Вы тут

Сваю мянушку «кротус Генус» Генадзь Кісялёў знаходзіў надзвычай трапнай


Слынны гісторык Генадзь Кісялёў заўсёды стараўся паказваць сваіх персанажаў не проста дзеячамі, а жывымі людзьмі. З адметным характарам, часам дзіўнымі звычкамі. Намагаўся прадстаўляць іх не толькі на трыбунах, у навуковых кабінетах ці на чале войска, але і ў зносінах з сябрамі і блізкімі, у хвіліны роздуму і самоты... Менавіта такі падыход і робіць кнігі Генадзя Кісялёва настолькі захапляльнымі, а яго герояў — запамінальнымі. Яму важныя і чалавечыя якасці персанажаў. Зачапіўся за радок пра тое, як маладзечанскі доктар пасылаў грошы сям'і памерлага паэта Сыракомлі — бярэ на заметку: «Хто ж гэты доктар, аматар літаратуры, сардэчны і спагадлівы чалавек?» Захоўваў навуковую аб'ектыўнасць, але ніколі не заставаўся абыякавым: «Раздумваю над лёсам беларускага паэта XІX ст. Яна Шэмета-Палачанскага, шукаю звесткі пра яго. Якая трагічная выпала яму доля!».

Думаю, гісторык быў бы не супраць, каб яго падыход скарысталі і на яго ўласнай постаці. Нядаўна Кісялёву споўнілася б 90 гадоў. Пра яго навуковыя заслугі вядома шмат, а зараз падсвецім ягоную асобу размовай з блізкім яму чалавекам — дачкой Наталляй Шчарбаковай.


— Часта гісторыкі з'яўляюцца і калекцыянерамі, ператвараючы свае дамы ў музеі... Якія адметныя экспанаты з «хатняга музея» памятаеце? Якая ў іх гісторыя? Які артэфакт быў самы дарагі для вашага бацькі?

— Нельга сказаць, што наш дом ператварыўся ў музей. Але сапраўды, сярод бацькавых сяброў былі і мастакі, якія дарылі свае карціны. Тата любіў калекцыянаваць. У яго меўся збор насценных і настольных медалёў, што датычыліся айчыннай гісторыі і беларускіх гістарычных дзеячаў. Калекцыянаваў ён і цікавыя манеты розных краін. Любоў да «збіральніцтва» прывіў і нам з сястрою. У мяне, напрыклад, былі разнастайныя калекцыі: пачынаючы ад паштовак з творамі выяўленчага мастацтва і заканчваючы алоўкамі. Самым дарагім для бацькі, мабыць, стаў графічны партрэт Кастуся Каліноўскага мастака Пятра Сергіевіча, падараваны на 50-годдзе Уладзімірам і Валянцінай Караткевічамі. Шмат гадоў гэты твор займаў пачэснае месца над яго працоўным сталом.

— Ці была такая гістарычная загадка, якую Генадзь Васільевіч асабліва марыў разгадаць, але не мог?

— Як даследчык, Кісялёў быў надзвычай мэтанакіраваны і працаздольны. Ён засяроджваўся на пэўнай загадцы і ішоў да канца, пакуль не атрымліваў усе адказы. У апошнія гады жыцця захапіўся абсалютна новай для сябе тэмай — скарынаўскай сімволікай. Напэўна, гэтае даследаванне можна назваць не да канца завершаным, бо, нягледзячы на грунтоўна выкладзеную аўтарам пазіцыю, відавочна, што праца была б працягнутая і скарыназнаўства папоўнілася б новымі нечаканымі адкрыццямі.

— Найчасцей Генадзь Кісялёў абіраў для расследаванняў дзевятнаццатае стагоддзе. Але адыходзіў і ў іншыя эпохі, скажам, скарынаўскую. А якая была бліжэйшай, куды б ён арганічна ўпісаўся?І ў якасці якога героя?

— Мяркую, што бацьку пашчасціла нарадзіцца ў свой час і жыць у сваёй эпосе. 1960—2000-я — гады ўздыму гуманітарыстыкі, якая сёння, на жаль, перажывае не лепшыя часы. Гэта перыяд, які захапіла і хваля беларускага нацыянальнага адраджэння (доўжылася да сярэдзіны 1990-х). Што датычыцца папярэдніх эпох, то, думаю, бацька някепска пачуваўся б і ў ХІХ стагоддзі побач з Каліноўскім, Урублеўскім, Дуніным-Марцінкевічам ды Багушэвічам.

— Ваша сям'я часта падарожнічала? Куды? Ці расказваў Генадзь Васільевіч падчас падарожжаў нешта цікавае?

