Вы тут

Людміла і Вячаслаў Сяргеевы: шматдзетныя бацькі аднаго спартсмена


Імклівасць, хуткасць, палёт, надзейнасць, сяброўства, каханне — гэта ўсё аб шорт-трэку — бадай ці не самым сямейным відзе спорту ў Беларусі. У Віцебску працуе трэнерская сям'я Ліліі і Аляксандра Антоненкаў, іх дзеці таксама ў гэтым спорце. У Магілёве шорт-трэк развіваюць Генадзь і Таццяна Болгавы, чый старэйшы сын займаецца канькабежным спортам, а малодшы сын і дачка — шорт-трэкам. Людміла і Вячаслаў Сяргеевы стварылі не проста спартыўную сям'ю, а сапраўдную дынастыю. Бацькі падрыхтавалі сына Максіма да дзвюх алімпіяд і мноства міжнародных спаборніцтваў. Зараз муж і жонка разам трэніруюць маладых спартсменаў у Жодзіне. Як жыве спартыўная дынастыя, Людміла і Вячаслаў Сяргеевы расказалі «Сямейнай газеце».


Максім СЯРГЕЕЎ.

— Усе сем'і ў нашым спорце пачыналіся ў юнацтве, калі мы яшчэ самі трэніраваліся і выступалі як спартсмены. Мы знаёміліся, разам раслі, і некаторыя стваралі сем'і, разам заканчвалі спартыўныя кар'еры, пачыналі трэнерскія. Многія з нас займаліся канькабежным спортам. А калі стала больш пляцовак для шорт-трэку і ўзнікла патрэба ў развіцці гэтага віду спорту, мы актыўна ўзяліся, — раскрывае сакрэт «сямейнасці» шорт-трэку Людміла Сяргеева.

— Існуе меркаванне: калі пара займаецца адной справай, гэта можа нашкодзіць адносінам. Што вы аб гэтым думаеце?

Людміла: — Я лічу, што гэта міф. Для мяне работа разам з мужам — найлепшае, што можа быць. І яна ніяк не ўплывае на адносіны. Адзіны мінус — мы знаходзімся на працы 24 гадзіны ў суткі. Як бы ты ні хацеў разгрузіцца, адпачыць псіхалагічна, дома ўсё роўна думаеш пра работу, абмяркоўваеш. І яна «пераносіцца» дадому. Зразумела, у такіх абставінах да гэтай дзейнасці далучаюцца і дзеці. Наш Максім даваў інтэрв'ю перад Алімпійскімі гульнямі ў Сочы, і ў яго спыталі, як ён трапіў у шорт-трэк. «А ў мяне не было іншага выбару», — адказаў ён. І гэта зразумела: мама, тата пастаянна на рабоце і сын разам з імі на катку.

— Атрымліваецца, плюсоў у сумеснай рабоце значна больш, чым мінусаў?

Людміла: — Канешне, больш. Самае галоўнае — побач ёсць чалавек, якому я магу на 100 працэнтаў давяраць і з якім магу раздзяліць усе рабочыя радасці і цяжкасці. Я хацела стварыць адзіную каманду трэнераў і спартсменаў, разам дасягаць агульных мэт. Але з'явіліся рознагалоссі з калегамі, і мая ідэя не ажыццявілася. З мужам такога не ўзнікне, бо ён будзе падтрымліваць усе мае погляды і ідэі. Мне здаецца, было б цяжка, калі б мой муж быў заняты ў іншай сферы. Не кожны мужчына зразумее, калі жонка пастаянна на рабоце, на зборах, спаборніцтвах і не заўсёды можа згатаваць вячэру, прыбраць дома. А так мы разам жывём у адным рытме. Муж разумее спецыфіку спартыўнай працы, плюсы і мінусы. Вядома, у нас здараюцца канфлікты, спрэчкі, у кожнага можа быць адрознае бачанне. Але я больш спакойная і памяркоўная, а Вячаслаў — больш эмацыянальны, таму мы адзін аднаго дапаўняем.

Вячаслаў: — На мой погляд, калі людзі працуюць у розных сферах, кожны заняты сваімі клопатамі, сканцэнтраваны на іх. Ад гэтага часам можа ўзнікнуць нейкае саперніцтва, непаразуменні. А калі людзі звязаны агульным інтарэсам, адной справай, ніякага саперніцтва не можа быць. Так, у нас адзін від дзейнасці, але ў кожнага ёсць свае абавязкі, яны падзелены вельмі дакладна. У гэтым годзе будзе 34 гады, як мы разам, з іх больш за 20 мы трэнеры. Мне здаецца, гэта паказчык паспяховасці нашага сямейнага тандэму.

