Вы тут

Будаўнічая пляцоўка ў 96-м мікрараёне Гомеля стане абласной маладзёжнай будоўляй


У абласным цэнтры зараз актыўна рэалізуюць два буйныя сацыяльна значныя праекты бягучага года. Гэта ўзвядзенне новага корпуса бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і будаўніцтва доўгачаканай школы ў 96-м мікрараёне Гомеля. Каля трохсот будаўнікоў у кругласутачным рэжыме працуе на аб'екце «Хутары» — пад такой назвай больш вядомы сярод гамяльчан 96-ы мікрараён.


З нулявога цыкла школу ўзводзіць прадпрыемства «Будаўнічы трэст № 14». Між тым, будпляцоўка будучай навучальнай установы цікавая для спецыялістаў-будаўнікоў як выдатная тэрыторыя практычнай падрыхтоўкі маладой змены. Так, на аб'ект штомесяц прыязжаюць навучэнцы будаўнічых спецыяльнасцяў устаноў адукацыі, каб на свае вочы ўбачыць усе этапы ўзвядзення маштабнага аб'екта. На будпляцоўцы прайшлі практычныя заняткі навучэнцы другога курса спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» філіяла «Гомельскі дзяржаўны дарожна-будаўнічы каледж імя Ленінскага камсамола Беларусі».

— Будаўнічы трэст № 14 распрацоўвае свой прафесійны стандарт, на які мы таксама арыентуемся падчас адукацыйнага працэсу, што дазваляе падрыхтаваць дасведчаных спецыялістаў для будучай работы на будпляцоўках. Нашы навучэнцы бралі ўдзел у будаўніцтве Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, будаўніцтве шэрагу аб'ектаў жыллёвай забудовы, — адзначыў дырэктар філіяла Гомельскі дзяржаўны дарожна-будаўнічы каледж імя Ленінскага камсамола Беларусі Вячаслаў Пільшчыкаў.

Аб падрабязнасцях праходжання цікавых практычных заняткаў распавялі выкладчыкі Алеся Канаш і Вікторыя Кніжнікава:

— Стаяла задача вызначыць рухомасць бетоннай сумесі, якая паступіла на будаўнічую пляцоўку з вучэбна-вытворчага камбіната. Атрыманыя вынікі навучэнцы супаставяць з данымі ў дакуменце аб якасці бетоннай сумесі і зробяць выснову пра адпаведнасць марцы бетоннай сумесі заяўленай якасці. Важна, што была дадзена магчымасць вырабіць узоры-кубы, якія ў далейшым, пасля неабходнага набірання трываласці, будуць выпрабаваны ў лабараторных умовах каледжа на сучасным абсталяванні. Так навучэнцы самастойна змогуць вызначыць марку бетону па ўзроўні трываласці.

Маладую змену на аб'екце суправаджалі выпускнік архітэктурна-будаўнічага аддзялення каледжа Павел Нічыпорчык, які цяпер працуе на будоўлі геадэзістам, і трэцякурснікі каледжа Вікторыя Канцавенка і Максім Сцепаненка, што праходзяць тут вучэбную практыку на атрыманне кваліфікацыі рабочага.

— Правядзенне ўрокаў у вытворчых умовах непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы — адна з самых эфектыўных формаў уключэння вучняў у будучую прафесійную дзейнасць. Такія вучэбна-практычныя заняткі дапамагаюць фарміраваць у іх ўяўленне пра будучую прафесію, замацоўваць веды і ўменні, атрыманыя ў каледжы, — упэўнены намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Будаўнічы трэст № 14» Дзмітрый Мурашка. Ён адзначыў, што сёння будучая гомельская школа — гэта фактычна агульнабеларускі будаўнічы аб'ект. Матэрыялы, якія тут выкарыстоўваюцца, прывозяць з прадпрыемстваў з розных куткоў краіны. Што датычыцца спецыялістаў, занятых на будоўлі, то на дапамогу асноўным падрадчыкам прыцягнулі некалькі субпадрадных арганізацый. Тэмп будаўнічых работ напружаны, а таму дадатковыя рабочая сіла лішняя не будзе.

Дзмітрый Мурашка распавёў, што хутка будпляцоўка сучаснай школы стане сапраўды абласной маладзёжнай будоўляй:

— Ужо ў найбліжэйшы час пачнуць уносіць сваю лепту байцы студэнцкіх атрадаў БРСМ, з лідарамі якіх ужо вядуцца перагаворы па фарміраванні атрадаў. Плануецца, што ў іх састаў увойдуць навучэнцы дарожна-будаўнічага каледжа і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.

Дарэчы, летась маладзёжны будаўнічы рух Гомельшчыны ўнёс значны ўклад падчас рэалізацыі яшчэ аднаго сацыяльна значнага аб'екта — будаўніцтва сярэдняй школы ў 21-м мікрараёне Гомеля. Тады рашэннем Гомельскага аблвыканкама аб'екту будаўніцтва быў прысвоены статус маладзёжнай будоўлі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ААТ «Будаўнічы трэст № 14»

Загаловак у газеце: Агульная справа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».