Вы тут

«Крымка» помніць пра Журыхі


Родавыя карані ў крымскай беларускі Людмілы Цімашчук — з Вілейскага раёна.


Людміла Цімашчук са сваімі працамі на выставе «Созвездие белорусских талантов Крыма» ў плыні Дзён беларускай культуры ў Крыме. Крымскі этнаграфічны музей, 30 чэрвеня 2016 года. Сімферопаль.

У ліку актывістак нядаўна створанай Крымскай рэспубліканскай культурна-асветніцкай арганізацыі «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай — і Людміла Цімашчук, у дзявоцтве Квяткевіч. У адрозненне ад іншых сябровак суполкі, родам яна не з Беларусі: пабачыла свет 60 гадоў таму (10 студзеня 1961 года) у Крыме. Малая радзіма — сяло Бліжнегародскае ў Джанкойскім раёне. Гадавалася ў беларускай сям’і, там і светапогляд нашай сяброўкі закладваўся. Пасля школы закончыла Сімферопальскі інжынерна-будаўнічы інстытут, працавала інжынерам-будаўніком: у Армянску, Краснаперакопску. Восем гадоў была ў адной з перасоўных механізаваных калон інжынерам па ахове працы.

З гадамі Людміла сферу дзейнасці памяняла — і дасягнула поспехаў на шляху творчай самарэалізацыі. З 1995‑га кіравала ў Краснаперакопску студыяй дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Кудесница»: у Цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці. Студыя стала ўзорным калектывам. Беларуска мае званне «Выдатнік адукацыі Украіны», ушанавана граматамі Мінкультуры Крыма (2001, 2006, 2007), Мінкультуры Украіны (2004, 2005). Сёння Людміла Цімашчук — майстар дэкаратыўна-прыкладной творчасці, кіруе адпаведнай студыяй «ЯнтаРА» ў краснаперакопскім Гарадскім палацы культуры. Выгадавала з мужам Валянцінам сыноў Івана ды Аляксандра, ёсць і ўнукі: Аляксандр і Ганна.

Людміла Цімашчук. Габелен «Еўфрасіння Полацкая».

Спадарыня Людміла сабрала і ўзначаліла беларускую суполку ў Краснаперакопску ды амаль 20 гадоў актыўна пашырае беларускую культуру ў Крыме. На красавік запланавана персанальная выстава ў Сімферопалі: у Крымскім этнаграфічным музеі. А да Дня памяці святой Еўфрасінні Полацкай (5 чэрвеня) сяброўкі майстрыхі задумалі зладзіць яе выставу ў Еўпаторыі: у зале «Дружбы народов» бібліятэкі імя Лесі Украінкі. Дарэчы, летась Людміла зрабіла габелен «Еўфрасіння Полацкая» і нядаўна падарыла яго суполцы «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай — як абярэг. Праца гэтая была прадстаўлена ёй на ІІІ Міжнародны фестываль мастацтва «Российский Берег. Осенняя феерия onlіne» (праводзіўся ў дыстанцыйным фармаце), і атрымала майстрыха дыпломам 3‑й ступені ў намінацыі «мастацка-прыкладная творчасць».

Бацькі Людмілы — абодва з Беларусі: маці, Вера Мікітаўна (у дзявоцтве Герасіменка) родам з вёскі Акрыёны (па-руску: Акрионы) Петрыкаўскага раёна Гомельшчыны, а тата, Іван Васілевіч Квяткевіч — з вёскі Журыхі Вілейскага раёна Міншчыны. Чорны след пакінула ў жыцці дзяўчынкі Веры вайна: бацьку прызвалі ў войска ў першыя дні вайны. Дома засталіся трое малых дачок — Вера, Надзея, Любоў — і цяжарная жонка Таццяна. Больш ні іх, ні сына свайго Аляксандра ён не ўбачыў. Мікіта Герасіменка трапіў у палон пад Ленінградам і неўзабаве памёр у фашысцкім канцлагеры. Пра тое родныя даведаліся толькі некалькі гадоў таму.

Бацькі Людмілы пазнаёміліся пасля вайны на лесапавале пад Волагдай. Пазней сястра бацькі, Марыя, расказвала: ён знайшоў самую прыгожую дзяўчыну з доўгай густой касой і вялізнымі блакітнымі вачыма, вясёлую і адчайную беларуску. Пажаніліся Іван з Верай ды паехалі ў Казахстан, падымаць цаліну. Пазней па вярбоўцы сям’я Квяткевічаў трапіла ў Паўночны Крым — там і пусціла карані. Стэп з выпаленай сонцам травой, без прахалоднага беларускага лесу й празрыстых рэчак іх спачатку ашаламіў. Вера не хацела заставацца ў Крыме, але прайшоў час, нарадзіліся дочкі — Людміла й Валянціна. Пабудавалі там дом свой, выгадавалі сад, вінаграднік. «Родителям удалось на небольшом участке земли создать то пространство любви, в котором мне хорошо и покойно», — напісала Людміла пазней. Прыжыліся ў Крыме беларусы, а тужыць па Беларусі не перасталі, настальгія заўсёды была побач. Па словах Людмілы, бацькі былі людзі простыя, умелі добра працаваць, былі «ад прыроды інтэлігентнымі», любілі жыццё, людзей. Яны адзін за адным пайшлі з жыцця, калі ёй было толькі 33 гады. І дачка заўсёды згадвае іх з вялікай удзячнасцю за падараванае жыццё, за тое, што далі ёй адукацыю, навучылі любіць і Крым, і Беларусь.

Незабыўныя ўражанні ад спаткання з Журыхамі, роднаю вёскай бацькі, Людміла Цімашчук (Квяткевіч) апісала, і той кранальны тэкст ёсць у інтэрнэце — знойдзецца па ключавых словах ці па сказе: «Но есть и более мощные корни. Они там, в Белой Руси, они у меня в генной памяти, и это показала поездка в Белоруссию». А трапіла на зямлю бацькоў «крымка», як назвала яе адна вясковая бабуля, з фальклорным гуртом «Лепота», у якім Людміла ўжо 25 гадоў. Сустракала вёска Журыхі крывінку сваю з крымскага берага ў 2000‑м, калі гурт з Краснаперакопска ехаў аўтобусам у Паставы, на фэст «Звіняць цымбалы й гармонік». Заканчэнне ж у спавядальным тэксце такое: «А самое главное — то, что я унесла в своём сердце от этой встречи: любовь к своей красивой Белоруссии, понимание и участие своих друзей, и память предков, что заложена во мне отпечатком огромной Любви, которую трудно передать словом, а можно понять лишь сердцем».

Дзіна ШАЎЧЭНКА, кіраўніца суполкі «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай, г. Еўпаторыя

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.