Вы тут

Узноўленая старажытная гравюра прадстаўлена ў Нацыянальнай бібліятэцы


Калі вам цікава ўбачыць унікальную гравіраваную дошку ХVІІ стагоддзя і адноўленую на яе аснове па старадаўняй тэхналогіі гравюру з партрэтам караля і вялікага князя Яна ІІІ Сабескага, абавязкова наведайце выстаўку «Узноўлены шэдэўр», якая праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі да 30 мая 2021 года. Прадстаўленая на выстаўцы медзяная дошка XVІІ стагоддзя выканана ў тэхніцы разцовай гравюры. Гэта адна з найбольш старажытных тэхнік гравіравання па метале, у якой заглыбленыя элементы рысунка атрымліваюцца з дапамогай вострага разца. На жаль, сучасныя беларускія майстры ўжо не працуюць у гэтай тэхніцы. Аднак да нашых часоў захаваліся дасканалыя беларускія металагравюры, уключаныя ў склад старадрукаў XVІІ—XVІІІ стагоддзяў, найлепшыя з якіх таксама прадстаўлены ў экспазіцыі.


— Гэтая выстаўка вельмі важная, яна дэманструе знакавую з'яву ў мастацтве Беларусі і ўсёй Еўропы. Фактычна мы кажам пра тэхналагічны прарыў, які па-новаму дазволіў зірнуць на магчымасці выяўленчага мастацтва ў паліграфічнай прасторы. Мы прадстаўляем не проста дошку, а тэхналогію вытворчасці дакладных гравюр, распавядаем пра кнігавыдавецтва таго часу, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша.

Унікальнасць згаданага мерапрыемства яшчэ і ў тым, што тут можна ўбачыць не толькі саму арыгінальную дошку, але і гравюру, адноўленую з яе па старадаўняй тэхналогіі.

— Партрэт Яна ІІІ Сабескага быў завяршэннем грандыёзнага гравюрнага ліста, выкананага па ўсіх традыцыях параднага партрэта. Варта сказаць, што ён зроблены досыць блізка да арыгінала. Каштоўнасць гэтай гравюры ў тым, што яна ўяўляе сабой арыгінальную дошку, якую не сапсавалі 350 гадоў. У рэстаўратара атрымалася цалкам аднавіць гравюрны ліст, прыбраць карозію, — расказаў вядомы бібліяфіл, калекцыянер гравюр і экслібрысаў Алег Судлянкоў.

Цікава, што адбітак з арыгінальнай меднай дошкі з'яўляецца фрагментам манументальнай кампазіцыі «Дадэкамерон Трыумфу Яна ІІІ», якая прысвечана дванаццацідзённаму паходу будучага караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна ІІІ Сабескага за татарскімі войскамі. У цэнтры гравюры дэталёва адлюстраваны сам польскі кароль, справа — татары, злева — удзячныя жыхары, якіх выратавалі ад нашэсця татараў. А за спінамі ўсіх герояў відаць карта Рэчы Паспалітай.

Падзеі тых часоў яскрава апісаў Уладзімір Караткевіч у «Паэме пра явар і каліну». Маці галоўнага героя звяртаецца да яго з такімі словамі:

«— Яны спалілі Айчыну.

І ты з імі тое ж зрабі...»

Сёння цяжка ўявіць тыя жахі рабства, забойстваў, калі не шкадавалі ні дзяцей, ні жанчын. Гэтая статычная і мірная, на першы погляд, гравюра нясе за сабой шлейф жудаснай, моцнай энергетыкі. Чым больш глядзіш на яе — тым глыбей упадаеш у намаляваныя падзеі. Гісторыю змяніць нельга, аднак заўсёды варта памятаць, што дзякуючы яе веданню мы вучымся, духоўна расцём і становімся лепшымі. Новая выстаўка ў Нацыянальнай бібліятэцы дае магчымасць не толькі даведацца больш пра беларускае кнігавыдавецтва, упэўніцца, што нашы майстры валодалі найноўшымі тэхналогіямі, але і задумацца пра трагічныя падзеі мінулага.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Наперад у мінулае!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.