— Маё дзяцінства прыпадала на 1980-я — самы пачатак 1990-х гадоў. Тыя часы, нагадаю, азмрочваліся «жалезнай заслонай». Таму падарожнічаць ва ўсе канцы свету не выпадала. Вельмі часта наведвалі Вільню. Пасля навучання ў Маскоўскім дзяржаўным гісторыка-архіўным інстытуце бацька быў накіраваны ў Літву, дзе шмат гадоў працаваў у архівах. Туды ён перавёз сваю маці і малодшага брата. Там жа пазнаёміўся з маёй маці Янінай Мажэйкайце (у дзявоцтве), там ажаніўся з ёй. У выніку ў Вільні жылі як сям'я бацькі, так і шматлікія матчыны сваякі. Гэты горад быў для нас, дзяцей, сапраўднай казкай. Бацька заўсёды вадзіў нас па ўсіх цудоўных помніках архітэктуры, суправаджаючы гэтыя паходы найцікавейшымі расповедамі. Не раз бывалі і ў Кіеве. У 1991 годзе ўпершыню выбраліся на мора. Гэта была Юрмала, дом адпачынку Саюза пісьменнікаў. Памятаю, у дзень, калі пакідалі Латвію, там адбывалася ваенізаваная спроба аднаўлення савецкіх парадкаў.

— Магчыма, у сям'і існавалі асаблівыя традыцыі, святы ці проста «сямейны фальклор»? Можа, былі, як у Караткевіча, нейкія жартоўныя старасвецкія стылізацыі ў мове ці манерах? Увогуле, ці часта прымалі гасцей, ці шмат меў ваш бацька сяброў?

— Бацьку сапраўды пашэнціла ў шлюбе. Ажаніўся ён позна, у сорак гадоў, але трапіў у цэль. Яны з маці былі ледзьве не ідэальнай парай. І бавіць час разам для іх было заўсёды ў радасць. Таму дома адзначаліся ўсе святы і, так бы мовіць, прысвяткі. Сябры таксама ў бацькоў былі агульныя, сябравалі сем'ямі. Збіраліся вельмі часта: альбо ў нас, альбо хадзілі ў госці. Сярод найбліжэйшых сяброў бацькі былі Уладзімір Караткевіч, наш слынны навукоўца Адам Мальдзіс, старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч, паэты і даследчыкі Уладзімір Мархель і Іван Чыгрын. Усіх не пералічыць. Нягледзячы на тое, што бацька быў чалавек па складзе характару абсалютна непублічны, у яго заўжды хапала сяброў — сапраўдных аднадумцаў.

— «Беларуса нельга ўявіць без лесу, без дрэва», — сцвярджаў Генадзь Кісялёў. Меў на ўвазе і сімвалічнае радаводнае дрэва, але ж, мусіць, і сапраўднае — любіў прыроду? Ці была «сялянская жылка» — гаспадарыць на зямлі?

— Такой жылкі ў яго не было. Кожнаму — сваё. Бацьку можна назваць урбаністам. Нарадзіўся ў горадзе Каломне пад Масквой і з вёскай на кароткай назе не быў. Мы часта наведвалі радзіму маці — вёску з літоўскім насельніцтвам Гіры, што на Астравеччыне, на памежжы Беларусі і Літвы. Памятаю, дзеці матчыных сваякоў заўсёды звярталіся да таты «дарэктар», бо ён вельмі адрозніваўся ад мясцовых жыхароў.

— Прынцыповасць і здольнасць дараваць — наколькі гэтыя рысы выяўляліся? Ці лёгка прызнаваў памылкі? А ці крыўдаваў на мянушку «кротус Генус» з паэмы «Сказ пра Лысую Гару»?

— Бацьку былі ўласцівыя памяркоўнасць, сапраўдная павага да меркаванняў іншых, прыродная інтэлігентнасць і ў пэўнай ступені самаіронія. Яму было заўсёды лёгка прызнаваць свае памылкі, прынамсі, побытавага плана, бо навуковыя хібнасці не давала рабіць характэрная яму скрупулёзнасць. Што ж датычыцца мянушкі «кротус Генус», то яна яму вельмі падабалася, ён знаходзіў яе надзвычай трапнай.

— Чым такі даследчык, як Кісялёў, быў здольны ахвяраваць дзеля чарговага адкрыцця, дзеля выпраўлення гістарычнай справядлівасці?

— Перш за ўсё сваім часам. Заўсёды на сваёй хвалі, ён ледзьве не суткамі рупіўся ці то ў хатнім працоўным кабінеце, ці то ў Інстытуце літаратуры НАНБ, дзе ён працаваў з 1971 года да канца свайго жыцця, ці то ў бібліятэцы альбо архіве. Ну і, вядома, ахвяраваў усімі душэўнымі сіламі, бо кожнае даследаванне ў яго выпадку станавілася і мастацкім творам. Але ці можна назваць адданасць улюбёнай справе, прызванню ахвяраю?

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.