Вы тут

Як змагацца з параснікам слівы?


Калі ў садзе расце сліва, за якой няма належнага догляду, то ад яе каранёў абавязкова адрастуць маладыя парасткі. Гэты параснік не дае пладоў і забірае ў дрэва пажыўныя рэчывы.


Карані праблемы

1– матачная расліна. 2 – каранёвы параснік.

Трэба разумець, што не бывае сартоў сліў без парасніку — ён ёсць ва ўсіх, проста ў нейкіх у меншай, а ў нейкіх у большай колькасці. За сезон можа вырастаць каля 20 парасткаў рознай даўжыні.

У кораняўласных дрэў гэтых непатрэбных парасткаў адрастае ў два разы больш, чым у слівы, што расце на насенным прышчэпе. Атожылкі, якія ўзніклі ад кораняўласных сартавых сліў, можна выкарыстоўваць у якасці саджанцаў для размнажэння. Усе іншыя парасткі, што ідуць ад кораня, цалкам бескарысныя і іх трэба выдаляць.

Да галоўных прычын з'яўлення парасніку адносяцца наступныя:

1. У слівавага дрэўца аголеныя карані. Гэта можа здарыцца, калі пры пасадцы недастаткова заглыбіць яго ў зямлю. Агаліцца карані могуць у працэсе нядбайнага паліву з шланга з моцным напорам вады.

2. Дрэва мае пашкоджаныя карані. У гэтым выпадку прычына таксама можа быць у недастаткова глыбокай высадцы слівы. Гарызантальныя карані размяшчаюцца зусім блізка ад паверхні зямлі і пры перакопцы глебы або праполцы пустазелля могуць быць пашкоджаны. Побач з траўміраваным месцам з пупышак кораня пускаецца ў рост параснік.

3. Некарэктная абвязка. Калі выконваецца прышчэпка, прышчэп і шчэпу абвязваюць стужкай. З часам сцябло расліны патаўшчаецца, стужка перацягвае драўніну. З-за гэтага перарываецца паступленне харчавання ад каранёў да лісця, і ўзнікае ахоўная рэакцыя, з прычыны якой актывізуецца рост новых прыкаранёвых парасткаў.

4. Прышчэп і шчэпа несумяшчальныя. Калі гэтыя дзве часткі расліны аказаліся несумяшчальнымі, парушаецца метабалізм паміж вегетатыўнай часткай слівы і каранямі, з-за чаго адбываецца знясіленне каранёў, і каб выжыць, дрэва пускае параснік.

5. Абрэзка кроны слівы не па правілах. Пры занадта моцнай абрэзцы дрэва харчаванне да каранёў паступае ў недастатковай колькасці. Для кампенсацыі такога недахопу ўзнікаюць новыя прыкаранёвыя атожылкі.

6. Маразы і засуха. Пры моцных маразах зімой і летняй засусе можа адбыцца падмярзанне каранёў і прыгнечанне іх высокімі тэмпературамі. У выніку ад кораня таксама інтэнсіўна пачынаюць адрастаць новыя парасткі.

Парасткі, якія багата адрастаюць ад каранёў, павінны насцярожыць, паколькі гэта рэакцыя самазахавання слівы. Апошняе можа адбывацца з-за хваробы дрэва, моцнага пашкоджання шкоднікамі або разавага ўнясення вялікай дозы ўгнаенняў.

Навошта прыбіраюць параснік

Калі б гэтыя атожылкі былі бяскрыўдныя, тады іх можна было б не выдаляць, а дачакацца, калі яны вырастуць і стануць даваць ураджай. Аднак:

• мноства парасткаў забірае шмат харчавання ў мацярынскага дрэва;

• асноўнае дрэва недаатрымлівае харчаванне, што зніжае ўраджайнасць і якасць пладоў;

• для перфекцыяніста — сад, зарослы лішнімі парасткамі, страчвае ўсялякую прыгажосць і прывабнасць.

Як выдаліць параснік

Выкарыстоўваюць тры асноўныя метады:

1. Механічны. Пры гэтым метадзе, ужываючы пілу, секатар, сякеру ці рыдлёўку, выразаюць ці высякаюць непатрэбныя атожылкі.

2. Апрацоўка хімічнымі прэпаратамі. Ужываючы гербіцыды, можна надоўга пазбавіцца ад гэтых атожылкаў і не вяртацца больш да гэтай праблемы.

3. Ізаляцыя. Дае магчымасць за самы кароткі час знішчыць прыкаранёвы параснік. Праўда, такое «сховішча» ў садзе выглядае неэстэтычна.

Механічны спосаб

У параўнанні з іншымі спосабамі, механічны метад самы просты. Выдаленне праводзяць секатарам, прычым ёсць два варыянты падрэзкі непатрэбных парасткаў:

• выдаленне на ўзроўні глебы. Пры ім застаюцца пянькі, якія праз пару месяцаў даюць новыя атожылкі, з якімі зноў трэба будзе ўступаць у барацьбу;

• абрэзка на ўзроўні каранёў. Больш эфектыўна выдаляць непатрэбныя парасткі слівы высечкай, калі іх выкопваюць да мацярынскага кораня і зразаюць дашчэнту. Пасля заканчэння абрэзкі яму зноў засыпаюць зямлёй і ўтрамбоўваюць. Складанасць гэтага варыянта заключаецца ў тым, што спачатку трэба лапатай прыбраць пласт зямлі, каб дабрацца да гарызантальных каранёў, выдаліць параснік, а месцы зрэзаў замазаць садовым варам.

Спосаб ізаляцыі парасткаў

Сярод пераваг гэтага метаду можна адзначыць яго высокую выніковасць. Пры правільным ужыванні зараснік з лішніх парасткаў знікае на працягу аднаго сезона. Акрамя таго, гэты спосаб не вызначаецца складанасцю. Работу праводзяць па наступным алгарытме: у радыусе паўметра ад штамба слівы зямлю закрываюць кардонам, добра ўвільгатняюць яго вадой і ўтоптваюць у грунт; на кардон укладваюць плёнку і руберойд, зверху пакрываюць пластом пяску і затым глебай.

На падобным субстраце можна размясціць газон або кветнік. Пад руберойдам і плёнкай не прарасце ні адзін парастак.

Да недахопаў метаду адносяцца: даволі працаёмкі працэс; метад эстэтычна непрывабны. Хоць калі выкарыстоўваць спанбонд і пасадзіць кветкі, можна атрымаць вельмі нядрэнны вынік.

Прымяненне арбарыцыдаў

Найбольш радыкальным у барацьбе з непажаданай расліннасцю з'яўляецца прымяненне хімічных прэпаратаў. Часта гэта прэпараты, якія эфектыўна выкарыстоўваюцца для ліквідацыі травяністых пустазельных раслін. Пры выкарыстанні іх супраць парасніку слівы неабходна павялічыць дозу.

У тым выпадку, калі ў садзе маюцца іншыя фруктовыя дрэвы і калі трэба знішчыць толькі параснік і не нанесці шкоды мацярынскай расліне, ужываюць больш ашчадныя прэпараты, якія называюцца арбарыцыдамі. Пасля ўнясення яны знішчаюць непатрэбныя атожылкі, а затым раскладаюцца ў глебе да бяспечных складнікаў. Да іх адносяцца вядомыя «Тарнада», «Раўндап», «Ураган».

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.