Вы тут

Кроплі збяруцца — мора ўтвараецца


Беларусь і Узбекістан актыўна развіваюць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.


Студэнтка Беларускага ўніверсітэта інфарматыкі ды радыёэлектронікі Севінч Алімхаджаева родам з Узбекістана.

Нядаўна ў Мінску адзначалі 580‑годдзе з дня нараджэння Алішэра Наваі. Маючы дачыненні ў юбілейныя дні з дарадцам Амбасады Узбекістана ў Беларусі Даніярам Абідавым, нямала гаварылі мы й пра тое, што цяпер актыўна развіваюцца кантакты між нашымі краінамі, народамі. У тым ліку й культурныя, адукацыйныя. Дарэчы, у кнізе Алішэра Наваі «Улюбёны сэрцаў», выдадзенай да юбілею ў Мінску (гл.: «Паклон табе, Сонца з Усходу!» — ГР, 26.02.2021) вялікі суфій запісаў свае развагі й пра карысць навучання, ведаў. Вось адно з іх: «Той, хто распытвае пра тое, чаго не ведае, выяўляе сваю вучонасць, а той, хто саромеецца распытваць — паказвае сваё глупства. Патроху пераймаючы веды, чалавек навучаным становіцца: калі шмат кропель збярэцца, то й мора ўтворыцца. Той, хто пазбягае вучобы, — гультай, а хто для таго адгаворкі знаходзіць, — нягоднік, і тым, хто імкнецца ведамі наталіцца, ты перад імі перавагу аддавай».

Даніяр Таджыевіч з гонарам адзначаў: амаль у дзесяць разоў за час працы Амбасады (з мая 2018 года) ўзрасла колькасць узбекскіх студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю ў Беларусі. А гэта, заўважым, справа ўзаемавыгадная: ва Узбекістане шмат ахвочых вучыцца, у Беларусі — добрыя для таго ўмовы. Каля 2000 студэнтаў прынялі адукацыйныя ўстановы Беларусі навучацца па сумесных з узбекскімі ВНУ навучальных праграмах па схемах 2+2 і 1+1 у 2020–2021 навучальным годзе (а ў папярэднім, для параўнання, 1500). Схемы ж названыя вызначаюць, што малады чалавек 2 гады вучыцца ва Узбекістане і потым 2 гады працягвае навучанне ў Беларусі па праграмах бакалаўрыяту, па 1 годзе — па праграмах магістратуры. Калі казаць мовай эканамістаў, то экспарт беларускіх адукацыйных паслуг ва Узбекістан за мінулы год склаў $ 1,7 млн, павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім амаль на 14 %.

Яшчэ свежая інфармацыя з гэтае сферы. На пачатку сакавіка 2021 года, паведамілі нам у Амбасадзе, прайшоў візіт беларускай урадавай дэлегацыі ў Ташкент. І ў часе яго кіраўнікі ВНУ нашых краін падпісалі яшчэ 10 дакументаў аб супрацы. У перамовах, якія праходзілі ў Міністэрстве вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Узбекістана, удзельнічалі Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка ды Міністр вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Узбекістана Абдукадзір Ташкулаў, кіраўнікі шэрагу вядомых беларускіх вну: БДУІР, БНТУ, БДТУ, Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава, Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі ды Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Прайшлі перамовы прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі з міністрамі дашкольнай адукацыі і народнай адукацыі, госці наведвалі вышэйшыя й сярэднія ўстановы адукацыі. Бакі ўзгаднілі, падпісалі План сумесных дзеянняў паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі ды Міністэрствам вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Узбекістана на 2021–2025 гады.

Цяпер паспяхова працуюць сумесныя факультэты, рэалізуюцца таксама беларуска-ўзбекскія адукацыйныя праграмы (у тым ліку з выдачай двух дыпломаў), адкрыты Беларуска-Узбекскі міжгаліновы інстытут прыкладных тэхнічных кваліфікацый у Ташкенце. А ў планах — стварэнне Узбекска-Беларускага ўніверсітэта матэрыялазнаўства.

