Вы тут

Даследаваць — каб глыбей разумець


Сёмы ўжо раз прайшоў такі конкурс, які, нагадаю, мае розныя намінацыі. Першая: «Беларусы Латвіі. Цікавыя асобы». Другая: «Беларуская гісторыя і культура ў Латвіі». Трэцяя: «Беларускія традыцыі маёй сям’і». Усе гэтыя намінацыі былі, дарэчы, і раней, а з 2019 года з’явілася «Латвія і Беларусь: насустрач адзін аднаму» — для таго, каб стымуляваць вывучэнне ўзаемадачыненняў краін і народаў у гістарычным кантэксце, пашырэнне латвійска-беларускай супрацы па розных кірунках у нашым часе.


Падводзілі вынікі конкурсу летась 5 снежня з выкарыстаннем інтэрнэт-тэхналогіі: на платформе ZOOM. У імпрэзе паўдзельнічалі старшыня Саюза беларусаў Латвіі ды кіраўніца конкурсу Алёна Лазарава, чальцы журы: ганаровы старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, сябар праўлення СБЛ, педагог беларускай мовы Алёна Міцкевіч, сябар праўлення СБЛ, журналістка газеты «Прамень» Іна Олесава. Далучыліся да размовы ўдзельнікі конкурсу ды Ніна Фёдараўна Грыгор’ева — завуч Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы.

Сёлета на конкурс было прадстаўлена 8 даследаванняў. Журы ацэньвала ўсе работы па крытэрыях: мова, адпаведнасць тэме й намінацыі, аб’ём, стыль, ілюстраванне. Дарэчы, ужо надрукавана й кніга-штогоднік з прадстаўленымі работамі, якую атрымае кожны з удзельнікаў конкурсу. А ў электронным выглядзе зборнік будзе адпраўлены ўсім беларускім таварыствам Латвіі. Распачалася ж імпрэза з разгляду даследаванняў, якія правялі вучні згаданай беларускай школы.

 Уладзімір Пігулеўскі з вучаніцамі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. 1924 год.

Ганна Сцепанян, вучаніца 8‑га класа, напісала работу «Жыццё і творчасць Уладзіміра Пігулеўскага». Дзяўчына распавядае пра цікавую асобу: вядомы гэты ўраджэнец Гродна дзякуючы вялікаму ўнёску у жыццё беларускай дыяспары Латвіі ў першай палове ХХ стагоддзя ды і ўвогуле ў культуру Латвіі. Уладзімір Васілевіч вядомы як нацыянальны дзеяч, пісьменнік, драматург, чалавек шырокай эрудыцыі, які добра ведаў французкую, чэшскую, польскую, беларускую ды ўкраінскую мовы. З 1922 года жыў у Латвіі, выкладаў у Дзвінскай беларускай гімназіі, у 1924–25 гадах быў дырэктарам Беларускай гімназіі ў Лудзе (удакладнім, што да 1920‑га то быў Люцын, горад на ўсходзе Латвіі, у Латгаліі, а навучальная ўстанова — Люцынская беларуская гімназія. — Рэд.). Складаў падручнікі для беларускіх дзяцей, вёў вялікую асветніцкую работу, пісаў п’есы для беларускага тэатра. Некаторы час Уладзімір Пігулеўскі быў дэпутатам Сейма, загадчыкам беларускага аддзела Міністэрства адукацыі Латвіі.

Рыгор Барадулін у маладосці, з маці.

Даследванне 8‑класніка Паўла Міхеева «Рыгор Барадулін: паэт і перакладчык» прысвечана было апошняму народнаму паэту Беларусі (Рыгору Іванавічу высокае званне было нададзена ў 1992 годзе, і пазней яго ўжо не надавалі. — Рэд.). Вучань скрупулёзна вывучыў жыццёвы шлях паэта, паказаў яго повязі як з беларускім, так і з латышскім народам, што засведчана было атрыманнем дзяржузнагарод: у Беларусі ён атрымаў ордэн Дружбы народаў, а ў Латвіі — ордэн Трох Зорак. У даследванні, на жаль, няма спасылак на вершы, цытат, што было б нялішнім, бо жыццёвыя прынцыпы літаратара заўсёды прыўносяцца ў ягоныя творы.

