Вы тут

У Гродзенскай вобласці — пік па нарыхтоўцы бярозавіку


Тут плануюць нарыхтаваць каля 1,1 тысячы тон соку. Прыродны напой прадаецца насельніцтву, паступае на перапрацоўку і нават экспартуецца. Як паведамілі ў Скідзельскім лясгасе, працэс нарыхтоўкі працягнецца да сярэдзіны красавіка. За гэты час тут мяркуюць сабраць 50  тон соку, што значна больш, чым летась.


Кожнае падраздзяленне мае свае дзялянкі. Напрыклад, у Луненскім лясніцтве Скідзельскага лясгаса падсочана два ўчасткі, а гэта дзесьці тысяча бяроз. З кожнай у суткі паступае да 20 літраў соку. А усяго дрэва за кароткі сезон — сок бяжыць не больш за месяц — аддае каля 200, а то і 300 літраў прыроднага напою.

Калі раней сок куплялі ў спецыяльных пунктах продажу, то цяпез многія выязджаюць адразу на дзялянкі. Часцей за ўсё ў лес прыязджаюць гродзенцы, хоць гэта і не так блізка. Напрыклад, да Луненскага лясніцтва з Гродна 60 кіламетраў. Асаблівы наплыў у выхадныя. Ляснічы Луненскага лясніцтва Аляксандр Залеўскі расказаў, што апошнім часам гараджане прыязджаюць па сок цэлымі сем'ямі. І гэта становіцца для дзяцей сапраўднай атракцыяй. Яны могуць убачыць працэс нарыхтоўкі, прайсціся па лесе, паназіраць за прыродай. Пакупнік, у сваю чаргу, можа ацаніць якасць соку, наколькі ён чысты, ці няма там прымесяў, выбраць патрэбны аб'ем. Цана — 20 капеек за літр пры пакупцы на месцы. Гэта ў 2—3 разы танней, чым вада ў краме. Пры тым, што карысць бярозавіка нікім не аспрэчваецца. Многія купляюць па некалькі дзясяткаў літраў.

Самім нарыхтоўваць сок можна толькі на дазволеных участках лесу, якія вызначаны для гэтых мэтаў. За браканьерства штраф — ад 20  да 30 базавых велічынь (580—870 рублёў), для ІП — да 100 базавых (2900 рублёў). Праўда, такіх выпадкаў пакуль не было. Бо атрымаць дазвол нескладана. Для гэтага варта звярнуцца ў найбліжэйшае лясніцтва, дзе пакажуць участкі для збору соку. І чалавек са сваёй тарай (звычайна гэта вялікія поліэтыленавыя мяшкі) зможа нарыхтаваць патрэбны аб'ем.

Дарэчы, сёлета купіць бярозавік можна праз смартфон. Гродзенскі лясгас стаў першым у вобласці, які прымае плацяжы праз сістэму АРЫП. Гэту сістэму запусцілі якраз напярэдадні нарыхтоўкі бярозавага соку для зручнасці плацяжу.

І хаця сок сёлета пайшоў амаль на два тыдні пазней, чым летась, нарыхтаваць яго плануюць значна больш. Актывізавалася вытворчасць. Для гэтых патрэб у Луненскім лясніцтве нават арганізаваны яшчэ адзін участак. Асноўныя спажыўцы — Гродзенскі кансервавы завод і фірма АВС. На прадпрыемствы амаль штодзень адпраўляецца па 2—3 тоны соку. Зараз — самы пік нарыхтоўкі. Сок ідзе даволі актыўна, таму і нарыхтаваць яго плануюць у Скідзельскім лясгасе значна больш, чым летась.

Згодна з лабараторнымі аналізамі, цукровасць у норме. Магчыма, скароціцца час ходу соку, але гэта залежыць ад надвор'я. Спецыялісты мяркуюць, што яшчэ два тыдні напой можна збіраць. А вось калі на бярозах з'явяцца першыя лісцікі, сок перастае ісці ці мутнее, і тады дрэва «запячатваюць» — замазваюць сумяссю вапны і гліны. Па словах Аляксандра Залеўскага, у асноўным падсочваюцца старыя бярозы, многім з якіх па 70 гадоў. Такія ўчасткі на працягу пяці гадоў будуць аднаўляцца.

Усяго ў вобласці плануюць нарыхтаваць каля 1,1 тысячы тон соку. А ўсяго ў Беларусі, згодна з інфармацыяй прэс-службы Мінлясгаса, — да 14 тысяч тон.

Цікава, што сок папулярны не толькі ў нас, але і ў многіх іншых краінах. Выкарыстоўваюць яго па-рознаму. У Швейцарыі, напрыклад, вырабляюць віно і прымяняюць пры вырабе моцных алкагольных напіткаў. Канадцы аддаюць перавагу бярозаваму сіропу, а вось дацкія сыравары сок дабаўляюць у свой прадукт.

Не выходзіць гэты прадукт з моды і ў беларусаў. З яго робяць квас, кансервуюць з лімонам і цукрам, дабаўляюць разынкі ці падсушаныя скарынкі чорнага хлеба. Але, вядома, самы карысны — свежы бярозавік. І хаця ён не панацэя ад усіх хвароб, але даволі даступны сродак для ўмацавання імунітэту. Асабліва ў вясновы перыяд авітамінозу.

Маргарыта Ушкевіч

Фота Мікалая Лапіна

Загаловак у газеце: Даступны, карысны і танны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».