Вось і ў часе візіту Ігар Карпенка разам з Алішэрам Умаравым, рэктарам Ташкенцкага дзяржпедуніверсітэта імя Нізамі, гаварылі пра далейшае развіццё супрацоўніцтва, развіццё ўзбекска-беларускага сумеснага факультэта «Інавацыйная педагогіка», створанага на базе гэтага ўніверсітэта. Заўважым: сёння на факультэце навучаюцца 288 студэнтаў, і асноўны ўхіл там зроблены на падрыхтоўку сучасных, крэатыўна думаючых настаўнікаў.

Каментуючы тыя падзеі, Даніяр Абідаў адзначыў: кіраўнік Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў ад самага пачатку прэзідэнцтва (2016 г.) надае асаблівую ўвагу развіццю й падтрымцы моладзі краіны, дзе амаль 55 % насельніцтва (больш за 18 мільёнаў чалавек) ва ўзросце да 30 гадоў. Прэзідэнт не раз падкрэсліваў, што ва ўсіх рэформах любая задача, якая тычыцца будучыні моладзі, мае першараднае значэнне.

Дзякуючы садзеянню Амбасады Узбекістана мы пагутарылі з Алішэрам Умаравым, рэктарам ТГПУ. Атрымалася цікавая размова і пра моладзевую палітыку Прэзідэнта Шаўката Мірзіёева, і пра развіццё ўзбекска-беларускай супрацы ў галіне вышэйшай адукацыі. «Сёння Узбекістан скіраваны ў будучыню, а яна, як вядома, пачынаецца ўжо ў нашыя дні: з навучання, выхавання моладзі, з дзяржаўнае ўвагі да праблемаў маладых людзей, — сказаў Алішэр Юсубжанавіч. — Мы ганарымся, што менавіта Прэзідэнт Узбекістана з высокай трыбуны Генеральнай асамблеі ААН абвясціў ініцыятыву аб прыняцці Міжнароднай канвенцыі аб правах моладзі, якая падтрымана сусветнай супольнасцю. Былі й важныя прапановы па развіцці гэтай ініцыятывы. А ў самым Узбекістане 2021‑ы названы Годам падтрымкі моладзі ды ўмацавання здароўя насельніцтва. Ужо рэалізуецца Канцэпцыя развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ва Узбекістане да 2025 года. Адна з яе мэтаў: ад нараджэння і да 30‑годдзя ўсім узбекістанцам аказваць усебаковую падтрымку й дапамогу для таго, каб кожнаму знайшлося месца пад сонцам, годнае месца ў жыцці».

Алішэр Умараў падкрэслівае, што Шаўкат Мірзіёеў паставіў задачу такую: умацоўваць сувязі з вядучымі замежнымі ўніверсітэтамі, навуковымі, а таксама інавацыйнымі цэнтрамі, пашыраць з імі супрацу ў галіне падрыхтоўкі кадраў: «Цяпер, як вядома, Беларусь і Узбекістан — гэта стратэгічныя партнёры, а ў нашых прэзідэнтаў Шаўката Мірзіёева і Аляксандра Лукашэнкі склаліся цёплыя, сяброўскія дачыненні. Прэзідэнты падпісалі Пагадненне між урадамі Узбекістана й Беларусі аб узаемным прызнанні дакументаў аб навучанні ды адукацыі. Партнёрства з беларускімі вну, якія валодаюць важкім навуковым патэнцыялам, сталі аўтарытэтнымі цэнтрамі навукі ды адукацыі ў свеце, мы разглядаем у шэрагу прыярытэтаў пры пашырэнні трансгранічнай вышэйшай адукацыі. Ужо ёсць спрыяльныя ўмовы для маладых людзей, якія жадаюць „свет паглядзець“, прадоўжыць навучанне ў дружалюбнай краіне».

