Вы тут

Імгненні, вартыя ўспамінаў


Шмат гадоў над літаратурнай спадчынай Яна Скрыгана працуе яго дачка Галіна Скрыган. Сярод матэрыялаў з пісьменніцкага архіва, у тым ліку кароткіх запісаў, нататак, накідаў, знайшлося шмат фотаздымкаў, частка якіх захоўвалася паасобку, некаторыя — у канвертах, сістэматызаваныя па пэўных тэмах. Усе яны і склалі альбом «Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана: Шляхі, час, сустрэчы, імгненні гісторыі, старонкі жыцця ў рэтраспектыўным аглядзе. XX стагоддзе». Укладанне, прадмова і каментарый належаць Галіне Скрыган. Выданне пабачыла свет у выдавецтве «Кнігазбор» летась — да 115-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. 


У альбом уключаны здымкі з архіва Яна Скрыгана, фатаграфіі з мерапрыемстваў, прысвечаных ушанаванню яго памяці, галерэя партрэтаў пісьменніка і яго калег… «Я зноў і зноў іх адкладала ўбок і працягвала работу над архівамі, — распавядае пра сваю задуму Галіна Скрыган ва ўступным слове. — Але паступова недзе ў глыбіні душы ў мяне выспявала падсвядомая думка, што фота патрабуюць далейшай апрацоўкі, што нездарма так акуратна бацька іх раскладаў і падпісваў. Відаць, клапаціўся, каб пакінуць гэтае вельмі каштоўнае багацце нашчадкам. Ведаючы бацькава стаўленне да кожнай справы і ўласцівы яму педантызм, відавочна, што гэтая работа не закончана, яшчэ не прыйшоў на яе час». Так пачалася доўгая і карпатлівая праца, вынік якой — вялікі і змястоўны фотаальбом на 240 старонак.

Кніга складаецца з раздзелаў у залежнасці ад тэмы, а матэрыялы кожнага даюцца ў храналагічным парадку. Каментарыі да фота Галіна Скрыган імкнулася зрабіць як мага больш разгорнутымі і дакладнымі. Укладальніца заўважае: Ян Скрыган каментаваў лаканічна, быццам меў на ўвазе, што падрабязнасці ўсім вядомы. Аднак пакаленні змяняюць адно другое, і забыццё можа стаць незваротным. «Таму я пастаралася дапоўніць каментарыі датамі, грамадска-палітычнымі і агульнымі звесткамі, што, на маю думку, надае кнізе большую каштоўнасць і большую гістарычную вагу пісьменнікам і дзеячам літаратуры», — адзначае Галіна Скрыган.

Пачэснае месца — бо пачынае кнігу і першы раздзел «Гістарычныя групавыя фота» — займае фотаздымак Першага з’езда «Маладняка» (1925). Побач знаходзіцца рукапіс Яна Скрыгана — спіс імёнаў на здымку. Адразу кідаюцца ў вочы прозвішчы Трус, Дудар, Пушча, Дубоўка… Крыху ўбок глядзяць Ян Скрыган і Пятрусь Броўка «ў новых капелюшах» на фотаздымку 1929 года (Мінск). Ніжэй ідзе вялікі групавы здымак рэдкалегіі насценнай газеты педагагічнага факультэта БДУ «Кузня асветы» (1929, Мінск). На ім у шэрагу іншых можна знайсці Сымона Баранавых і Алеся Пальчэўскага. Найбольшую колькасць людзей заўважаеш на агульным фота аўтараў кнігі «На Цішоўскай пустэчы», зробленым у Магілёве. Твор прысвечаны гісторыі фабрыкі штучнага шоўку, куды пісьменнікі (звыш 50 чалавек) прыехалі ў сярэдзіне 1930-х. Арганізатарамі мерапрыемства былі Платон Галавач, Цодзік Даўгапольскі, Васіль Каваль і Янка Скрыган. Па зразумелых прычынах наступныя фота ў акружэнні калег датуюцца больш познім перыядам. Так, шэраг фотакартак прысвечаны III з’езду савецкіх пісьменнікаў у Маскве ў 1959 годзе. На адным з іх беларускія творцы стаяць каля Крамля, і відаць, што іх размову перапынілі — яны нібы збіраюцца пазіраваць.

Здаецца, адзін з найбольш значных здымкаў у жыцці самога Яна Скрыгана — той, што зроблены ў Маскоўскім заапарку 20 мая 1955 года — па дарозе з Сухабудзіма (Краснаярскі край) на радзіму ў Беларусь пасля рэабілітацыі. Пісьменнік сядзіць на лавачцы, усміхаецца і крышачку хмурыцца, нібы глядзіць на сонца. Ззаду стаіць сівавалосы мужчына з бародкай, імя якога, на жаль, не пазначана. Відаць, немагчыма пазначаць усіх прысутных на здымках. Але ў сітуацыі з двума асобамі гэта мэтазгодна рабіць, калі звесткі пра асобу чалавека маюцца. Таксама сапраўдны дакумент — фота сустрэчы са спевакомэмігрантам Міхасём Забэйдам-Суміцкім у Мінску ў пачатку 1960-х. Спявак, як і належыць, стаіць з кветкамі ў цэнтры, а побач — Пімен Панчанка, Янка Брыль, Максім Танк і іншыя.

