Вы тут

Дзеля чаго пяць раёнаў Гродзеншчыны стварылі альянс?


У сакавіку ў гарадскім пасёлку Зэльва пяць раёнаў Гродзенскай вобласці падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве па стварэнні Партнёрскага альянсу па ўстойлівым развіцці «5+». Ініцыятарам аб'яднання выступіў Валянцін Семяняка, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.


«У кожным з рэгіёнаў — удзельнікаў партнёрскай групы ёсць ініцыятывы, якія патрабуюць сваёй рэалізацыі і адпаведнай падтрымкі. Аднак актывісты мясцовых супольнасцяў, асабліва на пачатковых этапах сваёй дзейнасці, часта сутыкаюцца з недахопам вопыту, адсутнасцю дастатковай інфармацыі і іншымі праблемамі суб'ектыўнага характару. У той жа час, часта ў суседніх рэгіёнах ужо маюцца адпаведныя кампетэнцыі, і яны могуць быць трансфармаваныя ў канкрэтныя сумесныя праекты пры ўмове наладжанага партнёрства. Методыка «Роўны навучае роўнага», думаю, усім знаёмая, і яе эфектыўнасць лішні раз даказваць не трэба. Такім чынам, можа быць атрыманы ўзаемная выгада і агульны рост патэнцыялу», — лічыць дэпутат.

Акрамя таго, раёны саспелі для значных праектаў, якія выходзяць за рамкі асобнага рэгіёна, дадае Валянцін Семяняка. Гэта могуць быць і трансраённыя мерапрыемствы, і бізнес-праекты, і навучальныя курсы, і сумеснае брэндзіраванне нейкіх ідэй. Для іх рэалізацыі патрэбныя і адпаведныя рэсурсы: арганізацыйныя, прыродныя, фінансавыя, інтэлектуальныя і іншыя. Пры аб'яднанні і ўзаемадапаўненні ў рамках кааперацыі можна атрымаць значны вынік, упэўнены парламентарый.

«І, нарэшце, галоўнае. У Рэспубліцы Беларусь працягваецца работа па рэалізацыі мэт у галіне ўстойлівага развіцця, абвешчаных Рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 25 верасня 2015 года, распрацаваны праект Стратэгіі ўстойлівага развіцця Гродзенскай вобласці на 2016—2025 гады. Асноўнай задачай і адначасова інструментам нашага ўзаемадзеяння мне бачыцца актывізацыя намаганняў па рэалізацыі ўсіх 17 Мэт устойлівага развіцця і павышэння на гэтай аснове ўстойлівасці развіцця кожнага з рэгіёнаў», — адзначае ён.

Пералічаныя аспекты — інструмент для рэалізацыі рэгіянальных ініцыятыў і планаў, вырашэння праблем, дасягнення мэт. Тут важна вызначыць тэматычныя палі, якія будуць улічваць спецыфіку і магчымасці раёнаў, падкрэслівае старшыня парламенцкай камісіі.

Для ўдзелу ў групе запрошаны раёны, на першы погляд, розныя па «вазе» і «росце», але гэта толькі на першы погляд, заўважае ён.

Па-першае, у найбліжэйшы час будзе праведзены падрабязны аналіз існуючага патэнцыялу раёнаў, які ўвойдзе ў дарожную карту — праграмны дакумент па наладжванні работы аб'яднання.

Па-другое, нягледзячы на знешнія адрозненні, ёсць шмат агульнага — як станоўчага, так і адмоўнага, дадае прадстаўнік рэгіёна ў парламенце. Так, усіх хвалююць праблемы дэмаграфіі, інвестыцый, устойлівай работы арганізацый сельскагаспадарчай вытворчасці. Ва ўсіх раёнах выдатная экалогія, развітая сацыяльная сфера.

«Па-трэцяе, ёсць ужо і агульныя інтарэсы: дадатковая адукацыя (Зэльва, Шчучын), аграэкатурызм (Ваўкавыск, Зэльва, Свіслач — створаны кластар «Заходняя скарбонка»), канфесійнае ўзаемадзеянне (Ваўкавыск, Зэльва, Слонім), — пералічвае дэпутат. — Шэраг раёнаў з'яўляецца падпісантамі міжнародных пагадненняў па ўстойлівым развіцці (па клімаце, энергіі, эканамічным росце і іншых), ва ўсіх развітая праектная дзейнасць. Выявіць гэтыя агульныя інтарэсы і развіць іх — адна з задач нашага партнёрства. Акрамя таго, ёсць практычныя рэчы, якія ўжо рэалізуюцца, але патрабуюць узмацнення і больш комплекснага падыходу. Гэта датычыцца, напрыклад, удзелу ў рэгіянальных брэндавых мерапрыемствах (Ганненскі, Свіслацкі кірмашы, Фестываль паланэза, Свята кветак і іншыя). Пакуль тут больш канкурэнцыі, чым партнёрства».

Нарэшце, лагістыка. Альянс мяжуе з Брэсцкай вобласцю і мае выхад на граніцу з Польшчай і Літвой. Па яго тэрыторыі праходзяць некалькі рэспубліканскіх і міжнародная трасы, чыгуначныя і водныя шляхі. Раёны-ўдзельнікі атрымліваюць доступ да Белавежскай пушчы. Маецца нават участак еўрапейскай чыгуначнай каляіны.

А тое, што Шчучынскі раён не мае агульнай граніцы з іншымі чатырма раёнамі, у будучым можа быць знівеліравана, лічыць Валянцін Семяняка. Ён заўважае, што Партнёрскі альянс нездарма мае ў назве азначэнне «5+»: да яго могуць далучыцца і іншыя рэгіёны.

«Нашу гатоўнасць да ўдзелу ў альянсе мы трансфармавалі ў добраахвотнае пагадненне, якое рыхтавалася на працягу года. На наступным этапе мы распрацуем нарматыўныя дакументы, што будуць рэгламентаваць работу альянсу. Ва ўсіх пяці раёнах створаны адпаведныя ініцыятыўныя групы з ліку прадстаўнікоў выканаўчай і заканадаўчай улады, бізнесу, актывістаў мясцовых супольнасцяў, якія ўзначальваюць куратары праекта і іх асістэнты. Іх дзейнасць таксама рэгламентуецца адпаведнымі лакальнымі дакументамі (распараджэнне старшыні райвыканкама, рашэнне Савета дэпутатаў, палажэнне аб парадку работы, размеркаванне абавязкаў і г. д.). У красавіку плануем правесці першае арганізацыйнае пасяджэнне Савета альянсу, размяркуем абавязкі, сплануем дзейнасць і будзем рэалізоўваць планы», — расказаў парламентарый.

У партнёрскага альянсу «5+» наперадзе шмат цікавых і плённых спраў, не сумняваецца Валянцін Семяняка. Ён дзякуе за разуменне і падтрымку ў стварэнні альянсу старшыням райвыканкамаў і раённых Саветаў дэпутатаў раёнаў-удзельнікаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Аб'яднаць вопыт і рэсурсы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».