Рэктар ТГПУ рыхтаваўся да нядаўняга візіту калег з Беларусі, добра валодае інфармацыяй пра супрацу нашых краін у сферы адукацыі. Ён заўважыў, што вну Узбекістана раней падпісалі 55 дагавораў (а з улікам апошняга візіту — ужо 65!) і мемарандумаў аб супрацы з вядучымі беларускімі ВНУ. Распрацаваны й зацверджаны 87 «дарожных карт» для рэалізацыі такіх пагадненняў. Алішэр Умараў адзначае: «У 2018 годзе 215 студэнтаў з Узбекістана ўпершыню былі прынятыя ў тры беларускія ВНУ па сумесных адукацыйных праграмах (double degree). З 2020‑га яшчэ 15 вну Узбекістана вядуць падрыхтоўку кадраў у плыні такіх праграм. Сёння ўжо 38 ВНУ Узбекістана маюць супрацоўніцтва з 17 ВНУ Беларусі, ужо больш за 4000 студэнтаў навучаюцца па САП з беларускімі вну па спецыяльнасцях, неабходных для Узбекістана. У рамках САП з беларускімі вну ва ўніверсітэтах-партнёрах рэалізуюцца 56 напрамкаў адукацыі бакалаўрыяту і 18 спецыяльнасцяў магістратуры з выдачай двайных дыпломаў».

Алішэр Умараў адзначае: Ташкенцкі дзяржаўны педуніверсітэт імя Нізамі цяпер самым непасрэдным чынам уключаны ў жывы струмень узбекска-беларускіх «адукацыйных» дачыненняў. Дарэчы, калі ў 2019‑м у Мінску праходзілі Дні культуры Узбекістана, то ў складзе афіцыйнай дэлегацыі ад сяброўскай краіны была й выкладчыца з Ташкента, старшыня Беларускага культурнага цэнтра «Світанак» Святлана Дудзюк. Выступаючы на адной з сустрэч, яна казала: «Цяпер дзейнасць „Світанка“ скіраваная на зберажэнне й пашырэнне беларускай мовы. Пры падтрымцы Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка мы адкрылі Беларуска-Узбекскі адукацыйны цэнтр на базе Ташкенцкага дзяржпедуніверсітэта імя Нізамі. Прычым на вывучэнне беларускае мовы запісалася больш маладых узбекаў, якім наша культура цікавая, чым ташкенцкіх беларусаў».

Рэктар ТГПУ Алішэр Умараў патлумачыў, што з 2018 года дзейнічаюць сумесныя факультэты між гэтымі ўніверсітэтамі, а таксама паміж Беларускім дзяржпедуніверсітэтам інфарматыкі ды радыёэлектронікі (БДУІР) і Ташкенцкім універсітэтам інфармацыйных тэхналогій імя Мухамада аль-Харэзмі. А ў 2020‑м Ташкенцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам (БНТУ) і Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі (Беларусь) сумесна заснаваны Беларуска-Узбекскі міжгаліновы інстытут прыкладных тэхнічных кваліфікацый. На згаданым раней факультэце «Інавацыйная педагогіка» ёсць 4 напрамкі: лагапедыя, практычная псіхалогія, дашкольная адукацыя й пачатковая адукацыя. Там навучаецца 351 студэнт, выкладаюць 67 прафесараў-выкладчыкаў з БДПУ і 57 — з ТГПУ. Створаны 57 сумесных навучальных праграм і 27 вучэбна-метадычных комплексаў. «Выпускнікі атрымаюць дыпломы адразу дзвюх вядучых вну!» — акцэнтуе ўвагу Алішэр Юсубжанавіч.

Сёння тыя, хто ўжо ўключаны ў сумесныя праекты, адукацыйныя беларуска-ўзбекскія праграмы, плануюць пашыраць супрацоўніцтва. Алішэр Умараў агучыў такія ідэі: арганізаваць Савет рэктараў беларуска-ўзбекскіх ВНУ, стварыць Узбекска-Беларускі фонд па навукова-акадэмічных абменах і трансферы тэхналогій — каб рэалізоўваць сумесныя навуковыя праекты, даследаванні маладых навукоўцаў, спрыяць абмену студэнтамі, прафесарамі й выкладчыкамі абедзвюх краін.

Іван ЖДАНОВІЧ

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.