Вы тут

Фестываль музыкі «Мінская вясна — 2021» пройдзе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі


Пачуць мелодыю вясны змогуць наведвальнікі фестывалю музыкі «Мінская вясна — 2021», які ўжо шмат гадоў дорыць публіцы класічныя інструментальныя і вакальныя кампазіцыі. Сёлета ён пройдзе з 3 да 27 красавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.


— Вельмі радасна, што наш фестываль сёлета адбудзецца. Таму што 36-ты павінен быў прайсці летась, але з-за каранавіруса не склалася. Зразумела, што міжнароднага кантэнту мы зараз не атрымаем, аднак ёсць у праграме прадстаўнікі з Расіі і беларускія выканаўцы, і гэтага дастаткова, каб фестываль прайшоў цікава. Таму што чакаюцца і музыка старадаўняя, перыяду рэнесансу і барока, «Тэатральныя старонкі ў гуках раяля» з нашым вядомым выканаўцам ІгарамАлоўнікавым, і прыемныя канцэрты беларускага камернага аркестра пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова, і шмат іншага, — адзначае мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрый Гільдзюк. — Таксама мы вельмі чакаем канцэрт харавой капэлы пад кіраўніцтвам Вольгі Янум. Будуць прадстаўлены вельмі цікавыя творы, якія раней, можа, ніколі ў нас і не выконваліся. Наогул, цудоўна, што ў нас сталыя майстры, такія як Аляксандр Анісімаў, Ігар Алоўнікаў, Яўген Бушкоў, разам з творчай моладдзю прагучаць у рамках гэтага фестывалю. Канцэртам памяці мы заўсёды адзначаем і гадавіны з дня катастрофы на ЧАЭС. Сёлета ў нас адбудзецца канцэрт-літургія з удзелам хору Свята-Духава кафедральнага сабора, плануецца першае выкананне мітрапалітам Іанафанам (Ялецкіх) «Чарнобыльскай літургіі», якая ўяўляе сабой цёплую і яскравую музыку і нагадвае пра наш адзіны дом для ўсіх народаў — планету Зямля, якую трэба берагчы...

Праграма 36-га свята музыкі складаецца з 11 канцэртаў. Распачнецца «Мінская вясна» 3 красавіка канцэртам «Музыкатэрапія. Рэнесанс і барока». Аўтар і пастаянны выканаўца фартэпіянных партый саліст Арцём Шаплыка запрашае паслухаць непаўторную музыку Джавані Палестрына, Георга Фрыдрыха Гендэля, Іагана Себасцьяна Баха, Даменіка Скарлаці. Канцэрт пройдзе з прыглушаным святлом і з трансляцыяй відэараду з выявамі краявідаў. 4 красавіка народны артыст Беларусі прафесар Ігар Алоўнікаў прадставіць праект «Тэатральныя старонкі ў гуках раяля». На сцэне Малой залы імя Р. Шырмы ажывуць знакамітыя эпізоды опер, балетаў і музыкі да драматычных пастановак: трагедыі Іагана Гётэ «Эгмант», драмы Ібсена «Пер Гюнт», балета «Маленькі прынц», балета «Спартак» і іншых.

Акрамя гэтага, у Белдзяржфілармоніі 9 красавіка пройдзе юбілейны канцэрт вучняў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пачуць юных музыкантаў будзе магчымасць і 24 красавіка, падчас выступленняў лаўрэатаў міжнародных конкурсаў з Масквы, сярод якіх Мішэль Бушкова (скрыпка, фартэпіяна), Даніла Уладыка (віяланчэль), Анастасія Ключарава (фартэпіяна). У праграме камернай музыкі «Зоркі, што ўзыходзяць...» яны выканаюць творы класікаў.

Таксама 9 красавіка Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы пад кіраўніцтвам Вольгі Янум запрашае на канцэрт «З глыбіні стагоддзяў. Музыка старых майстроў», дзе можна пачуць творы Генры Пёрсала, Джавані Габрыелі, Уільяма Бёрда і г. д.

А 13 красавіка адбудзецца сусветная прэм'ера твора рускага кампазітара Андрэя Рубцова. Канчэртантэ для духавога квінтэта і струнных выканаюць Дзяржаўны камерны аркестр на чале з Яўгенам Бушковым і духавы квінтэт салістаў Вялікага тэатра Беларусі. Таксама Дзяржаўны камерны аркестр у новым канцэрце з цыкла «Музыка і слова» прадставіць шэдэўр Гётэ «Фаўст» у музычным прачытанні. Гэтая падзея запланавана на 22 красавіка на сцэне Вялікай канцэртнай залы. Варта адзначыць, што канцэрты цыкла «Музыка і слова» ўжо сталі візіткай калектыву і заўсёды маюць поспех у наведвальнікаў.

У сваю чаргу дырыжор Людміла Каліноўская прадставіць гледачам аўтарскі праект «У люстэрку часоў. Іконы стылю: Бах, Гендэль». Тут прагучаць шэдэўры двух знакамітых майстроў нямецкага барока ў выкананні маладых, але ўжо вядомых беларускіх музыкантаў Максіма Шкулепы, Андрэя Іванова, Юрыя Каліноўскага, Караліны Носкі. Яны сумесна з камерным аркестрам «Прэлюдыя» і ансамблем салістаў «Класік-Авангард» прадставяць публіцы новае прачытанне добра вядомых твораў. Пачуць музычныя кампазіцыі майстроў канца Галантнага веку Людвіга ван Бетховена, Карла Філіпа Імануіла Баха, Ёзэфа Гайдна наведвальнікі змогуць 23 красавіка ў выкананні ансамбля «Камерныя салісты Мінска». Канцэрт-літургія, прысвечаны 35-годдзю з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пройдзе 25 красавіка з удзелам Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Аляксандра Анісімава і Мітрапаліцкага хору Свята-Духава кафедральнага сабора. Завершыцца 36-ты фестываль «Мінская вясна» канцэртам арганнай музыкі з цыкла «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва» 27 красавіка. У гэты вечар лаўрэат шматлікіх конкурсаў Кацярына Нікалаева выканае творы Мендэльсона, Баха, Тарывердзіева, В'ерна і іншых. Таму вызначайцеся з выбарам і спяшайцеся на сустрэчу з музыкантамі сусветнага ўзроўню.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Пачуць мелодыю вясны...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.