Вы тут

Як за выхадныя пазнаць гісторыю краіны? Майстар-клас ад вопытных вандроўнікаў


Эксперты ў турыстычнай сферы неаднаразова падкрэслівалі, што пандэмія каранавіруса і яе наступствы дапамаглі развіццю ўнутранага турызму. Беларусы, не маючы магчымасці выехаць за мяжу, нарэшце пачалі адкрываць уласную краіну. У падобнай сітуацыі аказаліся і Настасся Марыніна з мужам Аляксеем. Пара ўжо год вандруе па Беларусі і спыняцца не збіраецца.


«Калі пачалася пандэмія, нам было псіхалагічна цяжка нават проста на вуліцу выйсці. Але пасядзеўшы месяц дома, вырашылі, што так больш працягвацца не можа і трэба скарыстацца магчымасцю адкрыць для сябе родную краіну. Мы ведалі, чыталі, што ў Беларусі мноства цікавых мясцін, і захацелі ўбачыць іх на свае вочы. Мы вандруем ужо больш за год. Але калі мне кажуць, што мы, напэўна, ужо аб’ездзілі ўсю Беларусь, адказваю, што толькі пачынаем і яшчэ нічога не бачылі», — дзеліцца Настасся Марыніна. Яна расказала «Звяздзе» аб асаблівасцях унутранага турызму, цікавых маршрутах і недахопах з пункту погляду турыста. Як аказалася, знайсці час на падарожжа могуць нават дастаткова занятыя людзі.

— Настасся, у вас ужо быў вопыт падарожжаў па Беларусі. Як пракладаеце маршрут?

— Вядома, мы вывучалі краіну, але ездзілі ў папулярныя турыстычныя мясціны. А цяпер наўмысна ездзім па непапулярных. Турыстычныя мясціны заўсёды можна ўбачыць. Зараз найлепшы час пазнаёміцца з лакацыямі, да якіх ніколі б не даехаў.

Мы пракладваем маршрут з дапамогай звычайных «Гугл-картаў». Бяром адзін пункт, напрыклад, Мір, і глядзім, што цікавага ёсць вакол яго. Звяртаем увагу на назвы. Напрыклад, зачапіла назва Ішкалдзь, пачыталі, аказалася, што там выдатны касцёл. Да кожнай вандроўкі рыхтуемся — шукаем інфармацыю пра гісторыю гэтай мясціны, раздрукоўваем яе, каб у дарозе вывучыць. Нам цікавыя не толькі палацы ці культавыя збудаванні, якія ўжо адрамантаваны, але і сядзібы, што пакуль знаходзяцца ў заняпадзе. У адноўленых сядзібах паказана, як што было, ёсць мэбля, інтэр'еры з мінулых часоў. А ў закінутых сядзібах нічога няма, і адразу сам уяўляеш, якія тут былі пакоі, якія дамы і кавалеры хадзілі. Я спадзяюся, гадоў праз дзесяць мы вернемся ў адноўленую сядзібу і параўнаем свае ўяўленні з рэчаіснасцю. Ад кожнага будынка мы атрымліваем новыя веды пра род, які тут жыў, яго гісторыю, пра падзеі, што адбываліся. Мы нанава адкрылі для сябе серыю праграм «Зваротны адлік», якая некалі выходзіла на тэлеканале АНТ. Сёння ўсе выпускі ёсць у інтэрнэце, і ў будні мы глядзім дакументальныя фільмы пра мясціны, якія наведалі. Мы збіраем фотаздымкі ў альбомы, каб потым пераглядаць. Кожнае падарожжа мае працяг на доўгія месяцы.

— А не крыўдна, што мноства цікавых мясцін знаходзіцца ў заняпадзе?

— Крыўдна. Часта пад сваімі постамі ў сацыяльных сетках бачу каментарыі накшталт «нічога не робяць, нічога не рамантуюць». У некаторых мясцінах мы чуем гісторыі, як у перыяд савецкай улады людзі ратавалі царкву ці касцёл, на свае грошы іх утрымлівалі. А ў іншай вёсцы — самі ж месцічы гэты палац, сядзібу ці царкву і разабралі на цэглу. Да гэтага трэба ставіцца з паразуменнем: быў цяжкі час, людзям, магчыма, было не да гістарычнай спадчыны. І цяпер цяжка адразу адбудаваць усё, што было зруйнавана і знішчана, бо на гэта патрэбна шмат часу і грошай. Але радуе, што ўсё больш людзей звяртаюцца да сваіх каранёў і клапоцяцца аб тым, што ёсць. Я звярнула ўвагу, што валанцёры самі аднаўляюць сядзібы. Вельмі лёгка крытыкаваць, казаць, што нічога не робіцца. А патраціць свой выхадны на тое, каб прыбраць смецце ў сядзібе, нешта адрамантаваць — ужо ўклад. І гэта робяць людзі, у якіх няма вялікіх грошай, яны проста збіраюць вакол сябе энтузіястаў.