За дзве цікавыя працы — пра Уладзіміра Пігулеўскага ды Рыгора Барадуліна — мы ўдзячны й кіраўніку згаданых навуковых работ, педагогу школы Юрыю Якаўлеву: ён прыцягвае вучняў да цікавай даследчай дзейнасці, абуджае ў іх інтарэс да беларускай гісторыі, культуры.

Далей разглядаліся два даследаванні ў намінацыі «Цікавыя асобы» ад беларускіх таварыстваў. Алёна Лазарава зрабіла й вынесла на суд журы ад Беларускага таварыства «Прамень» (Рыга) работу «Алёна Міцкевіч — крыніца натхнення, адукацыі ды творчасці беларусаў Латвіі». Гераіня творчай работы вырасла ў вёсцы Мікалаеўшчыне (Стаўбцоўскі раён, Міншчына) — гэта родныя мясціны Якуба Коласа. Бацька яе любіў паэзію, сам пісаў вершы, у паэтычным асяроддзі Наднямоння ўвабраў у сябе любоў да роднае мовы й пранёс яе праз усё жыццё. Сама ж Алёна закончыла беларускае аддзяленне літаратурна-музычнага факультэта Мінска- га педінстытута, працавала настаўніцай беларускай мовы ў 60‑й школе Мінска, потым — у беларускім аддзяленні Навукова-даследчага інстытута педагогікі. А пасля пераехала ў Рыгу. З першых крокаў беларускага руху ў Латвіі Алёна Міцкевіч — шчыры «праменевец», шматгадовая спявачка ансамбля беларускай песні «Надзея», актыўны дзеяч Саюза беларусаў Латвіі. Яна — і аўтар сцэнараў буйных імпрэзаў СБЛ, журналістка газеты «Прамень», верная й нястомная актывістка беларускай дыяспары. Алёна Лазарава напісала пра сваю цёзку паэтычна й задушэўна, выкарыстала шмат цытат з вершаў, аздобіла работу фотаздымкамі з розных імпрэзаў, зладжаных СБЛ, здымкамі ўзнагарод Алёны Міцкевіч як ад Латвіі, так і ад Беларусі.

Яніна Юзэфовіч.

Станіслаў Валодзька з даўгаўпілскага Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» даслаў на конкурс работу «Яніна Юзэфовіч — таленавітая асоба». Вядомы паэт расказвае пра цікавага чалавека, высакародную працу спадарыні Яніны ў якасці кіраўніцы вакальнага ансамбля «Спадчына» (Даўгаўпілс) ды песеннага ансамбля «Узоры» (Ліваны). Цягам многіх гадоў энтузіястка, нягледзячы на адлегласць, кіруе музкалектывамі, працуе над якасцю гучання, чысцінёй выканання народнай песні, шукае песенны матэрыял. Добра дапаўняюць аповед Станіслава ўключаныя ў работу меркаванні спявачак Лідзіі Знотыні (Ліваны), Ліліі Воранавай (Даўгаўпілс), уражанні карэспандэнта інтэрнэт-партала «Грани.LV» Ірыны Плячко пра спадарыню Яніну як бескарыслівага, шчырага й адданага сваёй справе чалавека. Праўда, варта было б пашырыць аб’ём работы, падаць больш звестак пра гераіню.

У намінацыі «Беларускія традыцыі маёй сям’і» прадстаўлена было даследаванне «Расповед ад душы» Валянціны Грыбоўскай, сяброўкі Беларускай суполкі «Мара» (Ліепая). Работа вельмі цікавая, шчырая, напісана з душой ды замілаваннем ад успамінаў пра сям’ю, родную вёску Бабаевічы, што ў Клецкім раёне Міншчыны. Аўтарка з пяшчотай расказвае пра сваіх блізкіх: тату, маму, бабулю. Добра перададзены дух высокай маральнасці ды еднасці, у якім жылі людзі роду «пад Польшчай» (бо гэта Заходняя Беларусь), у ваенныя часы, галодныя пасляваенныя... Паказаны прынцыпы выхавання ў сям’і: у працы, у павазе да чалавека. Цікавае спалучэнне дзвюх моў — роднай, беларускай, і рускай — як знак пашаны да памяці бабулі, якая «прыбілася» да сям’і ды зрабілася роднаю не па растве, а па духу ў выніку жыццёвых абставінаў. На жаль, аніводнага фотаздымка не пададзена ў рабоце, што зніжае ўражанне ад яе.