Вячаслаў СЯРГЕЕЎ з вучнямі.

— А як да вашага сямейнага тандэму ставяцца калегі?

Людміла: — Вельмі многім гэта не падабаецца. Спачатку я не звяртала ўвагі, а потым стала раздражняцца. Напрыклад, мяне запрасілі дапамагчы ў падрыхтоўцы нацыянальнай каманды да алімпійскага адбору. Я хацела стварыць, перш за ўсё, моцную каманду спартсменаў і каманду трэнераў, аб'яднаць трэнерскі штаб. І планавала, што членам трэнерскай каманды стане Вячаслаў. Ён працаваў з юніёрскай камандай Расіі, спартсмены якой займалі высокія месцы на чэмпіянатах свету і зараз уваходзяць у асноўны састаў расійскай нацыянальнай каманды. Гэта не старонні чалавек, а вопытны спецыяліст. І гэта той, каму я магу давяраць і хто будзе мяне падтрымліваць. Але нам не далі папрацаваць разам. Прычына — «ён ваш муж, і вы будзеце яго прасоўваць». Але пры чым тут прозвішча — гэты спецыяліст патрэбны для ажыццяўлення агульных задач!

Вячаслаў: — Нармальная практыка — калі кожны спецыяліст у камандзе выконвае свае абавязкі. Такое прадузятае стаўленне да нашай сям'і пачалося яшчэ падчас падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў у Сочы. Наш сын Максім шмат працаваў, добра выступаў на спаборніцтвах і заваяваў ліцэнзію на алімпіяду. Яна была неімянная, таму праходзіў дамашні адбор. Ён на ім стаў найлепшым, канчаткова адабраўся ў Сочы. А ў адказ: «Гэта ваш сын, вы яго цягнеце!» А як мы можам яго цягнуць, калі спартсмен сам трэніраваўся, выступаў, заваяваў ліцэнзію? І з таго часу пачалося: «Вы сям'я, вы адзін аднаго цягнеце».

— Максім Сяргееў — першы беларускі спартсмен, які выступіў на алімпійскіх спаборніцтвах у шорт-трэку. Грандыёзная падзея не толькі для трэнераў, але і для бацькоў...

Людміла: — Для ўсяго беларускага шорт-трэку. Пасля таго, як Максім заваяваў ліцэнзію ў Сочы, да нас сталі прыслухоўвацца, нас сталі падтрымліваць. На жаль, не атрымалася заваяваць медалі. Але для гэтага патрэбны асаблівыя ўмовы і вялізныя грашовыя сродкі. А мы заўжды працавалі ў Беларусі, на родным канькабежным стадыёне, і былі як на далоні.

— Чым Максім займаецца пасля завяршэння кар'еры?

Людміла: — Ён малайчына, застаўся ў спорце, хоць і ў новым кірунку. Максім зараз працуе фітнес-інструктарам, прымяняе гэтыя веды ў розных відах спорту. Ён даўно гэтым цікавіўся, чытаў літаратуру, развіваўся. Разам з Беларускім саюзам канькабежцаў мы яго папрасілі вярнуцца на лёд. І зараз ён два разы на тыдзень займаецца з дзецьмі. Максіму гэта падабаецца, у яго шмат вопыту, які будзе карысны маладым шорт-трэкістам.

— Людміла Андрэеўна, а як вам удавалася пераключацца з ролі мамы на ролю трэнера?

— Гэта быў самы цяжкі момант у працы з Максімам. Калі мне кажуць, што я свайго сына «прасоўвала», што ставілася да яго не так, як да іншых спартсменаў, я пытаюся: «Як бы адчувалі сябе гэтыя людзі, кожны дзень даючы свайму дзіцяці каласальныя нагрузкі?» Ніхто не хоча ўяўляць, як гэта — мацярынскім сэрцам адчуваць, што ты нагружаеш свайго сына. Можа, часам мяне гэта спыняла, і ўсім спартсменам было лягчэй.

