Вы тут

Мінчанка піша партрэты раслін і стварае «бансай для бедных»


Апошнім часам захапленне пакаёвымі раслінамі для многіх становіцца модным хобі, якое нярэдка перарастае ў штосьці большае. Мінчанка Анастасія ЧАРТОВІЧ, інжынер па спецыяльнасці, не толькі разводзіць дома кветкі, але і робіць так званую какедаму, малюе сваіх зялёных гадаванцаў акварэллю, ствараючы ў кватэры адмысловы «жывы» інтэр'ер.


Усё пачалося з таго, што ў нейкі момант работа ў офісе дзяўчыне надакучыла, і яна задумалася, што ж ёй сапраўды даспадобы. Пачала прыглядацца да «кветкавых» вакансій, бо з дзяцінства любіла ўсё жывое. Для работы фларыстам, апроч досведу па вырошчванні раслін, патрэбны былі і веды па доглядзе за зрэзанымі кветкамі, стварэнні кветачных кампазіцый і букетаў. Анастасія прайшла інтэнсіўны курс па фларыстыцы і на працягу года паспела папрацаваць у розных фларыстычных салонах. І хоць потым дзяўчына вярнулася ў офіс, гэты вопыт аказаўся для яе бясцэнным. З'явілася галоўнае — жаданне ствараць нешта сваё і рухацца далей.

Кветачніца стварыла сваю старонку ў Іnstagram, дзе дзеліцца парадамі па доглядзе за раслінамі. Спачатку ў яе не ўсё атрымлівалася, бо кожнай расліне, апроч пяшчоты, неабходныя яшчэ і пэўны догляд, і мікраклімат. Па артыкулах з інтэрнэту і кніг не заўсёды зразумела, якая кветка будзе расці дома, а якая — не, на што варта звяртаць асаблівую ўвагу. Так, у пошуках праўды, Насця трапіла на семінар па гаршковых раслінах, дзе і пазнаёмілася з тэхнікай па стварэнні какедамы.

— Я не стаўлю мэту стварыць дома джунглі, ды і ва ўмовах кватэры, каб іх вырасціць, трэба вельмі паклапаціцца, бо кожнай жывой істоце патрэбныя сваё асяроддзе і ўвага. Вось, напрыклад, папаратнік за тыдзень можа знікнуць, калі паветра ў памяшканні сухое, але, ведаючы гэта, я ўсё адно набыла сабе адзін (смяецца). Цяпер спрабую зрабіць так, каб ён жыў, — проста люблю эксперыментаваць. Мне спадабалася ідэя вырошчвання раслін у какедаме — земляным шары. У Японіі гэты спосаб завуць «бансай для бедных», бо ў класічнага бансай больш складаная тэхналогія вырошчвання, патрэбны спецыяльныя інструменты, кашпо.

Дзяўчына кажа, што спосаб стварэння такіх земляных шарыкаў даволі просты, але патрабуе часу і фізічнай сілы, затое не трэба падбіраць гаршчок. Галоўнае — уважліва падабраць кветкі: вільгацелюбівыя і ценяўстойлівыя (да такіх можна аднесці, напрыклад, большасць ароідных). Шарык складаецца са спецыфічнага грунту, лёгкага, «дыхаючага», які пакрываюць пластом імху —1,5-2 см (для ўтрымання вільгаці), замацоўваюць ніткамі. Паводле слоў Анастасіі, расце ў такой «штучцы» ўсё выдатна.

— Субстрат для какедамы я раблю сама. У яго ўваходзяць глеба, перліт для рыхласці, можна дадаць крыху драўнянага вугалю, каб расліна лепш сябе адчувала, патрэбны яшчэ торф «Кета», які ў нас не прадаюць — замест яго выкарыстоўваю чорную гліну. Такі грунт быццам «дыхае», ён забірае лішнюю вільгаць і паступова «аддае» яе расліне. Усе кампаненты змешваюцца ў патрэбных прапорцыях, атрымліваецца своеасаблівае цеста з зямлі. Лепіцца шарык, у які змяшчаецца расліна з карэньчыкамі. Кветка ў такім «шарыку» расце павольна, паліваецца з дапамогай апускання ў ёмістасць з вадой на 15—20 хвілін. Потым какедаму трэба адціснуць, паставіць на паддон, каб вада сцякла. Першы такі паліў ажыццяўляецца адразу пасля стварэння какедамы, а наступны — прыкладна праз тыдзень. Паступова трэба прывучаць свайго зялёнага гадаванца да рэдкіх паліваў — раз на два тыдні.

У такой «экзотыкі», запэўнівае дзяўчына, шмат плюсоў: адпадае пытанне падбору гаршка, какедама арганічна глядзіцца ў інтэр'еры, а таксама гэта знаходка для тых, хто забывае паліваць свае кветкі!

Для сваёй дамашняй калекцыі, а гэта каля 50 відаў раслін, Насця набывае кветкі па-рознаму — часам бярэ парасткі на рабоце, часам у сяброў, нешта купляе на «Куфары» і ў крамах. Яна падзялілася, што апошнім часам ёсць тэндэнцыя вырошчваць «бабуліны» кветкі — сансевіерыю («Шчупаковы хвост»), герань, традэсканцыю, хедэру (плюшч) і г. д., а таксама на «экзотыку». У гераіні матэрыялу ёсць увесь «бабулін» набор. Дарэчы, у забабоны, звязаныя з некаторымі відамі, дзяўчына не верыць.

— Лічу, што расліны, як усе жывыя істоты, валодаюць сваім энергетычным полем, але чалавек галоўны ў гэтых стасунках (смяецца).

Настассі цікава абменьвацца пакаёвымі ўлюбёнцамі на розных інтэрнэт-платформах, глядзець, што ёсць у іншых кветкаводаў, папаўняць сваю калекцыю ці дзяліцца кветкамі, напрыклад, на Іnstagram-старонцы Бібліятэкі раслін.

Чарговым захапленнем дзяўчыны-батаніка нядаўна стала маляванне. Пару гадоў таму яна знайшла час для ўвасаблення даўняй мары: на курсах паспрабавала маляваць рознымі матэрыяламі — алоўкам, алеем, акварэллю.

— Мінулым летам у адпачынак ездзіла на Нарач, а там лясы такія багатыя, прыгажосць! Шмат розных кветак расце. Рабіла з іх букеты і для сябе, і ў падарунак. Калі ішоў дождж, заставалася ў нумары гасцініцы і малявала кветкі. Потым неяк купіла кнігу пра расліны «Urban Jungle», дзе шмат замалёвак, добра расказваецца пра кветкі ў інтэр'еры, дызайн. Звярнула ўвагу, што вельмі цікава глядзяцца расліны разам з «кветкавымі» постарамі, карцінамі. І сапраўды — там, дзе раслінам цёмна, акварэльным «партрэтам» кветак выдатна. Пару жывых раслін — а побач карціна з «віртуальным» гадаванцам — і ў вас ужо аранжарэя! І гэта натхніла на стварэнне батанічных акварэляў.

На пытанне, як жа змяшчаецца ўсё гэта ў аднапакаёўцы, Настасся толькі ўсміхаецца: нешта расце на падаконні, нешта — на падлозе, нешта — у глыбіні пакоя, штосьці — у падвесных кашпо, якія яна сама вяжа. «Так, магу і кашпо плесці, і букеты складаць, і кампазіцыі рабіць, але імкнуся «не распыляцца» — выбіраю тое, што больш даспадобы і менш энергазатратна».

Надзея ЗУЕВА

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.