоўна, з іх шэрагаў.

З вышыні часу бачна: хваля жорсткіх рэпрэсій прайшла, прыхапіўшы з сабою шмат ахвяр, а напісанае, зробленае акадэмікам Карскім — засталося нам у спадчыну. Каб ведалі мы, памяталі ды анікому, ніколі вялікі Скарб Роднай Мовы, што ад прадзедаў атрымалі ды збераглі-павялічылі, не аддавалі.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?