Вы тут

Загадка аўтографаў Міхася Чарота разгаданая


Як сведчыць інфармацыя на старонках інтэрнэт-сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, пры арышце на піку сталінскіх рэпрэсій у 1937 годзе з дамашняга архіва Міхася Чарота падчас вобыску былі забраныя «...дакументы, часопісы — 210 штук, кнігі — 85 штук, перапіска — 127 старонак, рукапісы — адзін пачак...». Відаць, усё гэта страчана незваротна.


Але як казаў наш выдатны пісьменнік Уладзімір Караткевіч, «нішто не знікае з таго, чаму нельга знікнуць».

І вось я трымаю ў руках аж дзве кніжачкі з аўтографамі Міхася Чарота — «Ленін» (паэма, 1926 год, 2 тысячы асобнікаў, выданне ЦБ «Маладняка») і «Карчма» (паэма, 1926 год, 3 тысячы асобнікаў, выданне ЦБ «Маладняка»). На тытуле сінім хімічным алоўкам выведзены дарчыя надпісы, датаваныя 5 сакавіка 1928 года. Амаль усе словы добра чытаюцца: «На ўспаміны першага спаткання ў Ленінградзе... М. Чарот 5/ІІІ-28», «...ад аўтара. М. Чарот. Ленінград 5.ІІІ.28 г.». На першы погляд бачна, што адрасатаў дарчых надпісаў можа быць двое — адрозніваюцца ініцыялы, але прозвішча супадае (толькі адразу разгадаць яго не атрымліваецца — пачынаецца на «Р», а далей літары слабачытэльныя).

Некалькі месяцаў росшукаў да разгадкі таямніцы мяне не наблізілі. І вось у пачатку лютага пашчасціла мне патрымаць у руках нумар 3 часопіса «Полымя» за 1924 год з калекцыі выдатнага даследчыка беларускай культурнай спадчыны міжваеннага перыяду Міхася Казлоўскага. Гэты часопіс і стаў ключом да разгадкі.

Між зорнага складу аўтараў часопіса (Янка Купала, Канстанцыя Буйло, Змітрок Бядуля, Язэп Пушча, Зміцер Жылуновіч, Язэп Лёсік, Анатоль Вольны, Яўген Хлябцэвіч) на 41 старонцы натрапляю на прозвішча дагэтуль невядомага мне аўтара У. Рычыёці. Пад вершам падпісана: «Пералажыў з расійскага Ц. Гартны».

Звяртаюся па дапамогу да інтэрнэту. Тут жа знаходжу неабходную інфармацыю: Рычыёці Уладзімір (сапраўднае імя Леанід Восіпавіч Турутовіч) [31.3.(12.4).1899, Пецярбург — 21.8.1939, Кіславодск] — марак з гераічным мінулым, паэт, празаік, творца-імажыніст («мэта творчасці — у стварэнні вобраза»), аўтар напрамку літаратурнай марыністыкі. Сябар Сяргея Ясеніна па ягоных жа словах: «Ричиотти — мой друг» (Эрлих В. Право на песнь. Л., 1930. С.16).

Разгортваю кніжачкі Міхася Чарота з аўтографамі — вось і разгадка: аўтограф на кніжачцы з паэмай «Карчма» дакладна адрасаваны Уладзіміру Рычыёці (у аўтографе выкарыстана напісанне псеўданіма — «Ўл. Рычыоці»). Падобна, што і кніжачка «Ленін» падпісаная таму ж адрасату, толькі першая частка псеўданіма пададзена на рускі лад і чамусьці падвоеная — «В. В. Рычыоці». Безумоўна, загадка дарчых надпісаў Міхася Чарота з далёкага 1928 года развязаная. Супадаюць і месца напісання аўтографа (Ленінград), і час (1928 год), і нават яго беларускамоўнасць (з перакладу верша Уладзіміра Рычыёці Цішкам Гартным відавочна, што ён меў цесныя сувязі з беларускімі пісьменнікамі яшчэ ў 1924 годзе, а сапраўднае прозвішча У. Рычыёці — Турутовіч, не пакідае сумненняў у ягоным беларускім паходжанні).

Але, як кажуць, разгадаў адну загадку — атрымай наступную. Нядаўна мой зямляк па мамінай вёсцы Скобраўка Пухавіцкага раёна Міхаіл Віктаравіч Вайцаховіч падараваў мне фотаздымак падлетка з надпісам на адваротным баку: «Дана (фотакартка) т. Вайцаховічу Валодзьку на доўгую памяць ад т. Кудзелькі Зьмітра, як мы із ім вучыліся разам і я яму падарыл на памяць сваю лічнасьць. 17/ ІІІ-33 года».

Хто ведае, ці не з'яўляецца Змітро Кудзелька кроўным галоўнага героя нашага артыкула — Міхася Кудзелькі, найбольш вядомага пад псеўданімам Міхась Чарот? Можа, дапамогуць чытачы «Звязды»?

Зміцер Цехановіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.