Калі мы былі ў вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёна, да нас падышла жанчына і спытала, ці не мы новыя гаспадары палаца, які доўга спрабавалі прадаць. Мы б і хацелі быць яго гаспадарамі, але матэрыяльна не пацягнем... А праз нейкі час даведаліся, што гаспадары палаца знайшліся. Спадзяюся, у іх усё атрымаецца.

— Ваша самае цікавае адкрыццё падчас падарожжаў?

— Самае цікавае ва ўсіх вандроўках — не гістарычныя пабудовы, а нашы беларускія людзі. Мы іх для сябе адкрываем. Усюды мясцовыя жыхары вельмі шчырыя, адкрытыя людзі, кожны гатовы дапамагчы, расказаць цікавыя гісторыі. У Лявонпалі, невялікай вёсачцы ў Віцебскай вобласці, пазнаёміліся з мясцовай жыхаркай Марыяй Карпіцкай, ёй 94 гады і яна памятае пана, які тут жыў. Расказала шмат цікавага пра яго, пра школу, дзе выкладалі толькі на польскай мове, як яе пераводзілі на беларускую мову. Такія цікавыя факты ведаюць толькі мясцовыя жыхары.

Нас усюды вельмі гасцінна сустракаюць. У Косаўскім замку працуюць вельмі шчырыя людзі, правялі экскурсію, паказалі пакоі, якія толькі будуць адкрывацца для наведвання. Паказалі гасцініцу ў Косаўскім палацы, дзе ў шыкоўных нумарах можна пажыць так, як жылі магнаты, і адчуць энергетыку беларускай гісторыі. Часта культавыя пабудовы зачыненыя для наведвання турыстамі і адкрываюцца толькі падчас імшы. У Косаве каля касцёла вісела абвестка, што можна патэлефанаваць, і жанчына-прыхаджанка прыйдзе і правядзе экскурсію. Так і адбылося. Мы былі вельмі ўдзячныя, бо рэдка ўдаецца паглядзець будынак знутры.

— А якія мясціны вас найбольш уразілі?

— Пасля кожнай вандроўкі мы кажам, што вось гэтае месца самае цікавае, кожнае ўражвае больш за іншыя. Мінулай восенню мы бралі экскурсію «Журавы і журавіны» на балоце Ельня. Уразілі і журавы, і сама экасістэма, Мёршчына. Прырода ўсюды ўражвае. Я думала, што самы прыгожы — Лепельскі край. Але адкрылі для сябе Браслаўшчыну і ўбачылі, як там прыгожа, потым з'ездзілі на Гомельшчыну, на Брэстчыну. І запытайце мяне, дзе прыгажэй за ўсё, я не скажу, таму што ў кожным кутку Беларусі ёсць свая адметнасць, якая вабіць. Я паўсюль раблю дзясяткі фотаздымкаў. Сын пытаецца, навошта, бо ніводны фотаапарат ці тэлефон не перададуць такой прыгажосці. Але мне хочацца захаваць гэтыя краявіды. Нас вельмі ўразіў музей стараверства і беларускіх традыцый у Ветцы, якому многія музеі пазайздросцяць. Мы туды прыйшлі з разлікам, што прабудзем недзе гадзіну, але за тры з паловай нават пяцьдзясят працэнтаў экспазіцыі не паглядзелі. У кожнага экспаната свая гісторыя — людзей, краіны, часу. Косава ўразіла не толькі замкам і касцёлам, але і гісторыяй Тадэвуша Касцюшкі. У маім разуменні гэта быў змагар за незалежнасць, але калі пачалі больш чытаць, адкрылі яго як чалавека, які не змог наладзіць сваё асабістае жыццё, змагаўся за свабоду кожнага, супраць рабства і ў ЗША, і ў сваіх беларускіх маёнтках. Уражваюць гісторыі звычайных людзей, напрыклад, гісторыя чатырох жанчын, якія аддавалі свае пенсіі на ўтрыманне касцёла ў Косаве.

Мужу, як усім мужчынам больш цікавыя тэхнічныя збудаванні. Ездзілі сям'ёй у вандроўку на байдарках па Аўгустоўскім канале. Мы, вядома ж, ведалі пра яго, але такі маштаб гідратэхнічнага збудавання нават не маглі ўявіць. І муж доўга і ўважліва разглядаў, як там усё зроблена, а я больш любавалася краявідамі.

Нядаўна, выбіраючы, як правесці адпачынак — застацца ў Беларусі ці паехаць за мяжу — мы разгледзелі матэрыяльны бок і што мы можам атрымаць духоўна, і вырашылі свой адпачынак вясной правесці ў Беларусі.

— Лічыцца, што кожнае падарожжа па-новаму адкрывае самога чалавека. Што вы ў сабе адкрылі, вандруючы па Беларусі?

