Вы тут

«Гісторыя паўтараецца двойчы…»


Дэбютная кніга Аляксея Гарбунова «Мінск і Тыбецкая кніга мёртвых» прысвечана менавіта роднаму гораду пісьменніка. Мінск тут жывы, імклівы, духмяны, з вуліцамі, завулкамі, скверамі, стадыёнамі, дахамі, са сваёй гісторыяй і сучаснасцю. Сэрца горада — плошча Перамогі — гэта своеасаблівае месца сілы і прыцягнення герояў.


Нетутэйшы каларыт прапануецца чытачу ўжо ў назве — незвычайным спалучэннем (здаецца, дзе Мінск, а дзе Тыбет?) і задае містычны гарызонт чаканання. Тым больш цікава, што «Пралог», у якім ідзе гаворка пра знакамітага пісьменніка П., што спачатку нібы памёр, а праз колькі дзён уваскрос, неўзабаве ажыўляе шэраг літаратурных асацыяцый, прыкладам, з «Пралогам на нябёсах» з «Фаўста» Гётэ.

Ды й спасылка ў «Пралогу» робіцца на Германію як месца дзеяння, а «спірытычны сеанс» адразу акумулюе ідэю сутыкнення рэальнага і іншага вымярэнняў. Асноўны ж топас рамана, як і пазначана ў назве твора, — Мінск.

Канечне, містычнага ў рамане шмат. Але яно не толькі не перашкаджае пабудаванаму ў найлепшых рэалістычных традыцыях сюжэта, але і час ад часу з’яўляецца своеасаблівым рухавіком раманнай інтрыгі. Праз яе праходзяць вытанчаныя карункі найцікавейшых алюзій, цытат, рэмінісцэнцый, і ў гэтым, без сумнення, адчуваецца даніна постмадэрнісцкаму светапогладу, і сам свет падаецца як тэкст, як лабірынт, а мастацкая карціна свету —як метафара жыцця. Між тым і жыццё персанажаў максімальна канкрэтызавана, яны добра матываваныя з пункту гледжання праўды характараў, іх учынкі адпавядаюць эмацыянальнаму стану, маральным устаноўкам, логіцы развіцця дзеяння. Інтрыга ж, у сваю чаргу, закручаная, і тугі вузел супярэчнасцей размотваецца па-рознаму: у іншы момант чакаеш ледзьве не «deux ex machina», але рашэнне прымае герой. Ці гэта толькі здаецца.

Элій з «Мінска і Тыбецкай кнігі мёртвых» — герой, які, можна сказаць, «прайшоў жыццё да сярэдзіны», ён трымае ў руцэ «Маленькага прынца» Экзюперы быццам талісман, святую кнігу. Асоба самога французскага пісьменніка, які загінуў у «апошні дзень ліпеня 1944 года», у нейкім сэнсе праецыруецца на вобраз галоўнага героя і яго «альтэр эга»; сыход Экзюперы з жыцця паказваецца як трагедыя для абраных, для самых адданых: «Когда… Локхид Р-38 “Лайтинг”, этот “дьявол с раздвоенным хвостом”, в момент отвесного пикирования потерял хвостовое оперение и практически вертикально врезался в волны Средиземного моря, почти никто в мире ничего не почувствовал. Только где-то на другом конце земли навзрыд заплакал Маленький принц, а сидящий у его ног Лис озадаченно взглянул на человека». Здаецца невыпадковым тут шматразовы паўтор літары «Л», якая графічна і фанетычна ёсць і ў асабістым імені Элія. Звернем таксама ўвагу на імя аўтара рамана «Мінск і Тыбецкая кніга мёртвых», пераклічкі заканамерна актуалізуюць ідэю гульні сімваламі і таямнічымі сэнсамі. Цікава, што і маладая жанчына, да якой у героя ўзнікаюць пачуцці, носіць прозвішча «Лісава», і такім чынам алюзія ўвогуле выглядае выразна і пераканаўча.

На працягу рамана галоўны герой шукае адказы на самыя складаныя пытанні жыцця сучаснага чалавека, і, зразумела, гэта не толькі і не столькі пытанні бытавога плана (хоць побыт пераканаўча дэталізаваны ў творы, прадметна і псіхалагічна), але менавіта вышэйшага ўзроўню, касмічныя.

