Вы тут

​У Гомелі камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Сонечны» — пераможца гарадскога конкурсу


У Гомелі камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Сонечны» — пераможца гарадскога конкурсу сярод найбольш яскравых дваровых ініцыятыў грамадзян. Найлепшы камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання штогод вызначаюць дэпутаты Гомельскага гарсавета.


КТГС «Сонечны» дзейнічае пры РЭУ-23 Савецкага раёна Гомеля. Намаганнямі яго членаў за час работы камітэта добраўпарадкавана шэсць дваровых тэрыторый. «Сонечны» быў створаны ў 2015 годзе. Тэрытарыяльна ў яго складзе — жылыя дамы праваруч праспекта Рэчыцкі ад прыпынку грамадскага транспарту «Сонечная» да Давыдаўскага рынку. У 2017 годзе аб актыўнай рабоце камітэта загаварылі не толькі ў Савецкім раёне, але і ў розных кутках абласнога цэнтра. Тады намаганнямі актывістаў «Сонечнага» на ўскраіне Гомеля з'явіўся паказальны двор, у які і цяпер прыязджаюць на экскурсіі. Апошні праект добраўпарадкавання, што рэалізавалі члены тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, — тэматычны двор «Сям'Я» на Рэчыцкім праспекце. У двары ёсць алея сямейных дрэў, дзіцячы гульнявы комплекс з горкамі і арэлямі. Некалькі месяцаў таму тут правялі першае свята двара, на якое запрасілі дэпутатаў Гомельскага гарсавета.

Між тым, усяго на рахунку КТГС «Сонечны» такіх свят адзінаццаць. Арганізацыйныя пытанні, як правіла, бярэ на сябе актыў камітэта пад кіраўніцтвам Ірыны Піскун. Падтрымку заўсёды аказвае калектыў РЭУ-23 на чале з Жаннай Сазонавай.

— Нашы жыхары могуць не толькі весела адпачываць. Незлічоную колькасць разоў яны выходзілі на суботнікі. За апошнія тры гады пасадзілі больш за 300 дрэў, прычым арганізоўваюць і належны догляд за імі. Саджанцамі дапамагло дзяржпрадпрыемства «Савецкае», часам жыхары мікрараёна прыносілі маладыя дрэўцы і самі, — падзялілася ініцыятывамі старшыня камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Сонечны» Ірына Піскун. Яна дадае, што сёння актыў камітэта — гэта дзевяць чалавек. У грамадскай рабоце бяруць удзел цэлыя сем'і.

— Я ўдзячная ўсім жыхарам, якія падтрымліваюць наш рух. Сярод іх ёсць людзі сталага ўзросту, таксама вельмі актыўныя. Напрыклад, Ганна Цыкунова з мужам, Ганна Бароўская з дзецьмі, сямейная пара Каваленкаў з унукамі і дзецьмі і многія іншыя, — адзначае суразмоўніца. — За пяць гадоў работы зразумела, што грамадская дзейнасць вельмі цяжкая, адымае амаль увесь час, энергію, таму важна падтрымліваць тых, хто ўзяўся за ажыццяўленне рэальных ініцыятыў у сваіх дварах. Падтрымка аднадумцаў дае сілы развівацца, а значыць, чыстых і добраўпарадкаваных куткоў у нашым горадзе будзе больш, — упэўнена Ірына Піскун.

Дарэчы, за апошнія два гады ў Савецкім раёне было створана яшчэ некалькі арганізаваных ініцыятыўных груп па добраўпарадкаванні прыдамовых тэрыторый. Старшыня КТГС «Сонечны» на грамадскіх сходах актывістаў выступала ў якасці эксперта, дзялілася сваімі падыходамі ў рабоце. Чакаецца, што ў хуткім часе прывабнае аблічча грамадскія актывісты падораць шэрагу двароў Гомеля.

У якасці стымулу — і ўдзел у аглядзе-конкурсе на найлепшы камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Прынамсі, грашовыя сродкі за перамогу ў спаборніцтве па выніках работы за 2020 год, а гэта сто базавых велічынь, камітэт «Сонечны» плануе накіраваць на развіццё спартыўнай базы дваровых тэрыторый. Будуць закуплены вулічныя трэнажоры, якія ўстановяць у дварах самых актыўных жыхароў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: «Сонечны» прыклад

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.