— Беларусь жа невялікая краіна, і ў кожнага беларуса ёсць куток, звязаны з яго сямейнай гісторыяй. Таму мы адкрываем гісторыю не толькі краіны, але і сваю ўласную, цікавімся пра сваіх продкаў, шукаем фотаздымкі прабабуль, прадзядуль. У вёсцы Сар'я цудоўны касцёл, і я ведаю, што там хрысцілі маю прабабулю, што яна вучылася ў школе пры касцёле. Былі на маёй радзіме ў Гомельскай вобласці, там у вёсцы Шарсцін ёсць невялікая каплічка Параскевы Пятніцы. І ўразіла не сама капліца, а людзі, якія яе даглядаюць. Ездзіла па мясцінах, дзе жылі продкі мужа, і адкрылі для сябе просты, але цікавы горад Беразіно з цудоўнай сядзібай.

— Настасся, чаго, на ваш погляд, у Беларусі не хапае для турыстаў?

— Элементарнай інфраструктуры, прыбіральняў. Не хапае пунктаў харчавання, дзе можна нармальна паесці. Асабліва гэта важна для людзей, якія вандруюць з дзецьмі. Мы знайшлі выйсце — бяром з сабой паходныя столік, крэслы і ежу. Ёсць нейкі шарм у тым, каб седзячы на беразе возера, есці бульбу ў мундзірах, сала. Зімой спыняемся ў гатэлях, пазітыўна зарэкамендавалі сябе гасцініцы на перыферыі — добрыя ўмовы, даступныя цэны. Але не ўсюды: у некаторых гатэлях цэннік за ноч можа быць 100—120 рублёў, зразумела, што не кожная сям'я можа сабе гэта дазволіць. Узнікаюць складанасці з музеямі, яны ў асноўным працуюць да 18.00 і не заўсёды паспяваеш іх наведаць. Мы ўжо два гады не можам трапіць у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, бо ён працуе ў будныя дні да 18.00. Было шкада, калі прыехалі ў Віцебск і даведаліся, што дом-музей Марка Шагала па аўторках не працуе, бо інфармацыі пра гэта нідзе не было.

Вядома, там, дзе ёсць турыстычная аб'екты, і сэрвіс, і інфраструктура добрыя. А дзе іх няма, узнікаюць праблемы. Але трэба граматна прадумаць маршрут. Летам можна вандраваць з палаткай, для дзяцей гэта будзе прыгода. Мы вось летам абавязкова з палаткай паедзем на Браслаўшчыну.

— У вас ёсць адказ на пытанне, чаму беларусы мала падарожнічаюць па сваёй краіне?

— Я думаю, раней не было такой патрэбы. Усе думалі, што Беларусь яны могуць заўсёды паглядзець, а магчымасць убачыць Іспанію ці Італію выпадае нячаста. Але ў 2020 годзе людзі зразумелі, што жыццё вельмі непрадказальнае і «потым», на якое ўсё адкладвалі, можа не надысці. Таму зараз найлепшы час пазнаёміцца з Беларуссю, тым больш што за выхадныя можна ўбачыць і даведацца шмат цікавага. Проста хочацца сказаць: «Людзі, хопіць сядзець у сваіх кватэрах, выбірайцеся як мінімум за горад». Побач з тым жа Мінскам безліч цікавых мясцін: Вязынка, Ракаў, Радашковічы, музей «Сула», дзе максімальная канцэнтрацыя ўсяго беларускага. Калі раней па рабоце прымалі замежныя дэлегацыі ці прыязджалі сябры з іншых краін, я заўсёды старалася паказаць ім Беларусь. Цяпер сябры актыўна ў нас цікавяцца, куды можна паехаць на выхадныя. І незадаволеных падарожжамі па Беларусі няма. Мне гэта вельмі прыемна, бо я ганаруся сваёй краінай і хачу, каб яна ўражвала і здзіўляла як мага больш людзей.

— Назавіце, калі ласка, топ-5 мясцін для наведвання кожным беларусам.

— Цяжкае пытанне... Абавязкова трэба пабываць у музеі беларускіх традыцый у Ветцы, касцёле ў Ішкалдзі. Кожнаму беларусу трэба ўбачыць Аўгустоўскі канал. Абавязковая для наведвання вёска Вялікая Ліпа ў Сноўскім раёне. Там выдатная сядзіба, лепш туды ехаць восенню ці зімой, калі няма вялікіх зараснікаў і можна добра разгледзець пабудовы. Палац у Жылічах — гэта беларускі Версаль з шыкоўнымі столямі. Неабходна праехаць па маршруце возера Кромань — Любча — Шчорсы — Навагрудак — Літоўка — Станькава. Не бойцеся самі распрацоўваць маршруты — вакол мноства цікавага, а мясцовыя жыхары заўжды вам дапамогуць ды яшчэ і цікавых гісторый раскажуць. Падарожжа будзе незабыўнае.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: Адкрываючы Беларусь, адкрываеш сябе

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.