Вы тут

Ці стане ЦТ у гэтым годзе больш складаным для абітурыентаў?


У Беларусі створана сур'ёзная сістэма экспертызы матэрыялаў для ЦТ. Пра гэта паведаміла падчас круглага стала ў прэс-цэнтры БелТА намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля ВАЙЦЯХОВІЧ.


— Тэсты — гэта той інструментарый, якім мы вымяраем узровень падрыхтоўкі нашых абітурыентаў і ранжыруем іх для таго, каб яны маглі працягнуць далей вучобу ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — падкрэсліла яна. — Працэдура стварэння тэставых матэрыялаў распачынаецца са стварэння творчых калектываў. Як правіла, аўтары тэставых заданняў — гэта практыкі: настаўнікі, выкладчыкі, якія ведаюць навучальныя праграмы і добра вызначаюць узровень складанасці тэставых заданняў. Далей ідзе шматступенная экспертыза. Па кожным прадмеце працуе цэлая група экспертаў.

Адным з найважнейшых аспектаў з'яўляецца вызначэнне адпаведнасці тэставага задання пэўнай тэме, навучальнай праграме і праграме ўступных выпрабаванняў. Ацэньваецца збалансаванасць па ўзроўні складанасці, аналізуецца невербальная падтрымка — важна, каб яна была якасна падрыхтаваная.

«Апрабацыя тэставых матэрыялаў праходзіць у рамках рэпетыцыйнага тэсціравання. Мы атрымліваем важную статыстычную і аналітычную інфармацыю, якая дапамагае нам працаваць над тэставымі заданнямі, — патлумачыла Наталля Вайцяховіч. — Гэта значыць, што тыя заданні, якія маюць нездавальняльныя статыстычныя характарыстыкі, выбракоўваюцца, мы іх перапрацоўваем альбо карэкціруем для таго, каб наша база тэставых заданняў папаўнялася толькі якаснымі матэрыяламі».

Наталля Вайцяховіч праінфармавала, што для больш дакладнага вымярэння ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў сёлета былі ўнесены некаторыя змены ў структуру тэстаў: «Тэст традыцыйна складаецца з часткі А, дзе прапануюцца закрытыя заданні з выбарам адказу, і часткі Б, дзе абітурыенту неабходна адказ упісаць самому. У гэтым годзе адбылося некаторае змяншэнне колькасці заданняў у частцы А і павелічэнне заданняў у частцы Б. Ёсць змены і ва ўзроўнях складанасці заданняў: мы ўвялі пяты варыянт адказу. Павялічылася таксама колькасць практыка-арыентаваных заданняў. Увогуле, мы нацэлены на тое, каб абітурыент пры рабоце над тэстам не проста дэманстраваў тэарэтычныя веды, але і разам з тым паказаў, як ён можа іх прымяняць.

Досыць шмат заданняў з невербальнай формай падтрымкі, калі выкарыстоўваюцца дыяграмы і графікі. Усе гэтыя змены адлюстраваны ў спецыфікацыі тэстаў. Толькі два прадметы — руская і беларуская мовы — практычна не зведалі зменаў».

— Аналіз заданняў рэпетыцыйнага тэсціравання на іх адпаведнасць навучальным праграмам і праграмам уступных выпрабаванняў — не ноу-хау гэтага года, — падкрэслівае прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Святлана УКЛЕЙКА. — Такая работа праводзіцца на пастаяннай аснове сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі і Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў. Але хацелася б звярнуць увагу на некалькі важных аспектаў. Першае — экспертыза заданняў рэпетыцыйнага тэсціравання ажыццяўляецца рабочымі групамі, у склад якіх уваходзяць метадысты Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі, а таксама настаўнікі-практыкі па кожным вучэбным прадмеце. Пры гэтым трэба адзначыць, што пераважная большасць з іх — гэта настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі або кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст», спецыялісты з самым высокім узроўнем прафесійнай кампетэнтнасці.

У складзе рабочай групы настаўнікі прадстаўляюць усе асноўныя віды устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: гімназіі, школы, ліцэі (установы адукацыі, размешчаныя як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці). Кожны член рабочай групы праводзіць экспертызу заданняў рэпетыцыйнага тэсціравання аўтаномна, незалежна адзін ад аднаго. Ён робіць сваё заключэнне і перадае яго кіраўніку рабочай групы. Затым пачынаецца этап абагульнення, калі кіраўнік групы аналізуе ўсе прадстаўленыя меркаванні. Высновы дзеляцца на дзве групы: агульныя і індывідуальныя. Безумоўна, калі з'яўляюцца нейкія індывідуальныя высновы, то праходзіць паўторная экспертыза. Выніковае заключэнне па кожным вучэбным прадмеце аналізуецца сумесна з супрацоўнікамі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі, а затым перадаецца ў Міністэрства адукацыі і ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК заспакоіў абітурыентаў: «Трэба проста мець добрыя веды, а тэст дазволіць іх аб'ектыўна і добрасумленна ацаніць. Невялікія змены ў тэстах — увядзенне дадатковых дыстрактараў (варыянтаў адказаў у закрытых заданнях. — Аўт.), скарачэнне часткі А і пашэрынне часткі Б — усё гэта рабілася для таго, каб абараніць менавіта добрасумленных абітурыентаў. Пры гэтым мы дакладна ставілі сабе задачу: тэст не павінен стаць больш скаладаным».

Паводле слоў арганізатараў ЦТ, каб пераканацца ў тым, што тэст сапраўды не стаў больш складаным, быў праведзены параўнальны аналіз вынікаў абітурыентаў, якія выконвалі рэпетыцыйнае тэсціраванне падчас першага і другога этапаў. «Другі этап праводзіўся ўжо па новай структуры тэсту. Мы пераканаліся на прыкладзе матэматыкі, што сярэдняя колькасць дакладна выкананых заданняў некалькі вырасла, — кажа Юрый Міксюк. — Калі разглядаць абітурыентаў, якія ўдзельнічалі ў першым і другім этапах, то ў другім яны паказалі такі ж або нават лепшы вынік. У цэлым абітурыенты сталі вырашаць больш задач, іх вынікі таксама крыху выраслі. Значыць, падстаў для хвалявання няма. Абітурыентам застаецца толькі прыйсці на ЦТ са сваімі ведамі, з добра адпрацаванай тэхналогіяй запаўнення бланкаў і сканцэнтраваць увагу на выкананні тэста. Веды кожнага будуць аб'ектыўна і належна ацэнены».

На Нацыянальным адукацыйным партале можна знайсці электронныя версіі ўсіх навучальных дапаможнікаў, актуальных для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання ў 2021 годзе. Пра гэта паведаміла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна ГІНЧУК.

Ужо не першы год пасля правядзення выпускных вечароў для адзінаццацікласнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізоўваюцца кансультацыі па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта практыка добра зарэкамендавала сябе і будзе працягнута. Выпускныя вечары плануецца правесці сёлета 10 чэрвеня, а з 11 да 15 чэрвеня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будуць праведзены кансультацыі па падрыхтоўцы да ЦТ.

А да канца красавіка можна яшчэ прайсці трэці раўнд рэпетыцыйнага тэсціравання. Таксама з 26 сакавіка на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў адукацыі даступна паслуга праходжання трэцяга этапу рэпетыцыйнага тэсціравання ў анлайн-рэжыме. Яно праводзіцца паралельна з традыцыйнай вочнай формай. Пры гэтым варыянты педагагічных тэстаў, якія прапануюцца абітурыентм у вочной форме і анлайн, розныя.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Экзамен з высокімі стаўкамі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.