Вы тут

Як выхаваць духоўнасць на праваслаўных традыцыях?


Прадстаўнікі прыходаў Беларускай праваслаўнай царквы, кіраўнікі і педагогі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міншчыны сустрэліся ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы на навукова-практычным семінары па выхаванні духоўнасці на праваслаўных традыцыях. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр ТУРЧЫН і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ВЕНІЯМІН.​


Сустрэча пачалася з выстаў, майстар-класаў, фотазон «Духоўнасць. Праваслаўныя традыцыі», дзе ўдзельнікі прэзентавалі свае праекты і падрабязна расказалі, якая работа вядзецца па гэтым кірунку з маладым пакаленнем. Аляксандр Турчын адзначыў, што на Міншчыне наладжана плённае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы, функцыянуюць рэсурсныя цэнтры па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, арганізаваны факультатыўныя заняткі па асновах праваслаўнай культуры, праводзяцца мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый і нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў.

— Духоўна-маральнае развіццё і выхаванне асобы — складаны, шматпланавы працэс, — заўважыў Аляксандр Турчын. — Ён неаддзельны ад сям'і, грамадства, культуры, чалавецтва ў цэлым, ад краіны пражывання і культурна-гістарычнай эпохі. Тут асаблівая роля адводзіцца царкве, якая заўсёды была і будзе з'яўляцца духоўнай асновай нашай дзяржавы. У нашым грамадстве адчуваецца дэфіцыт духоўнасці, таму работа вядзецца актыўная. Дзякуючы Уладыку Веніяміну ў нас вельмі цеснае супрацоўніцтва. Так, часам гэтая праца нябачная. І, тым не менш, яна вельмі інтэнсіўная. Лічу, што мы павінны паспрабаваць дастукацца да кожнага маладога чалавека, распавядаючы пра чалавечыя каштоўнасці простай мовай: пра каханне, спагаду, шчасце. Гледзячы на тое, што прадстаўляе моладзь сёння, адчуваеш, што Беларусь чакае добрая будучыня.

Уладыка Веніямін адзначыў, што праваслаўная царква аказвае ўсялякае садзейнічанне ўстановам адукацыі і гатова прыкладаць яшчэ больш намаганняў для вырашэння гэтай задачы:

— Асаблівае месца ў нашым супрацоўніцтве павінны займаць установы прафесійнай адукацыі, дзе праходзіць найважнейшы этап станаўлення маладога чалавека. Сёння тут ідуць сур'ёзныя працэсы пераасэнсавання мэт і зместу адукацыі, а гэта робіць яшчэ больш запатрабаваным фарміраванне духоўна-маральнага аблічча будучага спецыяліста і грамадзяніна. Запатрабаванасць аўтарытэту і вопыту праваслаўнай царквы, яе ролю ў духоўнай асвеце і маральным умацаванні грамадства неаднаразова адзначаў кіраўнік нашай дзяржавы. У сваю чаргу Царква Хрыстова бачыць сваю галоўную задачу перш за ўсё ў выхаванні чалавека, фарміраванні яго ўнутранага стрыжня. Наша супрацоўніцтва — гэта яшчэ і ўнікальная магчымасць дапамагчы моладзі адчуць сваю прыналежнасць да гісторыі Радзімы, дакрануцца да нашых святынь, усвядоміць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, што гучыць асабліва актуальна ў Год народнага адзінства.

Адзін з галоўных аспектаў сустрэчы — работа ўдзельнікаў па чатырох секцыях: «Прыйдзем да духоўнасці разам», «Рэлігійнасць і духоўнасць праз прызму інфармацыйных тэхналогій», «Фарміраванне гатоўнасці педагогаў да работы па духоўна-маральным выхаванні», «Фарміраванне жыццесцвярджальных паводзін».

Метадыст Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Святлана ПРАСМЫЦКАЯ расказала, што сёлета ў іх быў рэалізаваны творчы праект  «Дзіцячая Біблія: чытаем разам», асноўная мэта якога — матываваць навучэнцаў да спазнання праваслаўнай культуры. Лепшыя работы былі створаны навучэнцамі і выкладчыкамі спецыяльнасцяў «Пачатковая адукацыя» і «Дашкольная адукацыя», менавіта іх і прэзентавалі на семінары. Гэта інтэрактыўнае лато, якое склалі педагогі ўстановы і актыўна выкарыстоўваюць яго на занятках з моладдзю, электронная віктарына «Са старонак Бібліі», інтэлектуальныя гульні «Хрысціянская азбука», «Вясна Вялікага посту». Святлана Прасмыцкая адзначыла, што зрабілі гульні больш займальнымі QR-коды, з дапамогай якіх кожны ахвотны можа зайсці на сайт каледжа і выбраць сабе штосьці па душы.

Клецкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй прэзентаваў на выставе салодкую кампазіцыю «Вербніца», створаную як навучэнцамі, так і супрацоўнікамі ўстановы. Царква з свежаспечаных каржоў і бялковага крэма, домікі з печыва, вафель і карамелі, рэчка з жэле… «Мы заўсёды наведваем царкву на праваслаўныя святы, дзецям асабліва гэта падабаецца. Наша спецыяльнасць — кухары-прадаўцы, таму вырашылі паказаць, на што здольныя. Працавалі над гэтай кампазіцыяй каля тыдня, усё зроблена сваімі рукамі», -- падзялілася намеснік старшыні прафсаюзнага камітэта Наталля ГОРБАЧ.

Каля стэнда Барысаўскага дзяржаўнага каледжа — выстава вырабаў велікоднага дэкору «Вялікдзень радасны», выкананых у тэхніцы прыкладнога мастацтва. Тут можна ўбачыць мяккую цацку, мастацкі роспіс яек, экземпляры з фетру, вышыўку крыжам. «Навучэнцы педагагічнага аддзялення нашай установы праводзяць майстар-класы для дзяцей па такому майстэрству, бо гэта спрыяе развіццю творчага ўяўлення і эстэтычнага ўспрымання свету, дапамагае развіццю маторыкі рук. Самае складанае з прадстаўленага — размалёўка гіпсавай скульптуры, бо там шмат дробных дэталяў, гэта карпатлівая праца», — расказала ўдзельніца праекта, навучэнка трэцяга курса спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» Ангеліна ЖДАНАВА.

З псіхаэмацыйным станам дзіцяці праз тэхніку малявання пяском і малюнкі працуюць педагогі таго ж каледжа. «Праз іх мы можам убачыць душэўны стан падлетка, асабліва трывожны. Тэхніка «Гутарка шчасця» прадстаўляе сабой выявы, на якіх намаляваны розныя каштоўнасці жыцця: сям'я, самарэалізацыя, душэўная раўнавага, духоўна-маральныя якасці. Просім хлопца або дзяўчыну размясціць малюнкі ад найбольш важнага да найменш значнага і ўжо праз гэта можам зрабіць пэўныя высновы. Хапае аднаго-двух сеансаў, каб выразна зразумець, што трывожыць дзіця, і пачаць выпраўляць сітуацыю. У асноўным, бачым, што для многіх з іх цяжкай тэмай з’яўляюцца адносіны з бацькамі», — падзялілася педагог Вікторыя МАСЛАВА.

Цікавы праект прадставілі навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Ён мае назву «Абяры жыццё» і працуе ажно 12 гадоў. Кіраўнік Святлана МАЗГУНОВА ўвяла ў курс справы: «Мы праводзім актыўную асветніцкую інфармацыйную работу з маладым пакаленнем па фарміраванні сямейных каштоўнасцей і культуры дзетараджэння. Нашы лекцыі наведваюць старшакласнікі горада, раёна, а таксама салдаты датэрміновай службы. Бо абарона Радзімы пачынаецца з абароны дзяцей. За 12 гадоў на сустрэчы з намі прыйшло больш за 12 тысяч слухачоў. Лічым, што кожнае зачатае дзіця павінна нарадзіцца, а кожнае народжанае дзіця павінна жыць у сям'і. Важна дапамагчы пазбегнуць памылак у дашлюбных адносінах, а таксама развіць любоў і спагаду да немаўлят. Мы ўвесь час праводзім анкетаванні з нашымі слухачамі і можам падзяліцца, што 63 працэнтаў з усіх апрошаных (а гэта 12 тысяч) у выніку памянялі свае меркаванне наконт аборту».

Нагадаем, што арганізатарамі мерапрыемства выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай царквы, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота МЛЫН.BY

Загаловак у газеце: Пра чалавечыя каштоўнасці — простай мовай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?