Калі спартсмен жорстка трэніруецца, ён знаходзіцца ў цяжкім псіхалагічным стане. Усе спартсмены на піку формы становяцца раздражняльнымі, нервовымі. І Максім гэты негатыў скідваў на нас. Мы ўспрымалі ўсё вельмі блізка да сэрца. Як не перажываць, калі ад роднага сына ідзе негатыў? Але мы пагаварылі, і ён сказаў, каб мы не турбаваліся, бо так ён спрабуе разрадзіцца. Іншыя спартсмены такой магчымасці не маюць.

І Максіму было нялёгка. Да яго патрабаванні заўсёды былі вышэйшыя, чым да іншых.

— Можа, гэта і прывяло яго да такіх вынікаў?

Вячаслаў: — У Максіма найлепшы вынік у кар'еры — 12-е месца на чэмпіянаце Еўропы. Пасля другой алімпіяды была парушана праграма падрыхтоўкі, нас пазбавілі ўмоў, у якіх мы працавалі. І Максім перастаў бачыць сэнс у далейшых трэніроўках. Мы разумелі, што ён яшчэ многага можа дасягнуць, але перашкодзілі менавіта арганізацыйныя моманты.

Людміла: — Максім скончыў кар'еру ў 27 гадоў, найлепшы ўзрост для шорт-трэкіста. Мы вельмі перажывалі, бо бачылі, што ён яшчэ можа выступаць. Але ў новых умовах ён не мог ісці далей. Важна, каб спартсмен сыходзіў рэалізаваны, дасягнуўшы жаданага. Гэта, мабыць, датычыцца любой дзейнасці. Адчуванне, што ты чагосьці не дарабіў, «вісіць» у галаве. Максім нас супакоіў, упэўніў, што сваёй спартыўнай кар'ерай ён задаволены. У тых умовах, у якіх ён працаваў, мы дасягнулі максімуму. У шорт-трэку павінна быць каманда аднолькава моцных спартсменаў, якія разам трэніруюцца. А ў нас пасля Алімпійскіх гульняў — 2018 года засталіся толькі Максім Сяргееў і Яўген Рыжоў, яны разам і скончылі кар'еру.

Людміла СЯРГЕЕВА.

— Улічваючы ваш багаты вопыт, вас можна назваць шматдзетнымі бацькамі.

Вячаслаў: — Можна і так сказаць. Калі мы працавалі ў Віцебску, у нас былі спартсмены розных узростаў. І бацькі казалі, што мы іх дзяцей бачым часцей. Тры тыдні дзеці на зборах з намі, тыдзень — з бацькамі дома.

Людміла: — Мяне радуе, што з многімі нашымі вучнямі мы і цяпер падтрымліваем добрыя адносіны. Адзінае, што хвалюе, — не так шмат людзей пасля завяршэння кар'еры застаюцца ў шорт-трэку. Нават Максім сказаў: «Я хачу адпачыць галавой і ўбачыць штосьці новае». І я яго разумею.

— Якія сямейныя традыцыі ёсць у сям'і Сяргеевых?

Вячаслаў: — У нас не хапае на іх часу. Мы нават у адпачынку не бываем. Сезон скончыўся, парабілі ўсе справы, і ўжо новы сезон пачынаецца.

Людміла: — Сапраўды, наша бяда ў тым, што мы не маем вольнага часу, які можам прысвяціць сабе. У нас у абодвух пажылыя бацькі, наведваем іх. Максім часам нас кудысьці возіць, каб мы адпачылі. І вось такімі момантамі мы вельмі даражым, яны самыя важныя і самыя каштоўныя. У нас была «традыцыя» — хацець завесці сабаку. Але наш лад жыцця гэтага не дазваляў, бо мы пастаянна ў раз'ездах. А зараз Жэня Рыжоў, наш вучань і сябар Максіма, пераехаў у іншы горад і пакінуў нам рыжага шпіца. І ў самы складаны час сабачка нас ратаваў, дапамагаў псіхалагічна разгрузіцца.

— У чым сакрэт вашага сямейнага і працоўнага шчасця?

Людміла: — Галоўны сакрэт — гэта давер. Муж — адзіны чалавек, якому я поўнасцю давяраю і магу расказаць усе свае думкі і праблемы, нічога не ўтойваючы. І я ведаю, што ён зразумее. І, вядома, куды без кахання? З яго ж усё пачынаецца.

Вячаслаў: — Для мяне галоўнае — знайсці падыход да чалавека і ўсюды быць разам — так і лягчэй, і весялей.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».