Намінацыя «Беларуская гісторыя і культура ў Латвіі» прадстаўлена дзвюма работамі. Супрацоўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Ірына Апейнанэ правяла даследаванне «Беларуская кухня ва ўспрыманні жыхароў Даўгаўпілса». Для таго апытала 73 рэспандэнты: 59 жанчын і 14 мужчын ад 19 да 56 гадоў. Распытвала: што яны знаюць пра беларускую кухню ды як да яе ставяцца. Цікава, што 40 адсоткаў апытаных беларускую кухню звязваюць з бульбай, кожны пяты з іх любіць дранікі, яшчэ знаюць калдуны, бабку, бліны. Цікава, што беларускую кухню апытаныя ўспрымаюць як простую, але сытную, «дамашнюю». Прасочваецца ў рабоце, напісанай у стылі навуковага даследавання, уплыў на беларускую кухню народаў-суседзяў: палякаў, літоўцаў, рускіх ды латышоў.

Мікалай Паўловіч, сябра даўгаўпілскага Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым», напісаў работу «Аглонская базіліка» (у сяле Аглона, цэнтр паломніцтваў). Ён падаў гісторыю рэстаўрацыі нацыянальнай каталіцкай святыні знутры, бо й сам удзельнічаў у будаўнічых работах, раскопках пахаванняў пры касцёле. Напісана работа эмацыйна, жыва, зацікаўленым і дасведчаным чалавекам. Аднак зніжае ўражанне ад яе адсутнасць фотаздымкаў, а мы ж ведаем, што аўтар сам — гісторык, збірае артэфакты.

У намінацыі «Латвія і Беларусь: насустрач адзін аднаму» зрабіла даследаванне Іна Олесава, сяброўка рыжскага Беларускага таварыства «Прамень». Работа называецца «Пад знакам года малой Радзімы». Спадарыня Іна правяла грунтоўную, вялікую працу — яна сабрала, прааналізавала ўспаміны ды ўражанні 11 чалавек-праменеўцаў (яны расказалі пра свае родныя куткі), склала з іх, як пазл, цэласную карціну краіны Беларусі — з яе славутымі святынямі, велічнай спадчынай продкаў, дасягненнямі сённяшняга дня. Шчыра, кранальна Іна Олесава расказвае пра сваю малую радзіму — старадаўнюю вёсачку Карзюкі, якая ў гэтым стагоддзі знікла, увайшла ў межы Мінска. (Пра тое быў аповед і ў нашай газеце — гл. «Жылі-былі Карзюкі» — ГР, 17.05.2018. — Рэд.) Гэтая работа — яркае сведчанне патрыятызму латвійскіх беларусаў і ў той жа час праяўленне павагі да латышскага народа, сярод якога мы жывём.

Запрашаем усіх, каму тое цікава, паўдзельнічаць сёлета ў чарговым конкурсе даследчых работ «Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць». Дзякуючы рэалізацыі праекта мы даследуем і глыбей спасцігаем невычарпальную побытавую, духоўную, культурную спадчыну беларусаў, прыадкрываем багатую палітру лепшых якасцяў супляменнікаў: як прадстаўнікоў беларускага роду ў Латвіі. Хто праводзіць даследчыя работы, хто з імі потым знаёміцца — усе адчуваюць гонар за Бацькаўшчыну. Пададзеныя на конкурс працы штогод пацвярджаюць пачэснае месца беларусаў у Латвіі як неад’емнай часткі яе шматнацыянальнага народа.

Алёна МІЦКЕВІЧ, чалец журы конкурсу

г. Рыга

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.