Адно з такіх — каханне. Між тым праз вельмі адметны постмадэрновы ракурс і яно падаецца як гульня: «Человек выигрывает любовь и ходит с ней, пока не встретит другого человека, который тоже выиграл или получил любовь в качестве отступного». Паказальна, што гэта размова паміж героем і нетутэйшай істотай, якая найперш асацыіруецца з булгакаўскім «Клятчастым», і такім чынам містычнае вымярэнне зноў жа ўплывае на рэальныя стасункі персанажаў. Апошнія, дарэчы, маюць сем’і, і як тут ні прыгадаць разважанні Антона Чэхава аб тым, што ў шлюбе чалавек не можа быць шчаслівым. Меў гэта на ўвазе аўтар «Мінска і Тыбецкай кнігі мёртвых» ці не — мы можам толькі здагадвацца. Але факт застаецца фактам: не «ўсё добра» ў сем’ях Элія і Мары (жонка героя носіць цікавае і, несумненна, шматсэнсавае імя), а таксама Дар’і і яе мужа, які паглыблены ў віртуальны свет і не заўважае рэальнага жыцця.

Варыяцыі на тэму любоўнага трохкутніка, нават «Майстра і Маргарыты» (а дзесьці побач і «Фаўст»), ідэя ненаўмыснага духоўнага, эмацыянальнага збліжэння мужчыны і жанчыны, якое нібы дэтэрмінавана рокам, наканавана лёсам і таму вышэй за ўсялякія сацыяльныя перашкоды, складаюць лірычны фон рамана. Невыпадкова паралельна з галоўнай разгортваецца і яшчэ адна лінія кахання.

Раздзелы рамана чаргуюцца, і мы бачым драматычныя стасункі Рыгора (ён піша вершы, вобраз гэты непазбежна рамантызуецца, што ўвогуле характэрна для сучаснага мастацкага дыскурсу, у межах якога паказваюцца «робін гуды» з дзевяностых) і Паліны, суседкі галоўнага героя. Канечне, Элій і Рыгор паходзяць адзін на аднаго, больш за тое — выступаюць двайнікамі. Яднае іх вытанчанасць натуры, прага творчасці і асабістага шчасця, але і нешта прынцыпова іншае: мадэль свету абодвух пабудавалася на фоне сацыяльных узрушэнняў дзевяностых. Страціўшы радзіму, Элій і Рыгор у тыя часы апынуліся на ростанях, і кожны пайшоў у даросласць сваім шляхам, але адбітак трагедыі разбурэння глабальнага жыццескладання, без сумнення, ёсць на абодвух.

Воля чалавека і моц року сутыкаюцца на старонках кнігі. Гэтую супярэчнасць аўтар і герой вырашаюць на працягу ўсяго рамана. Уласна «Тыбецкая кніга мёртвых» у творы — гэта і рэальная кніга, набытая на кніжным рынку Эліем, і метафара канчатковасці жыцця, за якім пачынаецца іншае; ідэя «бардо», праз якія праходзіць свядомасць чалавека на шляху ад фізічнага сыходу да рэінкарнацыі, наўпрост тычыцца герояў рамана «Мінск і Тыбецкая кніга мёртвых». Гісторыя сучаснага «лішняга чалавека» Рыгора праецыруецца на Элія, які, згодна з «Эпілогам», таксама вырачаны. І неўзабаве згадваецца чацвёрты раздзел, назва якога пачынаецца словамі «Гісторыя паўтараецца двойчы…»?!

Паказальна, што раман Аляксея Гарбунова «Мінск і Тыбецкая кніга мёртвых», хоць і стаў для пісьменніка дэбютным, увогуле не стварае ўражання «спробы пяра», ён вельмі цэльны, пазбаўлены вядомай для пачаткоўцаў «волкасці» тэксту. Чытачу, які прагне інтэлектуальнага піру, гэты твор, акумулюючы ў сабе кантэкст, без перабольшвання, сусветнай культуры, дае моцны імпульс для рэфлексіі, разважання аб лёсах свету і асобнага чалавека, аб сувязях рэальнага і ірэальнага, аб дэтэрмінаванасці сучаснаці даўнім і нядаўнім мінулым. Для тых жа, хто любіць Мінск, хоча даведацца пра яго нетыповую гісторыю, на поўныя грудзі ўдыхнуць паветра старога, схаванага за вышынныя будынкі горада, які амаль знік, адчуць біццё яго сэрца — для тых раман, несумненна, стане асобным адкрыццём.

Марына ЛЕБЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».