Ян Скрыган з жонкай Ганнай і дачкой Галінай, 1963 г.

Чарговы раздзел мае назву «Фота дзеячаў літаратуры і мастацтва. Фота сяброў». Адкрываюць галерэю 6 партрэтаў: Францішка Багушэвіча, Андрэя Упіта, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Змітрака Бядулі і Канстанцыі Буйло. Гэтыя старонкі найменш інфарматыўныя: тут не пазначаны ні месца, ні год, калі зроблены фатаграфіі. Дзе-нідзе сустракаюцца дарчыя надпісы, верагодна, пакінутыя на адваротным баку. Сярод іх — ад задуменнага і журботнага на здымку Сяргея Грахоўскага: «Дарагому Яну Скрыгану. А ў маладосці ўсё было інакш. З даўняю і вечнаю любасцю» (1.11.1980).

Наступны — раздзел «У хатняй абстаноўцы. Жанравыя, сямейныя фота. Успаміны аб першай сям’і». Найбольш ранняе фота з першай жонкай Галінай зроблена ў 1936-м у Мінску ў год, калі Ян Скрыган будзе арыштаваны. Ён больш ніколі не ўбачыць ні жонкі, ні сына Севы, які нарадзіўся ў 1937 годзе. Ужо ў 1963 годзе пісьменнік атрымаў фота ад сына, які жыў у Германіі разам з маці і бабуляй. У альбом увайшло шмат фота Севы і яго сям’і, у тым ліку яго сустрэчы з Янам Скрыганам-малодшым і Галінай Скрыган.

Найбольш раннія здымкі, што тычацца другой сям’і, датуюцца 1949 годам. На іх Ян Скрыган з дачкой Галяй і з другой жонкай Ганнай і яе сынам Алегам да другога арышту (Ківіылі, Эстонія). На фота 1952 года Ян Скрыган у ссылцы. Тут ён сядзіць з дачкой на руках сярод мноства людзей, якія сабраліся ў Дзень шахцёра. У ліку іншых — здымак «Гульня ў пераапрананне», зроблены на адпачынку ў Дубултах (Латвія) у 1959 годзе: пісьменнік стаіць у сукенцы.

Асобныя раздзелы прысвечаны партрэтам Яна Скрыгана, сяброўству дзяцей пісьменнікаў, унукам і праўнукам творцы, ушанаванню яго памяці і г. д. Так, чытач мае магчымасць убачыць мемарыяльны камень у гонар пісьменніка (1998) у Ківіылі, дзе ён працаваў галоўным бухгалтарам на сланца-хімічным камбінаце ў 1948-1949 гг., як у пачатку 2000-х выглядала хата, у якой нарадзіўся (в. Труханавічы Капыльскага р-на), а таксама запалкавую пушку, выпушчаную ў Барысаве з нагоды выхаду ў свет кнігі «Скажы адно слова» (1961). Цікавым, асабліва для сучаснікаў, падаецца раздзел з запрашэннямі на мерапрыемствы.

Заверашана работа словам Яна Скрыгана (дадумкі з запісных кніжак, цытаты з дзённікаў і твораў і г. д.). Між тым далей знаходзіцца біяграфічны даведнік, а таксама думкі і ўспаміны пра Яна Скрыгана сучаснікаў. Сярод іх — словы Заіра Азгура: «…Ёсць у гэтага празаіка адно ўлюбёнае вызначэнне чалавечага стану — “смага”. Гэта і калі ты прагнеш выпіць глыток вады, і калі імкнешся спасцігнуць самога чалавека — хто ён?» Магчыма, гэтае «хобі» — карпатлівае збіранне фотаздымкаў — было яскравай характарыстыкай пісьменніка, якому заўсёды цікавыя чужыя лёсы, характары і, вядома, учынкі. А магчыма — уласцівасцю чалавека, які вельмі цаніў памяць. Так, каторы раз гледзячы на здымак Першага з’езда «Маладняка», дзе 70 удзельнікаў літаб’яднання, пісьменнік намагаўся ўспомніць імёны ўсіх паплечнікаў. Ён дбаў, каб ніводнае прозвішча не знікла, і пакутаваў, калі пераконваўся, што памяць не змагла захаваць некаторыя з іх.

Ян Скрыган не хацеў, каб памяталіся крыўды, лічыў, што павінна ўспамінацца толькі добрае. Нават у «Кругах» ён пісаў: «…І ўсюды на сваім шляху сустракаў і добрых, і благіх людзей. Найбольш добрых, і найбольш гэта помніш, бо на добрым вучышся сам. Я маю на ўвазе не якую дабрачыннасць, а чуласць, сумленнасць і праўду, няхай сабе жорсткую, чалавечыя ўчынкі. А благія — гэта як памылкі друку». У нейкай ступені такая хада думак можа падацца пафаснай, але «Фоталетапіс» падкрэслівае: пісьменніку неабходны светлыя ўспаміны — каб натхніць і іншых бачыць светлае.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».