Вы тут

Першакрасавіцкі жарт з холадам зацягнуўся


Халоднае надвор'е, якое адзначалася на тэрыторыі нашай краіны з першых чыслаў красавіка, падобна, захаваецца і на працягу ўсяго бягучага тыдня. У другой яго палове вецер падзьме з поўначы і чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Адносна пацяплее толькі ў суботу, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота Яна Хведчына.

Заўтра надвор'е будзе вызначаць халодная няўстойлівая паветраная маса, якая паступае з паўночных шырот, у паўднёва-ўсходніх раёнах краіны адаб'ецца ўплыў атмасфернага фронту. Аблокаў будзе шмат. Месцамі па краіне, а па Гомельскай вобласці на большай частцы тэрыторыі, пройдуць кароткачасовыя ападкі — у асноўным мокры снег. Уначы і раніцай па паўднёвым усходзе ў асобных раёнах прагназуецца наліпанне мокрага снегу, на дарогах галалёдзіца. Вецер будзе пераменных напрамкаў, слабы да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 5 градусаў да 2 цяпла, удзень — плюс 4—9 градусаў.

Дастаткова холадна будзе і ў чацвер. У гэты дзень захаваецца ўплыў халаднаватай няўстойлівай паветранай масы, якая распаўсюджваецца з паўночнага захаду Еўропы. Чакаецца воблачнасць з праясненнямі. Уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег. Вецер будзе паўночна-заходні, заходні ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны будзе вагацца ад мінус 5 да плюс 1 градуса. У дзённыя гадзіны чакаецца ад 4 да 10 цяпла.

Надвор'е пачне выпраўляцца ў пятніцу. У апошні рабочы дзень тыдня атмасферны ціск павысіцца, паменшыцца колькасць аблокаў і ў асноўным абыдзецца без ападкаў. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 4  градусаў да 1 цяпла. Удзень сонца пачне злёгку разаграваць вясновае паветра — будзе ад плюс 6 градусаў да 11 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у наступныя выхадныя ў тоўшчы атмасферы будуць уладарыць паўднёва-заходнія вятры, якія пачнуць пастаўляць у нашу краіну ўмерана цёплае паветра, і ў многіх рэгіёнах Беларусі пацяплее. Тэмпература паветра ўначы будзе ў асноўным 1—6 цяпла, месцамі ў суботу пры працяглых праясненнях — нуль — мінус 2 градусы. Удзень будзе плюс 8—14 градусаў, па поўдні паветра можа награвацца да 15—17 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.